Панядзелак, 27 Сакавік 2017 13:31

23 сакавіка 2017 г. — 85 гадоў з дня нараджэння Вадзіма Іосіфавіча Пасюкевіча (1932), вучонага-геолага, аднаго з адкрывальнікаў жалезарудных і іншых радовішчаў на Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1978)

Вадзім Іосіфавіч Пасюкевіч нарадзіўся 23 сакавіка 1932 года, у вёсцы Зялёная Гарадзішчанскай гміны Навагрудскага павета (цяпер Гарадзішчанскага пасялковага савета Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці). Пасля заканчэння сярэдняй школы год працаваў у сельскай школе настаўнікам.

 

У 1951 годзе Вадзім Пасюкевіч паступаў на фізіка-матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна, але як раз тады адкрылася аддзяленне геалогіі геаграфічнага факультэта, на якое і паступіў. Практыка студэнтаў-геолагаў была спачатку па Беларусі, а потым – на Урале. Рамантычныя вандроўкі на палявую практыку здружылі студэнтаў, выпускнікі першага набору многія гады ў Дзень геолага сустракаліся ў аднакурсніцы Інесы Дарафееўны Несцяровіч.

Пасля заканчэння БДУ ў 1956 годзе інжынер-геолаг В. І. Пасюкевіч трапіў на працу ў Беларускую геолага-гідрагеалагічную экспедыцыю, якая тады была створана пры Заходнім геалагічным упраўленні Міністэрства геалогіі і аховы недраў СССР (з 21 жніўня 1957 г. – Упраўленні геалогіі пры Савеце Міністраў БССР). Першым начальнікам экспедыцыі быў Мікалай Міхайлавіч Грыпінскі (1915–1977). В. І. Пасюкевіч працаваў на розных пасадах: геолаг, начальнік геолага-здымачнай партыі, галоўны геолаг экспедыцыі, галоўны геолаг Белгеалгідтрэста, у 1976–1998 гадах быў начальнікам гідрагеалагічнай экспедыцыі.

У 1960–1970-я гады ў Беларусі адзначаўся значны аб’ём геолагаздымачных работ, у якіх удзельнічалі Л. М. Вазнячук, В. І. Грыдзін, Б. М. Гурскі, В. І. Пасюкевіч і інш. Здзяйсняўся значны аб’ём буравых работ. Прымяняліся спачатку аэрагеалагічныя, а з другой паловы 1970-х – касмагеалагічныя метады. Праводзілася камплексіраванне геалагічных і гідрагеалагічных даследаванняў, у комплексе з геалагічнай здымкай здзяйсняліся маштабныя пошукі. Да сярэдзіны 1970-х уся Беларусь была пакрыта дзяржаўнай геалагічнай здымкай сярэдняга маштабу (42 аркушы).

В. І. Пасюкевіч распрацаваў (у суаўтарстве) новы навуковы падыход да дзяржаўнай геалагічнай здымкі маштабу 1:200 000 з шырокім выкарыстаннем геафізічных і геахімічных метадаў. Адзін з аўтараў першых падрыхтаваных да выдання аркушаў дзяржаўнай геалагічнай карты маштабу 1:200 000. Пад яго кіраўніцтвам выкананы першыя ў Беларусі даследаванні па пошуку структур, спрыяльных для стварэння падземных сховішчаў углевадародаў, комплексныя буйнамаштабныя інжынерна-геалагічныя і гідрагеалагічныя здымкі для абгрунтавання меліярацыйных работ, пошукаў і разведкі прэсных і мінеральных падземных вод, пошукава-ападкавых работ на чорныя і рэдкія металы, мінеральную будаўнічую сыравіну.

Вынікі яго работ дапамагалі адкрыццю Аколаўскага і Навасёлкаўскага месцанараджэнняў жалезных руд і шэрага месцанараджэнняў мінеральных, лячэбных і лячэбна-сталовых вод: «Лётцы» ў Віцебскім, «Баравое» ў Докшыцкім, «Нарач» у Мядзельскім, «Радон» у Дзятлаўскім раёнах і інш.

Аўтар болей 60 навуковых работ, у тым лiку дзвюх манаграфій. Член рэдкалегіі і суаўтар практычна ўсіх геалагічных, геамарфалагічных карт і карт карысных выкапняў. За распрацоўку тэктанічнай карты Беларусі маштабу 1:500 000 і манаграфіі «Тектоника Белоруссии» (1976) удастоены звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР (1978).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Філіпава Яна Уладзіміраўна, бібліёграф

 

  1. Пасюкевич Вадим Иосифович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 196.

  2. Пасюкевич Вадим Иосифович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2007. Т. 5. С. 738.

  3. Пасюкевіч Вадзім Іосіфавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 12. С. 176.

  4. Беларуская гідрагеалагічная экспедыцыя // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 2. С. 408.

  5. Гідралагічныя пошукі і разведка ; Гідрагеалогія / А. М. Шпакаў // Беларуская савецкая энцыклапедыя : [у 12 т.]. Мінск, 1971. Т. 3. С. 467–468.

  6. Геология СССР. Т. 3. Белорусская ССР. Полезные ископаемые / А. С. Махнач, А. И. Свержинский, П. В. Анцунов, В. И. Пасюкевич [и др.]. Москва : Недра, 1977. – 259 с. : ил.

  7. Железорудные формации докембрия Белоруссии / [А. С. Махнач, Г. Г. Доминиковский, В. И. Пасюкевич и др.]. – Минск : Наука и техника, 1974. – 144 с. : ил.

  8. Геология антропогена Белоруссии / Э. А. Левков, А. В. Матвеев, Н. А. Махнач, В. И. Пасюкевич [и др.]. – Минск : Наука и техника, 1973. – 152 с., [2] л. карт : ил.

  9. Вопросы петрологии и рудоносности кристаллического фундамента БССР и смежных районов : [сборник научных статей] / Министерство геологии СССР, Белорусский научно-исследовательский геологоразведочный институт, Управление геологии при Совете Министров БССР ; [редкол.: А. М. Пап (отв. ред.), А. И. Авксентьев, В. К. Голубцов, А. С. Махнач, В. И. Пасюкевич]. – Минск : Наука и техника, 1971. – 324 с., [1] л. карты : ил., табл.

  10. Об аналогах толкачевской свиты Украинского щита в кристаллическом фундаменте БССР / А. Б. Черняховский, Г. И. Илькевич, В. И. Пасюкевич, Г. Г. Доминиковский // Доклады АН БССР. 1972. Т. 16, № 8.

  11. Пасюкевич Вадим Иосифович // Лiтасфера. 2002. № 2 (17). С. 153.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1278 разоў Апошняя змена Панядзелак, 20 Ліпень 2020 11:53