Пятніца, 22 Верасень 2017 11:40

28 верасня 2017 г. — 50 гадоў з дня зацвярджэння звання «Ганаровы грамадзянін горада Брэста» (1967)

Званне «Ганаровы грамадзянін» прысвойваецца вышэйшым кіруючым органам горада і сімвалізуе выключную форму выражэння ўдзячнасці грамадства за дзейнасць на карысць горада, а таксама даніну павагі да людзей, якія маюць асаблівыя заслугі перад Айчынай. Звання ўдастойваюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама іншаземцы за значныя поспехі ў вытворчай, грамадска-культурнай дзейнасці, у развіцці эканомікі, навукі, культуры, мастацтва, адукацыі, аховы здароўя, фізічнай культуры і спорта; за асаблівыя заслугі пры абароне і вызваленні Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны; за заслугі, праяўленыя ў надзвычайных сітуацыях ў мірны час; а таксама за іншыя заслугі і дасягненні, якія атрымалі шырокае грамадскае прызнанне ў Беларусі і за мяжой.

 

Рашэннем 4-й сесіі Брэсцкага гарадскога Савета народных дэпутатаў 11-га склікання 28 верасня 1967 года было ўстаноўлена званне «Ганаровы грамадзянін горада Брэста». Імя ўдастоенай асобы заносіцца ў Кнігу ганаровых грамадзян г. Брэста з уручэннем пасведчання і чырвонай шоўкавай стужкі з надпісам «Ганаровы грамадзянін горада Брэста». На доме, дзе жыве ці жыў ганаровы грамадзянін, устанаўліваецца мемарыяльная дошка. Асобам дадаткова даюцца правы і льготы: пазачарговае абслугоўванне ва ўстановах аховы здароўя, арганізацыях рознічнага гандлю; бясплатны праезд у гарадскім грамадскім транспарце (аўтобус, тралейбус); пазачарговая ўстаноўка дамашняга тэлефона (для жыхароў Брэста); устанаўліваецца надбаўка да пенсіі (у апошнi час — у памеры 5 базавых велічынь) і інш.

Першымі ганаровага звання былi ўдастоены Герой Савецкага Саюза, адзін з кіраўнікоў абароны Брэсцкай крэпасці Пётр Міхайлавіч Гаўрылаў (1900–1979) і ўдзельнік нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў Заходняй Беларусі на тэрыторыі Брэсцкай вобласці, адзін з кіраўнікоў антыфашысцкага падполля і партызанскага руху ў Вялікай Айчыннай вайне Мірон Емяльянавіч Крыштафовіч (1899–1985).

З цягам часу палажэнне аб Ганаровых грамадзянах горада ўдасканальвалася. 26 снежня 2007 года Брэсцкі гарадскі Савет дэпутатаў прыняў рашэнне № 62 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб Ганаровым грамадзяніне горада Брэста». 15 верасня 2016 года гарадскі Савет дэпутатаў прыняў рашэнне № 115 «Аб установе звання “Ганаровы грамадзянін горада Брэста”». У новай рэдакцыі інструкцыі «Аб парадку прысваення звання» сярод іншага вызначана, што інфармацыя аб прысваенні публікуецца ў газетах «Брестский вестник» і «Вечерний Брест», а таксама на афіцыйным сайце гарвыканкама ў сетцы Iнтэрнэт; асобе выплачваецца аднаразовая грашовая дапамога ў памеры 100 базавых велічынь.

Ганаровага звання ў Брэсце былі ўдастоены: Лілія Рыгораўна Батырава (2015), Анатоль Міхайлавіч Вараб’ёў (2012), Юрый Міхайлавіч Віннік (1984), Уладзімір Іванавіч Газдзецкі (1996), Павел Мартынавіч Гулаў (1969), Мікалай Паўлавіч Дзегцяроў (1996), Міхаіл Фадзеевіч Іофе (2002), Андрэй Мітрафанавіч Кіжаватаў (1985), Пётр Ільіч Клімук (1974), Сямён Майсеевіч Крывашэін (1974), Варлам Міхайлавіч Кублашвілі (1985), Васіль Пятровіч Ласковіч (1978), Аляксандр Аляксандравіч Лучынскі (1975), Сяргей Лаўрэнцьевіч Макаранка (2007), Васілій Данілавіч Махновіч (1978), Юлія Віктараўна Несцярэнка (2004), Аляксандр Сяргеевіч Палышанкоў (2014), Яўген Сцяпанавіч Парфенюк (2007), Пётр Сцяпанавіч Пойта (2014), Пётр Пятровіч Пракаповіч (2011), Павел Васільевіч Пранягін (1974), Уладзімір Пятровіч Самовіч (1997), Аляксандр Васільевіч Саўчыц (2013), Мікалай Давыдавіч Свінарчук (1969), Васіліса Сямёнаўна Селівонік (1969), Святлана Мікалаеўна Сямёнава (2014), Мікалай Сяргеевіч Цімафееў (1974), Канстанцін Георгіевіч Шэлепень (2016).

Ганаровыя грамадзяне вядуць вялікую грамадскую работу па выхаванні моладзі, удзельнічаюць у сустрэчах, мітынгах, святах. У гарадскім парку культуры і адпачынку была закладзена алея ў гонар Ганаровых грамадзян. Іх імёнамі могуць быць названы вуліцы ў горадзе. Так ужо з’явіліся вуліцы Гаўрылава, Крыштафовіча, Кіжаватава, Крывашэіна, Махновіча, Газдзецкага.

