Пятніца, 03 Сакавік 2017 15:57

25 мая 2017 г. — 75 гадоў з часу фарміравання 9-га гвардзейскага стралковага Брэсцкага Чырвонасцяжнага, ордэна Кутузава корпуса (1942), удзельніка вызвалення Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны

Брэсцкі стралковы корпус па загадзе Стаўкі ВГК ад 25 мая 1942 года сфарміраваны ў чэрвені ў Калужскай вобласці як 9-ы гвардзейскі стралковы корпус на базе 12-й гвардзейскай стралковай дывізіі. Першым камандзірам быў генерал-маёр Мікалай Іванавіч Кірухін (з 3 чэрвеня да кастрычніка 1942 г.). Упершыню корпус прыняў удзел у баях паўночней г. Волхава Ленінградскай вобласці ў ліпені 1942 года, з таго часу быў у складзе 61-й арміі.

 

Камандуючым 61-й арміяй з чэрвеня 1942 года да канца вайны быў генерал-лейтэнант (з 26 ліпеня 1944 г. – генерал-палкоўнік) Павел Аляксеевіч Бялоў (1897–1962), Герой Савецкага Саюза (1944). На працягу Вялікай Айчыннай вайны 9-ы корпус дзейнічаў у складзе войск Заходняга, Бранскага, Цэнтральнага, Беларускага, 1-га і 3-га Беларускіх, Прыбалтыйскага франтоў.

Да ліпеня 1943 года корпус вёў абарончыя і наступальныя баі на Заходнім і Бранскім франтах. У ліпені – жніўні 1943 года ўдзельнічаў у Арлоўскай аперацыі. У канцы 1943 – пачатку 1944 гадоў вёў баі па захопе і пашырэнні плацдарма на Дняпры паўночней Кiева. Замацаваўся на плацдарме і ўтрымліваў яго больш за два тыдні, адбіваючы дзясяткі контратак праціўніка. У складзе Беларускага фронту ўдзельнічаў у Калінкавіцка-Мазырскай аперацыі. 14 студзеня 1944 года часці корпуса сумесна з іншымі злучэннямі вызвалілі г. Калінкавічы.

У складзе войск 1-га Беларускага фронту ўдзельнічаў у Люблінска-Брэсцкай аперацыі і вызначыўся ў баях за Брэст. Часці 9-га корпуса 61-й арміі выйшлі на ўсходнія подступы да горада: 12-я гвардзейская Пінская (палкоўнік Д. К. Малькоў), 212-я Крычаўская (палкоўнік В. Г. Кучынёў) і 415-я Мазырская (палкоўнік П. І. Машчалкаў) стралковыя дывізіі. Байцы корпуса ўвайшлі ў Брэст 27 ліпеня ў 23.30.

Таксама ў баях за Брэст прымалі ўдзел байцы і камандзіры 48-й стралковай дывізіі (камандзір генерал-маёр Г. М. Корчыкаў) 20-га стралковага корпуса (камандзір генерал-маёр М. А. Швараў) 28-й арміі (камандуючы генерал-лейтэнант А. А. Лучынскі), якія наступалі на поўнач ад горада. З поўдня горад вызваляла 160-я стралковая дывізія (камандзір генерал-маёр М. С. Цімафееў) 114-га стралковага корпуса (камандзір генерал-лейтэнант Д. І. Рабышаў) 70-й арміі (камандуючы генерал-палкоўнік В. С. Папоў).

Штурмам Брэст быў вызвалены ў ноч на 28 ліпеня 1944 года. У выніку Люблінска-Брэсцкай аперацыі войскі 1-га Беларускага фронту завяршылі вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў, выйшлі на тэрыторыю Польшчы і стварылі ўмовы для далейшага наступлення на варшаўска-берлінскім напрамку. За баявыя заслугі 9-ы гвардзейскі стралковы корпус у шэрагу 47-мi падраздзяленняў, якія вызвалялі Брэст, загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага І. Сталіна 10 жніўня 1944 года ўдастоены ганаровага наймення «Брэсцкі».

Брэсцкі корпус удзельнічаў у вызваленні Рыгі і блакіроўцы варожай групоўкі на Курляндскім паўвостраве. У складзе 1-га Беларускага фронту часці корпуса ўдзельнічалі ў Варшаўска-Пазнанскай, Усходне-Памеранскай і Берлінскай аперацыях.

3 мая 1945 года 9-ы гвардзейскі стралковы Брэсцкі корпус узнагароджаны ордэнам Кутузава ІІ ступені. За час вайны 15 537 воінаў корпуса ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, 194-м прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Пасля рэарганізацыі і аб’яднання кіраванняў 9-га і 20-га стралковых корпусаў (20-ы ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга) корпус стаў называцца Чырвонасцяжным.

Корпусам камандавалі: выконваючы абавязкі камандзіра палкоўнік Піліп Яўсеевіч Пачэма (кастрычнік – лістапад 1942), генерал-маёр Аркадзь Аляксандравіч Барэйка (лістапад 1942 – люты 1944). У лютым – ліпені 1944 года, у час вызвалення Беларусі, камандаваў корпусам генерал-маёр Міхаіл Андрыянавіч Папоў (1898–1963). З 29 ліпеня 1944 года – генерал-лейтэнант Рыгор Аляксеевіч Халюзін. У красавіку – маі 1945 года – генерал-лейтэнант Афанасій Дзмітрыевіч Шамянкоў.

