Серада, 20 Люты 2013 14:56

6 лютага 2013 г. – 255 гадоў з дня нараджэння Юльяна Урсына Нямцэвiча (1758, Брэсцкi р-н – 1841), пiсьменнiка, гiсторыка, публiцыста, палiтычнага дзеяча Рэчы Паспалiтай, удзельнiка паўстанняў 1794, 1830–1831 гг.

Юльян Урсын Нямцэвiч нарадзiўся 16 лютага 1758 года ў маёнтку каля вёскi Скокi недалёка ад Брэст-Лiтоўска (цяпер Брэсцкi раён). Сын суддзi Марцэлiя Урсын Нямцэвiча i Ядзвiгi Нямцэвiч (Сухадольскай). Яны выхоўвалi 16 дзяцей, у тым лiку трох хлопчыкаў: Юльяна, Яна i Каэтана. Дзяцiнства Юльяна праходзiла ў фальварку Клейнiкi, дзе жыў яго дзед Аляксандр.

{gcontent}Пачатковую адукацыю атрымаў дома, яго вучылi два студэнты Брэсцкага iезуiцкага калегiума. Вучыўся ў Рыцарскай шляхецкай школе ў Варшаве ў 1770–1777 гадах. Тут напiсаў сваю першую паэму “Вайна жанчын”. Блiзка пазнаёмiўся i пасябраваў з Тадэвушам Касцюшкам.

У 1777 годзе ў званнi паручыка стаў ад’ютантам графа Адама Чартарыйскага. Шмат ездзiў па Еўропе, наведаўшы Iталiю, Аўстрыю, Францыю, Англiю, Галандыю, Германiю (1783–1788). У розныя часы сустракаўся з Напалеонам Банапартам, з Талейранам i Пальмерстонам, з каралямi еўрапейскiх краiн.

У 1788 годзе Ю. Нямцэвiч выйшаў у адстаўку ў званнi маёра Першай лiтоўскай гвардыi i далучыўся да палiтычнага жыцця краiны. У 1788–1792 гадах быў паслом на Чатырохгадовы сейм, удзельнiчаў у распрацоўцы Канстытуцыi 3 мая 1791 года. З 1791 года член Адукацыйнай камiсii. Пасля перамогi Таргавiцкай канфедэрацыi ў 1792 годзе быў у эмiграцыi. У час паўстання 1794 года – ад’ютант i сакратар Тадэвуша Касцюшкi. Быў паранены ў правую руку ў баi пад Мацеёвiцамi i ўзяты ў палон з Т. Касцюшкам. Пасля задушэння паўстання яны былi зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць у Пецярбургу.

Вызвалены з няволi iмператарам Паўлам I, разам з Т. Касцюшкам выехаў у 1796 годзе ў ЗША, падарожжа туды доўжылася 8 месяцаў. Юльян Нямцэвiч зрабiў грунтоўнае апiсанне гэтай маладой дзяржавы. Зблiзiўся з лiдэрамi амерыканскай дэмакратыi Вашынгтонам i Джэферсанам. У 1807 годзе вярнуўся на Радзiму, працаваў iнспектарам школ, займаўся лякарнямi i поштай, займаў пасаду сакратара Сената Варшаўскага княства, з 1813 года – Сената Каралеўства Польскага. Падарожнiчаў па Беларусi (1809, 1816, 1819). У 1813 годзе эмiгруе ў Чэхiю, знаёмiцца са стваральнiкам славiстыкi, членам шматлiкiх акадэмiй Юзафам Даброўскiм. Выдае зборнiк “Гiстарычныя песнi” (1816), якi быў перакладзены на розныя мовы i перавыдаваўся 45 разоў. Член Таварыства сяброў навук у Варшаве (старшыня з 1827).

Нягледзячы на ўзрост (а яму ўжо за 70) Юльян Нямцэвiч прымае актыўны ўдзел у паўстаннi 1830–1831 гадоў. Адпраўляецца з дыпламатычнай мiсiяй ў Англiю. Уваходзiць у састаў “Часовага ўрада” паўстанцаў. Пасля падаўлення паўстання адпраўляецца ў эмiграцыю, з 1833 года ў Парыжы. У Парыжы заснаваў бiблiятэку i завяшчаў ёй рукапiсы сваiх твораў. Вядзе свецкае жыццё, наведвае лiтаратурныя салоны, знаёмiцца з Жорж Санд i Вiктарам Гюго. Час ад часу наведваецца да землякоў – Чартарыйскiх, Князевiчаў, Мастоўскiх i Мiцкевiчаў. Ён хросны бацька Марысi – дачкi Адама Мiцкевiча.

Памёр Юльян Урсын Нямцэвiч у Парыжы 21 мая 1841 года. Пахавалi яго ў Манмарансi, пад Парыжам.

Ю. Нямцэвiч прытрымлiваўся памяркоўна-рэфармiсцкiх поглядаў, эстэтыкi класiцызму. У палiтычнай камедыi “Вяртанне пасла” (1790) выказаўся за сацыяльныя рэформы ў Рэчы Паспалiтай, вызваленне сялян ад прыгону, чуецца водгук гарачых дыскусiй у сейме пра становiшча дзяржавы i неабходнасць рэформ. Аўтар зборнiкаў “Лiтоўскiя пiсьмы” (1812), дзе адлюстравана беларуская тэматыка, цыкла “Гiстарычныя песнi” (1816), раманаў “Лейба i Сюра” (1811), “Два паны Сяцехi” (1815), “Ян з Тычына” (1825) i iншых драматычных i паэтычных твораў. Пiсьменнiк стаiць ля вытокаў рамантычнай прозы, гiстарычнага рамана ў польскай лiтаратуры.

