Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 18 Кастрычнік 2016 15:12

25 жніўня 2016 г. – 90 гадоў з дня нараджэння Васіля Фёдаравіча Праскурава (1926–1987), пісьменніка, публіцыста, заслужанага дзеяча культуры Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя П. М. Лепяшынскага (1986)

Васіль Фёдаравіч Праскураў нарадзіўся 25 жніўня 1926 года ў вёсцы Нягоціна Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацька, Фёдар Карпавіч, працаваў лесніком, маці, Санклета Максімаўна, хадзіла ў наймы, бо сваёй зямлі бацькі не мелі. У 1929 годзе бацькі ўступілі ў калгас. У сям’і было пяцёра дзяцей, Васіль самы меншы, адзіны сын.

У 1934 годзе пайшоў вучыцца ў Нягоцінскую пачатковую школу, пасля працягваў вучобу ў Святошыцкай няпоўна-сярэдняй школе. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны Васіль Праскураў скончыў сем класаў, болей вучыцца ў дзённай школе яму не давялося. У перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі жыў разам з маці, бабуляй і сёстрамі ў сваёй роднай вёсцы. Бацька памёр у пачатку вайны, і іх сям’і, як і ўсім аднавяскоўцам, удосталь прыйшлося зведаць і голаду, і холаду.

У 1945 годзе Васіль Праскураўбыў прызваны ў Савецкую армію, пяць гадоў служыў у Цэнтральнай Групе Войск – у Венгрыі, Аўстрыі, Германіі, быў карэспандэнтам армейскай газеты «За честь Родины». Пасля дэмабілізацыі прыехаў дамоў. Маці і бабуля к гэтаму часу памерлі, сёстры павыходзілі замуж. Прыпыніўся ў старэйшай сястры Ганны, якая працавала ў Ганцавічах настаўніцай. Уладкаваўся на работу ў мясцовы райспажыўсаюз. На працягу сямі гадоў працаваў старшынёй сельпо, загадчыкам гандлёвага аддзела, старшынёй райспажыўсаюза. Адначасова скончыў сярэднюю школу рабочай моладзі, экстэрнам – Брэсцкую гандлёва-кааперацыйную школу.

Аднак В. Ф. Праскураў усё жыццё жадаў стаць журналістам і ў 1958 годзе ўладкаваўся на работу літсупрацоўнікам у ганцавіцкую раённую газету «Сялянская праўда». Паступіў на завочнае аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якое закончыў з дыпломам з адзнакай у 1965 годзе.

3 1962 па 1966 год В. Ф. Праскураў працаваў карэспандэнтам па ганцавіцкай зоне ў ляхавіцкай раённай газеце «Будаўнік камунізму». У сувязі з аднаўленнем Ганцавіцкага раёна (1967) быў прызначаны на пасаду рэдактара ганцавіцкай раённай газеты «Савецкае Палессе». Больш за дваццаць гадоў ён рэдагаваў гэтае рэгіянальнае выданне. У розны час супрацоўнікамі рэдакцыі былі пісьменнікі Віктар Гардзей, Іван Кірэйчык, Міхась Рудкоўскі. За плённую працу на ніве журналістыкі Васіль Фёдаравіч узнагароджаны чатырма медалямі СССР, дзвюма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР. Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1968), лаўрэат прэміі Саюза журналістаў СССР.

Побач з клапатлівай рэдактарскай пасадай шмат пісаў для газеты. I не толькі для сваёй, але для абласной і рэспубліканскіх. Ён упадабаў адзін з самых прэстыжных газетных жанраў – нарыс і пісаў аб людзях Палесся. На гэтым жанры ён і заслужыў славу сапраўднага майстра слова, вялікага знаўцы чалавечых душ.