Практыка прысваення звання «Ганаровы грамадзянін» цяпер прынята амаль ва ўсіх гарадах і раёнах Брэсцкай вобласці. Брэсцкі абласны Савет дэпутатаў 27 чэрвеня 2008 года прыняў рашэнне аб установе звання «Ганаровы грамадзянін Брэсцкай вобласці». Брэсцкі раённы Савет дэпутатаў 22 снежня 2014 года прыняў рашэнне аб зацвярджэнні звання «Ганаровы грамадзянін Брэсцкага раёна».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

  1. Ганаровы грамадзянін // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 5. С. 20.

  2. Ганаровыя грамадзяне / Я. П. Насытка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 464–465.

  3. Долготович, Б. Д. Почетные граждане белорусских городов : биогр. справочник / Борис Дмитриевич Долготович. – Минск : Беларусь, 2008. – 368 с. : ил. – Из содерж.: Брест. С. 6–14.

  4. Ганаровыя грамадзяне Брэста / падрыхтавалі Г. У. Бяссонаў, А. П. Кондак // Памяць. Брэст : гіст-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 639–644.

  5. Почетный гражданин города Бреста // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 307.

  6. Книга почётных граждан города Бреста // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 232–233.

  7. В аллеях парка дремлет память... : [Городскому парку культуры и отдыха им. 1 Мая — 100 лет] / авт. текста В. П. Самович; фот.: И. П. Власюк [и др.]. Брест: Академия, 2006. 133с. : ил. Из содерж.: Аллея в честь Почётных граждан города Бреста. С. 60–66.

  8. Ими гордится Брест : библиогр. указатель литературы (по материалам краеведческих пресс-досье) : [о людях, удостоеных звания «Почетный гражданин города Бреста»] / Брестская ГЦБС, ЦГБ им. А. С. Пушкина ; сост.: Ж. В. Юркевич, Н. В. Артёмчик. – Брест, 2012. – 39 с.

  9. Об учреждении звания «Почетный гражданин города Бреста» : [решение Брестского городского Совета депутатов от 15 сентября 2016 г. № 115] // Брестский вестник. 2016. 20 октября (№ 42). С. 5.

  10. Можаровская, Е. Константин Шелепень — почётный гражданин Бреста : [о присвоении звания «Почётный гражданин города Бреста» гл. врачу онкологического диспансера] / Елена Можаровская // Вечерний Брест. 2016. 6 июля. С. 1.

  11. Почетные граждане города Бреста : [краткая биография; фото] // Брестский курьер. 2015. 30 июля (№ 31). С. 8–9.

  12. Литвинович, Е. Почет — по заслугам : [итоги внеочередной 4-й сессии Брестского областного Совета депутатов 27-го созыва; о присвоении звания «Почетный гражданин области» В. Бурскому, А. Зеленовскому, архиепископу Пинскому и Лунинецкому Стефану, С. Макаренко, М. Осиповой] / Евгений Литвинович // Заря. 2014. 27 ноября. С. 3.

  13. Михович, С. Победа всех учителей города : [директору лицея № 1 им. А. С. Пушкина Светлане Николаевне Семёновой присвоено звание «Почетный гражданин города Бреста»] / Светлана Михович ; фото Александра Воробья // Брестский вестник. 2014. 4 августа (№ 36). С. 7.

  14. Крейдич, М. «Следующая — Гоздецкого» : [история ул. Гоздецкого в г. Бресте; биография Владимира Ивановича Гоздецкого, руководителя стройтреста № 8, Почетного гражданина города Бреста] / Мария Крейдич // Брестский вестник. 2013. 29 августа (№ 35). С. 19.

  15. Седьмой почетный : [генеральному директору ОАО «Савушкин продукт» Александру Савчицу присвоено звание «Почетный гражданин города Бреста»] // Брестский вестник. 2013. 27 июня (№ 26). С. 2.

  16. Шапран, Ю. Мемориальная доска — на доме «грозы контрабандистов» : [открытие после реконструкции мемориальной доски (пр-т Машерова, 26) памяти Почетного гражданина города Бреста Варлама Кублашвили] / Юрий Шапран ; фото Миланы Харитоновой // Брестский курьер. 2013. 30 мая (№ 22). С. 5.

  17. Петру Прокоповичу присвоено звание «Почётный гражданин Бреста» // Кобрин-информ. 2011. 4 августа (№ 31). С. 3.

  18. Холоднов, Д. Прославлен за дела свои : [настоятелю Свято-Воскресенского храма Евгению Парфенюку присвоили звание «Почётный гражданин города Бреста»] / Д. Холоднов // Брестский вестник. 2007. 27 декабря. С. 2.

  19. Хокимова, А. Присвоено почетное звание : [звание «Почётный гражданин города Бреста» присвоено Сергею Лаврентьевичу Макаренко, уроженцу г. Бреста, чемпиону ХІІ Олимпийских игр в Риме (1960) по гребле на каноэ-двойке] / Антонина Хокимова // Вечерний Брест. 2007. 25 мая. С. 3.

  20. Но гражданином быть обязан! : [олимпийская чемпионка Юлия Нестеренко стала Почетным гражданином города Бреста] // Знамя юности. 2004. 8 октября. С. 23.

  21. Гражданин Бреста — это звучит почетно : [ген. директору СП ОАО «Брестгазоаппарат» Михаилу Иоффе присвоено звание «Почетный гражданин города Бреста»] // Брестский курьер. 2002. 6–10 октября. С. 2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1306 разоў Апошняя змена Чацвер, 04 Чэрвень 2020 10:27