Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 23 Чэрвень 2017 14:50

17 верасня 2017 г. — 95 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Андрэевіча Калесніка (1922–1994), літаратуразнаўца, празаіка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1980)

Уладзімір Андрэевіч Калеснік нарадзіўся 17 верасня 1922 года ў вёсцы Сіняўская Слабада (цяпер Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці) у сялянскай сям’і. Бацька, Андрэй Паўлавіч, быў майстрам на ўсе рукі, ад яго і пераняў спрыт да сякеры ды іншага інструменту, любіў майстраваць.

 

Уладзімір Калеснік закончыў сямігадовую школу ў Ярэмічах, у 1936 годзе паступіў у Навагрудскую гімназію імя А. Міцкевіча. Тут юнак захапіўся маляваннем, самастойна вывучыў тэорыю выяўленчага мастацтва, марыў стаць крытыкам жывапісу. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР вучыўся ў Навагрудскім педагагічным вучылішчы.

У час Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Калеснік прымаў удзел у стварэнні падпольных антыфашысцкіх арганізацый і баявых дружын у Мірскім раёне Баранавіцкай вобласці. Летам 1942 года ў складзе адной з баявых дружын уступіў у партызанскі атрад імя Чапаева, быў кулямётчыкам, падрыўніком. Восенню 1942 года яго абралі камандзірам узвода ў атрадзе «Камсамольскі», з лета 1943 года — начальнік штаба атрада «2-гі Камсамольскі» брыгады «Камсамолец» Баранавіцкага злучэння. Быў двойчы паранены.

У ліпені 1944 года пасля злучэння з часцямі Чырвонай арміі У. А. Калеснік накіраваны на работу ў Мірскі райваенкамат, настаўнічаў у Луцкай школе для ваеннаабавязаных. У 1945–1949 гадах — студэнт Мінскага педагагічнага інстытута. У 1952 годзе закончыў аспірантуру.

У 1952–1954 гадах — загадчык кафедры літаратуры Бабруйскага настаўніцкага інстытута. У 1956–1988 гадах — загадчык кафедры беларускай літаратуры Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна. Уладзімір Андрэевіч любіў выкладчыцкую работу, глыбока паважаў і цаніў працу настаўніка, выхавальніка ў школе і вучыў гэтаму іншых. Быў цудоўным прапагандыстам беларускай літаратуры, культуры.

Даследаваў беларускую літаратуру ад старажытнасці да нашых дзён. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1964), «Истории советской многонациональной литературы» (1971), «Истории белорусской советской литературы» (1977), а таксама шматлікіх вучэбных дапаможнікаў і падручнікаў для вышэйшай школы. Аўтар дакументальных аповесцей, складальнік зборніка паэзіі Заходняй Беларусі «Сцяг і паходні», «Ростані волі». Аб літаратурным жыцці Брэстчыны расказаў у кнізе «Зорны спеў» (1975). Сумесна з Алесем Адамовічам і Янкам Брылём напісаў дакументальную кнігу «Я з вогненнай вёскі…» (1975), якая стала літаратурнай і грамадскай падзеяй, бо ўпершыню ў савецкай гісторыі так праўдзіва, яскрава, балюча было расказана пра жахі Другой сусветнай вайны, пра здзекі фашыстаў над мірным насельніцтвам.

З 1960 года член Саюза пісьменнікаў СССР. У 1956–1970 гадах узначальваў абласное літаратурнае аб’яднанне, у 1981–1983 гадах — сакратар абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. Ён быў укладальнікам і пісаў прадмовы да зборнікаў Міколы Засіма, Міхася Рудкоўскага, Ніны Мацяш, блаславіў у свет вершы Алеся Каско, Міколы Пракаповіча, Зінаіды Дудзюк, Васіля Жуковіча, Алеся Разанава.

Кандыдат філалагічных навук (1958), прафесар (1983). Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І ступені, «Знак Пашаны», Дружбы народаў, медалямі. Заслужаны работнік вышэйшай школы БССР (1979), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа (1980) і Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа (1994).

Па жыцці яго суправаджала жонка — Зося Міхайлаўна Калеснік (1927–2015), якая была і лепшым сябрам, і першым дарадцам (пажаніліся ў верасні 1958 г.). Уладзімір Андрэевіч захапляўся хараством прыроды, быў заядлым рыбаком, па-майстэрску фатаграфаваў, пісаў пейзажы акварэльнымi i алейнымі фарбамі, займаўся разьбою па дрэве. Для мясцовай інтэлігенцыі Уладзімір Андрэевіч стаў неаспрэчным аўтарытэтам, кумірам у літаратурна-культурным асяродку. У канцы 1980-х падтрымаў грамадскія ініцыятывы ў дэмакратычных пераўтварэннях краіны.

У. А. Калеснік памёр 15 снежня 1994 года. Пахаваны на гарадскiх могілках «Плоска» (участак 26).

