Пятніца, 13 Май 2016 12:15

19 красавіка 2016 г. – 135 гадоў з дня нараджэння Усевалада Макаравіча Ігнатоўскага (1881–1931), вучонага-гісторыка, аўтара «Кароткага нарыса гісторыі Беларусі» (1919), акадэміка НАН Беларусі і АН Украіны, першага прэзідэнта НАН Беларусі, грамадс

Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі нарадзіўся 19 красавіка 1881 года ў вёсцы Такары Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і настаўніка народнага вучылішча, які потым прыняў сан свяшчэнніка.

Каб працягнуць бацькаў шлях Усевалад Ігнатоўскі паступіў у Віленскую духоўную семінарыю, але за ўдзел у рэвалюцыйных выступленнях яму пагражала выключэнне з семінарыі, таму ён перавёўся ў Магілёўскую духоўную семінарыю, якую скончыў у 1902 годзе. Паступіў у Пецярбургскі гісторыка-філалагічны ўніверсітэт, аднак за ўдзел у антыўрадавых дэманстрацыях і распаўсюджванні пракламацый быў высланы ў Аланецкую губерню (цяпер Архангельская вобласць). Пасля высылкі перавёўся на трэці курс гісторыка-філалагічнага факультэта Юр’еўскага ўніверсітэта (цяпер Тартускага), які скончыў у 1911 годзе. Некаторы час працаваў настаўнікам у Віленскай прыватнай гімназіі, выкладаў гісторыю і геаграфію ў Мінскім настаўніцкім інстытуце.

У 1915 годзе Усевалад Ігнатоўскі стварыў культурна-асветніцкую арганізацыю «Наш край», члены якой ставілі сваёй задачай абуджэнне нацыянальнай свядомасці, патрыятызму. У 1917 годзе яна была пераўтворана ў арганізацыю «Маладая Беларусь», якая ў сваю чаргу праз тры гады стала Беларускай камуністычнай арганізацыяй, якую ўзначаліў У. М. Ігнатоўскі.

У снежні 1920 годзе Усевалад Ігнатоўскі прымаў удзел у падпісанні «Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь». У 1921 годзе ён адмовіўся ўдзельнічаць у рабоце савецкай дэлегацыі на падпісанні Рыжскага міру, які лічыў ганебным і непрымальным для Беларусі.

З канца 1920-х гадоў У. М. Ігнатоўскі як народны камісар асветы актыўна займаўся пытаннямі яшчэ не афіцыйнага працэсу беларусізацыі, шмат сіл і энергіі патраціў на арганізацыю, станаўленне і развіццё Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе займаў пасады дэкана факультэта грамадскіх навук і педагагічнага факультэта, намесніка рэктара. Пры непасрэдным удзеле У. М. Ігнатоўскага ў 1922 годзе быў адкрыты Інстытут беларускай культуры, які ў 1928 годзе рэарганізаваны ў Беларускую акадэмію навук. Усевалад Ігнатоўскі стаў першым яе прэзідэнтам.

Пры ўсёй службовай занятасці вучоны знаходзіў час для распрацоўкі тэарэтычных праблем гістарычнай навукі. У. М. Ігнатоўскі з’яўляецца аўтарам больш за 30 прац па гісторыі і культуры Беларусі. Працы «Кароткі нарыс Беларусі» (1919), «Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі» (1921), «Матывы лірыкі беларускага песняра М. Чарота» (1922), «Гісторыя Беларусі ў XIX – пачатку XX стагоддзя» (1923), «Каля магілы барацьбіта» (1927) з’яўляліся асноўнымі падручнікамі ў вышэйшых навучальных установах. Праца «1863 год на Беларусі» (1930) – першае грунтоўнае беларускае даследаванне паўстання 1863–1864 гадоў, дзе вылучаецца асоба Кастуся Каліноўскага і даецца адзнака яго дзейнасці.

Рэпрэсіі 1930-х гадоў не маглі не зачапіць ідэолага беларусізацыі. Пачалася актыўная крытыка гістарычных поглядаў У. М. Ігнатоўскага, беспадстаўныя абвінавачванні. 26 снежня 1930 года яго знялі з пасады прэзідэнта Акадэміі навук і выключылі з партыі. 4 лютага 1931 года У. М. Ігнатоўскі, не вытрымаўшы нападак, скончыў жыццё самагубствам. Пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску. Рэабілітаваны ў лістападзе 1990 года.

Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі – адзін з найбольш актыўных дзяржаўных дзеячоў, якія аказалі значны ўплыў на развіццё беларускай навукі, культуры, адзін з першых, хто не саромеўся называць сябе беларусам.

За апошнія гады многа зроблена для вывучэння навуковай спадчыны У. М. Ігнатоўскага, яго палітычнай і грамадскай арганізацыйнай дзейнасці. Вучоны заўсёды быў верны сваім поглядам, светаадчуванню. Яго талент, любоў да роднай зямлі, адказнасць за лёс беларускага народа справядліва заслугоўваюць высокія ацэнкі. У знак павагі і ўдзячнасці на былым будынку Інбелкульта ў Мінску ўстаноўлена мемарыяльная дошка (1991), адной з вуліц Мінска прысвоена яго імя (2007). На радзіме У. М. Ігнатоўскага ў в. Такары закладзена рабінавая алея і ўстаноўлены памятны знак (2005). Імя Усевалада Ігнатоўскага прысвоена Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы (2005), на яе будынку ўстаноўлена мемарыяльная дошка (2012).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Працы У. М. Ігнатоўскага

  1. Кароткi нарыс гiсторыi Беларусi/ У. М. Ігнатоўскі ; уступ. арт. А. П. Грыцкевiча. – Мiнск : Беларусь, 1992. – 190 с.

  2. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі / У. М. Ігнатоўскі. – Мінск : Беларусь, 1991. – 190 с., [12] л., фат.

  3. «Национальный вопрос» / Всеволод Игнатовский // Беларускі гістарычны часопіс. 2011. № 12. С. 10–11.

  4. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (урыўкі) / Усавалад Ігнатоўскі // Песні Белавежы : Камянеччына літаратурная : проза, паэзія, публіцыстыка / укл. З. Дудзюк. Мінск : Мастацкая літаратура, 2005. С. 34–40.

 

Аб жыцці і дзейнасці У. М. Ігнатоўскага

  1. Игнатовский Всеволод Макарович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 3. С. 710.

  2. Ігнатоўскі Усевалад Макаравіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 7. С. 162.

  3. Ігнатоўскі Усевалад Макаравіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 470–471.

  4. Игнатовский Всеволод Макарович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 426.

  5. Игнатовский Всеволод Макарович // Их именами названы… Улицы Минска : энцикл. справочник / редкол.: В. В. Андриевич. Минск, 2014. С. 155.

  6. Игнатовский Всеволод Макарович // Институт истории НАН Беларуси в лицах (19292008 гг.) : биобиблиографический справочник / сост.: Г. В. Корзенко [и др]. Минск, 2008. С. 3441.

  7. Академик В. М. Игнатовский : документы и материалы / сост.: В. В. Скалабан, Н. В. Токарев ; редкол.: А. А. Коваленя. – Минск : Беларуская навука, 2010. – 277 с.: ил.

  8. Брыгадзін, П. І. Усевалад Ігнатоўскі : палітычны дзеяч, вучоны / П. І. Брыгадзін, І. Д. Мацяс. – Мінск : Полымя, 1998. – 96 с.: іл. – (Нашы славутыя землякі).

  9. Ігнаценка, І. Усевалад Ігнатоўскі і яго час / Іларыён Ігнаценка, Аляксей Кароль. – Мінск, 1991. – 121 с.

  10. Корнилович, Э. А. Игнатовский Всеволод Макарович / Э. А. Корнилович // Беларусь : созвездие политических имён : историко-биографический справочник / Э. А. Корнилович. Минск, 2009. С. 251–252.

  11. Мяснікоў, А. Ф. Усевалад Ігнатоўскі (1881–1931) : жыццё, загубленае часам / Анатоль Мяснікоў // Сто асоб беларускай гісторыі : гіст. партрэты / Анатоль Мяснікоў. Мінск, 2009. С. 157–160.

  12. Марціновіч, А. А. З ясным ліхтарыкам у руках : Усевалад Ігнатоўскі / Алесь Марціновіч // Зерне да зерня : гісторыя ў асобах / Алесь Марціновіч. Мінск, 2008. С. 424–433.

  13. 19 красавіка – 130 гадоў з дня нараджэння У. М. Ігнатоўскага (1881 – 1931), вучонага-гісторыка, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Акадэміі навук Украіны, грамадскага і палітычнага дзеяча // Новыя кнігі : па старонках беларускага друку. 2011. № 1. С. 7–9. Дадатак : Даты Беларускага календара.

