Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 27 Люты 2017 10:09

1 лістапада 2016 г. — 105 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Мікітавіча Чарнака (1911–1943), аднаго з арганізатараў партызанскага руху ў Жабінкаўскім раёне ў гады Вялікай Айчыннай вайны

Міхаіл Мікітавіч Чарнак нарадзіўся 1 лістапада 1911 года ў вёсцы Старое Сяло Азяцкай воласці Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Азяцкага сельсавета Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. У час Першай сусветнай вайны сям’я была ў бежанцах у Расіі, вярнуліся на радзіму ў 1924 годзе.

 

У 17-гадовым узросце Міхаіл Чарнак уступіў у КПЗБ. У 1930 гады праходзіў службу ў Войску Польскім у механічным палку, які стаяў у Брэсце. Міхаіл Чарнак тады ўваходзіў у склад Брэсцкага гарадскога камітэта КПЗБ. Яго сястра Дар’я Мікітаўна Чарнак (1910–1942) таксама была ўдзельніцай рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, член КПЗБ з 1927 года. У студзені 1933 года Дар’я і Міхаіл Чарнакі былі схоплены агентамі дэфензівы і кінуты ў ваенна-следчую турму «Брыгідкі» ў Брэсцкай крэпасці.

З верасня 1939 года брат і сястра пачалі новае жыццё. Міхаіл працаваў старшынёй Старасельскага сельсавета, Дар’я – інструктарам Беластоцкага аблвыканкама.

Калі гітлераўцы занялі Беласток (1941), Дар’я Чарнак уключылася ў антыфашысцкую работу. У канцы чэрвеня 1942 года яе высачылі і забралі ў гестапа. У кастрычніку 1942 года патрыётку расстралялі ў Беластоцкай турме. У 1942 годзе маці партызана, Наталлю Мікалаеўну Чарнак, расстралялі ў Брэсцкай турме.

Міхаіл Чарнак прыняў самы непасрэдны ўдзел у арганізацыі Старасельскага партызанскага атрада. Старасельскі атрад — адзін з першых у Беларусі — быў арганізаваны ў чэрвені 1941 года, дзейнічаў самастойна ў Жабінкаўскім раёне. Напачатку ў атрадзе было 60 чалавек: жыхары вёсак і чырвонаармейцы, якія апынуліся ў акружэнні. Некаторы час М. М. Чарнак камандаваў узводам, затым быў намеснікам камандзіра атрада па разведцы, кіраваў некалькімі баявымі аперацыямі, у час якіх знішчыў каля 40 гітлераўцаў і паліцаяў. Камандзірам атрада быў лейтэнант Сяргей Сяргеевіч Шыканаў (да чэрвеня 1943), камісарам — Леанід Пятровіч Зяленін (люты 1942 – ліпень 1943), начальнікам штаба — Сяргей Мікітавіч Кіцьян (снежань 1942 – чэрвень 1943).

Старасельскі атрад загартоўваўся ў баях. К канцу 1942 года народныя мсціўцы ўжо грамілі акупантаў паміж Брэстам і Кобрынам, Дзівінам і Маларытай. Аднак былі моманты, калі атрад з цяжкасцю супрацьстаяў пераўзыходзячаму ў сілах праціўніку. Так здарылася ў маі 1943 года. У той час Старасельскі атрад знаходзіўся каля вёскі Звозы. 2 мая 1943 года разгарэўся жорсткі бой, які цягнуўся звыш дзесяці гадзін. Асабліва моцна фашысты атакавалі ўчастак, дзе займалі абарону разведчыкі на чале з М. М. Чарнаком. Тады ў баю ад нямецкай кулі загінуў Міхаіл Мікітавіч Чарнак.

