Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 13 Май 2016 12:06

2016 г. – 160 гадоў з часу пабудавання (1856) Брэсцкага Крыжаўзвіжанскага касцёла, помніка архітэктуры позняга класіцызму

Касцёл Узвышэння Святога Крыжа – каталіцкі храм, належыць да Брэсцкага дэканату Пінскай дыяцэзіі. Помнік архітэктуры позняга класіцызму, уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Знаходзіцца ў адміністрацыйным цэнтры Брэста на вуліцы Леніна.

Першы парафіяльны касцёл у Берасці быў фундаваны вялікім князем Вітаўтам пад назвай Святога Крыжа і Узнясення Святой Панны Марыі. Існаваў ад 1412 года да сярэдзіны ХІХ ст. У 1766 годзе з фундацыі ксёнза Пятра Шпанемберга касцёл быў перабудаваны, а падчас пабудовы Брэст-Літоўскай крэпасці ў 1830-я гады разабраны.

У 1845 годзе жыхары Кобрынскага фарштата Брэст-Літоўскай крэпасці – Куроўскі, Бучынскі, Малеўскі і іншыя, звярнуліся да статс-сакратара князя Галіцына з просьбай аб дазволе пабудаваць касцёл у новым горадзе. Дазвол быў атрыманы 25 верасня 1849 года. Праект памочніка архітэктара Якава Фардона быў зацверджаны імператарам 18 лiстапада 1849 года. Касцёл узведзены як кафедральны ў 1856 годзе на тагачасным Бульварным праспекце. Храм быў асвечаны архібіскупам В. Жылінскім.

Касцёл Узвышэння Святога Крыжа пабудаваны з цэглы паводле базілікальнай планіровачнай схемы з паўкруглай апсідай і бакавой сакрысціяй. Галоўны ўваход вырашаны класічным пілястравым парталам з трохвугольным франтонам. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі на двух узроўнях, дэкарыраваны падаконнымі панэлямі з разеткамі і пілястрамі ў прасценках.

У міжваенны час касцёл налічваў каля 10 тысяч парафіян. Да касцёла былі прыпісаны капліцы пры гімназіі імя Р. Траўгута, пры турме, на могілках, у доме сясцёр міласэрнасці Святога Сямейства, у школе, пры пажарнай камандзе на чыгуначнай станцыі Брэст-Палескі. У 1920-ягады быў распрацаваны праект новага парафіяльнага касцёла ў стылі польскага канструктывізму, але ён не быў здзейснены.

У час Вялікай Айчыннай вайны будынак касцёла быў пашкоджаны. Гарвыканкам 14 верасня 1948 года вырашыў закрыць Крыжаўзвіжанскі касцёл і перадаць будынак пад музей.

У 1950–1957 гады будынак быў прыстасаваны пад абласны краязнаўчы музей і капітальна перабудаваны: зменены інтэр’еры, зняты дзве вежы на галоўным фасадзе, унутры ўмайстраваны паверхі для размяшчэння экспазіцыі. Пастаянная экспазіцыя музея пачала дзейнічаць 22 чэрвеня 1957 года. У якасці музейнага будынка касцёл выкарыстоўваўся да 1990 года.

Першая Святая Імша, якую адправіў каля муроў святыні ксёнз Збігнеў Кароляк, адбылася 7 студзеня 1989 года. Першае набажэнства ў самім будынку было адпраўлена 12 жніўня 1990 года. Але спатрэбілася некалькі гадоў, каб касцёл набыў першапачатковы выгляд. 28 жніўня 1992 года храм быў кансэкраваны, тады ж былі пасвечаныя і два новыя званы: «Ян Павел» і «Жыгімонт». Да 2001 года ў выніку аднаўленчых работ касцёл Узвышэння Святога Крыжа набыў свой першапачатковы выгляд: былі адноўлены інтэр’еры, зноўку адбудаваны вежы.

У храме знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай Берасцейскай, памерам 120х80 см, у срэбным акладзе і датуецца ХVІ ст. На ім прадстаўлена Марыя ў малітоўнай паставе, са складзенымі рукамі. Яна схіляе галаву над Немаўляткам. Праваруч Багародзіцы – святы ЯнХрысціцель, у скрусе. Яго позірк скіраваны на Збавіцеля. Абраз – копія з рымскай базылікі Sancta Maria Maggiori.

