Панядзелак, 13 Люты 2017 09:41

7 кастрычніка 2016 года – 80 гадоў з дня нараджэння (1936) Фамы Фаміча Мажэйкі, вучонага-хіміка, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР (1990)

Фама Фаміч Мажэйка нарадзіўся 7 кастрычніка 1936 года ў вёсцы Скураты Косаўскай гміны Палескага ваяводства (цяпер Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці). У дзесяць гадоў застаўся сіратой, выхоўвалі яго бабуля і сёстры. У 1948 годзе закончыў пачатковую школу ў роднай вёсцы, у 1951 годзе — сямігодку у в. Альшаніца, у 1954 — сярэднюю школу ў г. Косава.

 

Фама Мажэйка паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. За час вучобы двойчы па камсамольскай пуцёўцы выязджаў на ўборку ўраджая ў Казахстан – «на цаліну», з’яўляўся камандзірам студэнцкага атрада.

Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1959 годзе Фама Мажэйка быў накіраваны на працу ў Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі АН БССР малодшым навуковым супрацоўнікам. З 1980 года па 1989 год працаваў намеснікам дырэктара па навуковай рабоце, адначасова загадчыкам лабараторыяй, з 1989 года — загадчыкам аддзела.

У 1968 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, у 1988 — доктарскую. У 1989 годзе Ф. Ф. Мажэйку прысвоена званне доктара хімічных навук.З 1991 года з’яўляецца членам-карэспандэнтамНАН Беларусі. Фама Фаміч з 2004 года — загадчык лабараторыі Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі НАН Беларусі.

За час работы ў інстытуце Ф. Ф. Мажэйка стаў вядомым вучоным у вобласці калоіднай хіміі і фізіка-хімічнай механікі. Ён з’яўляецца адным з заснавальнікаў навуковага накірунку — калоіднай хіміі прыродных і тэхнагенных дысперсных сістэм з высокім утрыманнем соляў, унёс буйны ўклад у развіццё навукі аб будаванні, уласцівасцях і механізме дзеяння павярхоўна-актыўных рэчывах у насычаных солевых растворах, ва ўдасканаленне тэхналогіі вытворчасці мінеральных угнаенняў і рашэнне калоідна-хімічных праблем пры атрыманні новых матэрыялаў на аснове канцэнтраваных солевых сістэм.

Ф. Ф. Мажэйка мае шэраг навуковых даследаванняў па калоіднай хіміі і фізіка-хімічнай механіцы. Аўтар болей 575 навуковых прац, у т. л. манаграфій, 203 вынаходак, падрыхтаваў 6 кандыдатаў навук.

Фама Фаміч прымае актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні вопытных і вопытна-прамысловых выпрабаванняў навуковых распрацовак, іх укараненні ў вытворчасць на розных прадпрыемствах краіны. У 1990 годзе ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР за распрацоўку і ўкараненне тэхналогіі вырабу калійных угнаенняў з палепшанымі фізічнымі і аграхімічнымі ўласцівасцямі. Узнагароджаны таксама двума сярэбранымі і трыма бронзавымі медалямі ВДНГ СССР, Ганаровай Граматай УСНТТ, медалём «Ветэран працы» і інш.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Івацэвіцкай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака. Вазнішчык Вольга Мікалаеўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Асноўныя працы Ф. Ф. Мажэйкі

  1. Исследование действия некоторых реагентов на коллоидно-химические свойства глинисто-солевых дисперсий : автореферат диссертации кандидата химических наук : специальность 080 Коллоидная химия / Можейко Ф. Ф. ; АН БССР, Отделение химических наук, Объединенный совет институтов физико-органической химии, общей и неорганической химии и Института торфа АН БССР. – Минск, 1968. – 26 с. : ил., табл.

  2. Физикохимия селективной флотации калийных солей / Х. М. Александрович, Ф. Ф. Можейко, Э. Ф. Коршук, А. Д. Маркин. – Минск : Наука и техника, 1983. – 270, [1] с.

  3. Производство, использование минеральных удобрений в БССР и проблемы охраны окружающей среды / Ф. Ф. Можейко, Н. П. Крутько. – Минск, 1988.

  4. Интенсификация процессов обезвоживания глинисто-солевых дисперсий, модифицированных высокомолекулярными защитными реагентами-депрессорами / Ф. Ф. Можейко. – Минск, 1993.

  5. Комбинированные методы получения высококачественного фосфатного концентрата и кондиционной фосфоритной муки при обогащении желваковых фосфоритов / Ф. Ф. Можейко. – Минск, 1993.

 

Аб жыцці і дзейнасці Ф. Ф. Мажэйкі

 

  1. Можейко Фома Фомич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1 : Брестская область, кн. 2. С. 99.

  2. Мажэйка Фама Фамiч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 9. С. 502–503.

  3. Фома Фомич Можейко (К 75-летию со дня рождения) / С. А. Усанов [и др.] // Весці НАН Беларусі. Серыя хімічных навук. 2011. № 4. С. 121–123.

  4. Фома Фомич Можейко (К 70-летию со дня рождения) / Н. П. Крутько [и др.] // Весці НАН Беларусі. Серыя хімічных навук. 2006. № 4. С. 122–123.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1143 разоў Апошняя змена Чацвер, 09 Ліпень 2020 11:30