Серада, 01 Лістапад 2017 16:19

15 кастрычніка 2017 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Івана Аляксеевіча Ермалаева (1907–1993), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, Героя Савецкага Саюза (1945)

Іван Аляксеевіч Ермалаеў нарадзіўся 15 кастрычніка 1907 года ў вёсцы Вялікія Бярэзіцы Наўгародскай губерні (цяпер Шымскага раёна Наўгародскай вобласці) у сялянскай сям’і. Скончыў 7 класаў. Прызваны ў Чырвоную армію ў 1929 годзе Салецкім райваенкаматам. У 1934 годзе скончыў Ленінградскае ваенна-палітычнае вучылішча, пасля чаго сем гадоў служыў палітруком, затым — камісарам.

 

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны І. А. Ермалаеў служыў на Далёкім Усходзе. Настойліва дабіваўся адпраўкі на фронт. У пачатку 1943 года скончыў Вышэйшыя стралкова-тактычныя курсы ўдасканалення каманднага складу пяхоты «Выстрел», пасля чаго знаходзіўся ў дзеючай арміі. З лютага 1943 года — камандзір 767-га стралковага палка 228-й стралковай Узнясенскай дывізіі 53-й арміі 2-га Украінскага фронту.

Капітан І. А. Ермалаеў на Паўднёва-Заходнім фронце ў складзе 1-й гвардзейскай арміі ўдзельнічаў у Данбаскай наступальнай аперацыі (13 жніўня – 22 верасня 1943 г.), у ходзе якой 228-я стралковая дывізія 7 верасня 1943 года фарсіравала раку Северскі Данец у раёне горада Балаклея Харкаўскай вобласці і з баямі рухалася ўздоўж правага берага ракі ў паўночна-заходнім кірунку. У паспяховым выкананні загадаў камандавання 228-й стралковай дывізіяй вялікую ролю адыграла ўмелае кіраўніцтва баявымі аперацыямі намесніка камандзіра 799-га стралковага палка па страявой частцы капітана І. А. Ермалаева, які бесперапынна знаходзіўся ў баявых парадках падраздзяленняў.

8 верасня 1943 года І. А. Ермалаеў знаходзіўся ў падраздзяленнях палка на вышыні 162. У гэты час з вёскі Чырвоны Данец (цяпер пасёлак гарадскога тыпу Балаклейскага раёна Харкаўскай вобласці) праціўнік распачаў контратаку пры падтрымцы танкаў на пазіцыі палка. Капітан І. А. Ермалаеў выклікаў артылерыйскі і мінамётны агонь на сябе і, дакладна карэктуючы яго, прымусіў праціўніка павярнуць назад. Потым ён падняў у атаку падраздзяленне і выбіў праціўніка з Чырвонага Данца, чым забяспечыў бяспеку левага фланга. За гэта быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені.

З кастрычніка 1943 года 228-я стралковая дывізія ў складзе 37-й арміі ўдзельнічала ў наступальных дзеяннях 2-га Украінскага фронту на крыварожскім кірунку, прадпрынятых арміяй з плацдарма на правым беразе Дняпра. У баі 1 лістапада 1943 года ў раёне вёскі Іскраўка Пятроўскага раёна Кіраваградскай вобласці капітан І. А. Ермалаеў быў цяжка паранены. Пасля лячэння вярнуўся ў свой полк.

На 3-м Украінскім фронце ў складзе 37-й арміі ён паспяхова ўдзельнічаў у некалькіх наступальных аперацыях і вызваленні многіх гарадоў. У верасні 1944 года маёр І. А. Ермалаеў быў прызначаны камандзірам 767-га стралковага палка, якім камандаваў да канца вайны (з пачатку красавіка 1945 г. у званні падпалкоўніка). І. А. Ермалаеў умела кіраваў баявымі дзеяннямі палка па авалоданні важным вузлом дарог горада Мако (Венгрыя), які звязваў Венгрыю з Румыніяй і Югаславіяй. Байцам давялося ноччу зрабіць 30-кіламетровы марш праз лясы і балоты, выйсці ў тыл ворага. Раніцай 7 кастрычніка 1944 года полк падняўся на штурм Мако, да канца дня фашысты былі выкінуты з яго. У ходзе баёў полк знішчыў больш за 1 000 фашыстаў, узяў у палон каля 500 гітлераўскіх салдат і афіцэраў, 2 танкі, 23 гарматы, 14 мінамётаў, 8 аўтамашын і шмат іншай баявой тэхнікі i боепрыпасаў.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 сакавіка 1945 года маёр І. А. Ермалаеў за храбрасць і ўмелае кіраўніцтва палком у Карпатах і Венгрыі быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка».

Пасля заканчэння вайны падпалкоўнік І. А. Ермалаеў працягваў службу ва Узброеных Сілах. У 1950 годзе Іван Аляксеевіч скончыў курсы ўдасканалення афіцэрскага складу. Узначальваў Ляхавіцкі раённы ваенны камісарыят. З чэрвеня 1954 года па снежань 1955 года служыў ваенным камісарам Брэсцкага аб’яднанага гарадскога ваеннага камісарыята. За гады службы быў узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І і ІІ ступеняў, Чырвонай Зоркі, медалямі.

Напрыканцы 1955 года ў званні палкоўніка быў зволены ў запас. Пражываў у Брэсце. Арганізатарскія здольнасці Івана Аляксеевіча спатрэбіліся ў падрыхтоўцы спецыялістаў — будучых воінаў Савецкай арміі ў сістэме ДТСААФ. Працаваў у аб’яднаннай тэхнічнай школе імя Д. М. Карбышава, дзе рыхтавалі вадзіцеляў. Чалавек прынцыповы і спагадлівы, Іван Аляксеевіч карыстаўся павагай сярод жыхароў Брэста. Актыўна займаўся патрыятычным выхаваннем, часта сустракаўся з вучнямі школ, працуючай і студэнцкай моладдзю, рэгулярна наведваў вайсковыя падраздзяленні.

І. А. Ермалаеў пасля цяжкой хваробы памёр 8 студзеня 1993 года. Пахаваны на гарадскіх могілках Плоска ў Брэсце (участак 26).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, заг. інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела

 

 

  1. Лёсам звязаны з Брэстам : Ермалаеў Іван Аляксеевіч / падрыхтаваў Г. У. Бяссонаў // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 633–634.

  2. Ермолаев Иван Алексеевич // Герои Советского Союза : краткий биогр. словарь : в 2 т. Москва, 1987. Т. 1. С. 485.

  3. Ермолаев Иван Алексеевич // Навсегда в памяти. Герои земли Новгородской. Великий Новгород, 2015.

  4. Ермолаев Иван Алексеевич // Солдаты Победы: ветераны Великой Отечественной войны 19411945 гг. Великий Новгород, 2005. Т. 1. С. 17.

  5. Аджимамедов, Ю. Слово о герое : [памяти И. А. Ермолаева] / Ю. Аджимамедов // Заря. 1993. 12 января. С. 4.a

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1152 разоў Апошняя змена Чацвер, 29 Кастрычнік 2020 15:12