Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 18 Кастрычнік 2016 15:14

14 жніўня 2016 г. – 80 гадоў з дня нараджэння Івана Сцяпанавіча Шпакоўскага (1936–2008), літаратуразнаўца, крытыка

Іван Сцяпанавіч Шпакоўскі нарадзіўся 14 жніўня 1936 года ў вёсцы Мясяцічы Пінскага павета Палескага ваяводства (цяпер Пінскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Вялікая Айчынная вайна апаліла і Іванава дзяцінства. Бацька, Сцяпан Васільевіч Шпакоўскі, быў партызанам, сям’і давялося хавацца ад карнікаў у партызанскім лагеры, паліцаі знішчылі родную хату.

Пачатковую школу Іван Шпакоўскі закончыў у роднай вёсцы, а сямігодку – у Лемяшэвічах, сярэднюю – у Лунінцы ў 1954 годзе. Прага да чытання праявілася рана, перачытаў усё, што мог дастаць. Паступіў на філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна, які скончыў у 1959 годзе. З вялікай павагай успамінаў выкладчыкаў: Уладзіміра Калесніка, Антона Уса, Ісідара Баса, Ядвігу Чарняўскую, Аляксея Рубцова. Уваходзіў у літаратурныя гурткі, літаб’яднанне пры газеце «Заря».

Пасля інстытута Іван Шпакоўскі працаваў настаўнікам і дырэктарам Грыўковіцкай сямігадовай школы Пінскага раёна (1959–1960), літсупрацоўнікам газеты «Сцяг перамогі» (Маларыта, 1960–1961), дырэктарам і настаўнікам Маларыцкай вячэрняй школы (1962–1964), старшым выкладчыкам кафедры рускай літаратуры Брэсцкага педінстытута імя А. С. Пушкіна (1964–1965).

У 1965–1966 гадах Іван Шпакоўскі вучыўся ў аспірантуры Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (спачатку завочна, потым на стацыянары). Затым працаваў у Нежынскім педінстытуце (Чарнігаўская вобласць, Украіна) асістэнтам кафедры рускай літаратуры, старшым выкладчыкам. У 1967 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Умоўна-асацыятыўная вобразнасць і пытанні майстэрства».

З 1968 года І. С. Шпакоўскі жыве ў Мінску. Працаваў дацэнтам на кафедры рускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1968–1969). З 1969 года малодшы, потым старшы навуковы супрацоўнік ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. У 1988 годзе – дацэнт Кіеўскага, з 1989-га і да 2006 года – Мінскага педінстытута (з 1993 г. – Беларускі педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка).

Літаратурную дзейнасць Іван Шпакоўскі пачаў з рэцэнзій на зборнікі паэзіі, кінафільмы, спектаклі. У коле навуковых інтарэсаў – праблемы вобразнасці, майстэрства, тыпізацыі, стылёвага развіцця беларускай паэзіі. Дамінантным накірункам літаратуразнаўчай дзейнасці І. С. Шпакоўскага з’яўляецца даследаванне тэарэтычных аспектаў паэзіі, вывучэнне творчасці аўтараў: разглядае індывідуальныя асаблівасці стылю Р. Барадуліна, А. Вярцінскага, В. Зуёнка, У. Караткевіча, А. Куляшова, П. Панчанкі, А. Пысіна, М. Танка, праблемы рускай і ўкраінскай літаратур (творчасць Б. Алейніка, І. Драча, У. Лугаўскога, Л. Мартынава).

І. С. Шпакоўскі публікаваў навуковыя артыкулы ў часопісах, калектыўных манаграфіях, энцыклапедычных выданнях. Аўтар кніг «Структура вершаванага вобраза» (1972), «Узрушанасць. Артыкулы пра сучасную беларускую паэзію» (1978), «Тыпізацыя ў лірыцы. Формы і сродкі» (1980) і інш.

Шмат увагі надзяляў праблеме вывучэння беларускай літаратуры ў ВНУ. Дзякуючы яго намаганням створаны тыповыя праграмы па тэорыі літаратуры і па гісторыі літаратуры ХІ–ХІХ стст. Згодна зместу праграм навукоўцы атрымалі магчымасць уключаць у падручнікі і хрэстаматыі творы і іх аналіз раней не вывучаемых пісьменнікаў, у тым ліку і цесна звязаных з Берасцейшчынай: Ф. Карпінскага, А. Нарушэвіча, Ю. Нямцэвіча, Ю. Крашэўскага, Э. Ажэшкі, М. Радзевіч.