  14. Палешка, Я. Першы сярод першых / Яўген Палешка // Народная трыбуна. 2013. 17 мая (№ 19). С. 11.

  15. Лаўранчук, Т. Акадэмік з Такароў / Тамара Лаўранчук // Навіны Камянеччыны. 2014. 3 мая. С. 21.

  16. Ляховский, В. Документы первого президента Академии наук нашлись на антресоли / В. Ляховский // Советская Белоруссия. 2012. 30 марта. С. 1415.

  17. Баразноўская, В. М. У. М. Ігнатоўскі і фарміраванне навуковай інтэлігенцыі у БССР / В. М. Баразноўская // Институт белорусской культуры и становление науки в Беларуси. Мінск, 2012. С. 378–382.

  18. Траццяк, С. А. У. М. Ігнатоўскі – метадолаг гістарычнай навукі Беларусі / С. А. Траццяк // Институт белорусской культуры и становление науки в Беларуси. Минск, 2012. С. 382–389.

  19. Ляхоўскі, У. Рэха трагічнага стрэлу : па слядах архіва Усевалада Ігнатоўскага / Уладзімір Ляхоўскі // Беларускі гістарычны часопіс. 2011. № 12. С. 3–9.

  20. Сегянюк, Г. В. Каб не згінула матчына мова : (да 130-годдзя з дня нараджэння У. Ігнатоўскага) / Г. В. Сегянюк // Веснiк Брэсцкага унiверсiтэта. Серыя 3, Філалогія. Педагогіка. Псіхалогія. 2011. № 1. С. 174–177.

  21. Марчук, Р. Калі немагчымае магчыма : [знайшлася частка асабістага архіва У. М. Ігнатоўскага] / Р. Марчук // ЛіМ. 2011. 23 снежня (№ 51). С. 6.

  22. Новік, Г. Асоба над часам : да 130-годдзя з дня нараджэння У. М. Ігнатоўскага / Галіна Новік // Навіны Камянеччыны. 2011. 23 красавіка. С. 1–2.

  23. Краткий очерк краткой жизни. Уроженцу Каменетчины Всеволоду Игнатовскому – 130 лет // Брестский курьер. 2011. 21 апреля. С. 20.

  24. Зайка, А. Сын быценьскага святара : малавядомая старонка жыцця У. Ігнатоўскага / Аляксандр Зайка // Рэха Берасцейшчыны. 2009. № 2. С. 10.

  25. Траццяк, С. А. Роля У. М. Ігнатоўскага ў развіцці гістарычнай навукі Беларусі / С. А. Траццяк // Проблемы методологии исследований истории Беларуси : материалы Междунар. науч. конф. (Минск, 26–27 окт. 2006 г.) / редкол.: А. А. Коваленя [и др]. Минск, 2008. С. 292–294.

  26. Токараў, М. Усевалад Ігнатоўскі і стварэнне Беларускай акадэміі навук : да 125-годдзя з дня нараджэння вучонага / Мікалай Токараў // Беларускі гістарычны часопіс. 2006. № 4. С. 28–34.

  27. У гонар першага прэзiдэнта Акадэмii навук Беларусi : [пра навукова-асветнiцкiя чытаннi да 125-годдзя з дня нараджэння У. М. Iгнатоўскага ў Камянецкiм раёне (19–20 крас. 2006 г.)] // Народная трыбуна. 2006. 22 красавiка.

  28. Яфімовіч, У. Слаўны сын Айчыны / Уладзімір Яфімовіч // Навіны Камянеччыны. 2006. 19 красавіка. С. 2.

  29. Дзякава, Н. Ушанавалі імя земляка : [аб адкрыцці памятнага знака У. М. Ігнатоўскаму] / Н. Дзякава // Навіны Камянеччыны. 2005. 24 верасня.

  30. Навіцкі, У. І. Лідэр нацыянальнай гістарычнай навукі / Уладзімір Навіцкі // Беларускі гістарычны часопіс. 2004. № 10. С. 3–4.

  31. Петрашкевіч, А. Воля на крыжы : трагедыя : [сярод герояў п’есы – У. Ігнатоўскі] / Алесь Петрашкевіч // Полымя. 2000. № 2. С. 82–146.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1895 разоў Апошняя змена Пятніца, 05 Чэрвень 2020 15:23