Аўторак, 22 Жнівень 2017 16:31

15 красавіка 2017 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Івана Іванавіча Пратапопава (1907–1944), удзельніка вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (1944), Героя Савецкага Саюза (1945)

Іван Іванавіч Пратапопаў нарадзіўся 15 красавіка 1907 года ў сяле Гяніеўка Зміёўскага павета Харкаўскай губерні (цяпер Зміёўскага раёна Харкаўскай вобласці, Украіна) у сялянскай сям’і. У раннім дзяцінстве з сям’ёй пераехаў у г. Кустанай Тургайскай вобласці (цяпер г. Костанай, Казахстан). У 1929–1931 гадах праходзіў тэрміновую службу ў Чырвонай арміі. Пасля дэмабілізацыі жыў і працаваў у г. Куляб Таджыкскай ССР.

 

У кастрычніку 1942 года Іван Пратапопаў быў зноў прызваны ў Чырвоную армію. Закончыў пяхотнае вучылішча. На фронце з 12 сакавіка 1944 года  на пасадзе камандзіра стралковага ўзвода 3-га стралковага батальёна 415-га стралковага палка 1-й стралковай дывізіі 70-й арміі. Першы яго бой – на рацэ Тур’е паўночней г. Ковеля  у ходзе Палескай аперацыі. У выніку наступлення часці дывізіі выйшлі на рубеж ракі Выжаўка ў Ратнаўскім раёне Украінскай ССР, які ўтрымлівалі да лета 1944 года.

Камандзір узвода старшы лейтэнант І. І. Пратапопаў вызначыўся ў Люблінска-Брэсцкай аперацыі. 22–23 ліпеня 1944 года асноўныя сілы 70-й арміі фарсіравалі раку і моцным ударам з поўдня выйшлі ў тыл брэсцкай групоўкі праціўніка. На захадзе ад г. Брэста разгарнуліся кровапралітныя баі. 24 ліпеня ўзвод І. І. Пратапопава ўмелым манеўрам абышоў з фланга нямецкія пазіцыі ля вёскі Крулеўская і, варваўшыся ў населены пункт, у рукапашнай схватцы знішчыў 40 нямецкіх салдат. Байцы перарэзалі чыгунку Брэст – Варшава ў раёне Перхавіцэ і замкнулі акружэнне брэсцкай групоўкі праціўніка.

25 ліпеня на чыгуначнай станцыі Хатылуў байцы І. І. Пратапопава перахапілі нямецкі эшалон з палівам, які следаваў на Брэст. Праціўнік пачаў адыход з Брэста па шашы Брэст – Варшава. У ноч на 28 ліпеня ўзвод І. І. Пратапопава выйшаў да шашы і заняў абарону, каб блакіраваць шлях адступлення нямецкіх войск. З раніцы закіпеў бой, байцы ўтрымлівалі займаемыя рубяжы. Узвод адбіў 16 варожых контратак, знішчыў больш за 200 гітлераўцаў, 20 аўтамашын, захапіў 3 самаходныя гарматы.

Старшы лейтэнант І. І. Пратапопаў загінуў у баі пад вёскай Асоўна 10 жніўня 1944 года. Пахаваны на месцы бою, ля в. Асоўна гміны Боркі Радзыньскага павета Люблінскага ваяводства (Польшча).

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 сакавіка 1945 года І. І. Пратапопаву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза (пасмяротна). І. І. Пратапопаў узнагароджаны ордэнамі Леніна і Чырвонага Сцяга, медалём «Залатая зорка» (пасмяротна). Яго імем названа вуліца ў г. Куляб (Таджыкістан).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Пратапопаў Іван Іванавіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 153.

  2. Протопопов Иван Иванович // Герои Советского Союза : краткий биографический словарь : в 2 т. Москва, 1988. Т. 2. С. 325.

  3. Протопопов Иван Иванович // Сечкина, Л. П. Твои Герои, Таджикистан : об участниках Великой Отечественной войны из Таджикистана, удостоенных звания Героя Советского Союза / Л. П. Сечкина. Душанбе, 1985. С. 153–154.

  4. Пратапопаў Іван Іванавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1975. Т. 8. С. 560.

  5. Протопопов Иван Иванович // Герои Советского Союза — казахстанцы : в 2 кн. Алма-Ата, 1968. Кн. 2. С. 167–168.

 

 

Чытаць 1241 разоў Апошняя змена Пятніца, 07 Жнівень 2020 14:36