Пасля вайны корпус дыслацыраваўся ў Беларускай ваеннай акрузе, ім камандавалі: генерал-маёр Міхаіл Аляксандравіч Шыязаў (чэрвень 1946 – сакавік 1947), генерал-маёр Харытон Аляксеевіч Худалаў (снежань 1953 – чэрвень 1955). У 1955 годзе 9-ы гвардзейскі стралковы Брэсцкі Чырвонасцяжны, ордэна Кутузава корпус быў расфарміраваны.

На плошчы Свабоды г. Брэста ў 1965 годзе ўстаноўлены «Помнік Вызвалення» – мемарыял у гонар армiй i злучэнняў 1-га Беларускага фронту. На 9-ці стэлах назвы воінскіх частак, якія вызвалялі горад (архiтэктары А. Гарбачоў, М. Мілавідаў, скульптар М. Альтшулер). У тым жа годзе названа вуліца ў гонар часцей і злучэнняў з найменнем «Брэсцкія» – вуліца Брэсцкіх дывізій.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

  1. Брэсцкі стралковы корпус, Чырвонасцяжны ордэна Кутузава ; Брэсцкія вайсковыя злучэнні і часці / М. І. Камінскі // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 102.

  2. Брестский стрелковый корпус // Военный энциклопедический словарь. 2-е изд. Москва, 1986. С. 100.

  3. Брестский стрелковый корпус // Великая Отечественная война, 1941–1945 : энциклопедия. Москва, 1985. С. 111.

  4. Брестский стрелковый корпус// Советская военная энциклопедия : [в 8 т.].Москва, 1976.Т. 1.С. 592593.

  5. Шэсцьдзесят першая армія : [у яе складзе 9-ы гвардзейскі стралковы корпус] / М. І. Камінскі // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 645.

  6. Люблін-Брэсцкая аперацыя, 1944 / Я. К. Габец // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 310.

  7. Памятник освобождения : [Брест, пл. Свободы] / Г. И. Сухляк, И. М. Елатомцева // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 78.

  8. Россихин, В. П. Июль сорок четвёртого. Освобождение : хронико-докум. очерк / Валентин Павлович Россихин. – 3-е изд., доп. – Брест : Академия, 2004. – 79 с.

  9. Буг в огне : сборник / [сост.: А. А. Крупенников, Т. М. Ходцева, Д. И. Лозоватский, С. В. Маслюков, Е. М. Синковский, А. В. Залевский]. 3-е изд., доп. и перераб. Минск : Беларусь, 1977. 445 с. : ил. – Из содерж.: Из дневника командарма / П. А. Белов. С. 407–412 ; От Пинска до Бреста / Д. К. Мальков. С. 413–420 ; Из фронтового блокнота / И. Ф. Верёвкин. С. 421–424 ; Через Пинские болота / А. П. Кавицкий. С. 425–428.

  10. Брестская крепость. Война и мир / автор концепции и текста А. Суворов. – Брест : Полиграфика, 2010. – 256 с. : ил. – Из содерж.: Освобождение Бреста. С. 229–232.

  11. Вызваленне ; Пазбегнуцьразгрому не ўдалося… ; 28-я арміяў баях за Брэст; Загад Радзімы выкананы ; Даражыцьжыццём кожнага ; Не колькасцю, а розумам; Танкісты ў баях; 70-я арміяў баях за Брэст; У баях1-я стралковая дывізія ; «Городбыл взят…»; Пад абстрэламкожны метр зямлі… ; Паведаміліпартызаны;Дакументы сведчаць// Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 129–150.

  12. Вызваленне ; Удзельнікі былых баёў расказваюць пра вызваленне Брэстчыны // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 237–243.

  13. Загад Вярхоўнага галоўнакамандуючага аб прысваенні злучэнням і часцям 1-га Беларускага фронту наймення «Брэсцкіх» : [10 жніўня 1944 г.] // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 148–149.

  14. Брестских дивизий улица // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 146.

  15. З успамінаў намесніка начальніка аператыўнага аддзела 9-га гвардзейскага корпуса Г. Швайбовіча; Сцяг Перамогі над горадам // Памяць. Калінкавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 322–330.

  16. Белов, П. А. За нами Москва / Павел Алексеевич Белов ; лит. запись В. Д. Успенского. – Москва : Воениздат, 1963. – 336 с. – (Военные мемуары).

  17. Акалович, НМ. Освобождение Белоруссии : люди, подвиги / Николай Макарович Акалович. – Изд. 2-е, перераб. и доп. – Минск : Наука и техника, 1989. – 382 с. : ил. – Из содерж.: Освобождение Бреста. С. 365–368.

  18. Маланьин, КА. Разгром фашистских войск в Белоруссии / К. А. Маланьин. – Москва : Воен. изд-во М-ва обороны СССР, 1956. – 135 с. : ил. – Из содерж.: Освобождение Бреста. С. 112–116.

  19. Иоффе, Э. Командарм : [Герой Советского Союза, генерал-полковник Павел Алексеевич Белов во главе 61-й армии освобождал города Брестской обл.] / Эммануил Иоффе // Белорусская военная газета. 2007. 17 февраля. С. 3.

  20. Петров, Б. О создании ударной группировки войск в Люблинско-Брестской наступательной операции / Б. Петров // Военно-исторический журнал. 1978. № 3. С. 83–89.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1150 разоў Апошняя змена Панядзелак, 20 Ліпень 2020 12:27