У кнiзе “Гiстарычныя падарожжы на польскiх землях, што адбылiся ад 1811 да 1828 гадоў” (1858) апiсаў Брэст, Гродна, Навагрудак, жыццё беларускiх сялян. Напiсаў “Гiсторыю панавання Жыгiмонта III” (т. 1–3, 1818–1819), “Сучасную гiсторыю” (1863), “Жыццi значных людзей ХVIII ст.” (1904). Iнiцыятар i рэдактар выдання “Збор гiстарычных мемуараў пра старажытную Польшчу” (т. 1–7, 1822–1836), у якi ўключыў “Дыярыушы” С. i Б. Маскевiчаў. Аўтар шматлiкiх мемуараў, у тым лiку “Дзённiкаў часоў маiх” (1848, дапоўненае выданне, т. 1–2, 1857).

Памяць аб Ю. У. Нямцэвiчу зберагаецца на радзiме. Да 250-годдзя з дня нараджэння пiсьменнiка ў Скокаўскай сярэдняй школе было праведзена свята з удзелам гiсторыкаў, лiтаратуразнаўцаў, краязнаўцаў i шырокай грамадскасцi (16 лют. 2008 г.). Нядаўна адрэстаўравана Скокаўская сядзiба – помнiк архiтэктуры канца ХVIII ст., дзе ў студзенi 2012 года створаны раённы гiсторыка-мемарыяльны музей “Сядзiба Нямцэвiчаў”. У маi 2012 года тут прайшла першая навукова-практычная канферэнцыя “Сустрэча з Нямцэвiчамi”. Кожны год 16 лютага ў музеi будзе адзначацца дзень нараджэння Ю. У. Нямцэвiча.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

{/gcontent}

 

  1. Гладышчук, А. Нямцэвiчы. Сапраўдныя гiсторыi : гiсторыка-дакументальны нарыс / Анатоль Гладышчук // Мiнск : Литература и искусство, 2009. 286 с.: iл.
  2. Юльян Урсын Нямцэвiч: асоба ў кантэксце часу : да 250-годдзя з дня нараджэння : мiжнародная навукова-практычная канферэнцыя, Брэст, 30–31 мая 2008 г. Брэст, 2008. 231 с.
  3. Нямцэвiч Юльян Урсын // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мiнск, 2000. Т. 11. С. 411.
  4. Юлиан Урсын Немцевич: жизнь и творчество : библиогр. материал / Брест. обл. б-ка им. М. Горького ; составители Т. С. Ковенько и др. Брест : Брестская типография, 2007. 54 с.
  5. Юлiян Урсын Нямцэвiч. Асоба ў кантэксце часу : [электронны рэсурс. DVD+R]. ЮНИС Арт, 2008.
  6. Нямцэвiч Юльян // 250 асоб з Беларусi ў дыялогах культур : даведачнае выданне : на бел. i англ. мовах. Мiнск, 2008. С. 199–200.
  7. Юлiян Нямцэвiч : старонкi бiяграфii // Заря над Бугом (Брест). 2008. 9, 13, 16 февр.
  8. Мальдис, А. Адьютант Костюшко?.. Не только! / Адам Мальдис // Советская Белоруссия. 2008. 4 марта. С. 17.
  9. Нямцэвiч Юльян // 250 асоб з Беларусi ў дыялогах культур : 250 people from Belarus in the dialogue of cultures : даведачнае выданне / на бел. и англ. мовах. Мiнск : УП “Экоперспектива”, 2008. С. 199–200.
  10. Самосевич, М. Талантливый сын земли прибужской : [о празднике к 250-летию со дня рождения Ю. У. Немцевича в Скоках] / Марина Самосевич // Заря над Бугом (Брест). 2008. 20 февр.
  11. Павлючук, И. А. “Юльян Урсын Нямцэвiч – пiсьменнiк, публiцыст, палiтык” / И. А. Павлючук // Бiблiяпанарама. 2008. Вып. 13. С. 17–18.
  12. Снiтко, Г. М. Шляхамi Юльяна Нямцэвiча па Берасцейшчыне : (у дапамогу турысту-аматару i экскурсаводу) / Г. М. Снiтко // Краязнаўства Берасцейшчыны: стан i перспектывы развiцця : матэрыялы “круглага стала”, 12 снеж. 2006 г. Брэст, 2007. С. 22–34.
  13. Судлянкова, В. Нямцэвiч у Англii : [Ю. У. Нямцэвiч] / В. Судлянкова // Новы час. 2003. № 19. С. 11.
  14. Марцiновiч, А. Ад’ютант паўстанцаў. Юльян Юстын Нямцэвiч // Марцiновiч, А. У часе прасветленыя твары : гiстарычныя эсэ, нарысы / Алесь Марцiновiч. Мiнск : Полымя, 1999. С. 133–149.
  15. Рубашевский, Ю. Евтушенко – сыграл Немцевича : [о встрече к 255-летию со дня рождения Ю. У. Немцевича в музее “Усадьба Немцевичей” в д. Скоки] / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2013. 20 февр. С. 8.
Чытаць 4773 разоў Апошняя змена Аўторак, 12 Май 2020 15:47