Панядзелак, 27 Сакавік 2017 13:34

7 красавіка 2016 г. – 60 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Сямёнавіча Базана (1956–1997), мастака, палітыка, калекцыянера

Уладзімір Сямёнавіч Базан нарадзіўся 7 красавіка 1956 года ў Мінску ў звычайнай беларускай сям’і, бацькі паходзілі са Случчыны. Пасля заканчэння школы працаваў слесарам на Мінскім трактарным заводзе. Скончыў мастацкі факультэт Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, па размеркаванні трапіў у Брэст.

 

У якасці мастака Брэсцкага камбіната «Мастацтва» выканаў шэраг манументальна-дэкаратыўных прац у тэхніцы мазаіка, роспіс, зграфіта і інш., многія з іх на тэму нацыянальна-гістарычнай спадчыны Беларусі. Адна з першых работ – пано ў будынку абласной станцыі пералівання крыві (вул. Медыцынская, 2). У зале перагаворнага пункта ім зроблены выявы старажытных гербаў гарадоў Беларусі (вул. Савецкая, 33). Адна з самых значных работ Уладзіміра Базана – мазаіка «Старажытнае Бярэсце» на фасадзе ПТВ-231 дывановага аб’яднання (з 2003 г. у будынку размешчаны абласны ліцэй імя П. М. Машэрава; пр-т Машэрава, 25). У 1994 годзе быў адным з арганізатараў рэспубліканскага творчага аб’яднання мастакоў «Пагоня».

У час Перабудовы ў Брэсце пачаўся рух за беларускае нацыянальнае адраджэнне. Уладзімір Базан быў адным з першых сяброў грамадска-культурнай сябрыны «Край», лідэрам якой была Валянціна Канстанцінаўна Мароз, выкладчыца філалагічнага факультэта Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна. Сябрына «Край» у 1988–1996 гадах вяла актыўную нацыянальна-асветніцкую дзейнасць у горадзе, імкнулася пашырыць сферу ўжывання беларускай мовы, была адным з арганізатараў Брэсцкай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны (1989).

У 1989 годзе У. С. Базан з аднадумцамі наладзіў выпуск першай брэсцкай незалежнай газеты «Шлях» (рэдактары Алесь Каско, Павал Цунік). Пасля яе афіцыйнай рэгістрацыі ў 1994 годзе з’яўляўся дырэктарам выдавецтва «Шлях».

На пачатку 1990-х гадоў У. С. Базан чытаў курс «Гісторыя беларускага выяўленчага мастацтва Беларусі» ў вячэрнім (напачатку нядзельным) ліцэі пры Брэсцкім філіяле Беларускага гуманітарнага адукацыйна-культурнага цэнтра. Перадаў для бібліятэкі ліцэя шмат кніг з уласнага збору.

Уладзімір Базан быў вядомым калекцыянерам (баністыка, нумізматыка, філакартыя), прызнаным спецыялістам па баністыцы. Яго артыкулы «Баністыка» і «Боны» змешчаны ў «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі». Займаўся геральдыкай, краязнаўствам, збіраў бібліятэку, архіў. Меў дачыненне да зацвярджэння ў 1994 годзе герба Брэста: сярэбраны лук са стралой на блакiтным полі.

Удзельнік устаноўчага з’езда Беларускага народнага фронту «Адраджэнне» (Вільнюс; 24–25 чэрвеня 1989). У 1991 годзе У. С. Базан быў абраны старшынёй Брэсцкай абласной рады БНФ і членам Сойму БНФ. Балаціраваўся ў Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь і гарадскі Савет дэпутатаў.

Як грамадска-актыўны чалавек У. С. Базан стаў заснавальнікам шэрага беларускіх грамадскіх арганізацый: грамадскага аб’яднання «Стары горад» (лідары Ірына Барысаўна Лаўроўская, Ігар Бараноўскі), Рэспубліканскага фонду падтрымкі дэмакратычных рэформ імя Льва Сапегі (старшыня Брэсцкага аддзялення Генадзь Мікалаевіч Праневіч) і інш. Стаяў сярод заснавальнікаў грэка-каталіцкай парафіі ў Брэсце, меў адносіны да выпуску беларускай грэка-каталіцкай газеты «Царква» (рэдактар Ігар Бараноўскі).

Уладзімір Сямёнавіч Базан пасля нядоўгай хваробы заўчасна памёр 3 сакавіка 1997 года. Пахаваны на радзіме продкаў, у вёсцы Вярхуціна Старадарожскага раёна Мінскай вобласці.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Бяласiн, Я. Уладзiмiр Базан: нарыс аднаго лёсу : [пра брэсцкага мастака, палітыка У. Базана (1956–1997)] / Яўген Бяласін // Брестский курьер. 2007. 1 марта (№ 9). С. 28.

  2. Сьветлай памяці Уладзімера Базана : [некралог] / калегі, сябры, паплечнікі // Пагоня. 1997. 7–13 сакавіка (№ 10). С. 2.

  3. Разьвітаньне з сябрам : памяці Уладзімера Базана // Шлях. Бярэсце, 1997. № 1 (18). С. 4.

  4. УладзімірБазан : [некралог] // Брестский курьер. 1997. 6 марта (№ 10). С. 3.

  5. Базан, У. С. Баністыка / У. С. Базан // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 1. С. 289–290.

  6. Базан, У. С. Боны / У. С. Базан // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 2. С. 59.

  7. Базан, У. С. Если депутатом стану я, то… : Базан Уладзімір Сямёнавіч : [зварот кандыдата ў дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь] / У. С. Базан // Вечерний Брест. 1995. 24 ноября. С. 2.

  8. Супрунюк, О. Околозаборные страсти : [информ. о конфликте в связи с надписью на заборе радиозавода с участием В. Базана] / Олег Супрунюк // Рэспублiка. 1994. 20 снежня. С. 3.

  9. Околозаборные страсти : [информ. о конфликте в связи с надписью на заборе радиозавода с участием В. Базана] // Брестский курьер. 1994. 15 декабря (№ 50). С. 1.

  10. Базан, У. Замок, як аргумент у палітыцы, або Некалькі пытанняў сп. А. Майсейчыку і сп. В. Бурскаму/ Уладзімір Базан // Брестский курьер. 1994. 24 февраля (№ 8). С. 3.

  11. Базан, У. Уладзімір Базан. Старшыня Берасьцейскай рэгіянальная рады БНФ «Адраджэнне» : [гутарка аб дзейнасці рады] / У. Базан ; запісаў А. Супрунюк // Брестский курьер. 1992. 21–27 августа.

  12. Сідарук, І. БНФ трымае справаздачу : [аб канферэнцыі суполак БНФ Брэсцкай вобласці] / Ігар Сідарук // Народная газета. 1991. 28 сакавіка.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2051 разоў Апошняя змена Пятніца, 10 Ліпень 2020 11:12