Панядзелак, 27 Сакавік 2017 13:47

1 сакавіка 2017 года — 45 гадоў з часу адкрыцця туберкулёзнай бальніцы ў в. Вярховічы (Камянецкі раён; 1972)

У сувязі з неабходнасцю ўмацавання дыягнастычнага і лячэбнага працэсу для хворых лёгачным туберкулёзам у канцы 1966 года пачалося будаўніцтва бальніцы ў вёсцы Вярховічы Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Абласная туберкулёзная бальніца «Вярховічы» была створана паводле рашэння № 100 выканаўчага камітэта Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 21 лютага 1972 года. 1 сакавіка быў назначаны першы кіраўнік бальніцы –галоўны ўрач Іосіф Казіміравіч Шалонік, выпускнік Віцебскага медыцынскага інстытута 1967 года.

 

Найбольшы цяжар у станаўленні бальніцы выпаў на тых, хто стаяў ля яе вытокаў, закладваў падмурак, падбіраў і замацоўваў кадры, клапаціўся пра аснашчэнне, ствараў утульнасць у карпусах. Сярод іх галоўныя ўрачы: Ануфрый Пракопавіч Трыбунько (27.04.1972–26.04.1976), Эдуард Іванавіч Пішч (27.04.1976–04.03.1981), Валянціна Фёдараўна Мельнікава (04.03.1981–10.11.1986). Дзевятнаццаць гадоў на пасадзе галоўнага ўрача служыў Міхаіл Іванавіч Пілюк (10.11.1981–30.11.2000), разам з ім працавала яго жонка, Ніна Уладзіміраўна Пiлюк, урач-стаматолаг.

Туберкулёзная бальніца «Вярховічы» пачынала з 400 ложкаў у 1970-я гады, налічвала 186 медыцынскіх работнікаў. Да паслуг пацыентаў была добрая бібліятэка на 3000 кніг, працавала невялікая кіназала, свае паслугі прапаноўваў кіёск «Саюздрук». Пры бальніцы быў пасаджаны яблыневы сад 2,3 га, захаваўся лясны масіў плошчай 32 га, бо хворым патрэбна чыстае паветра сасновага бору.

25 чэрвеня 2001 года Брэсцкім аблвыканкамам абласная туберкулёзная бальніца «Вярховічы» перайменавана ў лячэбна-прафілактычную ўстанову «Туберкулёзная бальніца “Вярховічы”».

За апошнія гады ў Беларусі адбылося відавочнае скарачэнне захворваемасці туберкулёзам лёгкіх і гэта стала прычынай скарачэння ложкаў і колькасці працуючага медыцынскага персаналу. Сёння ў бальніцы працуюць 142 чалавекі, палаты разлічаны на 130 ложкаў. Функцыянуюць 4 аддзяленні: № 1 разлічана на 30 ложкаў для лячэння хворых туберкулёзам лёгкіх з мноственнай лекавай устойлівасцю (МЛУ), загадвае аддзяленнем Галіна Станіславаўна Брусевіч; № 2 — фізіяпсіхіятрычнае на 30 ложкаў для лячэння хворых туберкулёзам лёгкіх з МЛУ, загадчык – Валянціна Мікалаеўна Мухляда.

Адметнасцю туббальніцы з’яўляецца наяўнасць аддзяленняў для прымусовага лячэння, якія дзейнічаюць з лістапада 2005 года. Па рашэнні суда хворых, небяспечных для акружэння, накіроўваюць у Вярховіцкую туббальніцу, дзе яны пад аховай праходзяць лячэнне. Аддзяленні № 3 на 35 ложкаў і № 4 на 35 ложкаў для прымусовага лячэння хворых туберкулёзам лёгкіх з МЛУ (загадчыкі аддзяленняў — Альгірд Чэслававіч Мухляда, Тамара Уладзіміраўна Васільева). З 2006 года для аховы грамадскага парадку ў аддзяленнях прымусовага лячэння дзейнічае міліцэйскі пост Пазаведамаснай аховы МУС.

Працуюць дапаможныя службы: клініка-дыягнастычная і бактэрыялагічная лабараторыі, фізіятэрапеўтычны кабінет, рэнтгенкабінет з сучасным рэнтгенапаратам, кабінеты функцыянальнай і ўльтрагукавой дыягностыкі, стаматалагічны кабінет.

28 красавіка 2006 года загадам № 61 упраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама лячэбна-прафілактычная ўстанова «Туберкулёзная бальніца “Вярховічы”» перайменавана ва ўстанову аховы здароўя «Туберкулёзная бальніца “Вярховічы”».

