Панядзелак, 07 Жнівень 2017 09:14

19 мая 2017 г. – 70 гадоў з часу правядзення нарады маладых пісьменнікаў заходніх абласцей БССР у г. Брэсце (1947)

Скліканне маладых пісьменнікаў — значная падзея ў пасляваенным жыцці Беларусі. Праўленне Саюза савецкіх пісьменнікаў Беларусі і ЦК ЛКСМБ арганізавалі нараду маладых пісьменнікаў заходніх абласцей у г. Брэсце 16–19 мая 1947 года. Літаратурная моладзь прыехала, каб падвесці вынікі сваёй работы, абмеркаваць творчыя планы на будучыню, набрацца новых сіл для творчых пошукаў.

 

У нарадзе ўдзельнічалі маладыя пісьменнікі і члены літаратурных аб’яднанняў Брэсцкай, Гродзенскай, Баранавіцкай, Пінскай і Маладзечанскай абласцей. Кіраўнікамі нарады было старэйшае пакаленне беларускіх пісьменнікаў — Максім Танк, Пімен Панчанка, Піліп Пестрак, Васіль Барысенка, Павел Кавалёў, Васіль Вітка, Янка Брыль, Уладзімір Агіевіч. У парадак дня былі ўключаны наступныя пытанні: «Аб задачах савецкай літаратуры»; «Ленін і Сталін аб літаратуры»; «Мастацкі нарыс і задачы маладых пісьменнікаў»; «Сацыялістычны рэалізм як метад савецкага мастацтва»; «Савецкая беларуская лірыка».

Нарада пачала сваю работу ў Доме піянераў 16 мая 1947 года. Адкрыў пасяджэнне Герой Савецкага Саюза, першы сакратар абкама КП(б)Б Васіль Яфімавіч Чарнышоў. З дакладам «Аб задачах савецкай літаратуры» выступіў адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі Павел Нічыпаравіч Кавалёў.

Другі дзень пачаўся з лекцыі выкладчыка гісторыі беларускай літаратуры Уладзіміра Іванавіча Агіевіча «Сацыялістычны рэалізм як метад савецкага мастацтва». Затым адбылася работа секцый паэзіі і прозы. Секцыяй паэзіі кіравалі М. Танк і П. Панчанка. Былі заслуханы выступленні М. Засіма (Пружаны), Гурко (Брэст) і В. Карташоўскага (Пінск). Секцыяй прозы кіравалі Я. Брыль і В. Вітка. Была абмеркавана п’еса «Торжественный день» Барыса Філіповіча (Брэст). Пасля перапынку член-карэспандэнт АН БССР, літаратуразнавец Васіль Васілевіч Барысенка прачытаў даклад «Ленін і Сталін аб літаратуры».

У наступныя дні працягвалася работа секцый, абмеркаванне твораў. Усяго на нарадзе праслуханы і абмеркаваны творы 25 літаратараў. Таксама ўдзельнікі змаглі пабываць у Брэсцкай крэпасці, Белавежскай пушчы, на спектаклі «Старые друзья» Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра БССР, які знаходзіўся на гастролях у Брэсце. Завяршылася нарада 19 мая агульнагарадскім літаратурным вечарам.

Сустрэча ў Брэсце паслужыла вялікім стымулам для творчага росту літаратурнай моладзі. У ліпені 1947 года ў Мінску адбылася рэспубліканская нарада маладых пісьменнікаў, у якой прынялі ўдзел многія з тых, хто прыязджаў у Брэст.

З удзельнікаў нарады ад Брэсцкай вобласці найбольш вядомым літаратарам стаў Мікалай Арцёмавіч Засім (1908–1957). Ён нарадзіўся на Пружаншчыне ў сялянскай сям’і. У 1920-я ўступіў у КПЗБ. У час Вялікай Айчыннай вайны ваяваў у складзе партызанскіх атрадаў, быў інструктарам Брэсцкага абласнога антыфашысцкага камітэта. Пасля вызвалення — загадчык аддзела Пружанскага райвыканкама. Закончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КП(б)Б, з 1948 года працаваў у брэсцкай абласной газеце «Заря», кіраваў літаратурным аб’яднаннем. Вершы пачаў друкаваць з 1928 года. Выйшлі зборнікі паэзіі Міколы Засіма «Ад шчырага сэрца» (1947), «Вершы» (1954), «Выбранае» (1960), «Вершы» (1973), «А за намі Белавежа» (1984).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Совещание молодых писателей //Советская Белоруссия. 1947. 23 мая.

  2. Совещание молодых писателей // Заря. 1947. 18 мая.

  3. Совещание молодых писателей // Заря. 1947. 16 мая.

  4. Няхай, Р. Моладзь ідзе ў літаратуру : [аб падтрымцы маладых літаратараў; узгадваецца нарада ў Брэсце] / Рыгор Няхай // ЛіМ. 1947. 14 чэрвеня.

  5. Мікола Засім // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік. Мінск, 1994. С. 221.

  6. Засiм, М. Вершы / Мікола Засім ; уклад. У. Калеснiк. – Мінск : Мастацкая лiтаратура, 1973. – 159 с. – (Б-ка беларускай паэзii).

  7. Ляшук, В. Я. Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў заходнебеларускіх вершах Міколы Засіма сацыяльнай праблематыкі / В. Я. Ляшук // Беларуска-польскае памежжа: гісторыя, сучасны стан, будучыня : матэрыялы міжнар. навук. канф., 27–28 крас. 2004 г. Брэст : БрДУ, 2004. C. 87–90.

 

 

Чытаць 1254 разоў Апошняя змена Пятніца, 30 Красавік 2021 10:36