Пятніца, 25 Жнівень 2017 15:41

6 лістапада 2017 г. — 70 гадоў з дня заснавання Брэсцкага дзіцячага дома імя Якуба Коласа (1947)

Вялікая Айчынная вайна пакінула глыбокія раны ў Беларусі. З франтоў не вярнуліся да сваіх сем’яў бацькі, сірот на ўтрыманне ўзяла дзяржава. 6 лістапада 1947 года ў вёсцы Трышын Брэсцкага раёна быў створаны Брэсцкі дзіцячы дом № 2. Яго дырэктарам быў назначаны Іван Андрэевіч Брыкун. Размясцілі ўстанову ў двух будынках, адвялі тэрыторыю 14 га, дзе меўся вялікі сад, сажалка, шмат дрэў — каштаны, ліпы, клёны, таполі.

 

У ХІХ ст. на гэтай тэрыторыі ля вёскі Трышын (вёска ўвайшла ў межы горада ў 1968 г.) знаходзілася сядзіба прадвадзіцеля дваранства, стацкага саветніка, украінскага пісьменніка Аляксея Пятровіча Старажэнкі (1805–1874), які тут жыў у 1868–1874 гадах, пахаваны на Трышынскіх могілках.

Таксама на тэрыторыі дзіцячага дома знаходзіўся памятны знак у гонар Аляксандра Васільевіча Суворава, войскі якога размяшчаліся ў Трышыне ў час падаўлення паўстання Тадэвуша Касцюшкі 1794 года. Рускі палкаводзец чакаў тут свае адстаўшыя абозы перад фарсіраваннем ракі Мухавец. Памятны знак быў устаноўлены ў 1837 годзе, адноўлены ў 1952 г. і 2000 г.

У Брэсцкім дзіцячым доме № 2 выхоўваліся дзеці ад 3 да 17 гадоў з розных месцаў Беларусі. Яны знаходзіліся на поўным забеспячэнні, атрымлівалі 7-класную адукацыю, затым накіроўваліся ў вучылішчы для атрымання рабочых прафесій.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 29 студзеня 1955 года Брэсцкаму дзіцячаму дому № 2 было прысвоена імя Якуба Коласа, народнага паэта Беларусі (1926), акадэміка АН БССР (1928), дэпутата Вярхоўнага Савета СССР і БССР. Яшчэ з 1954 года завязалася перапіска выхаванцаў з Якубам Коласам. Вучоны, педагог, пісьменнік напісаў дзецям 14 лістоў: першы ад 18 кастрычніка 1954 года, апошні — 4 мая 1956 года, але не ўсе яны захаваліся.

У красавіку 1955 года ў госці да Якуба Коласа паехала дэлегацыя ў складзе лепшых вучняў: Надзі Дзярдзюк, Валодзі Сеніча, Колі Жмінько, Лізы Грышчук, Олі Круглей на чале з дырэктарам І. А. Брыкуном. Дэлегацыя знаходзілася ў Мінску чатыры дні, 16 і 17 красавіка былі дома ў паэта. Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч надзвычай гасцінна прыняў гасцей. Расказваў пра дружбу з Янкам Купалай, пра сустрэчы з Максімам Горкім, пра паездку ў Парыж, пазнаёміў са сваімі ўнукамі, купіў білеты ў тэатр на балет «Эсмеральда», звазіў у госці да пісьменніка Янкі Маўра. Канстанцін Міхайлавіч падараваў дзіцячаму дому фотаапарат «Москва-2», шахматы, 25 кніг, некаторыя з іх былі з даравальнымі надпісамі: «Бібліятэцы Брэсцкага дзіцячага дома. Якуб Колас. 15.04.1955 г.».

Якуб Колас абяцаў дзецям прыехаць у госці летам, але хвароба і смерць 13 жніўня 1956 года не далі здзейсніцца сустрэчы ў Брэсце. Смерць сябра дзеці глыбока перажывалі. На цырымонію пахавання ў Мінск ездзіла дэлегацыя з шасці чалавек.

Незадоўга да сваёй смерці Якуб Колас напісаў дзецям у лісце: «Ваша пара, ваш час — самыя лепшыя ў жыцці, і калі вы не скарыстаеце яго для навукі, для сапраўднай падрыхтоўкі да жыцця, дык вы ўпусціце тое, што потым цяжка будзе вярнуць, нагнаць. Хацелася б таксама чытаць вашы пісьмы на беларускай мове. Не трэба зневажаць мову народа, сярод якога вы жывяце, не трэба рабіць так, каб наша роднае слова не мела сабе прытулку ў сваёй роднай краіне».