Іван Сцяпанавіч – гарачы патрыёт роднага краю – Піншчыны і Заходняга Палесся. Сабраў слоўнік руска-палескіх гаворак вёсак Мясяцічы, Шаломічы і Лазічы, што склала яго «Палескі архіў».Дапамог жыхарам Шаломіч сабраць і здаць у архіў АН БССР каштоўны матэрыял пра паўстанцаў 1794 і 1863 гадоў. Быў адным з арганізатараў і актыўным членам грамадскай арганізацыі «Заходнепалескае навукова-краязнаўчае таварыства “Загароддзе”», якая узнікла ў 1995 годзе.

Іван Сцяпанавіч Шпакоўскі памёр 16 кастрычніка 2008 года.

Сын, Ігар Іванавіч Шпакоўскі, абраў бацькаў шлях – займаецца літаратуразнаўствам, даследуе прозу, кандыдат філалагічных навук (1996), дацэнт кафедры рускай літаратуры БДУ, выкладае старажытнарускую літаратуру.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Янішчыц. Станкевіч Клаўдзія Аляксандраўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі



Працы І. С. Шпакоўскага

  1. Літаратура Беларусі XIX стагоддзя : анталогія / [укл.: К. А. Цвірка, І. С. Шпакоўскі, К. У. Антановіч; нав. рэд. А. В. Мальдзіс]. – Мінск : Беларуская навука, 2013. – 862 с.

  2. Фальклорныя тэксты з Пінскага раёна : [матэрыялы дыялекталагічных экспедыцый 1970–1980-х гг., вв. Мясяцічы і Шаломічы] / І. С. Шпакоўскі, Б. П. Калодзіч // Беларуская дыялекталогія. Матэрыялы і даследаванні : зборнік навуковых артыкулаў. Вып. 2. Мінск, 2012. С. 161–185.

  3. Мішчанчук, М. І. Беларуская лiтаратура XX ст. : вучэб. дапам. для студ. філал. спецыяльнасцей ВНУ / М. І. Мішчанчук, І. С. Шпакоўскі. – Мінск : Вышэйшая школа, 2001. – 352 с.

  4. Танкаўскія чытанні : Матэрыялы навуковай канферэнцыі, прысвеч. 85-годдзю з дня нараджэння нар. паэта Беларусі М. Танка : зборнік / адк. рэд.: М. Ф. Шаўлоўская, І. С. Шпакоўскі. – Мінск : БДПУ, 1998. – 75, [1] с.

  5. Літаратуразнаўства: заканамернасці літаратурнага працэсу Беларусі : зборнік артыкулаў / Беларус. дзярж. пед. ун-т ; рэд. і уклад. І. С. Шпакоўскі. – Мінск, 1994. – 116 с.

  6. Актуальныя праблемы Багдановічазнаўства : матэрыялы канферэнцыі [прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння М. Багдановіча] / рэд. савет: І. С. Шпакоўскі (укл. і рэд.) і інш.]. – Мінск : МДПІ, 1992. – 26, [1] с.

  7. Літаратуразнаўства : зборнік артыкулаў / Педагагічнае таварыства БССР, Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. М. Горкага ; [рэд. савет: І. С. Шпакоўскі (адказ. рэд.) і інш.]. – Мінск : МДПІ, 1990. – 98 с.

  8. Шукліна, Н. У. Паэзія абнаўлення свету: фарміраванне творчых прынцыпаў і стылявых форм беларускай савецкай паэзіі / Н. У. Шукліна, А. К. Кабаковіч, І. С. Шпакоўскі ; [рэд.: І. Я. Навуменка, У. В. Гніламёдаў] ; АН БССР, Ін-т літ. імя Я. Купалы. – Мінск : Навука і тэхніка, 1981. – 189, [2] c. – Са зместу: Шпакоўскі, І. Развіццё наватарскіх рыс у беларускай паэзіі 30-х гадоў.

  9. Тыпізацыяў лірыцы: формы і сродкі / І. С. Шпакоўскі ; АН БССР, Ін-т літ. імя Я. Купалы ; рэд. М. М. Арочка, У. В. Гніламёдаў; рэц. М. Р. Ярош, К. А. Цвірка. – Мінск : Навука і тэхніка, 1980. – 144 с.

