Пятніца, 29 Ліпень 2016 15:42

30 чэрвеня 2016 г. – 85 гадоў з дня нараджэння Рышарда Здзіслававіча Ясінскага (1931–2005), кінарэжысёра-дакументаліста, сцэнарыста, лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1974) і прэміі Міжнароднага кінафестывалю дакументальнага кіно

Рышард Здзіслававіч Ясінскі нарадзіўся 30 чэрвеня 1931 года ў г. Баранавічы Навагрудскага ваяводства (цяпер Брэсцкай вобласці). У 1955 годзе скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. В. Леніна. Вучыўся ў кінакрытыка, кіназнаўца Ефрасінні Леанідаўны Бондаравай. Напісаў дыпломную работу «Шляхі развіцця беларускага кіно», а рэцэнзентам універсітэт запрасіў народнага артыста БССР Уладзіміра Уладзіміравіча Корш-Сабліна. Дзякуючы такому знаёмству выпускніку БДУ прапанавалі папрацаваць памочнікам рэжысёра на карціне «Пасеялі дзяўчаты лён».

У 1956 годзе Рышар Ясінскі пачаў працаваць на кінастудыі «Беларусьфільм» на пасадзе рэдактара хронікі, якую ўзначальваў тады Міхаіл Паўлавіч Фрайман. Найважнейшая функцыя рэдактара хронікі – знайсці цікавую падзею і не прапусціць яе. У 1973 годзе Рышард Здзіслававіч скончыў вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў дакументальнага кіно ў Маскве, што дало магчымасць самому рабіць кіно.

З 1961 года на «Беларусьфільме» дзейнічала Мінская студыя навукова-папулярных і хроніка-дакументальных фільмаў, якая ў 1968 годзе пераўтворана ў вытворча-творчае аб’яднанне «Летапіс». Тут працавалі Барыс Сарахатунаў, Юрый Іванцоў, Юрый Лясятаў, Рышард Ясінскі, Іосіф Пікман, Віктар Шаталаў, Адольф Канеўскі, якія ўнеслі шмат у экранізацыю летапісу часу.

Рышар Ясінскі – адзін з аўтараў унікальнай работы ў дакументальным кіно – цыкла фільмаў-назіранняў: «Урок даўжынёю ў год» (1963), «Наш клас праз год» (1964), «Яны ўжо ў сёмым» (1968), «Праз дзесяць гадоў, або Надзеі і трывогі 10 “А”» (1973; прэмія Міжнароднага кінафестывалю дакументальнага кіно ў г. Ліён, Францыя), «За бацькоўскім парогам» (1977), «Вяртанне ў 10 “А”» (1988). Другім рэжысёрам быў Вадзім Мікалаевіч Сукманаў, сцэнарыстам Леанід Абрамавіч Браслаўскі, аператарам гэтага цыкла быў Юрый Мікалаевіч Гарулёў. За гэту працу творчы калектыў быў удастоены прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1974).

Стужка «Вяртанне ў 10 “А”» – шостая карціна пра былых вучняў адной з гомельскіх школ. Папярэднія стужкі школьнага кінацыкла, кранаюць шчырасцю пачуццяў, навізною тэмы і спосабамі яе мастацкага вырашэння. Фільм «Вяртанне ў 10 “А”» быў зняты аўтарамі праз шмат гадоў. Кадры з фільмаў, знятых у розны час, былі ўманціраваны ў новае экраннае апавяданне. Фільм стаў своеасаблівым люстэркам, у якім аўтары ўбачылі сябе дваццаць гадоў таму, з усімі ілюзіямі ўласнай маладосці. Аўтары стужкі разам са сваімі героямі паспрабавалі разабрацца не толькі ў асабістым жыцці кожнага, але і разам вырашыць шэраг важкіх светапоглядных пытанняў.

Найбольш значныя работы Рышарда Ясінскага: «Штрыхі да партрэта» (1968), «Адзін дзень ў маі» (1970), «Пра што гамоняць дрэвы» (1972), «Да Сенацкай плошчы 1000 вёрст» і «Пра маці можна расказваць бясконца» (1975), «Зямля мая – лёс мой» (1978), «Цяжкія размовы» (1979), «Успаміны ў свята Перамогі» (1980), «Зорка Максіма», «На галоўным напрамку» (абодва ў 1981), «Бывайце здаровы» (1982), «Праз гады», «10 мінут пра 10 мільёнаў», «Чатыры стагоддзі памяці» (усе 1985), «Што ў сямейнай сумцы» (1986), «Спяваю і плачу» (1989), «Вяртанне Міхася Забэйды-Суміцкага» (1990), «Янка Брыль» (1991), «Леў Сапега, канцлер» (1992), «Зямля Тарасевіча» (1993), «Душа не падарожніца», «Паланез для касінераў» (абодва ў 1994), «Дыярыуш наваградскі» (1997), «І засталася музыка» (1998), «12 прыступак для малітвы» (2000; сярэбраны медаль ордэна Назарэцянак, Ватыкан), «500 гадоў памяці» (2003) і інш. Многія з гэтых стужак зняты аператарам Львом Навумавічам Слобіным.