Працэс развіцця ўстановы і ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы працягваецца і на сучасным этапе. За кошт бюджэтных сродкаў новай апаратурай папаўняецца лячэбная база, праводзіцца бягучы рамонт памяшканняў. Туббальніца прыцягвае і спонсарскую дапамогу. Неаднаразова атрымлівалася дапамога ад Міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання «Сафія». У рамках гуманітарнага праекта набыта мэбля і іншае абсталяванне. РУПЭ «Белтэлекам» устанавіў 30 радыёкропак у памяшканнях для хворых.

Бальніца «Вярховічы» карыстаецца павагай у рэспубліцы ў многім дзякуючы таму, што тут працавалі і працягваюць працаваць прафесіяналы высокага ўзроўню: ветэраны працы В. А. Пшонка, В. І. Данілюк, Я. М. Петручук, Л. І. Хмара, З. М. Трафімовіч, В. М. Мухляда, А. Ч. Мухляда, І. І. Рэгіневіч і многія іншыя. З 1 снежня 2000 года туббальніцу ўзначальвае Валянцін Анатольевіч Брусевіч. Намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы — Іван Іванавіч Рэгіневіч.

Самай высокай адзнакай для калектыву з’яўляецца падзяка ад тых, каму даводзілася праходзіць нялёгкае выпрабаванне хваробай, хто атрымаў якасную медыцынскую дапамогу.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна, бібліятэкар 1 кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

 

  1. Брусевич, В. А. Верховичской областной противотуберкулезной больнице 40 лет / В. А. Брусевич, И. И. Региневич // 12-я Международная научно-практическая конференция по истории медицины и фармации : сборник материалов. Гродно : ГрГМУ, 2012. С. 29–30.

  2. Левчук, Л. И. Противотуберкулезная служба Брестской области : 50 лет : страницы истории / Леонид Иванович Левчук ; Брестский областной противотуберкулезный диспансер. – Брест, 2000. – 162 с. : ил.

  3. Нарэйка, Н. Падарункі ад «Сафіі» : [пра спонсарскую дапамогу МДГА «Сафія» для Вярховіцкай туббальніцы] / Настасся Нарэйка // Навіны Камянеччыны. 2015. 28 сакавіка. С. 6.

  4. Алейникова, Н. Добровольно и по решению суда лечатся от туберкулеза жители Брестчины : [пресс-конференция с участием гл. врача областного противотуберкулезного диспансера Виктора Декайло прошла в Брестском обл. центре эпидемиологии и общественного здоровья] / Наталья Алейникова // Брестский курьер. 2013. 21 марта (№ 12). С. 9.

  5. Трибулева, Е. Двойной самозахват : сад в деревне Верховичи стал камнем преткновения : [о бывшем саде туббольницы, переданном сельсовету] / Елена Трибулева // Вечерний Брест. 2011. 16 ноября. С. 5.

  6. Малы рэгіён : Вярховіцкі сельсавет : [гандаль, бальніца, крухмальны завод, культурнае жыццё] / падрыхтавалі Г. Парафянюк, Г. Новік, У. Вярэніч, М. Шум // Навіны Камянеччыны. 2007. 11 жнiўня. С. 4–5.

  7. Козлович, В. Экономия на спичках? : работники больницы боятся, что однажды их жилой барак сложится, как карточный домик : [Верховичская туббольница] / Валентина Козлович // Советская Белоруссия. 2006. 17 мая. С. 7.

  8. Гаўрылюк, П. Бальніца сярод соснаў / П. Гаўрылюк // Навіны Камянеччыны. 2006. 26 лютага.

  9. Гарагляд, Н. Сярод хвой і бяроз : [пра галоўную медсястру Вярховіцкай туббальніцы Валянціну Іванаўну Смалюк] / Ніна Гарагляд // Народная трыбуна. 1999. 19 чэрвеня.

  10. Лучко, П. Без скидок на трудности : [о главном враче туббольницы «Верховичи» Михаиле Ивановиче Пилюке] / П. Лучко // Медицинский вестник. 1998. 20 августа. С. 6.

  11. Гарагляд, Н. Сярод хвой і бяроз — бальнічны лёс… : [пра галоўную медсястру Вярховіцкай туббальніцы Валянціну Іванаўну Смалюк] / Ніна Гарагляд // Навіны Камянеччыны. 1998. 20 чэрвеня. С. 2.

  12. Гарагляд, Н. Узрост у бальніцы дзявоцкі… : [да 25-годдзя Вярховіцкай туббальніцы] / Ніна Гарагляд // Навіны Камянеччыны. 1997. 19 сакавіка. С. 1–2.

  13. Смалюк, В. У агонь хадзіўшых дзеля нас : [аб сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны ў Вярховіцкай туббальніцы] / В. Смалюк // Ленінец. Камянец, 1984. 22 мая.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1358 разоў Апошняя змена Панядзелак, 13 Ліпень 2020 16:30