Пятніца, 29 Ліпень 2016 15:14

20 ліпеня 2016 г. – 110 гадоў з дня нараджэння Іллі Паўлавіча Мазурука (1906–1989), ваеннага дзеяча, лётчыка, ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, генерал-маёра авіяцыі, Героя Савецкага Саюза (1937), заслужанага палярнага лётчыка

Ілля Паўлавіч Мазурук нарадзіўся 20 ліпеня 1906 года ў г. Брэст-Літоўску Гродзенскай губерні (цяпер г. Брэст) у рабочай беларускай сям’і. У час Першай сусветнай вайны сям’я Мазурукоў апынулася ў Расіі.

Пасля заканчэння сямігадовай школы Ілля Мазурук працаваў у Арлоўскім гаркаме партыі. У 1920-я гады жыў у Ліпецку, працаваў памочнікам машыніста Ліпецкай электрастанцыі, быў сакратаром камсамольскай арганізацыі, загадчыкам агітпрапам Ліпецкага, а потым Елецкага павятовых камітэтаў камсамола.

Па камсамольскай пуцёўцы Ілля Мазурук быў накіраваны ў ваенную авіяцыю. У 1928 годзе скончыў Ленінградскую ваенна-тэхнічную школу Ваенна-паветраных сіл СССР, а ў 1930 годзе – Барысаглебскую школу лётчыкаў, потым служыў у страявых частках ВПС. Як бортмеханік удзельнічаў у ваенных аперацыях супраць басмачоў у Сярэдняй Азіі. Тут ён служыў у экіпажы легендарнага героя Грамадзянскай вайны Вільгельма Фрыдрыхавіча Камінскага (1897–1962).

У 1930–1938 гадах Ілля Мазурук быў пілотам «Дабралёта», Грамадзянскага паветранага флоту (ГПФ), праходзіў трэніроўку ў 3-й аб’яднанай школе ГПФ, працаваў на авіялініях Адэса – Батумі, Ташкент і Алма-Ата, з 1932 года – на Далёкім Усходзе, ва Усесаюзным аб’яднанні паветраных паведамленняў «Трансавіяцыя». Ён адным з першых асвоіў далёкаўсходнія паветраныя трасы, у тым ліку на Сахалін і Камчатку.

27 жніўня 1932 года ён здзейсніў першы рэйс Хабараўск – Іман (Дальнерэчэнск) – Другая Рэчка (Уладзівасток). Гэтая дата лічыцца днём нараджэння грамадзянскай авіяцыі Прыморскага краю. Менавіта І. П. Мазурук даставіў у сяло Пермскае камісію, якая канчаткова выбрала месца для будаўніцтва горада Камсамольска-на-Амуры.

У маі 1935 года за 45 гадзін здзейсніў пералёт Масква – Сахалін. Указам ЦВК СССР ад 16 мая 1935 года І. П. Мазурук узнагароджаны ордэнам Чырвоная Зорка.

У 1936 годзе прайшоў курсы Вышэйшай лётнай падрыхтоўкі пры 1-й Чырванасцяжнай аб’яднанай авіяцыйнай школе ГПФ імя П. І. Баранава, а потым працаваў у палярнай авіяцыі Галоўпаўночмаршляху. Ілля Паўлавіч правёў у небе Арктыкі і Антарктыкі ўсё сваё прафесійнае жыццё. Ён быў сапраўдным нябесным анёлам-захавальнікам савецкіх палярнікаў. Да лістапада 1936 года ён налётаў 533 700 км.

У 1937 годзе ў якасці камандзіра самалёта ТБ-3 І. П. Мазурук удзельнічаў у высадцы першай дрэйфуючай навуковай станцыі «Паўночны полюс-1». За мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выкананні гэтага задання, 27 чэрвеня 1937 года яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна.

У 1938–1941 гадах І. П. Мазурук займаў пасаду начальніка ўпраўлення палярнай авіяцыі Галоўпаўночмаршляху. Падчас Савецка-фінскай вайны 1939–1940 гадоў на пасадзе камандзіра бамбардзіроўшчыка ТБ-3 выканаў некалькі баявых вылетаў.

У гады Вялікай Айчыннай вайны І. П. Мазурук з ліпеня 1941 года – камандзір авіяцыйнай групы ВПС Паўночнага флота, а з 1942 года – начальнік Краснаярскай паветранай трасы. Усяго ў 1942–1945 гадах па трасе было перакінута 8094 самалёта, якімі былі абсталяваныя 250 авіяпалкоў. Камандаванне ацаніла працу палкоўніка І. П. Мазурука, які змог забяспечыць мінімальныя страты людзей і тэхнікі ў самых суровых умовах, яму было прысвоена званне генерала-маёра авіяцыі.

