У выданні "Вандроўкі па Палессі" прадстаўлены ўнікальныя фотаздымкі са збору Музея Беларускага Палесся ў Пінску, большасць з якіх публікуецца ўпершыню. Фотаздымкі выкананы ў 1923-1939 гг. у 58 населеных пунктах Заходняга Палесся.
Гэта каштоўныя візуальныя дакументы па этнаграфіі, архітэктуры, краязнаўстве беларускага і ўкраінскага Палесся, гісторыі Пінска і яго музея. У кнізе таксама разгледжана гісторыя ўзнікнення фоталетапісу Палесся, фарміравання фотакалекцыі, прыведзены біяграфіі мясцовых фатографаў і даследчыкаў, каментарыі да фотаздымкаў.