З газетных палос нарысы Васіля Фёдаравіча ўвасабляліся ў зборнікі, якія выходзілі ў розных выдавецтвах рэспублікі адзін за адным: «Святая сівізна» (1966), «Трое з-за Лані» (1967), «Людзі-суседзі» (1974), «Пакажы чалавеку дарогу» (1979), «Пакланіся зямлі-карміцельцы» (1982), «Чорны хлеб» (1984). Апошні зборнік пісьменніка «Наўсцяж вясковай вуліцы», куды ўвайшлі акрамя нарысаў няскончаная аповесць, апавяданні і дакументальныя матэрыялы, выйшаў пасля яго смерці, у 1995 годзе.

Памёр В. Ф. Праскураў пасля працяглай хваробы 22 мая 1987 года, пахаваны ў Ганцавічах на старых могілках. На доме, дзе ён жыў, і на будынку рэдакцыі газеты, у якой працаваў, у яго гонар устаноўлены мемарыяльныя дошкі. Яго імя носяць Ганцавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка і вуліца, на якой ён жыў. Імя пісьменніка ўвекавечана на Алеі пісьменства ў Ганцавічах, што была адкрыта ў 2011 годзе ў Дзень беларускага пісьменства.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя В. Ф. Праскурава. Кулан Алена Юр’еўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

Творы В. Ф. Праскурава

  1. Святая сівізна : нарыс / Васіль Праскураў. – Мінск : Беларусь, 1966. – 36 с. – (Байцы пярэдняга краю).

  2. Трое з-за Лані : нарысы / Васіль Праскураў. – Мінск : Беларусь, 1967. – 32 с. – (Байцы пярэдняга краю).

  3. Людзі-суседзі : нарысы / Васіль Праскураў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1974. – 208 с. : іл.

  4. Пакажы чалавеку дарогу : нарысы / Васіль Праскураў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1979. – 107 с. – (Руспубліка. Час. Людзі).

  5. Пакланіся зямлі-карміцельцы : нарысы пра Беларускае Палессе / Васіль Праскураў. – Мінск : Ураджай, 1982. – 240 с. : іл.

  6. Чорны хлеб : нарысы / Васіль Праскураў ; паслясл. Б. Стральцова. – Мінск : Ураджай, 1984. – 208 с.

  7. Наўсцяж вясковай вуліцы : аповесці, апавяданні, нарысы, дакументальныя матэрыялы / Васіль Праскураў. – Брэст : Упраўленне інфармацыі аблвыканкама, 1995. – 249 с., [9] л. іл.

  8. Плывут в бездонном небе журавли… : сборник стихов / Василий Проскуров. – Ганцевичи : Ганцевичская РЦБС ; Отдел библиотечного маркетинга ЦРБ им. В. Ф. Проскурова, 2011. – 20 с.

  9. Рута – мята : аповесць / Васіль Праскураў // Паміж Бобрыкам і Ланню : Ганцаўшчына літаратурная : паэзія, проза, публіцыстыка / уклад. В. Гардзей, К. Мохар. Мінск : Мастацкая літаратура, 2007. С. 115–165.

 

Аб жыцці і творчасці В. Ф. Праскурава

  1. Праскураў Васіль Фёдаравіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. Мінск, 2015. Т. 6. С. 217.

  2. Васіль Праскураў // Культура малых гарадоў Брэсцкай вобласці. Ганцавічы / кал. рэд. Т. Цібароўская ; склад. С. Несцярэнка, І. Абакумава. Брэст, 2012. С. 13

  3. Васіль Праскураў// Ганцаўшчына – край легенд і талентаў народных / аўт. тэксту В. К. Гардзей. Мінск, 2011. С. 110–113.

  4. Проскуров Василий Фёдорович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. Минск, 2008. Т. 6. С. 298.

  5. Васіль Праскураў // Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 144–147.

  6. Праскураў Васіль Федаравіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 13. С. 17–18.

  7. Васіль Праскураў :З глыбінь народных // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Ганцавіцкага раёна. Мінск, 1999. С. 429.

  8. Праскураў Васіль // Беларускія пісьменнікі : біябібліягр. слоўнік : у 6 т. Мінск. 1995. Т. 5. С. 49–50.

