Серада, 21 Чэрвень 2017 11:40

25 ліпеня 2017 г. —– 205 гадоў з дня бітвы 3-й Заходняй арміі з атрадам арміі Напалеона ў г. Брэст-Літоўску (1812)

Францыя аб’явіла вайну Расіі 22 чэрвеня 1812 года, праз дзень галоўныя сілы арміі Напалеона Банапарта пачалі пераход рускай граніцы ў раёне Коўна. Напалеонаўскія карпусы праследавалі адыходзячыя рускія дывізіі і 28 чэрвеня занялі Вільню, колішнюю сталіцу ВКЛ.

 

Ваенныя дзеянні на паўднёвым флангу мелі самастойнае значэнне. На гэтым напрамку дзейнічаў 33-тысячны аўстрыйскі корпус напалеонаўскай арміі пад камандаваннем генерала Карла Фiлiпа Шварцэнберга. На дзясяты дзень вайны Брэст-Літоўск апынуўся ў зоне баявых дзеянняў. 1 ліпеня К. Шварцэнберг пераправіўся цераз раку Заходні Буг і 4 ліпеня заняў Брэст-Літоўск, але не затрымаўся ў ім. На Брэстчыну быў накіраваны саксонскі корпус генерала Ж. Л. Э. Рэйнье, каб засланіць правы фланг французскіх войск ад 3-й Заходняй арміі пад камандаваннем Аляксандра Пятровіча Тармасава (1752–1819), якая знаходзілася пад Луцкам.

У Брэст-Літоўску па прыходзе напалеонаўскіх войск мясцовыя паны, якія бачылі ў асобе французскага імператара вызваліцеля, арганізавалі «Часовую ваенна-грамадзянскую камісію для захоўвання парадку». Пасля стварэння Напалеонам у Вільні камісіі Часовага ўрада Вялікага Княства Літоўскага ў Брэст-Літоўску ўтварылася падпрэфектура. Сейм Герцагства Варшаўскага ўтварыў Генеральную канфедэрацыю, гэта значыць, унію Польшчы і ВКЛ. У Брэст-Літоўску быў прыняты «Акт далучэння да канфедэрацыі жыхароў горада Брэст-Літоўска і павета». Старшынёй Брэсцкай канфедэрацыі стаў Мацей Франкоўскі.

Напалеон і прадстаўнікі Вялікай арміі не думалі пра паўнакроўнае аднаўленне ВКЛ, а клапаціліся як мага болей забраць з тэрыторыі на патрэбы свайго войска. З Брэсцкага павета ў армію Напалеона ўзялі каля 700 рэкрутаў, у насельніцтва забіраліся грошы, коні, фураж, правіянт, розныя прыпасы. Сяляне, напрыклад, павінны былі пастаўляць дровы для пякарняў і шпіталяў: з Брэст-Літоўска на 15 кастрычніка было пастаўлена 12 тысяч вазоў дроў. У горадзе быў адкрыты шпіталь для раненых і хворых салдат Вялікай арміі, а мясцовае насельніцтва павінна было пастаўляць перавязачны матэрыял.

Генерал А. П. Тармасаў 15 ліпеня пачаў баявыя дзеянні супраць корпуса Ж. Рэйнье. Накіраваныя ім дывізіі А. Р. Шчарбатава і К. В. Ламберта падышлі да Брэст-Літоўска. 25 ліпеня ў баі былі разгромлены два эскадроны корпуса Ж. Рэйнье, 40 чалавек узяты ў палон, рускія войскі авалодалі горадам. Тут застаўся кавалерыйскі атрад на чале з генерал-маёрам А. У. Розэнам, а атрады А. Р. Шчарбатава і К. В. Ламберта рушылі да Кобрына, куды павінны былі падысці асноўныя сілы 3-й Заходняй арміі.

27 ліпеня, пасля ўпартага 9-гадзiннага бою, рускія акружылі атрад генерал-маёра К. Кленгеля ў Кобрыне, саксонцы не вытрымалі і здаліся. Гэта была першая буйная перамога рускай зброі ў вайне 1812 года.

Ваенныя дзеянні на тэрыторыі Брэстчыны працягваліся. 12 жніўня аб’яднаныя карпусы К. Шварцэнберга і Ж. Рэйнье атакавалі А. П. Тармасава каля в. Гарадзечна Пружанскага павета. Рускія адбілі атакі праціўніка, аднак сілы былі няроўныя, армія А. П. Тармасава адступіла праз Кобрын, Дывiн да Луцка. 15 жніўня Брэст-Літоўск быў зноў заняты непрыяцелем.

Расіяне сваімі дзеяннямі прыкавалі да сябе 40-тысячныя карпусы аўстрыйцаў і саксонцаў. У канцы верасня адмірал П. В. Чычагаў распачаў масіраваную атаку на Брэст-Літоўск, але знішчыць аўстрыйскі і саксонскі карпусы яму не ўдалося. 11 кастрычніка фельдмаршал К. Шварцэнберг пакінуў Брэст-Літоўск, адвёў свае войскі за Буг, меўшы толькі баявое сутыкненне з расіянамі на рацэ Лясная, каля в. Клейнікі Брэсцкага павета.