Партызан пахавалі ў Старасельскім лесе. У чэрвені 1943 года Старасельскаму атраду было прысвоена імя М. М. Чарнака. З ліпеня 1943 года атрад увайшоў у склад брыгады імя І. В. Сталіна. У кастрычніку 1943 года партызаны атрада правялі 27 баявых аперацый, пусцілі пад адхіл 13 цягнікоў. 22 сакавіка 1944 года атрад імя Чарнака выйшаў у савецкі тыл, змагаўся з ворагам разам з 1293-м стралковым палком 160-й стралковай дывізіі ў Любяшоўскім раёне Валынскай і Дзівінскім раёне Брэсцкай абласцей. 15 мая атрад вярнуўся ў тыл ворага, другі раз уз’яднаўся з часцямі Чырвонай арміі 21 ліпеня 1944 года.

Пасля вайны астанкі партызан былі перанесены ў вёску Старое Сяло ў брацкую магілу. 9 мая 1975 года на магіле ўрачыста адкрыты архітэктурна-скульптурны ансамбль з бюстам М. М. Чарнака (скульптар Георгій Пясецкі, архітэктар В. А. Пак). Таксама яго імем названа вуліца ў Жабінцы. 9 мая 1981 года ў Старасельскай СШ адкрыты гісторыка-краязнаўчы музей імя М. М. Чарнака.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

  1. Чернак Михаил Никитич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 457.

  2. Чернак Михаил Никитич // Их именами названы… : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 664.

  3. Чарнак Дар’я Мікітаўна / Васіль Ласковіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2003. Т. 6, кн. 2. С. 140.

  4. Могила Чернака Михаила Никитовича / А. И. Дулебо, В. В. Терещатова. Партизанское кладбище / А. И. Дулебо // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская обалсть. Минск, 1990. С. 184–185.

  5. Партызанская брыгада імя І. В. Сталіна : [у т. л. пра атрад М. М. Чарнака] // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 439.

  6. Помнік на брацкой магіле партызан : [в. Старое Сяло] / Г. І. Дулеба, В. П. Церашчатава // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 164.

  7. Партызанская брыгада імя І. В. Сталіна : [у т. л. пра атрад М. М. Чарнака] // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мiнск, 1975. Т. 8. С. 199.

  8. Партизанские формирования Брестской области : отряд им. М. Н. Чернака // Героическая Брестчина / сост. С. Ф. Омелюсик. Брест, 2015. С. 106–131.

  9. Ласковіч, В. П. Гонар героям : [пра М. М. Чарнака] / В. П. Ласковіч // Памяць. Жабінкаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 276–277.

  10. Манаенкаў, А. Л. На партызанскіх сцежках ; Атрад імя М. М. Чарнака / А. Л. Манаенкаў // Памяць. Жабінкаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 256–265.

  11. Чарнак Наталля Мікалаеўна ; Чарнак Дар’я Мікітаўна ; Чарнак Міхаіл Мікітавіч ; Магіла Чарнака Міхаіла Мікітавіча // Памяць. Жабінкаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 344.

  12. Помнік М. М. Чарнаку ў в. Старое Сяло : [фота] // Памяць. Жабінкаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 362.

  13. Дар’я Мікітаўна Чарнак // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 257–258.

  14. Бензярук, А. Р. Памяць нашае зямлі : гіст.-культур. мясціны Жабінкоўскага р-на / Анатоль Расціслававіч Бензярук. – Брэст : Брэсцкая друкарня, 2002. – 36 с.

  15. Назаўсёды разам : да 60-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусi з БССР / склад. У. I. Навiцкi. – Мінск : БелЭН, 1999. – 253 с. – Са зместу: Чарнак М. М. С. 133. Антыфашысцкая барацьба на тэрыторыі заходніх абласцей (1941–1944) : у т. л. Брэсцкая, Пінская і Баранавіцкая вобл., Жабінкаўскі р-н, Быценьскі р-н / А. Літвін. С. 130–141.

  16. Анталогiя беларускай эпiтафii / уклад., аўтар прадм. i арт. А. Кудласевiч. – Мінск : Ураджай, 2000. – 222 с. – Са зместу: Жабінкаўскі раён. «Помнік на магіле М. М. Чарнака і чатырох партызан». Надпіс. С.166.

  17. Старое Сяло : [Жабінкаўскі раён; узгаданы М. М. Чарнак] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3, кн. 1. С. 345.