У фільме «Паланез для касінераў» Рышард Ясінскі звяртаецца да біяграфіі Тадэвуша Касцюшкі (1746–1817). Таксама рэжысёр коратка асвятліў тэму паўстання 1794 года пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі ў фільме «І засталася музыка» (1998), у якім расказваецца пра славутага кампазітара і дзяржаўнага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага (1765–1833), пра стварэнне ім паланеза «Развітанне з Радзімай».

Творчую манеру Р. З. Ясінскага вылучаюць: метад працяглага назірання і аналізу, увага да праблем станаўлення асобы маладога чалавека, публіцыстычнасць. Рышард Здзіслававіч – лаўрэат, уладальнік шматлікіх дыпломаў і прызоў усесаюзных і міжнародных кінафестываляў.

Р. З. Ясінскі памёр 20 красавіка 2005 года.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя В. П. Таўлая. Кіпель Надзея Мікалаеўна, бібліятэкар ІІ кат. чытальнай залы літаратуры па краязнаўству, Серафімовіч Ірына Сяргееўна, гал. бібліёграф аддзела інфармацыйна-бібліяграфічнай работы

 

  1. Ясинский Рышард Здиславович// Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 2. С. 484.

  2. Ясінскі Рышард Здзіслававіч / Г. У. Шур // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2004. Т. 18, кн. 1. С. 309.

  3. Ясінскі Рышард Здзіслававіч / Т. М. Цюрына // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 697.

  4. Мінская студыя навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў / В. І. Смаль// Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 570.

  5. «Летапіс»/ В. І. Смаль, І. Я. Кушнер// Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 239–243.

  6. Мінская студыя навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў / Р. З. Ясінскі // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя. : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 4. С. 365–366.

  7. «Летапіс»/ А. В. Красінскі // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя. : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 4. С. 318.

  8. Сукманаў Вадзім Мікалаевіч / Т. М. Цюрына // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 188.

  9. Гісторыя кінамастацтва Беларусі : у 4 т. – Т. 2. 1960–1985 гг. / Г. В. Ратнікаў, А. А. Карнілава, А. В. Красінскі – Мінск : Беларуская навука, 2002. – 372 с. – Са зместу: [Ясінскі Р.]. – С. 274, 282, 290, 294.

  10. Гісторыя кінамастацтва Беларусі : у 4 т. – Т. 3. Тэлевізійнае кіно. 1956–2002 гг. / А. М. Зайцава [i iнш.]. – Мінск : Беларуская навука, 2004. – 374 с. – Са зместу: [Ясінскі Р.]. – С. 85, 86.

  11. Гісторыя кінамастацтва Беларусі : у 4 т. – Т. 4. 1986–2003 гг. – Мінск : Беларуская навука, 2004. – 335 с. – Са зместу: [Ясінскі Р.]. – С. 73, 78, 86, 110, 206, 211.

  12. Горулев, Ю. Н. О времени и о себе : [кинооператор, кинорежиссёр о своем творческом пути, также вспоминает Р. Ясинского] / Юрий Николаевич Горулев ; беседовал Валентин Пепеляев // Советская Белоруссия. 2006. 21 июня.

  13. Рэмішэўскі, К. Час у асобах, або Усеагульны працэс узаемнага выхавання: [пра дзеячаў беларускага дакум. кіно, у т. л. пра Р. Ясінскага] / Канстанцін Рэмішэўскі // Мастацтва. 2003. № 10–11. С. 12–16.

  14. Валошкі за Бугам : [дакум. фільм пра беларусаў на Беласточчыне. Рэжысёр Р. Ясінскі] // На экранах Беларусі. 1993. № 6. С. 1.

  15. Росцікаў, Я. Робім гісторыю.. : [пра беларускае дакум. кіно] / Яўген Росцікаў // Мастацтва. 1992. № 7. С. 6–10.

  16. Пракаповіч, Т. Страсці па кінематографу : [беларускае дакум. кіно] / Т. Пракаповіч // Мастацтва Беларусі. 1990. № 12. С. 20–22.

  17. Фральцова, Н. Сюжэты для кіно : з кінематаграфічнага жыцця : [стан сучаснага беларускага дакум. кіно] / Н. Фральцова // Мастацтва Беларусі. 1989. № 11. С. 36–39.

  18. Раменьчык, Л. Жыццём наканаваны лёс : [аб творчасці рэжысёра-кінадакументаліста Р. Ясінскага] / Л. Раменьчык // Чырвоная змена. 1977. 10 ліпеня. С. 3.

  19. Барай, А. У кадры – зямля палесская : [пра дакументальны фільм «Жаваранкі ляцяць на Палессе». Пастаноўка І. Вейняровіча і Р. Ясінскага] / А. Барай // ЛіМ. 1974. 14 чэрвеня. С. 9.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1404 разоў Апошняя змена Серада, 08 Ліпень 2020 11:51