Панядзелак, 06 Чэрвень 2016 13:45

20 мая 2016 г. – 80 гадоў з дня нараджэння Пятра Пятровіча Суцько (1936–2010), журналіста, заслужанага работніка культуры Беларусі

Пётр Пятровіч Суцько нарадзіўся 20 мая 1936 года ў вёсцы Асошнікі Косаўскага павета Палескага ваяводства (цяпер Зеляневіцкага сельсавета Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці). Гадаваўся ў вялікай сялянскай сям’і, з дзяцінства пазнаў цяжкую долю сіроцтва і таму рана пачаў свой працоўны шлях.

Пётр Суцько рана праявіў цікавасць да друкаванага слова, школьнікам пасылаў заметкі ў газету, і яго талент заўважылі: запрасілі васямнаццацігадовага юнака на журналісцкую працу ў ружанскую раённую газету «Запаветы Леніна». З таго часу ўсё яго жыццё было звязана з журналістыкай.

Працаваў карэспандэнтам, загадчыкам аддзела, адказным сакратаром ружанскай газеты «Запаветы Леніна» (1957–1960), сакратаром райкама ЛКСМБ. Служыў у Савецкай арміі. Быў намеснікам рэдактара іванаўскай раённай газеты «Чырвоная звязда» (1965–1968). У 1964 годзе Пётр Сутько скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, у 1972 годзе – Вышэйшую партыйную школу ў Маскве.

У 1968 годзе, як таленавіты журналіст, Пётр Пятровіч быў запрошаны на працу ў газету «Заря» – орган Брэсцкіх абкама і гаркама КПБ, абласнога і гарадскога Саветаў народных дэпутатаў. Прайшоў шлях ад загадчыка аддзелам да галоўнага рэдактара, узначальваў калектыў «Зари» з 13 верасня 1972 года да 20 студзеня 2003 года.

За 29 гадоў яго нязменнага кіраўніцтва «Заря» стала аўтарытэтным і ўплывовым выданнем не толькі ў Беларусі, але і заняла дастойнае месца сярод аналагічных выданняў СССР. 25 лютага 1982 года газета была ўзнагароджана ордэнам Дружбы народаў. Штогод атрымлівала прэміі за творчы пошук і асвятленне магістральных напрамкаў жыцця і дзейнасці працоўных калектываў, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый. Са жніўня 1991 года выданне стала грамадска-палітычнай газетай Брэсцкай вобасці.

Пётр Пятровіч быў таленавітым арганізатарам і кіраўніком творчага калектыву. Да ўсіх журналістаў – старэйшых і малодшых – заўсёды адносіўся паважна, умеў дараваць памылкі і крыўды. Мог строга спытаць, але і абараняў сваіх супрацоўнікаў ад вышэйшага начальства рашуча і дыпламатычна. Тонкі знаўца слова мог знайсці ў матэрыяле ледзь бачную пагрэшнасць і тактычна яе паправіць. Высокі прафесіянал рабіў усё, каб маладыя журналісты раскрылі свой талент. Любіў гумар і добра пасмяяцца, зараджаў усіх аптымізмам.

Пётр Пятровіч быў адным з аўтараў дакументальнай кнігі пра паводку 1974 года на Брэстчыне «Мужество побеждает стихию» (1975). З'яўляўся таксама складальнікам і рэдактарам кніжных выданняў. Ім быў складзены зборнік нарысаў аб Героях Сацыялістычнай Працы Брэсцкай вобласці «Земные звёзды» (1978). Пісаў і вершы, і мастацкую прозу – замалёўкі, абразкі.

П. П. Суцько неаднаразова абіраўся дэпутатам абласнога Савета, членам праўлення Саюза журналістаў БССР і СССР. У 1978 годзе быў дэлегатам Беларускай ССР на XXXIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Йорку.

Заслугі П. П. Суцько адзначаны ордэнам «Знак Пашаны», яму прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік культуры БССР» (1982) і «Выдатнік друку Беларусі». Узнагароджваўся прэміямі Беларускага саюза журналістаў і Дзяржаўнага камітэта Рэспублікі Беларусь па друку. Лаўрэат прэміі «Берасцейская зорка – 2002».

Пётр Пятровіч Суцько памёр 10 снежня 2010 года.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Берднік Валянціна Іванаўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Суцько Пётр Пятровіч //Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 15. С. 299.

  2. Сутько Пётр Петрович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 393.

  3. Сутько Пётр Петрович // Кто есть Кто в Республике Беларусь : справочное издание / под ред. И. В. Чекалова. Мінск : УП «Энциклопедис», 2004. С. 251–252.

  4. Суцько Пётр Пятровіч / М. П. Клімец // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Пружанскага раёна. Мінск, 1992. С. 427–248.

  5. Сутько Пётр Петрович : [некролог] // Заря. 2010. 11 декабря. С. 10.

  6. Туров, В. Вечная память! : [об одном из старейших журналистов газеты «Заря», бывшем главном редакторе П. П. Сутько] // След: художественно-документальные очерки / Владимир Туров.Брест, 2010. C. 265–271.

  7. Крэйдзіч, А. Пётр Суцько: раман з… журналістыкай / Анатоль Крэйдзіч // Журналист. 2010. № 3. С. 8–13.

  8. Суцько, П. П. Прызнанне ў любові роднай газеце / П. П. Суцько // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 597–598.

  9. Сутько П. Свети-сияй, моя «Заря». :[о 30-летии работы в брестской областной газете «Заря»] / Пётр Сутько // Публицисты : [очерки] / сост. Л. С. Екель и др. Минск, 2000. С. 249–256.

  10. Сутько, П. П.Мужество побеждает стихию : [докум. очерк о наводнении осенью 1974 г. на Брестчине] / П. П. Сутько, В. Г. Туров, В. Ф. Малашевский. – Минск : Беларусь, 1975. – 96 с. : [8] л. ил.

  11. Земные звезды : очерки о Героях Социалистического Труда Брестской области / сост. П. П.Сутько и др. Мінск : Беларусь, 1978. – 367 с.

  12. Суцько, П. Жыццё наша такое: дзе смешнае, а дзе і крутое… : замалёўкі з натуры / Пётр Суцько // Берасцейскія карані 98 : гісторыка-краязнаўчы і літаратурны зборнік. Брэст, 1998. С. 258–263.

  13. “Заря” // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т. 3. С. 618–619.

  14. “Заря” / П. П. Суцько // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 491.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1458 разоў Апошняя змена Аўторак, 02 Чэрвень 2020 10:42