  18. Шиканов, С. С. На партизанских тропах : [об отряде М. Чернака] / Сергей Сергеевич Шиканов ; лит. запись С. Маслюкова // Буг в огне.
    2-е изд., доп. и перераб. Минск, 1970. С. 264–275.

  19. Селивончик, И. Ф. Война народная, война священная : [об отряде М. Чернака] / Иван Фёдорович Селивончик // Буг в огне. 2-е изд., доп. и перераб. Минск, 1970. С. 276–285.

  20. Боровский, А. И. О них молчали сводки : [Брестское антифашистское подполье] / Александр Иванович Боровский. Минск, 1970.

  21. Боровский, АИ. Испытание мужества : записки руководителя Брестской подпольной антифашистской организации советских патриотов / Александр Иванович Боровский. Минск : Беларусь, 1989. 143 с.

  22. Лонина, Н. Деятельность партизанского отряда имени Чернака на территории Жабинковского района (1941–1944 годы) / Н. Лонина // 55 гадоў Перамогi ў Вялікай Айчыннай вайне: новыя факты, лічбы і іх асэнсаванне : зб. матэрыялаў міжвуз. студэнцкай навук-практ. канф. (4–5 мая 2000 г.). Брэст : БрДУ, 2000. С. 36–38.

  23. Карпук, И. Помнить каждого : [о партизане М. Н. Чернаке] / Иван Карпук // Железнодорожник Белоруссии. 2015. 11 марта. С. 2.

  24. Брунш, А. По местам боевой славы партизан : [о велосипедной поездке учеников Вистычской СШ Брестского р-на в д. Старое Село Жабинковского р-на] / Анастасия Брунш // Заря над Бугом. Брест, 2014. 3 ноября.

  25. Ростаў, А. Памяці Чарнака і драмлёўцаў : [пра выязны семінар актыву Брэсцкай гарадской арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў у Жабінкаўскім р-не] / Анатоль Ростаў // Сельская праўда. Жабінка, 2014. 9 чэрвеня.

  26. Запрудская, І. Паўстаў помнік у святочны дзень… : [успаміны пра стварэнне і адкрыццё помніка М. М. Чарнаку] / Ірына Запрудская ; фота Ірыны Жук // Сельская праўда. Жабінка, 2012. 23 ліпеня.

  27. Мацвіенка, Р. Дуб Чарнака : [пра партызана М. М. Чарнака] / Р. Мацвіенка // Сельская праўда. Жабінка, 2006. 29 красавіка.

  28. Iванчанка, М. Удзячнай памяцi акорды : [пра адкрыццё музея партызанскай славы ў в. Старое Сяло, прымеркаванае да 60-годдзя з дня гiбелi М. М. Чарнака] / М. Іванчанка // Сельская праўда. Жабінка, 2003. 14 мая.

  29. Лисичик, Т. Подвиг партизана чтят на Полесье : [о памятнике партизанам в лесу у д. Старое Село Жабинковского р-на] / Т. Лисичик // Брестский курьер. 2003. № 19. С. 7.

  30. Алесюк, А. Ф. Ці пройдзе «мода» на музей? : [пра дзейнасць гісторыка-краязнаўчага музея Старасельскай школы] / А. Ф. Алесюк ; гутарыў Р. Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 1997. 3 верасня.

  31. Шыканаў, С.С. Гарэла зямля пад нагамі акупантаў : [гутарка з былым камандзірам партызанскага атрада імя М. М. Чарнака] / Сяргей Сяргеевіч Шыканаў ; гутарыў І. Міцковіч // Сельская праўда. Жабінка, 1997. 22 лютага.

  32. Алясюк, А. У полымі вайны : [пра атрад імя М. Чарнака] / А. Алясюк, М. Каржук // Сельская праўда. Жабінка, 1983. 5 сакавіка.

  33. Каржук, М. Бюст земляку-партызану : [аб адкрыцці помнiка М. М. Чарнаку ў в. Старое Сяло] / М. Каржук // Сельская праўда. Жабінка, 1975. 13 мая. С. 1.

Чытаць 1983 разоў Апошняя змена Аўторак, 26 Кастрычнік 2021 09:10