Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 13 Май 2016 12:17

4 красавіка 2016 г. – 120 гадоў з дня нараджэння Платона Андрэевіча Крэня (1896–1962), паэта, мемуарыста, публіцыста, удзельніка Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў

Платон Андрэевіч Крэнь нарадзіўся 4 красавіка 1896 года ў фальварку Ярашэва Слонімскага павета Гродзенскай губерні (цяпер вёска Ярашоўка Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці). Быў дзясятым дзіцём у сям’і гаспадара фальварка. Бацька, Андрэй Крэнь, быў пісьменным, у доме панаваў культ кнігі: зімовымі вечарамі за сталом шкаляр Платон уголас чытаў творы Сянкевіча, Гогаля, Пушкіна.

Платон Крэнь вучыўся ў Келецкай мужчынскай гарадской гімназіі (Польшча), Клецкай настаўніцкай школе, якую скончыў у 1913 годзе. У 1915 годзе Платон Крэнь быў мабілізаваны ў войска, накіраваны ў Пецяргофскую школу прапаршчыкаў, якую скончыў у 1916 годзе з афіцэрскім чынам. Служыў у Фінляндыі ў 423-м пяхотным палку. Публікаваў вершы ў газеце «Финляндские известия».

Са снежня 1917 года П. А. Крэнь служыў у Чырвонай арміі, быў накіраваны на Дон. Там захварэў, трапіў у шпіталь. Потым перайшоў у Белую гвардыю генерала Каледзіна. З войскам адступіў у Крым, яму пашчасціла сесці на параход “Дон” і эвакуіравацца ў Турцыю.

У жніўні 1921 года Платон Крэнь вярнуўся ў Заходнюю Беларусь у родную вёску. У 1920-я гады быў членам Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Друкаваўся пад псеўданімамі Бім-Бом, Бух-Бом, Прохар Калавец, Шыпшына ў віленскіх беларускіх выданнях, ладзіў у вёсцы беларускія вечарыны і спектаклі.

Зімой 1939–1940 гадоў Платон Андрэевіч настаўнічаў. Пісаў у абласную газету «Чырвоная звязда». Але быў звольнены са школы з запісам «кулак і белагвардзеец», занесены ў спісы на дэпартацыю з Беларусі. Высылцы перашкодзіў пачатак Вялікай Айчыннай вайны.

Перад альтэрнатывай вывазу ў Германію на прымусовыя работы П. А. Крэнь пайшоў працаваць у Баранавіцкую гарадскую ўправу. У гэты час публікуе фельетоны ў «Баранавіцкай газэце» і падтрымлівае сувязі з партызанамі. Вясною 1943 года па даносе П. А. Крэнь арыштаваны СД. Цудоўным чынам быў вызвалены, дзякуючы сваім фельетонам, якія спадабаліся нямецкаму начальству.

У 1945 годзе савецкія органы дзяржбяспекі арыштавалі А. А. Крэня. Ён быў асуджаны на 8 гадоў зняволення. Пакаранне адбываў ва Унжлагу МУС у Горкаўскай вобласці.

У лютым 1953 года Платон Андрэевіч вярнуўся ў Ярашоўку. Маці і жонка памерлі, дзеці раз’ехаліся. Жыў адзінока, доўга цяжка хварэў. Пачаў занатоўваць свае ўспаміны, выйшаў на магістральную тэму сваёй творчасці – ГУЛАГ. П. А. Крэнь пісаў і па-беларуску, і па-руску. Частка яго рукапісных твораў была выкрадзена з хаты. Літаратурная спадчына паэта 1952–1962 гадоў была выдадзена ўжо пасмяротна.

Памёр П. А. Крэнь 28 верасня 1962 года ў Ярашоўцы.

Яго дачка, Ірына Платонаўна Крэнь (1929–2005), закончыла БДУ, была літаратарам, пісала вершы, працавала ў Інстытуце літаратуры АН БССР, у беларускіх выдавецтвах, рэдакцыях газет і часопісаў. Сын Платона Андрэевіча, Іван Платонавіч Крэнь (1936–2014) – беларускі гісторык, кандыдат гістарычных навук (1981), прафесар, дэкан факультэта гісторыі і культуры Гродзенскага ўніверсітэта імя Я. Купалы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 годзе. Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Філіпава Яна Уладзіміраўна, бібліёграф



Творы П. А. Крэня

  1. Бывай, Ярашоўка : [успаміны, нарысы, вершы] / Платон Крэнь ; уклад., прадмова, камент. Ірыны Крэнь ; уступ. артыкул Васіля Быкава. – Мінск : Беларускі кнігазбор, 1999. – 223 с. : фат.

  2. Успаміны Платона Крэня / Платон Крэнь ; уступ. слова Васіля Быкава, Ірыны Крэнь // Полымя. 1998. № 5. С. 183–218.

  3. Унжлаг : [успаміны]/ Платон Крэнь ; падрыхтоўка да друку і публікацыя Ірыны Крэнь // Полымя. 1999. № 7. С. 153–178; № 8. С. 169–201.

 

Аб жыцці і творчасці П. А. Крэня

  1. Крэнь Платон Андрэевіч // Маракоў, Л. Рэпрэсаваные літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі 1974–1991 : даведнік : у 3 т. / Леанід Маракоў. Мінск, 2002. Т. 1.

  2. Канюта, В. “Платон Крэнь – інтэлігент з народа” : Так Васіль Быкаў назваў пісьменніка Платона Крэня, майго прадзеда / Вераніка Канюта // Звязда. 2012. 13 снежня (№ 240). С. 6.

 

Чытаць 1173 разоў Апошняя змена Аўторак, 02 Чэрвень 2020 10:07