  10. Паэзія аднаго пакалення / І. С. Шпакоўскі // Адзінства і ўзаемаўзбагачэння : Пытанні ўзаемасувязей савецкіх літаратур. Мінск, 1980.

  11. Паэзія маладога пакалення 60-х гадоў (на рускім, украінскім і беларускім матэрыяле) / І. Шпакоўскі // Асаблівасці развіцця літаратурнага працэсу ў Беларусі на сучасным этапе : матэрыялы рэсп. навукова-тэарэтыч. канферэнцыі [17–18 кастр. 1978 г., Мінск]. Мінск : МДПІ, 1979.

  12. Узрушанасць : артыкулы пра сучасную беларускую паэзію / Янка Шпакоўскі. – Мінск, 1978. – 176 с.

  13. З лексікі паўднёвай Піншчыны / І. С. Шпакоўскі // Народная лексіка : зборнік артыкулаў / рэд.: А. А. Крывіцкі, Ю. Ф. Мацкевіч. Мінск : Навука і тэхніка, 1977. С. 104–119.

  14. Умоўнасць як сродак лірычнай тыпізацыі / І. Шпакоўскі // Жыццёвая праўда і сучаснае мастацкае мысленне : [матэрыялы навуковай канферэнцыі, 1975 г., Мінск]. Мінск : Навука і тэхніка, 1977.

  15. Жураўлёў, В. П. Пытанні паэтыкі / В. П. Жураўлёў, І. С. Шпакоўскі, А. С. Яскевіч; АН БССР, Ін-т літ. імя Я. Купалы. – Мінск, 1974. – 221 с.

  16. Структура вершаванага вобраза: ўмоўная асацыятыўнасць у сучаснай савецкай паэзіі / І. С. Шпакоўскі ; [рэд. Н. С. Перкін] ; АН БССР, Ін-т літ. імя Я. Купалы. – Мінск, 1972. – 174, [2] с.

  17. Условно-ассоциативная образность и вопросы мастерства: (На материале современной советской поэзии). (19541966): автореферат диссертации... кандидата филологических наук / И. С. Шпаковский ; Киевский гос. ун-т им. Т. Г. Шевченко. – Киев, 1967. – 18 с.

 

Аб жыцці і творчасці І. С. Шпакоўскага

  1. Шпакоўскі Іван Сцяпанавіч / Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 17. С. 455.

  2. Шпаковский Иван Степанович// Учёные Пинщины / авт.-сост. И. А. Кибак, П. Н. Синкевич, В. В. Василевицкий. Пинск, 2012. С. 137.

  3. Іван Шпакоўскі // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 487–489.

  4. Шпакоўскі Янка // Літаратурная Берасцейшчына : краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. Мінск : Литература и Искусство, 2008. С. 8, 257, 258, 262, 271.

  5. Шпакоўскі Іван Сцяпанавіч / М. Казлоўскі // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Пінскага раёна. Мінск, 2003. С. 485–486.

  6. Янка Шпакоўскі // Літаратура Берасцейшчыны / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. Брэст, 1999. С. 323.

  7. Шпакоўскі Іван / Л. С. Савік // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1995. Т. 6. С. 380–381.

  8. Шпакоўскі Іван Сцяпанавіч / І. П. Чыгрын // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 584–585.

  9. Шпакоўская, І. Літаратуразнаўца з Мясяціч / Ірына Шпакоўская, Фёдар Клімчук // Гістарычная Брама. Гісторыя і культура Палесся. 2009. № 1 (24). С. 119–122.

  10. Іван Шпакоўскі : [некралог] // ЛіМ. 2008. 7 лістапада (№ 45). С. 4.

  11. Літаратурныя мясціны Беларусі. Пінскі раён : [упамін. Іван Шпакоўскі] // Маладосць. 2008. № 2. С. 112–116.

  12. Гурская, А. Прадмет увагі – лірыка : [пра кнігу І. Шпакоўскага “Тыпізацыя ў лірыцы. Формы і сродкі” (Мінск, 1980)] / Алена Гурская // Полымя. 1982. № 5. С. 207–209.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1614 разоў Апошняя змена Серада, 03 Чэрвень 2020 11:20