Аўторак, 22 Жнівень 2017 16:29

24 жніўня 2017 г. — 20 гадоў з дня асвячэння ўзноўленага Крыжа Еўфрасінні Полацкай у Сімяонаўскім саборы г. Брэста (1997)

Крыж Еўфрасінні Полацкай — унікальны твор старабеларускага эмальернага мастацтва, помнік пісьменства ХІІ ст., рэлігійная і духоўная святыня беларусаў. Шасціканцовы напрастольны крыж быў выраблены ў 1161 годзе па заказе Прадславы (у манастве Еўфрасінні), дачкі полацкага князя Георгія Усяслававіча, полацкім майстрам Лазарам Богшай для царквы Святога Спаса ў г. Полацку.

 

Гэты Крыж з’яўляецца каўчэгам для захавання хрысцінскіх рэліквій. Яго вышыня 51,8 см, даўжыня верхняга перакрыжавання 14 см, ніжняга — 21 см, таўшчыня 2,5 см. На Крыжы змешчаны выявы Хрыста, Маці Божай і Іаана Прадцечы, архангелаў Гаўрыіла і Міхаіла, святой Еўфрасінні Александрыйскай, святых пакутнікаў Георгія і Сафіі. На адвароце — выявы Іаана Златавуста, Васіля Вялікага, Дзмітрыя і Панцеляймона. З імі чаргуюцца эмалевыя арнаментальныя пласціны. Над кожным абразком часткова грэчаскімі, часткова славянскімі літарамі зроблены надпісы. У пяці гнёздах знаходзіліся рэліквіі: кавалачкі Крыжа Гасподняга, кавалачак каменя ад дамавіны Маці Божай, часткі мошчаў святых Стэфана і Панцеляймона, кроў св. Дзмітрыя.

Гісторыя Крыжа драматычная, поўная загадак і незразумеласцей. Да ХІІІ ст. Крыж захоўваўся ў Полацку, у 1222 годзе быў перавезены ў Смаленск. У 1514 годзе цар Васіль ІІІ, захапіўшы Смаленск, вывез Крыж у Маскву. Як вялікая каштоўнасць і ваенны трафей рэліквія трапіла ў царскую казну. З 1841 года знаходзіўся ў Полацку. У 1929 годзе Крыж апынуўся ў якасці экспаната ў Магілёўскім гістарычным музеі, захоўваўся ў сейфе. У 1941 годзе, на пачатку Вялікай Айчыннай вайны, Крыж Еўфрасінні Полацкай быў згублены пры нявысветленых абставінах.

У 1992 годзе было прынята рашэнне аб узнаўленні Крыжа найпадобнай Еўфрасінні Полацкай, створана навукова-кансультатыўная група, у склад якой уваходзілі беларускія і расійскія вучоныя. Беспрэцэдэнтны ў сусветнай практыцы праект з самага пачатку ставіў задачу ўзнаўлення не музейнай каштоўнасці, а святыні беларускага народа — сімвала адраджэння ў краіне праваслаўнай веры. Сродкі на ўзнаўленне Крыжа былі сабраны беларусамі, якія жывуць у розных краінах свету.

На працягу пяці гадоў брэсцкі мастак-эмальер Мікалай Пятровіч Кузьміч працаваў над узнаўленнем Крыжа. Майстру патрэбна было не толькі ўвасобіць выгляд Крыжа, але адрадзіць забытую тэхніку перагародчатай старажытнавізантыйскай эмалі. Гады працы ў маскоўскіх і пецярбургскіх музеях, архівах і сваёй майстэрні дазволілі раскрыць сакрэты тэхналогіі яе вырабу.

30 чэрвеня 1997 года Патрыяршы Экзарх усея Беларусі мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт уклаў ва ўзноўлены Крыж часцінкі крыві Хрыстовай, дрэва Чэснага і Жыватворчага Крыжа, Каменя ад Труны Гасподняй і Каменя ад Труны Прасвятой Багародзіцы, часцінкі святых мошчаў.

24 жніўня 1997 года ў кафедральным Свята-Сімяонаўскім саборы г. Брэста пры вялікім сцячэнні вернікаў Крыж Еўфрасінні Полацкай быў асвечаны Патрыяршым Экзархам усея Беларусі мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам. Узнаўленне Крыжа, яго ўсенароднае прызнанне як нацыянальнай святыні стала бясцэннай ніццю, што звязвае часы і народы. З 27 верасня 1997 года святыня захоўваецца ў Спаса-Праабражэнскім саборы Полацкага Еўфрасінеўскага жаночага манастыра. З таго часу кожны год 5 чэрвеня, у дзень памяці Еўфрасінні Полацкай, Крыж выносіцца для пакланення вернікаў, многія тысячы якiх з’язджаюцца ў Полацк. Таксама час ад часу святыня вандруе па розных гарадах Беларусі, каб пакланіцца ёй маглі найболей людзей.

М. П. Кузьміч адразу прыступіў да працы над стварэннем стаўратэкі для Крыжа, якая была закончана ў чэрвені 2001 года. Стаўратэка — спецыяльны куфэрак для захоўвання святыні, аўтарскі выраб, свабоднае ўвасабленне мастацкай задумкі майстра, помнік ювелірнага мастацтва. Асвячэнне стаўратэкі было здзейснена Патрыярхам Маскоўскім і ўсея Русі Алексіем ІІ 23 чэрвеня 2001 года ў кафедральным Свята-Сімяонаўскім саборы г. Брэста. Патрыях Алексій ІІ уручыў ордэны Рускай праваслаўнай царквы афіцэрам Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь за ўклад у ўзнаўленне Крыжа. Уклаўшы ў стаўратэку ўзноўлены Крыж Еўфрасінні Полацкай, Патрыях Алексій ІІ выйшаў з сабора і з паперці блаславіў гэтай святыняй беларускую паству.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Крыж Ефрасінні Полацкай // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2013. Т. 4. С. 593–594.