Пасля вайны лётчык І. П. Мазурук, хоць і быў прызначаны на высокія пасады ў Галоўпаўночмаршляху, ўсё ж такі ад штурвала самалёта адвыкаць не збіраўся. Толькі ў 1947–1953 гадах ён здзейсніў 254 палёты на дрэйфуючыя станцыі ў раён Паўночнага полюса. У 1950-я гады быў удзельнікам паветранай высокашыротнай экспедыцыі «Поўнач-5».

У 1955–1956 гадах І. П. Мазурук узначальваў лётны атрад першай савецкай марской экспедыцыі ў Антарктыду. У студзені 1956 года ён першым зрабіў пасадку самалёта Ан-2 на вяршыню айсберга ў Антарктыдзе.

І. П. Мазурук быў узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга, трыма ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, трыма ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі. Аўтар некалькіх кніг па гісторыі савецкай авіацыі.

Ілля Паўлавіч Мазурук памёр 2 студзеня 1989 года ў Маскве. Пахаваны на Траякураўскіх могілках Масквы. У Брэсце яго імем названа вуліца.



Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, заг. інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела

 

  1. Мазурук Илья Павлович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 66.

  2. Мазурук Илья Павлович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2007. Т. 4. С. 613.

  3. Мазурук Ілля Паўлавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 9. С. 511.

  4. Мазурук Ілля Паўлавіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 632–633.

  5. Мазурук Илья Павлович // Долготович, Б. Д. Адмиралы земли белорусской: биограф. справочник / Б. Д. Долготович. Минск : Беларусь, 2009. С. 90–91.

  6. Лебедев, А. А. Над Арктикой и Антарктикой : [полярная авиация СССР] / Александр Арсентьевич Лебедев, Илья Павлович Мазурук. – Москва : Мысль, 1991. – 317 с. ; 8 л. ил.

  7. Мазурук, И. П. Летчики-испытатели Аэрофлота / И. П. Мазурук, А. А. Лебедев. – Москва : Машиностроение, 1991. – 191 с. : ил.

  8. Полькен, К. Континенты с птичьего полёта / Клаус Полькен ; сокр. пер. с нем. ; ред., послесл. и примеч. И. П. Мазурука. – Москва : Мысль, 1966. – 279 с. ; 12 л. ил. карт.

  9. Мазурук, И. П. Наша авиация / И. П. Мазурук ; рис. К. Арцеулова. – Москва : Детгиз, 1954. – 112 с. : ил. – (Школьная библиотека).

  10. Мазурук, И. П. Памятка пилоту для полётов в северных и таёжных условиях / И. П. Мазурук. – Москва : Редиздат Аэрофлота, 1949. – 40 с.

  11. Ермоленко, В. А. Белорусы и Русский Север : [научно-популярные очерки] / Валерий Ермоленко. – Минск : Беларусь, 2009. – 390 с. – Из содерж.: Гл. 33. В дрейфующих льдах : [о полярных лётчиках И. П. Мазуруке (1906–1989) и Я. Д. Мошковском (1905–1939)]. – С. 269–287 ; Гл. 37. В грозном море и огненном небе : [в т. ч. об И. П. Мазуруке]. – С. 317–323.

  12. Даниленко, В. Ф. Крылья Дальнего Востока / В. Ф. Даниленко. – Хабаровск : Книжное издательство, 1972. – 192 с., ил. – Из содерж.: «Воздушный каюр» (о И. П. Мазуруке). – С. 150–155.

  13. Гречаник, Н. Трасса Мазурука : Командиром первой перегоночной авиадивизии стал наш земляк из Бреста / Николай Гречаник // 7 Дней. 2015. 2 апреля (№ 14). С. 15.

  14. Рубашевский, Ю. Сибирь и Аляска – два берега : во времена Великой Отечественной их связал воздушной трассой выходец из Бреста / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2013. 20 марта. С. 11.

  15. Шидловский, И. Их позвало небо... : У крылатых героев – брестская родословная : [об известных летчиках, уроженцах Бреста: А. С. Благовещенский (1909–1994); П. И. Ивашутин (1909–2002); И. П. Мазурук (1906–1989)] / И. Шидловский // Брестский курьер. 2010. 25 февраля (№ 9). С. 20–21.

  16. Адамянц-Подъяков, В. 2,5 миллиона километров по воздушным трассам : [об уроженце Бреста И. П. Мазуруке] / Валерий Адамянц-Подъяков // Заря. 2007. 22 декабря. С. 10.

  17. Славные сыны земли Белорусской : [белорусы и уроженцы Белоруссии – первые Герои Советского Союза (1936–1939 гг.), в т. ч. Мазурук И. П.] // Армия. 2007. № 1. С. 55.

  18. Ермоленко, В. Легендарный летчик-полярник не забыт на «малом аэродроме» Родины? / Валерий Ермоленко // Брестский курьер. 2006. 17 августа. С. 9.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1203 разоў Апошняя змена Аўторак, 02 Чэрвень 2020 15:12