Панядзелак, 06 Люты 2017 09:46

8 жніўня 2016 г. – 115 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Ігнатавіча Уласаўца (1901–1945), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, Героя Савецкага Саюза (1943)

Аляксандр Ігнатавіч Уласавец нарадзіўся 8 жніўня 1901 года ў вёсцы Лапацічы Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер Знаменскага сельсавета Слуцкага раёна Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. Працоўную дзейнасць пачаў пастухом. У Грамадзянскую вайну быў у партызанах у Слуцкім павеце (1918–1920).

 

З 1922 года – у Чырвонай арміі. Накіравалі ў Ленінградскае ваенна-чыгуначнае вучылішча, служыў у 7-м асобным чыгуначным батальёне. У 1928 годзе скончыў Ленінградскую школу ваенных зносін. Служыў у Разані, а затым накіраваны ва Уладзівасток. У 1936 годзе капітан А. І. Уласавец назначаны ў 2-гі чыгуначны полк у Белагорску.

У Вялікую Айчынную вайну А. І. Уласавец на франтах з ліпеня 1942 года: на Сталінградскім, Сцяпным, 2-м Украінскім. З 14 красавіка па 14 снежня 1943 года – камандзір 224-га гвардзейскага стралковага палка (72-я гвардзейская стралковая дывізія, 7-я гвардзейская армія, Сцяпны фронт). Ваяваў пад Сталінградам, на Арлоўска-Курскай дузе, удзельнічаў у вызваленні Краснадара, Харкава. Пад Сталінградам 11 верасня 1942 года падпалкоўнік быў паранены, другое раненне атрымаў 1 жніўня 1943 года.

Вызначыўся ў бітве за Днепр. Полк пад камандаваннем А. І. Уласаўца ў ноч на 26 верасня 1943 года пад агнём праціўніка фарсіраваў раку ў раёне Новы Орлік – Барадаеўка Верхнедняпроўскага раёна Днепрапятроўскай вобласці (Украіна), захапіў і расшырыў плацдарм, прычыніў ворагу страты ў жывой сіле і тэхніцы, гэтым садзейнічаў поспеху наступлення. Ганаровае званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 26 кастрычніка 1943 года.

Як спецыяліста-чыгуначніка Аляксандра Ігнатавіча накіравалі ў Чыгуначныя войскі, якія складаліся з кваліфікаваных інжынераў, будаўнікоў-дарожнікаў, сапёраў, яны аднаўлялі разбураную чыгунку і забяспечвалі наступленне Чырвонай арміі, перавозку людзей і тэхнікі, боепрыпасаў і харчавання. Нярэдка ваенным чыгуначнікам даводзілася ўступаць у схватку з ворагам на перадавой лініі.

У 1944–1945 гадах – начальнік штаба 5-й Чырвонасцяжнай чыгуначнай брыгады. У ліпені 1944 года ўдзельнічаў у Люблінска-Брэсцкай наступальнай аперацыі 1-га Беларускага фронту, вызваленні Брэста ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (28 ліпеня 1944). Узнагароджаны ордэнамі Леніна, двума ордэнамі Айчыннай вайны І ступені (другім – пасмяротна), двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, медалямі.

У верасні 1944 года Аляксандру Ігнатавічу ўдалося пабываць у кароткім водпуску, наведаць сям’ю – жонку Ганну Ігнатаўну, дачку Ліану і двухгадовага сына Уладзіміра.

23 студзеня 1945 года на тэрыторыі Польшчы пад Лоддзю група з васьмі байцоў разам з гвардыі палкоўнікам А. І. Уласаўцом агледзелі чыгуначны мост праз раку Нер (прыток Варты), каб забяспечыць паспяховае дзеянне войск. Пры вяртанні група разведчыкаў трапіла ў засаду, завязаўся няраўны бой. А. І. Уласавец загінуў. Пахаваны ў брацкай магіле ў Брэсцкім гарадкім парку культуры і адпачынку імя 1 Мая (вул. Леніна).