  2. Крест Евфросинии Полоцкой // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2007. Т. 4. С. 285.

  3. Крыж Ефрасінні Полацкай // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 273.

  4. Крыж Ефрасінні Полацкай / М. М. Яніцкая // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 2 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 135–136.

  5. Кузьміч Мікалай Пятровіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2013. Т. 4. С. 618.

  6. Мікалай Пятровіч Кузьміч: Чалавек стагоддзя : біябібліяграфічны паказальнік / УК «Абласная бібліятэка імя М. Горкага» ; склад.: Т. С. Філіпава, В. А. Гарбачэўская. – Брэст : Паліграфіка, 2011. – 52 с., [16] л. іл. – Са зместу: Крыж Еўфрасінні Полацкай. С. 6–7; Аднаўленне Крыжа Еўфрасінні Полацкай. С. 20–26.

  7. Художник Н. П. Кузьмич, воссоздавший Крест Евфросинии Полоцкой // Современная Беларусь : энцикл. Справочник : в 3 т. Минск, 2007. Т. 3 : Культура и искусство. С. 342.

  8. Крест — красота церкви = Крыж — краса царквы = Gross beautyofchurch / [Л. В. Алексеев, Т. И. Макарова, Н. П. Кузьмич и др. ; пер. на бел. яз. Е. А. Щербак, пер. на англ. яз. О. А. Лосьмакова]. – Минск : Четыре четверти, 1998. – 115, [3] с. : ил. – (Наши духовные ценности).

  9. Жыватворны сiмвал Бацькаўшчыны : гiсторыя Крыжа св. Еўфрасiннi Полацкай / аўт.-уклад. У. Арлоў ; пер. на рус. мову У. Арлова. – Мінск : Асар, 1998.  326 с. : іл.

  10. Алексеев, Л. В. Крест — хранитель всея Вселенныя : история создания и воссоздания креста преподобной Евфросинии игумении Полоцкой / Л. В. Алексеев, Т. И. Макарова, Н. П. Кузьмич. – Минск : Вестник Белорусского Экзархата, 1996. – 127 с. : ил.

  11. Умрейко, А. Крест Евфросинии : повесть / Александр Умрейко.  Несвиж : Несвижская типография им. С. Будного, 2014.  350 с.

  12. Ролич, О. Крест Евфросинии Полоцкой : [к 20-летию освящения] / Ольга Ролич // Заря. 2017. 10 августа. С. 11.

  13. Мальчевская, Е. Невыразимое и бесконечное : [о работе Н. П. Кузьмича по восстановлению Креста Евфросинии Полоцкой] / Елена Мальчевская // Нёман. 2013. № 4. С. 142–143.

  14. Мальдис, А. Крест Евфросинии : три версии исчезновения национальной реликвии номер 1 / Адам Мальдис // СБ. Беларусь сегодня. 2008. 4 апреля. С. 8–9.

  15. Награда за святое дело : художник Николай Кузьмич получил орден Преподобной Евфросинии Полоцкой // Заря. 2007. 9 июня. С. 2.

  16. Ланеўская, Г. Крыж Еўфрасінні / Галiна Ланеўская // Мастацтва. 2003. № 2. С. 49.

  17. Аксенін, С. Аклад для Крыжа Еўфрасінні / Сымон Аксенін // ЛіМ. 2001. 13 ліпеня (№ 28). С. 3.

  18. Рубашевский, Ю. Уникум представлен брестчанам : [футляр для воссозданного Креста Евфросинии Полоцкой экспонировался в выставочном зале] / Юрий Рубашевский ; фото Николая Чеберкуса // Вечерний Брест. 2001. 20 июня. С. 3.

  19. Крест Евфросинии Полоцкой вновь будет служить белорусскому народу // Советская Белоруссия. 1997. 27 августа. С. 1.

  20. Бунеева, Л. «Паки через крест возобновление…» : [об освящении воссозданного Креста Евфросинии Полоцкой в Симеоновском соборе г. Бреста] / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 1997. 26 августа. С. 1.

  21. Тиборовская, Т. Диалог мастеров через восемь столетий : [Н. Кузьмич завершил свой пятилетний труд] / Тамара Тиборовская // Заря. 1997. 23 августа. С. 2.

  22. Кузьмич, Н. Возрождается национальная святыня / Николай Кузьмич ; беседовала Светлана Сосонная // БугСЭЗ Брест. 1997. № 2. С. 35.

  23. Александров, Н. Брестчанин в святом городе : [Н. Кузьмич отправляется в Иерусалим] / Николай Александров // Рэспублiка. 1994. 3 жнiўня. С. 3.

  24. Антонава, Т. Страсці вакол крыжа, або Пахвальнае слова геніяльнаму Лазару Богшу / Т. Антонава // Звязда. 1994. 25 чэрвеня. С. 2.

  25. Дудзюк, З. Крыж Еўфрасінні : Мікалай Кузьміч збіраецца параўнацца з Лазарам Богшам / Зінаіда Дудзюк // Звязда. 1994. 16 лютага. С. 1.

  26. Глущенко, Т. Брест и Полоцк братья во кресте : [Н. Кузьмич будет восстанавливать Крест Евфросинии Полоцкой] / Тамара Глущенко // Вечерний Брест. 1993. 15 октября. С. 7.

  27. Супрунюк, О. Крест Евфросинии Полоцкой будет воссоздан в Бресте / Олег Супрунюк // Брестский курьер. 1993. 21–27 мая (№ 20). С. 3.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2100 разоў Апошняя змена Серада, 11 Лістапад 2020 15:00