Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 27 Люты 2017 09:55

16 верасня 2016 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Анатоля Мікалаевіча Казловіча (1946–2011), пісьменніка, публіцыста, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя А. Адамовіча (1995)

Анатоль Мікалаевіч Казловіч нарадзіўся 16 верасня 1946 года ў вёсцы Горск Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Горскай пачатковай школе, у Падкраіцкай сямігодцы, у 1964 годзе скончыў Малецкую сярэднюю школу. Працаваў памочнікам экскаватаршчыка ў Сігневіцкім будаўніча-мантажным упраўленні меліярацыі, фотакарэспандэнтам Бярозаўскай раённай газеты «Маяк камунізма».

 

У 1969 годзе Анатоль Казловіч скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, адначасова з вучобай працаваў у «Сельской газете». Пасля службы ў Савецкай арміі (служыў у званні лейтэнанта ў Слуцку; 1969–1971) працаваў карэспандэнтам «Сельской газеты». Каб глыбей пазнаць жыццё, уладкаваўся кантралёрам АТК на Мінскі станкабудаўнічы завод, у час жніва працаваў у калгасе памочнікам камбайнёра. У 1973 годзе Анатоль Казловіч быў прызначаны старшым рэдактарам беларускага тэлебачання, потым — рэдактарам аддзела нарыса і публіцыстыкі часопіса «Нёман». З 1977 года працаваў загадчыкам карэспандэнцкага пункта «Литературной газеты» ў Беларусі, друкаваўся ў часопісах «Дружба народов», «Наш современник», «Вокруг света».

Дэбютаваў у рэспубліканскім друку ў 1964 годзе вершамі. Удзельнічаў у літаб’яднаннях «Крыніца» і «Узлёт». У калектыўным зборніку маладых беларускіх паэтаў «Рунь» (1970) змешчаны яго шчырыя вершы з пачуццем сыноўскай любові да роднай зямлі. У 1981 годзе прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР (з 1991 г. у Саюзе пісьменнікаў Беларусі).

Вядомасць Анатолю Казловічу прынесла публіцыстыка, у ёй аўтар заўсёды адчуваў сябе ўпэўнена і быў пры жыцці адзін з самых вострых, дзёрзкіх, «нечаканых» аўтараў. Тое, што ён прыйшоў у літаратуру з журналістыкі, спрыяла яго ўменню тонка аналізаваць убачанае і вылучаць у ім галоўнае, выпрацавала пільны, назіральны погляд. Ва ўсіх яго творах прысутнічае радзіма ў шырокім сэнсе гэтага слова: геаграфічным, маральным, экалагічным, нацыянальным, духоўным. Стыль яго пісьма – самабытны і яркі.

У 1977 годзе выходзіць кніга «Дыханне», у якой А. М. Казловіч закранае некаторыя аспекты жыцця сучаснай вёскі. Наступная кніга «Пора идти» (1979) застаўляе задумацца над тым, што значыць быць гаспадаром на зямлі. Публіцыстычная аповесць «Дитя моё золотое» (1984) – роздум над жыццём сучасніка. Чалавек і вёска. Чаму моладзь пакідае яе? Як спыніць гэты працэс? Кніга «Трудно любить» (1985) прысвечана сучаснай вёсцы з усімі яе складанасцямі і праблемамі, аб чым гавораць і назвы аповесцей, якія ўвайшлі ў яе: «Деревенские женщины», «Деревенские мужчины», «Деревенские ветры».

У 1987 годзе выйшла аповесць-эсэ Анатоля Казловіча «На моей ладони линия реки». Гэтакнігапрачалавека і навакольны свет. Што чалавек бярэ ў прыроды і што ёй аддае? Прырода просіць паратунку. Кніга напоўнена інфармацыяй, гарачымі маналогамі аўтара аб вострых праблемах сучаснасці. У цэнтры сваёй кнігі аўтар паставіў раку. Рака ў яго – гэта своеасаблівае Дрэва жыцця, яна – як бы выпрабаванне на чалавечнасць, дабрату, прыстойнасць.

Кніга «Если бы да кабы» (1994) – пранізлівая споведзь чалавека, які зразумеў, што ідзе працэс змярцвення гісторыі роду, малой Радзімы, чалавечнасці. Аповесць апявае сваю любімую правінцыю з болем, чалавечнасцю, вобразнасцю.

З верасня 1994 года па красавік 1995 у газеце «Народная воля» друкаваўся цыкл аўтабіяэкалагічных прытчаў «Беларусы паміж небам і зямлёю». За літаратурна-публіцыстычнае ўвасабленне беларускай нацыянальнай ідэі ў серыі прытчаў Анатолю Казловічу была прысуджана Літаратурная прэмія імя Алеся Адамовіча (1995).

За больш як трыццаць гадоў літаратурнай дзейнасці Анатоль Мікалаевіч заўсёды адстойваў свае думкі, погляды. Сваё пісьменніцкае крэда выказаў у кнізе «Собственный корреспондент» (1989): «Я выражаю то, что знаю лично, что почерпнул в жизни, что узнал от людей… Я имею право на своё собственное мнение и о хорошем, и о плохом. В своём доме хочется хорошего. Я пишу о нашем общем доме. Я хочу ему добра, процветания».

Працаваў на пасадзе галоўнага рэдактара фермерскай газеты «Новая зямля» (1993–1994), праваабарончага штомесячніка «Круг» (1994–1995), з 2000 года – першага намесніка галоўнага рэдактара газеты «Народная воля». У 2000–2007 гадах Анатоль Мікалаевіч выкладаў журналісцкія дысцыпліны ў Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва (Мінск), у 2006–2007 гадах – у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільнюс).

