Пятніца, 17 Лістапад 2017 14:23

19 кастрычніка 2017 г. — 125 гадоў з дня нараджэння Івана Трафімавіча Смаля (1892–1970), удзельніка барацьбы за савецкую ўладу на Беларусі

Іван Трафімавіч Смаль нарадзіўся 19 кастрычніка 1892 года ў вёсцы Ляхаўцы Маларыцкай воласці Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Працаваць пачаў з чатырнаццацігадовага ўзросту — з 1906 года быў рабочым лясніцтва. У пошуках лепшай долі выехаў у ЗША. Праз нейкі час вярнуўся, пачалася Першая сусветная вайна, у 1914 годзе быў прызваны ў Рускую армію.

 

З кастрычніка 1915 года Іван Смаль працаваў фармоўшчыкам-ліцейшчыкам на ваенным заводзе «Арсенал» (Варшаўскі акруговы арсенал, які быў эвакуіраваны з Варшавы) у Гомелі. Тут пазнаёміўся з Іванам Іванавічам Яворскім (1888–1962), бальшавіком з 1904 года, які прыцягнуў маладога рабочага да рэвалюцыйнай барацьбы. Іван Смаль распаўсюджваў лістоўкі, вёў агітацыю сярод салдат перасыльнага пункта. Летам 1916 года ўладкаваўся на завод у Навабеліцы, дзе працавалі і салдаты.

На пачатку сакавіка 1917 года даведаліся, што цар Мікалай ІІ адрокся ад прастола, у сталіцы створаны Часовы ўрад. На заводзе быў створаны завадскі камітэт і абраны дэпутаты ў Гомельскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У сакавіку 1917 года завадская бальшавіцкая ячэйка прыняла Івана Смаля ў рады ВКП(б). Ён быў членам, затым старшынёй завадскога камітэта, дэпутатам Гомельскага Савета.

У жніўні 1917 года І. Т. Смаль з’яўляўся адным з арганізатараў Чырвонай гвардыі ў Навабеліцы. У атрад запісаліся каля 600 чалавек, але з іх былі адабраны 70. На Івана Смаля ўсклалі абавязкі памочніка камандзіра атрада па палітычнай частцы. Да кастрычніка чырвонагвардзейскі атрад стаў сур’ёзнай баявой адзінкай узброенага пралетарыяту, унёс свой уклад ва ўстанаўленне савецкай улады ў Гомелі. Але Івану Смалю ў момант рэвалюцыйных падзей не давялося ўдзельнічаць у радах атрада. У дні Кастрычніцкай рэвалюцыі ён знаходзіўся ў камандзіроўцы ў Магілёве, а пасля вяртання на пачатку лістапада цяжка захварэў, знаходзіўся на лячэнні ў шпіталі.

Пасля выпіскі са шпіталя Іван Смаль да канца лютага 1918 года працаваў у Гомельскім гарадскім Савеце. З сакавіка 1918 года — член ініцыятыўнай пяцёркі па арганізацыі партызанскага руху і падпольнай работы на Гомельшчыне, член Палескага паўстанчага камітэта. Удзельнік Грамадзянскай вайны (1918–1920).

З 1924 года І. Т. Смаль на партыйнай і гаспадарчай рабоце на Беларусі. У 1933 годзе скончыў Ленінградскую прамысловую акадэмію. Працаваў інжынерам, намеснікам дырэктара Магілёўскага аўтарамонтнага завода. Па бязглуздым даносе І. Т. Смаль быў арыштаваны 7 кастрычніка 1937 года. Аўтазавод своечасова не адрамантаваў дзве машыны, інжынера абвінавацілі ў зламысным замаруджванні працы. Іван Трафімавіч вытрымаў катаванні, не падпісаў абвінавачванні. Быў асуджаны 16 жніўня 1938 года. Пасля краху наркома ўнутраных спраў СССР М. І. Яжова яго вызвалілі 7 мая 1939 года, хворага і сівога.

Малодшы брат Івана Трафімавіча, Фёдар Трафімавіч Смаль (1905–1937) жыў у Гомелі, працаваў слесарам на шчаціннай фабрыцы. Быў арыштаваны 5 верасня 1937 года. Па пастанове асобай тройкі НКУС БССР ад 5 лістапада 1937 года прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 14 лістапада 1937 года. Рэабілітаваны 12 ліпеня 1957 года.

У гады Вялікай Айчыннай вайны І. Т. Смаль быў у радах Чырвонай арміі. З 1945 года — майстар на Мінскім аўтазаводзе. Аўтар успамінаў аб рэвалюцыйных падзеях 1917 года ў Гомелі «От Февраля к Октябрю» (1957). Іван Трафімавіч узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак яму была назначана персанальная пенсія.

І. Т. Смаль памёр 18 ліпеня 1970 года.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

  1. Смаль Іван Трафімавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 15. С. 46.

  2. Смаль Іван Трафімавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т. 6, кн. 1. С. 360.

  3. Смаль Іван Трафімавіч // Памяць. Гомель : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1998. Кн. 1. С. 299.

  4. Смаль Иван Трофимович // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 583.

  5. Смаль Іван Трафімавіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 563.

  6. Смаль Іван Трафімавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1973. Т. 9. С. 603–604.

  7. Смаль, И. Т. От Февраля к Октябрю : [воспоминания о 1917 г.] / Иван Трофимович Смаль // В борьбе за Октябрь в Белоруссии и на Западном фронте : воспоминания активных участников Октябрьской революции.Минск, 1957. С. 118–127.

  8. Пазняк, З. Курапаты — дарога смерці : гавораць сведкі трагедыі : [узгадваецца І. Т. Смаль] / Зянон Пазняк, Яўген Шмыгалёў // ЛіМ. 1988. 3 чэрвеня (№ 23). С. 14–15.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 654 разоў