На доме, дзе жыў літаратуразнавец (вул. Чапаева, 10), 1 верасня 1996 года адкрыта мемарыяльная дошка. У новым мікрараёне Паўднёва-Захад яго імем названа вуліца. Абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі пры падтрымцы Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта заснавала літаратурную прэмію імя У. А. Калесніка. У БрДУ імя А. С. Пушкіна з 1997 года працуе навукова-метадычны цэнтр імя У. А. Калесніка, заснавана стыпендыя яго імя, праводзяцца канферэнцыі «Калеснікаўскія чытанні».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

Працы У. А. Калесніка

  1. Доўг памяцi / Уладзiмiр Калеснiк ; прадмова Янкi Брыля. – Брэст : Брэсцкая друкарня, 2005. – 547 с., [10] л. іл.

  2. Янка Брыль : нарыс жыцця і творчасці : для сярэд. і стар. шк. узросту / Уладзiмiр Калеснік. – Мінск : Народная асвета, 1990. – 254 с. – (Народныя пiсьменнiкi БССР).

  3. Ростані волі : з заходнебеларускай паэзіі / [уклад. і аўтар прадмовы У. А. Калеснік]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1990. – 415 с.

  4. Адамовіч, А. Я з вогненнай вескі... / Алесь Адамовіч, Янка Брыль, Уладзімір Калеснік. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1989. – 437 с., [16] л. фат.

  5. Тварэнне легенды : літаратурныя партрэты і нарысы / Уладзiмiр Калеснік. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1987. – 411 с.

  6. Пасланец Праметэя : дакументальная аповесць : [пра А. Альшэўскага] / Уладзімір Калеснік. Мінск : Юнацтва, 1984. 15с.

  7. Лёсам пазнанае : выбраныя літаратурныя партрэты і нарысы / Уладзімір Калеснік. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1982. – 557 с., [8] л. іл.

  8. Максiм Танк : нарыс жыцця і творчасці / Уладзiмiр Калеснік. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1981. – 189 с., [4] л. іл.

  9. Ветразi Адысея : Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі / Уладзiмiр Калеснік. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1977. – 327 с.

  10. Зорны спеў : літаратурныя партрэты, нарысы, эцюды / Уладзiмiр Калеснік. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1975. – 400 с.

  11. Час і песні : літаратурныя нарысы і партрэты / Уладзiмiр Калеснік. – Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва БССР, Рэдакцыя мастацкай лiтаратуры, 1962. – 239 с.

  12. Паэзія змагання : Максім Танк і заходнебеларуская літаратура / Уладзiмiр Калеснік. – Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва БССР, Рэдакцыя мастацкай лiтаратуры, 1959. – 252 с.

 

Аб жыцці і дзейнасці У. А. Калесніка

 

  1. Калеснік Уладзімір Андрэевіч / М. А. Тычына // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 7. С. 462.

  2. Калеснік Уладзімір Андрэевіч // Памяць. Брэст : гіст-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 652.

  3. Калеснік Уладзімір / Л. С. Славін // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 3. С. 105–109.

  4. Уладзімір Калеснік // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. Мінск, 1994. С. 248–249.

  5. Пасланец Праметэя : кніга пра Уладзіміра Калесніка : [успаміны, эсэ, артыкулы, нататкі, мініяцюры, вершы] / Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна, Навукова-асветніцкі цэнтр імя У. Калесніка ;рэдкал.: Г. М. Праневіч (гал. рэд.), З. М. Калеснік, С. А. Варонік, М. І. Новік, З. П. Мельнікава, У. А. Сенькавец ; уклад.: З. М. Калеснік, М. І. Новік, Г. М. Праневіч. – Брэст : БрДУ, 2007. – 387 с., [24] л. iл.

  6. Гетман, І. У. Уладзімір Калеснік — гісторык літаратуры : аўтарэферат дысертацыi... кандыдата філалагiчных навук / Гетман Ігар Уладзіміравіч ; Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна. – Брэст : БрДУ, 2001. – 20 с.

  7. 17 верасня – 90 гадоў з дня нараджэння У. А. Калесніка (1922–1994), крытыка, літаратуразнаўца, празаіка / склад.: Г. В. Брага, Т. І. Лагош, Н. А. Шашэнька ; рэд. К. Д. Варанько // Новыя кнігі: па старонках беларускага друку. 2012. № 7. С. 11–13 (дадатак : Даты беларускага календара).

  8. Бут-Гусаім, С. Ф. Прагматычная значнасць уласных асабовых імёнаў у кнізе ўспамінаў У. Калесніка «Доўг памяці» / С. Ф. Бут-Гусаім // История в зеркале литературы : исторический роман Ю. Крашевского в контексте европейской истории и литературы : сб. материалов. Брест, 2013. С. 7–11.