  9. Васіль Праскураў // Беларускія пісьменнікі : біябібліягр. слоўнік : у 6 т. Мінск. 1993. Т. 2. С. 120–439.

  10. Праскураў Васіль Фёдаравіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 4. С. 377.

  11. Васіль Праскураў : [аўтабіяграфія / Ганцавіцкая РЦБС, Аддзел бібліятэчнага маркетынгу ЦРБ імя В. Праскурава]. – Ганцавічы : Ганцавіцкая РЦБС, [2011]. – 23 с.

  12. Калеснік, У. Нарысы Васіля Праскурава : урывак з нарыса «Берасцейскае вогнішча» / Уладзімір Калеснік // Паміж Бобрыкам і Ланню : Ганцаўшчына літаратурная : паэзія, проза, публіцыстыка / уклад. В. Гардзей, К. Мохар. Мінск : Мастацкая літаратура, 2007. С. 90–93.

  13. Гардзей, В. Пясняр Палескага краю / Віктар Гардзей // Паміж Бобрыкам і Ланню : Ганцаўшчына літаратурная : паэзія, проза, публіцыстыка / уклад. В. Гардзей, К. Мохар. Мінск : Мастацкая літаратура, 2007. С. 104–113.

  14. Гардзей, В. Зорны сказ пра палессе : Летапісцы Берасцейскага краю / Віктар Гардзей // Нашчадкам слова застаецца / уклад. Г. С. Тамашэвіч. Брэст, 2001. С. 129–136.

  15. Русакевіч, У. Аб людзях – суседзях і зямлі – карміцельцы : [пра творы Васіля Праскурава] / Уладзімір Русакевіч // Берасцейскія карані : гісторыка-краязнаўчы і літаратурны зборнік. Брэст, 1993. С. 49.

  16. Яцушкевіч, К. Навечна слова застанецца : [успаміны пра В. Ф. Праскурава; Праскураўскія чытанні] / Кацярына Яцушкевіч ; фота П. Свістуновіча // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2016. 27 жніўня (№ 66). С. 1–2.

  17. Пупач, Г. “Каб помнілася прысутнасць у свеце” : [пра В. Ф. Парскурава; фота] / Галіна Пупач // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2016. 24 жніўня (№ 65). С. 4.

  18. Мохар, К. Летапісец Палескага краю : [да 90-годдзя з дня нараджэння В. Ф. Праскурава] / Кастусь Мохар // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2016. 24 жніўня (№ 65). С. 1, 4.

  19. Амяляшчык, І. Свята душы вялікага творца / Іван Амяляшчык // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2016. 20 жніўня (№ 64). С. 3.

  20. Каўко, А. Летапісец беларускай вёскі : [успамін пра В. Праскурава] / А. Каўко // ЛiМ. 2008. 29 жніўня. С. 14.

  21. Мохар, К. Зоркі згараюць у зеніце : [аб жыцці і творчай дзейнасці В. Ф. Праскурава] / Кастусь Мохар // Савецкае Палессе. Ганцавiчы, 2007. 19 мая. С. 2.

  22. Новiк, С. Ён быў творцам i цудоўным чалавекам : [пра лiтаратурнае свята, прысвечанае 80-годдзю з дня нараджэння В. Ф. Праскурава (25 жн. у ГДК)] / Святлана Новік // Ганцавiцкi час. 2006. 1 верасня. С. 3.

  23. Локтыш, С. “А жыццё чалавека – тая ж самая песня...” : [аб святкаванні 80-годдзя з дня нараджэння В. Ф. Праскурава на Ганцаўшчыне] / Святлана Локтыш // Савецкае Палессе. Ганцавiчы, 2006. 30 жніўня.

  24. Камейша, К. Васіль Праскураў (1926–1987) / Казімір Камейша // Полымя. 2006. № 8. С. 174–178.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1567 разоў Апошняя змена Чацвер, 11 Чэрвень 2020 10:01