Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 27 Люты 2017 10:37

11 жніўня 2016 г. — 95 гадоў з дня нараджэння Пятра Кузьміча Раіны (1921–1994), пратаіярэя, удзельніка вызвалення Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны

Пётр Кузьміч Раіна нарадзіўся 11 жніўня 1921 года ў г. Давыд-Гарадку Столінскага павета Палескага ваяводства (цяпер Столінскага раёна Брэсцкай вобласці). Яго бацька, Кузьма (Косьма, Косма) Пятровіч Раіна (1898–1971), служыў настаяцелем царквы, быў патомным праваслаўным святаром. Дзед плаваў на расійскіх ваенных караблях і памёр ад ран, атрыманых у бітве пры Порт-Артуры. У сям’і было сямёра дзяцей. З малых гадоў Пётр меў намер у сане святара служыць Богу і людзям.

Пётр Раіна закончыў Варшаўскі метрапалітальны інтэрнат, адначасова вучыўся ў свецкай гімназіі імя А. Міцкевіча. Быў на канікулах у в. Хойна Пінскага павета (цяпер Пінскага раёна), дзе тады бацька служыў настаяцелем Свята-Васкрасенскай царквы (пабудавана ў 1872 г.), у гэты час пачалася Другая сусветная вайна.

 

У 1941 годзе пачалася Вялікая Айчынная вайна. Палажэнне свяшчэннікаў у час нямецка-фашысцкай акупацыі было складаным. Айцец Кузьма працягваў служыць у храме, якi згарэў у час вайны, адмаўляўся маліцца за «новы нямецкі парадак», як ад яго патрабавалі. Прызываў насельніцтва садзейнічаць партызанам. Кузьма Раіна 9 кастрычніка 1943 года цудам пазбег расстрэлу, затым яму з сям’ёй прыйшлося ратаваца ў лесе, у партызанскай брыгадзе імя Куйбышава. Малодшы брат Пятра, Павел Раіна, у складзе падпольнай групы Мікалая Чалея распаўсюджваў лістоўкі, удзельнічаў у правядзенні дыверсіў у Пінску, падарваў рэстаран і шпіталь. Так геройскі праявіў сябе, што ў 14 гадоў быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

Каб пазбегнуць адпраўкі ў Германію, Пётр з братам Валянцінам уладкаваліся на Пінскую запалкавую фабрыку. У 1943 годзе Пётр Раіна стаў сувязным партызанскага атрада, потым байцом атрада імя Кірава 1-га Ровенскага злучэння генерал-маёра Васілія Андрэевіча Бегмы.

У 1944 годзе Пётр Раіна дабраахвотнікам пайшоў у Чырвоную армію, трапіў у 222-гі інжынерна-сапёрны батальён 38-й інжынерна-сапёрнай брыгады 61-й арміі. Наладжваў масты і пераправы. Вызваляў гарады Пінск, Кобрын, Рыгу, ваяваў у Польшчы, браў Берлін. Закончыў вайну на Эльбе пад г. Кірыц. За баявыя подзвігі ўзнагароджаны ордэнамі Славы ІІІ ступені, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За освобождение Варшавы», «За взятие Берлина» і інш.

Яго бацька за сваю патрыятычную дзейнасць узнагароджаны медалямі «Партизану Отечественной войны» і «За победу над Германией», пасля вайны быў настаяцелем храмаў у Ленінградзе і Ленінградскай вобласці, у апошнія гады жыў у пасёлку Ольгіна. З ім у Ленінградзе жыў і Павел Кузьміч Раіна (1928–2003). Ён закончыў Духоўную акадэмію, служыў дыяканам у розных храмах, пасля пазбаўлення сана (1954) працаваў старастай у царкве на Серафімаўскіх могілках, выдаў невялікім накладам кнігу нарысаў «За Веру и Отечество» (1990), з 1963 года быў жанаты на Людміле Аляксееўне Раіна (1935–2011), вядомай тэатральнай мастачцы. Бацька і сын пахаваны на Серафімаўскіх могілках г. Санкт-Пецярбурга.

Пасля заканчэння вайны Пётр Кузьміч паступіў у Мінскую Духоўную семінарыю, якую закончыў у 1951 годзе, быў рукапаложаны ў дыяканы і прасвітары. Пачынаў служыць у г. Горкі Магілёўскай вобласці. У 1967 годзе закончыў Маскоўскую Духоўную семінарыю. У 1968 годзе быў камандзіраваны на два гады ў Рым, дзе слухаў лекцыі ў Літургічным інстытуце Сан-Лізельме.

Пастырскае служэнне айцец Пётр праходзіў у Маскоўскай вобласці і Маскве, а таксама за межамі СССР. У 1972–1975 гадах быў настаяцелем рускага Аляксандра-Неўскага храма ў г. Александрыя (Егіпет), у 1981–1984 гадах – сабора Мікалая Цудатворцы ў г. Сан-Францыска (ЗША). З 1984 года быў настаяцелем храма ў сяле Аксіньіна Маскоўскай вобласці. У «Журнале Московской Патриархии» друкаваліся яго артыкулы.