  9. Рамановіч, П. С. Вялікая Айчынная вайна ў лёсе У. А. Калесніка / П. С. Рамановіч // Личность в истории: героическое и трагическое : сборник материалов Пятой международной научно-практической конференции, посвященной 20-летию исторического факультета / УО «Брестский государственный университет имени А. С. Пушкина». Брест, 2014. С. 184–187.

  10. Праневіч, Г. М. Уладзімір Калеснік і гуманітарная навука: вопыт і перспектывы / Г. М. Праневіч // Веснік Брэсцкага ўніверсітэта. Серыя 3. Філалогія. Педагогіка. Псіхалогія. 2012. № 2. С. 176–178.

  11. Валасюк, Л. Слова пра Уладзіміра Калесніка // Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны / Лявон Валасюк. Брэст, 2012. С. 158–159.

  12. Майсейчык, А. А. Аб метадалогіі навуковых прац Уладзіміра Калесніка / А. А. Майсейчык // Узыходжанне : кніга пра Аляксея Антонавіча Майсейчыка / УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна». Брэст, 2011. С. 180–184.

  13. Новік, М. І. Уладзімір Калеснік у святле перыфразы / М. I. Новiк // Славянские языки: системно-описательный и социо-культурный аспекты исследования : материалы ІІІ междунар. науч.-метод. конф., Брест, 22–23 ноября 2007 г. Брест, 2008. C. 191–193.

  14. Пяткевiч, А. М. Старонкі спадчыны : культурнае памежжа Гродзеншчыны: працэсы, з’явы, асобы / Аляксей Мiхайлавiч Пяткевіч. – Мiнск : Беларускi кнiгазбор, 2006. – 239 с. – Са зместу: Уладзімір Калеснік. С. 85, 126–133.

  15. Чыквін, Ян. Перадуманае, перажытае, запісанае : [аб кнізе У. Калесніка «Доўг памяці»] / Ян Чыквін // Тэрмапілы. Беласток, 2005. № 9. С. 245–248.

  16. Мечная, Н. Брэсцкія сустрэчы Уладзіміра Караткевіча : [пра сустрэчу з У. А. Калеснікам] / Наталля Мечная // Заря. 2015. 26 ноября. С. 6.

  17. Шляжка, Н. Лёсам звязаны з Брэстам : [творчая сустрэча У. Караткевіча з У. Калеснікам] / Наталля Шляжка // Брестский вестник. 2015. 26 ноября (№ 48). С. 18.

  18. Ліс, А. Невядомае : згадкі, навеяныя лістом : [аб лісце У. А. Калесніка, у якім ідзе гаворка аб мастаку М. Васілеўскім; тэкст ліста; фота У. А. Калесніка і М. Васілеўскага] / Арсень Ліс // Новы час. 2015. 15 мая (№ 19). С. 14–15.

  19. Праневіч, Г. Уладзімір Калеснік: жыццё пасля жыцця / Генадзь Праневіч // Новы Час. 2015. 30 студзеня (№ 4). С. 11 (дадатак : Літаратурная Беларусь).

  20. Бурдыка, В. Настаўнік творцаў : [біяграфія і творчая дзейнасць пісьменніка, літаратуразнаўца, выкладчыка У. А. Калесніка] / Вячаслаў Бурдыка // Народная трыбуна. 2014. 21 лістапада (№ 47). С. 4.

  21. Паўлюкавец, А. Асоба з дабрынёй у сэрцы : Уладзімір Калеснік на сайце яго памяці / Аліна Паўлюкавец // Брестский курьер. 2014. 27 февраля (№ 9). С. 32.

  22. Крэйдзіч, М. «Следующая — Колесника» : [біяграфія пісьменніка, літаратуразнаўца У. А. Калесніка] / Марыя Крэйдзіч // Брестский вестник. 2013. 15 августа (№ 33). С. 13.

  23. Папко, К. Аб сабе і аб жыцці: «Гісторыя духу» Мікалая Бярдзяева і «Вопыт душы» Уладзіміра Калесніка (паводле аўтабіяграфічных кніг М. Бярдзяева «Самапазнанне» і У. Калесніка «Доўг памяці») / Крысціна Папко // Полымя. 2013. № 4. С. 111–115.

  24. Мікуліч, М. Па слядах часу : перапіска Уладзіміра Калесніка і Максіма Танка / Мікола Мікуліч // Роднае слова. 2012. № 11. С. 8–13.

  25. Мікуліч, М. Гісторыю твораць асобы... : перапіска Уладзіміра Калесніка і Максіма Танка / Мікола Мікуліч // Роднае слова. 2012. № 9. С. 22–26.

  26. Мельнікава, З. З плеяды праведнікаў : [пра У. А. Калесніка] / Зоя Мельнiкава // ЛiМ. 2005. 6 мая. С. 13.

Чытаць 2955 разоў Апошняя змена Чацвер, 28 Студзень 2021 11:43