У 1970 годзе на радзіме Героя ў Лапацічах Слуцкага раёна ўстаноўлена мемарыяльная дошка, яго імем названа вуліца ў Слуцку. Ганна Ігнатаўна Уласенка (1908–1983) працавала ў сферы культуры ў Белагорску Амурскай вобласцi, у 1959 годзе арганізавала народны тэатр, удастоена звання «Заслужаны работнік культуры РСФР» (1965). У Белагорскім краязнаўчым музеі ёсць куток, прысвечаны сям’і Уласавец.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Уласавец Аляксандр Ігнатавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 16. С. 218.

  2. Уласовец Александр Игнатьевич // Твои сыновья, Беларусь! Герои Советского Союза : биогр. справочник. Минск, 2015. С. 140.

  3. Уласавец Аляксандр Ігнатавіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 156.

  4. Уласавец Аляксандр Ігнатавіч // Памяць. Слуцкі раён. Слуцк : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 40.

  5. Уласовец Александр Игнатьевич // Их именами названы… : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 622.

  6. Мемарыяльная дошка Уласаўцу Аляксандру Ігнатавічу : [в. Лапацічы] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць : у 2 кн. Мінск, 1987. Кн. 2. С. 184.

  7. Уласовец Александр Игнатьевич // Навечно в сердце народном. 3-е изд., доп. и испр. Минск, 1984. С. 530.

  8. Уласавец Аляксандр Ігнатавіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 612.

  9. Уласавец Аляксандр Ігнатавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : [у 12 т.]. Мінск, 1974. Т. 10. С. 462.

  10. Братская могила советских воинов и партизан // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 43–44. Из содерж.: А. И. Уласовец. С. 44.

  11. В аллеях парка дремлет память... : фотоальбом : [городскому парку культуры и отдыха имени 1 Мая – 100 лет] / авт. текста В. П. Самович ; фото: И. П. Власюк [и др.]. – Брест : Академия, 2006. – 133 с.: ил.

  12. Железнодорожники в Великой Отечественной войне / книгу подгот.: Г.К.Головачев, Г.А.Литвин ; под ред. Н. С. Конарева. – Москва : Транспорт, 1985. 574с. : ил.

  13. Гудкова, Г. Д. Будут жить! : повесть : [упомянута встреча на фронте с майором А. И. Уласовцом] / Галина Даниловна Гудкова. «Сестра Валя» / М. Б. Сапожникова. – Москва : Молодая гвардия, 1986. – 317 с. : ил. – (Летопись Великой Отечественной).

  14. Веретенников, Н. Дань памяти достойному человеку. Анна Уласовец / Николай Веретенников // Просто газета. Белогорск, 2015. 17 ноября (№ 45).

  15. Сырбачева, А. Мало знать себе цену… : [о Белогорском городском народном театре им. А. И. Уласовец] / Анна Сырбачева // Сегодня на Амуре. 2014. 19 ноября (№ 46).

  16. Уласовец, А. И. «Он и сейчас стоит передо мной...» : [воспоминания дочери Героя Советского Союза А. И. Уласовца об отце] / Анна Игнатьевна Уласовец ; подготовил Александр Волкович // Заря. 2010. 29 июня. С. 4. В заголовке и ответственности допущена ошибка: дочь Лиана Александровна.

  17. Севостьянова, С. Владимир Уласовец — сын Героя / Светлана Севостьянова // Амурская правда. 2005. 29 апреля.

  18. Аркадьев, Б. Встреча с отцовским подвигом / Б. Аркадьев // Заря над Бугом. Брест, 1971. 28 октября.

  19. Бляхер, А. Встреча с отцовским подвигом / А. Бляхер // Заря. 1971. 11 февраля.

  20. Бляхер, А. Встреча с отцовским подвигом / А. Бляхер // Сельская газета. 1970. 28 марта.

  21. Бляхер, А. Встреча с отцовским подвигом / А. Бляхер // Заря над Бугом. Брест, 1966. 19 марта.

  22. Бляхер, А. Герой освобождения / А. Бляхер // Заря. 1959. 29 декабря.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1316 разоў Апошняя змена Чацвер, 09 Ліпень 2020 09:53