За дванаццаць гадоў існавання дома імя Якуба Коласа ў ім атрымалі выхаванне больш за 800 чалавек. 1 верасня 1959 года дом быў пераўтвораны ў Брэсцкую школу-інтэрнат і згубіў у назве імя народнага паэта Беларусі, у 1965-м — у санаторную школу-інтэрнат для дзяцей, хворых скаліозам.

5 жніўня 1995 года ў школе-інтэрнаце на вул. Трышынскай адбылася сустрэча былых выхаванцаў дзіцячага дома імя Якуба Коласа. Арганізатарамі сустрэчы, прымеркаванай да 30-годдзя першага выпуску, сталі былыя дзетдомаўцы Галіна Апекунова, Галіна Раманава, Міхаіл Курыльчык. З розных куткоў былога СССР прыехалі былыя гадаванцы, ім было аб чым пагаварыць, што ўспомніць. Прысутнічаў і адзін з першых выхаванцаў — Іван Башалымаў, якога шасцігадовым прывезлі ў дзетдом у 1947 годзе. Наступная сустрэча была наладжана ў 2000-м.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

  1. Башчук, А. В. Дзіцячы дом імя Якуба Коласа / А. В. Башчук // Памяць : Брэст : гіст.-дакум. Хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 534–535.

  2. Детский дом имени Якуба Колоса // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 197.

  3. Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч. – Брэст : Брэсцкая друкарня, 2008. – 568 с. – Са зместу: Брэсцкі дзіцячы дом № 2 : [пра сяброўства выхаванцаў Брэсцкага дзіцячага дома з Якубам Коласам]. С. 18–19.

  4. Колас, Я. Выхаванцам дзіцячага дома ў Брэсце : [4 мая 1956 г.] / Якуб Колас // Колас, Я. Збор твораў у чатырнаццаці тамах / Якуб Колас. Мінск, 1978. Т. 14. С. 204–205.

  5. Школа-интернат // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 388.

  6. Колас Якуб // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 235–236.

  7. Суворову А. В. памятники // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 346.

  8. Трышын // Памяць : Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 473.

  9. Бащук, А. В гостях у великого поэта : [о дружбе детей Брестского детского дома № 2 с Якубом Коласом] / Антонина Бащук, Илья Верин // Брестский вестник. 2009. 26 марта (№ 12). С. 8.

  10. Бунеева, Л. Тришинское братство : спустя десятилетия оно объединяет питомцев Брестского детдома и тех, кто их вырастил / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 2000. 13 сентября. С. 8.

  11. Кунцевич, О. Дом на Тришинской. Тридцать лет спустя : [о встрече воспитанников детского дома им. Якуба Коласа] / Ольга Кунцевич // Вечерний Брест. 1995. 18 августа. С. 2.

  12. Городская панорама : [информ. о встрече бывших воспитанников детского дома им. Якуба Коласа] // Вечерний Брест. 1995. 11 августа. С. 1.

  13. Апекунова, Г. Встретиться решили через 30 лет : [о предстоящей встрече воспитанников Брестского детского дома им. Я. Коласа] / Галина Апекунова // Заря. 1995. 22 июля.

  14. Гурда, В. …Близ деревни Тришин : [предложено взять под охрану в качестве памятника истории дом, где жил А. П. Стороженко; ул. Тришинская г. Бреста] / В. Гурда // Заря. 1989. 21 июля.

  15. Брыкун, І. Друг дзяцей : [аб сяброўстве выхаванцаў Брэсцкага дзіцячага дома № 2 з Якубам Коласам] / І. Брыкун, былы дырэктар Брэсцкага дзіцячага дома імя Якуба Коласа // Звязда. 1962. 3 лістапада.

  16. Щуровский, И. Они дружили с народным поэтом : [о дружбе воспитанников Брестского детского дома № 2 с Якубом Коласом] / И. Щуровский ; фото А. Великосельца // Заря. 1962. 28 октября.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1599 разоў Апошняя змена Пятніца, 30 Кастрычнік 2020 16:12