А. М. Казловіч пасля цяжкай хваробы памёр 14 кастрычніка 2011 года, пахавалі на могілках у Калодзішчах.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Бярозаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай

 

Творы А. Казловіча

  1. 1994, или Белорусы между небом и землей : хроники Анатолия Козловича / Анатолий Козлович. – Смоленск : Скиф, 2006. – 672 с.

  2. Белорусы между небом и землей : хроники Анатолия Козловича / Анатолий Козлович. – Смоленск : Скиф, 2003. – 623 с.

  3. Если бы да кабы : автобиоэколографический роман / Анатолий Козлович. – Минск : Мастацкая лiтаратура, 1994. – 239 с. : ил.

  4. Собственный корреспондент : современные драмы / Анатолий Козлович. – Минск : Мастацкая лiтаратура, 1989. – 255 с., [1] л. ил.

  5. Красный остров : очерки / Анатолий Козлович. – Москва : Советский писатель, 1988. – 270 с.

  6. Место под солнцем : докум. повесть / Анатолий Козлович. – Минск : Мастацкая лiтаратура, 1988. – 187 с. : ил.

  7. На моей ладони линия реки : повесть-эссе / Анатолий Козлович. – Минск : Мастацкая лiтаратура, 1987. – 319 с. : ил.

  8. Рассвет : повесть о современнике / Анатолий Козлович. – Минск : Мастацкая лiтаратура, 1986. – 190 с.

  9. Трудно любить : повести публициста / Анатолий Козлович. – Минск : Мастацкая лiтаратура, 1985. – 208 с. : ил. – Содерж.: Деревенские женщины ; Деревенские мужчины ; Деревенские ветры.

  10. Дитя моё золотое : повесть публициста / Анатолий Козлович. – Минск : Мастацкая лiтаратура, 1984. – 247 с.

  11. Далеко впереди : докум. повести / Анатолий Козлович. – Минск : Мастацкая лiтаратура, 1981. – 303 с. – Содерж.: Я — контролёр : ежедневная повесть о совести ; Зоя Ивановска : десять лет из жизни идеального человека ; Возвращение в себя : повесть о власти.

  12. Пора идти : очерки / Анатолий Козлович. – Минск : Мастацкая лiтаратура, 1979. – 224 с. – (Республика. Время. Люди).

  13. Дыхание : очерки / Анатолий Козлович. – Минск : Мастацкая лiтаратура, 1977. – 192 с. – (Республика. Время. Люди).

 

Аб жыцці і творчасці А. Казловіча

 

  1. Казловіч Анатоль Мікалаевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 7. С. 429.

  2. Козлович Анатолий Николаевич // Кто есть кто в Республике Беларусь. 2004. Минск, 2004. С. 137.

  3. АнатольКазловіч // Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзіч. Брэст : Брэсцкая друкарня, 2008. C. 64–65.

  4. Казловіч Анатоль / Л. С. Савік // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 3. С. 79–80.

  5. АнатольКазловіч // Беларускія пісьменнікі : даведнік. Мінск, 1994. С. 243–244.

  6. Казловіч Анатоль Мікалаевіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 617.

  7. Козлович Анатолий Николаевич. Линия реки : [отрывок из книги «Дитя моё золотое»] / А. Козлович //Память. Берёзовский район : ист.-докум. хроника. Минск, 1987. С. 422–423.

  8. Мазец, Т.П.Речевой «образ автора» в очерках Анатолия Козловича / Т. П. Мазец // Культура мовы журналiста / рэд.: М. Я. Цікоцкі, А. І. Наркевіч. Мiнск, 1996. Вып. 4. С. 81–91.

  9. Лысенка, А. З трывогай і надзеяй : беларуская публіцыстыка 80-х гадоў / А. Лысенка. – Мінск : Навука і тэхніка, 1991. – 205 с. – Са зместу: А. Казловіч. С. 62–77, 112–115.

  10. Юравіч, У. Руплівасць пісьменніцкай публіцыстыкі / У. Юравіч // Вобраз 88 : літаратурна-крытычныя артыкулы. Мінск, 1988. С. 119–124.

  11. Лысенка, А. Сучасны беларускі нарыс / А. Лысенка. – Мінск, 1978. – Са зместу: А. Казловіч. С. 108–110.

  12. Анатоль Казловіч : [некралог] // Наша ніва. 2011. 19 кастрычніка (№ 39). С. 4.

  13. Сярэдзіч, І. Праўда жыцця Анатоля Казловіча / Іосіф Сярэдзіч // Народная воля. 2011. 18 кастрычніка. С. 1.

  14. Марціновіч, А. Горск, гарчаны, Радзіма… / Алесь Марціновіч / Маяк. Берёза, 1996. 15 декабря.

  15. Марцінковіч, А. На вастрыі пяра — жыццё : Анатолю Казловічу – 50 / А. Марцінковіч // ЛiМ. 1996. 13 верасня. С. 7.

  16. 16 верасня – 50 год з дня нараджэння (1946) А. Казловіча, журналіста, пісьменніка // Новыя кнігі. 1996. № 5. С. 23–25.

  17. Марчук, Г. Служить бы рад — прислуживаться тошно! : [о жизни и творчестве А. Козловича] / Г. Марчук // Рэспублiка. 1996. 14 верасня. С. 5.

  18. Гарчак, М. Упершыню прысуджаны літаратурныя прэміі імя Алеся Адамовіча / М. Гарчак // Народная воля. 1995. 8–15 верасня. С. 2.

  19. Калянковіч, І. З любоўю да роднай зямлі : [творчасць А. Казловіча] / І. Калянковіч, У. Барысюк // Народная трыбуна. 1995. 17 чэрвеня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2452 разоў Апошняя змена Чацвер, 09 Ліпень 2020 16:09