Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 29 Верасень 2016 11:33

27 сакавiка 2016 г. – 70 гадоў з дня нараджэння Леаніда Пятровіча Данелiя (1946), мастака, дызайнера

Леанiд Пятровiч Данелiя нарадзiўся 27 сакавiка 1946 года ў г. Брэсце. Яго бацька – брэсцкі мастак-жывапісец Пётр Аляксеевіч Данелія (1920–2012), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, адзін з заснавальнікаў Брэсцкага аддзялення Беларускага саюза мастакоў, заслужаны дзеяч мастацваў Беларусі (1995).

Падлеткам Леанід Данелія займаўся ў студыі выяўленчага мастацва, якую вёў яго бацька, П. А. Данелія. У 1953–1962 гг. вучыўся ў СШ № 3 г. Брэста, у 1963 годзе скончыў вячэрнюю школу рабочай моладзі. У 1963–1965 гг. навучаўся ў Мiнскім мастацкім вучылiшчы імя А. К. Глебава. У час вучобы захапляўся спортам, быў чэмпіёнам г. Мінска па боксу (1964). Спорт не аставіў i цяпер, з’яўляецца членам савета Беларускага грамадскага аб’яднання прафесійнага бокса.

У 1970 годзе Леанід Данелія скончыў дэкаратыўна-прыкладное аддзяленне Беларускага тэатральна-мастацкага iнстытута па спецыяльнасці «Інтэр’ер і абсталяванне». Вучыўся ў Л. Шчамялёва, А. Малiшэўскага, В. Гусева, В. Цвіркі.

Працаваў старшым выкладчыкам на кафедры мастацка-педагагічнай адукацыі факультэта эстэтычнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка. Леанiд Пятровiч выкладаў студэнтам дызайн.

Удзельнік многіх мастацкіх выстаў з 1976 года – рэспубліканскіх і замежных (Францыя, Польшча, Германія, Расія). З 1988 года – член Беларускага саюза мастакоў. 21 мая 2008 года ў Мінскім Палацы мастацтваў была адкрыта персанальная выстава жывапісу Л. П. Данеліі.

У Леаніда Данеліі шырокія і рознабаковыя інтарэсы. Паэт, музыкант, мастак. Выхаваны ў традыцыях нацыянальнага рэалістычнага мастацтва, ён шукаў свой адметны шлях. Графіка, прыкладное і дэкаратыўнае мастацтва, архітэктура, жывапіс – усё яму знаёма, усё знаходзіць месца ў яго творчасці. У вобразах рамантычнага мастака арганічна спалучаюцца выразныя магчымасці колеру і ліній, дэкаратыўнасць і архітэктоніка.

Мастак працуе ў галіне мастацкага афармлення і праектавання, а таксама ў манументальна-дэкаратыўным і станкавым жывапісе. Леанiд Пятровiч – аўтар праектаў і мастацкі афарміцель інтэр’ераў дома адпачынку «Белая Русь» на возеры Нарач, дзіцячага садка фабрыкі «Элема» ў Мінску (пано, вітраж), гасцінічнага комплексу саўгаса «Заказельскі» Брэсцкай вобласці (дэкаратыўны жывапіс, вітраж, люстры, у сааўтарстве), музея Алімпійскай славы ў Мінску, Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей (2013), музей рэдкай кнігі ў БДПУ. Таксама аўтар карцін «Бабіна лета», «На Прыпяці», «Чаканне», «Пачатак. Дарогай волі», «Вераніка».

Творы Л. П. Данеліі знаходзяцца ў Полацкім гісторыка-культурным запаведніку, Беларускім музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, фондах БСМ, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Данелiя Леанiд Пятровiч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мiнск, 1998. Т. 6. С. 36.

  2. Данелiя Леанiд // Беларускі саюз мастакоў : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1998. С. 164.

  3. Данелiя Леанiд Пятровiч // Выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (1949–2004 гады) / А. А. Каляда. Мінск, 2005.

  4. Кравчук, Н. Эксперименты с искусством, или Увидеть необычное в обычном : [о художнике Л. П. Данелии] / Надежда Кравчук // Переходный возраст. 2013. 20 сентября.

  5. Данелія, Л. П. Каляровыя ніці : [гутарка з мастаком пра маствацтва, натхненне, выбар жыццевага шляху, работу, біяграфію] / Леанід Пятровіч Данелія ; [гутарыла] Надзея Краўчук] // Народная трыбуна. 2013. 15 сакавіка (№ 11). С. 11.

  6. Данелія, Л. П. Кожны адчувае па-свойму / Леанід Пятровіч Данелія ; гутарыла Галія Фатыхава // Беларусь. 2001. № 6. С. 28–29.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1303 разоў Апошняя змена Аўторак, 02 Чэрвень 2020 15:47