За шматгадовую духоўную дзейнасць П. К. Раіна ўдастоены высокіх царкоўных узнагарод. Узнагароджаны мітрай (1976), ордэнам князя Уладзіміра ІІ і ІІІ ступеняў, ордэнам Сергія Раданежскага ІІ і ІІІ ступеняў, двума медалямі «За церковные заслуги» і інш.

Пётр Кузьміч Раіна пасля непрацяглай хваробы памёр 13 красавіка 1994 года, пахаваны на могілках у Кунцава (Масква). Чын адпявання здзейсніў епіскап Істрынскі Арсеній, вікарый Свяцейшага Патрыярха Алексія ІІ, у служэнні многіх клірыкаў пры вялікім сцячэнні прыхаджан.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Протоиерей Петр Раина : [некролог] // Лампада : православная газета. Москва, 1994. Май.

  2. Грышкавец, В. Ф. З крыжам супраць акупантаў : [пра сям’ю святара Кузьмы Раіны] / В. Ф. Грышкавец // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 290–291.

  3. Курсаў, В. Сям’ясвятара Кузьмы Раіны / В. Курсаў// Памяць. Пінск : гіст.-дакум. хроніка / уклад.: В. М. Курсаў, С. Ф. Шапiра. Мінск, 1998. С. 287.

  4. Пінскае патрыятычнае падполле : [узгадваецца П. К. Раіна] // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 496.

  5. Раина Косма Петрович (Минск, 1 июля 1898 – 7 июля 1971), протоиерей (Минская епархия) : [некролог] // Журнал Московской Патриархии. 1973. № 5. С. 30.

  6. Шкаровский, М. В. Русская Православная Церковь в XX веке / М. В. Шкаровский. – Москва : Вече : Лепта, 2010. – 480 с.

  7. Якунин, В. Н. Русская Православная Церковь в годы Великой Отечественной войны, 19411945 гг. : историография и источниковедение проблемы / Вадим Николаевич Якунин. – [Тольятти] : Современник, 2002. – 167 с.

  8. Якунин, В. Н. Положение и деятельность Русской Православной Церкви в годы Великой Отечественной войны, 1941–1945 гг. / Вадим Николаевич Якунин. – [Самара] : Самарский университет, 2001. – 399 с.

  9. Якунин, В. Н. Русская православная церковь на оккупированных территориях СССР в годы Великой Отечественной войны, 1941–1945 гг. / Вадим Николаевич Якунин. – [Самара] : Самарский университет, 2001. – 242 с.

  10. Якунин, В. Н. Дело стояния за Родину : патриотическая деятельность русской православной церкви в годы Великой Отечественной войны / Вадим Николаевич Якунин // История : ежедневная газета для учителей истории и обществознания. 2004. № 17.

  11. Якунин, В. Н. Русская Православная Церковь в годы Великой Отечественной войны / Вадим Николаевич Якунин // Преподавание истории в школе.2002.№ 9.

  12. Великая Отечественная война (1941–1945) и религиозные организации в СССР / М. И. Одинцов // Православная энциклопедия. Москва, 2004. Т. 7. С. 407–415.

  13. Якунин, В. Н. Русская Православная Церковь в годы Великой Отечественной войны / Вадим Николаевич Якунин // Московский журнал.1995.№ 1 ; № 2 ; № 7 ; № 9 ; № 11.

  14. Цыпин, В. Патриотическое служение Русской Православной церкви в Великую Отечественную войну / Владислав Цыпин // Новая и новейшая история. 1995. № 2. С. 41–47.

  15. Васильева, О. Ю. Русская Православная Церковь в 1927–43 годах / О. Ю. Васильева // Вопросы истории. 1994. № 4. С. 35–46.

  16. Раина, П. K. За Веру и Отечество: очерки / Павел Кузьмич Раина. – Ленинград : Ленинградская панорама, 1990. – 85 с.

  17. Раина, П. Экуменические встречи в Западном Берлине / Пётр Раина // Журнал Московской Патриархии. 1980. № 5. С. 50–54.

  18. Раина, П. На Святой Горе Афон / Пётр Раина // Журнал Московской Патриархии. 1976. № 10. С. 8–12.

  19. Раина, П. Праздник на подворье Московской Патриархии в Александрии / Пётр Раина // Журнал Московской Патриархии. 1975. № 5. С. 22–24.

  20. Раина, П. Сессия подкомитета ХМК по Ближнему Востоку / Пётр Раина // Журнал Московской Патриархии. 1974. № 10. С. 40–42.

 

 

 

Чытаць 1882 разоў Апошняя змена Пятніца, 10 Ліпень 2020 10:30