Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 29 Ліпень 2016 15:33

17 лютага 2016 г. – 65 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Дзмітрыевіча Тулупава (1951), мастака, педагога

Уладзімір Дзмітрыевіч Тулупаў нарадзіўся 17 лютага 1951 года ў г. Брэсце ў сям’і служачых. Схільнасць да малявання ва Уладзіміра праявілася рана, але толькі ў 15 гадоў трапіў у студыю выяўленчага мастацтва выдатнага педагога Міхаіла Сяргеевіча Талмачова (1922–1998) пры абласным Доме піянераў і школьнікаў.

Пасля заканчэння сярэдняй школы № 4 г. Брэста Уладзімір Тулупаў вырашыў паступаць у мастацкае вучылішча. Але ў Мінску прымалі толькі на базе 8-мі класаў, таму падаў дакументы ў Растоўскае мастацкае вучылішча iмя М. Б. Грэкава (г. Растоў-на-Доне, Расія). Пасля першага курса быў прызваны ў Савецкую армію, затым працягнуў вучобу. Вучыўся ў Ф. Э. Даманскага, А. С. Легастаева. У 1975 годзе закончыў мастацкае вучылішча, а ў 1984 годзе – мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута, дзе вучыўся ў А. Г. Арлова і В. Г. Шаталава.

Больш за трыццаць пяць гадоў прысвяціў працы ў Брэсцкай дзіцячай мастацкай школе, якой кіраваў мастак і педагог Аляксандр Аляксандравіч Алонцаў (1941–2013). Потым стаў выкладаць на мастацкім аддзяленні Клейнікаўскай дзіцячай школы мастацтваў Брэсцкага раёна. Галоўная якасць Тулупава-педагога – гэта здольнасць стварыць спрыяльны асяродак для творчага працэсу, раскрыць лепшыя якасці юных талентаў. Для яго ўсе дзеці таленавітыя, патрэбна толькі падабраць ключык да душы кожнага.

Мастак працуе ў розных жанрах жывапісу: партрэт, тэматычная карціна, пейзаж, у розных тэхніках: алейны жывапiс, графіка, акварэль. У апошнія гады Уладзімір Дзмітрыевіч больш займаецца акварэллю, шмат эксперыментуе з ёю.

Асноўныя творы: «Сарока», «Ноч у крэпасці», «Лясная школа», «Францыск Скарына», «Партрэт народнага майстра Веры Гаўрылюк», «Партрэт Міхаіла Талмачова». Работы мастака знаходзяцца ў фондах Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, у калекцыях Беларусі, Польшчы, Германіі, Францыі і інш.

З 1976 года ўдзельнічае ў мастацкіх выставах. З 1997 года, калі быў прыняты ў Беларускі саюз мастакоў, правёў некалькі персанальных выстаў. Першая персанальная дэманстравалася ў маі-жніўні 1997 года ў брэсцкім музеі «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці» – «Жывапіс. Графіка». У лютым 2009 года ў выставачнай зале «Гасцёўня» Брэсцкай дзіцячай мастацкай школы была адкрыта выстава яго акварэляў «Ружы на снягу».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Уладзімір Тулупаў : [«Сарока»] // Мастакі Брэстчыны : альбом-каталог / аўт.-склад. М. П. Кузьміч. Брэст : Брэсцкая друкарня, 2010. С. 126–127.

  2. Владимир Тулупов : [«Народный мастер В. И. Гаврилюк»] // Художники Брестчины : альбом-каталог / авт.-сост. М. Коньков и др. Минск : А. Климов, 2002. С. 122–123.

  3. Владимир Тулупов : [краткая инф.] // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 650.

  4. 30 лет ДХШ : 1976–2006 : альбом-каталог / сост.: В. Д. Тулупов, А. А. Кондратюк. – Брест, 2006. – 18 с. : ил.

  5. Выставка творческих работ преподавателей детской художественной школы города Бреста : музей спасенных художестыенных ценностей, ноябрь 2003 г. : [каталог]. [Брест], [2003]. 12 с. : ил.

  6. Тулупаў, В. Старадаўняя мелодыя. Кардон, алей, 1983 : [рэпрад.] / В. Тулупаў // Мастацтва Беларусі. 1986. № 4. С. 44.

  7. Валасюк, Л. Пад знакам прыгажосці і любові : [У. Тулупаў] // Валасюк, Л. Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны / Лявон Валасюк. Брэст, 2014. С. 78–79.

  8. Пашкевич, А. Прикоснуться к миру художников : [о художественном отделении Клейниковской ДШИ. Педагог – В. Д. Тулупов] / Алеся Пашкевич // Заря над Бугом. Брест, 2016. 12 мая (№ 19). С. 8.

  9. Павлова, Л. «Солнечная» выставка и концерт состоялись в областном центре блогодаря юным художникам и музыкантам из Клейниковской детской школы искусств / Любовь Павлова // Астрамечаўскі рукапіс : Брэсцкі раённы краязнаўчы альманах. Брэст, 2015. № 1 (9). С. 73–74.

  10. Павлова, Л. Учитель воспитал ученика – и сентябрь принес плоды : [о выставке картин Виктории Шпудейко, ученице художника В. Тулупова] / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2011. 29 сентября (№ 39). С. 32.

  11. Валасюк, Л. Пад знакам прыгажосцi : [пра мастака У. Тулупава да яго 60-годдзя] / Лявон Валасюк // Народная трыбуна. 2011. 19 лютага. С. 12.

  12. Павлова, Л. Февраль. Достать мольберт и плакать... : [к 60-летию художника В. Тулупова] / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2011. 17 февраля (№ 7). С. 23.

  13. Макарчук, Ю.«Розы на снегу» в акварельных красках : [о выставке В. Тулупова] / Юрий Макарчук // Брестский курьер. 2009. 19 февраля (№ 8). С. 32.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1134 разоў Апошняя змена Аўторак, 02 Чэрвень 2020 15:07