Магчыма, абраз Маці Божай падараваў біскупу Адаму Іпацію Пацею Папа Клеменс VІІІ. Біскуп у 1607годзе змясціў святыню ў дамініканскім касцёле ў мястэчку Шараўка на Падоллі. Падчас казацкіх войнаў абраз быў захоплены татарамі, але адбіты ваяводай Мікалаем Патоцкім, які змясціў яго ў адмыслова збудаванай радавой капліцы ў Берасці. Яго жонка пасля смерці мужа ў 1676годзе перадала абраз у брэсцкі дамініканскі кляштар, стуль ён быў перанесены ў новы касцёл. Аклад абраза створаны ў XVII ст. і мае вялікую культурную каштоўнасць.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны абраз быў схаваны адным з вернікаў і выратаваны ад гібелі, а з 1968 года змешчаны ў каталіцкую капліцу на Кіеўцы (мікрараён Брэста). З 37-мі абразоў, якія ўпрыгожвалі касцёл у даваенны перыяд, ацалеў толькі гэты абраз, у 1992 годзе перададзены ў касцёл. 30 чэрвеня 1996 года абраз Маці Божай Берасцейскай быў каранаваны. У святочных урачыстасцях удзельнічалі кардынал Казімір Свёнтак і нунцый Апостальскай Сталіцы арцыбіскуп Дамінік Грушэўскі, якія супольна прымацавалі дзве кароны, адну – над Немаўляткам Езусам, другую – над Багародзіцай.

У касцёле ў снежні 2002 года быў усталяваны выдатны арган з Германіі. Час ад часу тут адбываюцца канцэрты арганнай музыкі, якія арганізуе абласная філармонія. На аргане выконваюць як духоўную, так і класічную ці сучасную музыку. Першы канцэрт адбыўся 23 студзеня 2003 года з удзелам народнага артыста Беларусі Ігара Алоўнікава.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, заг. інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела

 

  1. Брэсцкі Крыжаўзвіжанскі касцёл / А. М. Каласоўская // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2011. Т. 2. С. 75.

  2. Брестский Крестовоздвиженский костёл // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск,2009. Т. 1, кн. 1. С. 179.

  3. Касцёл Узвышэння Святога Крыжа // Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін. Мінск, 2008. С. 40.

  4. Брестский костёл Воздвижения Святого Креста // Туристские регионы Беларуси / под. общ. ред. И. И. Пирожника. Минск, 2008. С. 50.

  5. Брестский костёл Возвижения Святого Креста // Туристическая энциклопедия Беларуси / под. общ. ред. И. И. Пирожника. Минск, 2007. С. 71.

  6. Брестский Крестовоздвиженский костёл // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т. 2. С. 519–520.

  7. Кафедральный костел // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 71.

  8. Кафедральны касцёл // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 59.

  9. Misiuta, W. Historia i dzialalnosc parafii pw. Podwyzszenia Sw. Krzyza w Brzesciu : [ИсторияидеятельностькатолическогоприходаВоздвиженияСвятогоКреставБресте] / Weronika Misiuta // Blisko, a tak daleko. Polacy w obwodzie Brzeskim na Bialorusi. Warszawa, 2004. S. 81–85.

  10. Брэсцкі абраз Маці Божай / А. А. Ярашэвіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2011. Т. 2. С. 69.

  11. Аляксееў, А. Спадчына Беларусі. Скарбы // А. Аляксееў, А. Лукашэвіч ; пер. на англ. мову В. С. Плютава. – Мінск, 2007. – 319 с. : іл. – Са зместу: [Абраз Маці Божая Брэсцкая]. – С. 80–81.

  12. Дмитриева, Л. На «бис» под сводами костела : [о концерте «Радостнопечалие» капеллы мальчиков и юношей под управлением Аллы Игумновой в костёле г. Бреста (17 окт.)] / Лариса Дмитриева // Вечерний Брест. 2010. 20 октября. С. 16.

  13. Бунеева, Л. Пилигрим с лютней : [о концерте лютниста А. Пильха (Польша) в костёле Воздвижения Святого Креста г. Бреста] / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 2007. 14 ноября. С. 7.

  14. Мощик, С. Орган умеет говорить : [о концерте органной музыки Валерия Шмата в костёле г. Бреста] / Сергей Мощик // Вечерний Брест. 2007. 13 июня. С. 8.

  15. Архипова, А. Молитва старого органа : [о презентации органа костёла Воздвижения Святого Креста в Бресте, переданном из г. Массинга (Германия)] / Ада Архипова // Заря. 2003. 28 января.

  16. Кряквин, А. Органная музыка звучит в Бресте : [о презентации органа костёла Воздвижения Святого Креста в Бресте с участием Игоря Оловникова] / Алексей Кряквин // Брестская газета. 2003. 27 января. С. 15.

  17. Эм, С. Возвращение органной музыки в костёл Воздвижения Святого Креста : [о презентации органа костёла в Бресте] / Сергей Эм // Брестский курьер. 2003. 26 января (№ 5). С. 8.

  18. Тарлецкі, Э. Каранацыя цудадзенага абраза Маці Божай Берасцейскай / Эдвард Тарлецкі // Наша вера. 1996. № 1(2).

  19. Тиборовская, Т. Коронация иконы в Бресте : [о коронации Чудотворного Образа Матери Божией Берестейской] / Тамара Тиборовская // Заря. 1996. 2 июля. С. 1.

  20. Гурын, А. Не латаецца Трышкаў каптан : [аб праблемах існавання ў адным будынку абласнога краязнаўчага музея і касцёла] / А. Гурын // Заря. 1990. 28 сентября.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1379 разоў Апошняя змена Аўторак, 02 Чэрвень 2020 10:50