30 кастрычніка руская армія рушыла з Брэст-Літоўска на Слонім, у горадзе застаўся корпус генерал-лейтэнанта Ф. В. Остэн-Сакена для прыкрыцця маршу асноўных сіл. Рускія вялі актыўныя дзеянні супраць атрада К. Шварцэнберга, які ахоўваў Герцагства Варшаўскае. Адбыліся крывавыя баі за Ваўкавыск, пад Шарашовам, Пружанамі і Брэст-Літоўскам. 23 лістапада каля в. Камяніцы-Жыравецкай Брэсцкага павета адбыўся бой. 25 лістапада — бой пад Брэст-Літоўскам, у выкініку якога корпус Ф. В. Остэн-Сакена адступіў на Валынь. Горад зноў апынуўся ў руках непрыяцеля і знаходзіўся пад яго ўладай да 25 снежня 1812 года, калі ў горад увайшлі рускія войскі, што праследавалі рэшткі былой «вялікай арміі» Напалеона.

Беларусь моцна пацярпела ад нашэсця французаў і іх саюзнікаў, якія прынеслі жыхарам вялікія пакуты ад няспынных рэквізіцый. Значна скарацілася колькасць насельніцтва, былі разбураны дамы, масты. У Брэст-Літоўску, акрамя жыллёвых пабудоў, найбольш пацярпеў Сімяонаўскі манастыр.

У гонар перамогі дывізій А. П. Тармасава над эскадронамі Ж. Рэнье на цэнтральным востраве Брэсцкай крэпасці 21 кастрычніка 1962 года быў урачыста адкрыты помнік (архітэктары А. Гарбачоў, Л. Маскалевіч, мастак У. Старчакоў). У час будаўніцтва мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» помнік быў перанесены ў сквер, што побач з Паўночнай брамай крэпасці. У Пружанах і Кобрыне ў гонар А. П. Тармасава яго імем названы вуліцы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

  1. Брэст у гады вайны 1812 г. // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 98–101.

  2. Разянблат, Я. С. У складзе Расійскай імперыі / Я. С. Разянблат // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 53–65. Са зместу: Вайна 1812 г. С. 61–63.

  3. Место боя 1812 г. // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 74.

  4. Отечественной войны 1812 бои // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 292.

  5. Тормасов Александр Петрович // Их именами названы… : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 611–612.

  6. Беларусь и война 1812 года : документы / [сост.: А. М. Лукашевич, Д. Л. Яцкевич]. 2-е изд. Минск : Беларусь, 2013. 558 с., [8] л. факсим.

  7. Несцярчук, Л. М. Беларусь у вайне 1812 года. Паміж Напалеонам і Аляксандрам / Леанід Міхайлавіч Несцярчук. – Брэст : Паліграфіка, 2012. – 320 с. : іл. – Са зместу: Берасцейшчына ў агні 1812 года.
    С. 218–225.

  8. Кисель, В. П. Памятники, посвящённые событиям 1812 г. на землях Беларуси / В. П. Кисель // Памятники истории и культуры Республики Беларусь/В. П. Кисель. Минск, 2011.

  9. Лукашевич, А. М. Памятники и памятные места 1812 года в Беларуси / А. М. Лукашевич. – Минск : Харвест, 2012. – 287 с., [16] л. цв. ил. – Из содерж.: Мемориальный знак в г. Бресте. С. 99–100.

  10. Самусенко, Э. Г. Беларусь и Отечественная война 1812 года : исторические очерки и эссе / Э. Г. Самусенко. – Минск : Беларусь, 2012. – 181, [2] с.

  11. Лякин, В. А. Белорусские поля сражений 1812 года : военно-историческая хроника / Владимир Александрович Лякин. – Мозырь : Колор, 2009. – 307 с. – Из содерж.: Бои 3-й Обсервационной (Западной) армии. С. 88–162.

  12. Дудзюк, З.І. Год 1812 : раман / Зінаіда Дудзюк. – Брест : Академия, 2004. – 311 с.

  13. Несцярчук, Л. М. Баявыя дзеяннi 3-й Заходняй рускай армii ў Айчынную вайну 1812 года : аўтарэферат дысертацыі… кандыдата гістарычных навук / Несцярчук Ленід Міхайлавіч. – Мінск : БДУ, 1996.

  14. Нестерчук, Л. М. Отечественная война 1812 года на Брестчине : учебно-метод. разработки к разделу курса истории БССР / Л. М. Нестерчук. – Брест : [б. и.], 1990. – 48 с.

  15. Несцярчук, Л.М. Баявыя дзеянні 3-й Заходняй рускай арміі з аўстрыйскім і саксонскім карпусамі ў вайну 1812 года на тэрыторыі Беларусі / Л. М. Несцярчук // Французска-руская вайна 1812 года. Еўрапейскія дыскурсы і беларускі погляд : міжнародная навуковая канферэнцыя, 29–30 лістапада 2002 г. Мінск : БДУ, 2003. С. 36–43.

  16. Ерашэвіч, А. Старонкі гісторыі Берасцейскага павета ў перыяд напалеонаўскіх войн (1805–1815 гг.) / А. Ерашэвіч // Берасцейкі хранограф : зборнік навуковых прац. Брэст, 2002. Вып. 3. С. 192–201.

  17. Бензярук, А. Вайна 1812 года. На скрыжаванні вякоў / А. Бензярук // Памяць. Жабінкаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 84–91.

  18. Вайна 1812 г. і Беларусь // Гісторыя Беларусі : у 6 т. Мінск, 2005. Т. 4 : Беларусь у складзе Расійскай імперыі. С. 75–78.

  19. Чудов, В. И. Брестская область. Военачальник ; Кобринский бой : [размышления автора об Отечественной войне 1812 г. на территории Брестской области; рассказ о генерал-майоре Ефиме Игнатьевиче Чаплице] / Валерий Чудов // На прасторах любай Беларусі. Минск, 2015. С. 447–464.

  20. Гармель, А. Кніга, якая ўжо знайшла свайго чытача : [пра прэзентацыю кнігі Леаніда Несцерчука «Беларусь у вайне 1812 года. Паміж Напалеонам і Аляксандрам», якая адбылася ў Брэсцкім АГКЦ] / Алена Гармель // Заря. 2013. 27 августа. С. 5.

  21. Гетман, І. Пра Беларусь ў 1812 годзе : [пра новую кнігу Леаніда Несцерчука «Беларусь у вайне 1812 года. Паміж Напалеонам і Аляксандрам»] / Ігар Гетман // Народная трыбуна. 2013. 9 мая (№ 19). С. 3.

  22. Носко, М. Русская Православная Церковь в период Отечественной войны 1812 г. : [в т. ч. Брестская область] / Священник Михаил Носко // Брестские епархиальные ведомости. 2012. № 3. С. 54–56.

  23. Билевич, О. И. Сражение под Кобрином — первая крупная победа русских войск в Отечественной войне 1812 г. / О. И. Билевич // Вестник Брестского государственного технического университета. Гуманитарные науки. 2011. № 6. С. 4042.

  24. Мартынов, А. Помнит Брестчина 1812 г. / А. Мартынов // Кобрин-информ. 2009. 14 мая.С. 26.

  25. Родионов, А. Комплектование российской армии на территории Гродненской губернии накануне Отечественной войны 1812 г. / А. Родионов // Веснiк Гродзенскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта. Серыя 1, Гісторыя, філасофія, паліталогія, сацыялогія. 2009. № 2. С. 81–90.

  26. Мартынов, А. «…Припомним, как билися деды в двенадцатый памятный год» / Алексей Мартынов // Кобрынскі веснік. 2002. 3 жніўня. С. 6.

  27. Таляронак, С. Вайна 1812 г. / Сяргей Таляронак // Народная трыбуна. 1994. 10 снежня. С. 4.

  28. Нестерчук, Л.М. Прибужье в пламени 1812 года / Леонид Нестерчук // Заря над Бугом. Брест, 1993. 30 июня ; 3 июля ; 7 июля ; 10 июля ; 14 июля.

  29. Нестерчук, Л.М. Воевали ли брестчане на стороне Наполеона? / Леонид Нестерчук // Вечерний Брест. 1992. 30 октября ; 6 ноября.

  30. Нестерчук, Л.М. Под стягами славы : [война 1812 г. на Брестчине, состояние памятников о той войне, необходимость восстановления церкви в Городечно] / Леонид Нестерчук // Заря. 1990. 14 февраля ; 15 февраля ; 16 февраля ; 20 февраля.

  31. Подвигам жить в веках! : [об открытии памятника героям Отечественной войны 1812 г. на центральном острове Брестской крепости] / фото А. Великосельца // Заря. 1962. 23 октября.

  32. Володин, В. Языком живописи : [о брестском художнике Николае Фёдоровиче Дудареве и его картине «Бой в Кобрине 15 июля 1812 года»] / В. Володин ; фото А. Великосельца. Улица Тормасова : [о названии в Пружанах улицы в честь генерала А. П. Тормасова, героя Отечественной войны 1812 г.] // Заря. 1962. 12 сентября.

  33. Гераськина, Л. Здесь были схватки боевые… : [об открытии обновлённого памятника героям Отечественной войны 1812 г. у дд. Городечно и Поддубное Пружанского района] / Л. Гераськина ; фото А. Гончарова // Заря. 1962. 18 августа.

  34. Фрейдин, В. Кобринская победа : 150 лет назад / В. Фрейдин // Заря. 1962. 15 июля.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1274 разоў Апошняя змена Чацвер, 22 Красавік 2021 11:25