Серада, 08 Жнівень 2012 09:58

90 годоў з часу заснавання ў г. Пружаны Палескага ваяводства Дзяржа́ўнай вышэ́йшай гімна́зіі імя́ А. Міцке́віча (1922)

Дзяржаўная вышэйшая гімназія імя Адама Міцкевіча (па-польску: Wyższe Gimnazjum Państwowe im. A. Mickiewicza) – 8-мі класная адукацыйная ўстанова г. Пружаны ў міжваеннай Польшчы.

{gcontent}Дзейнічала ў 19221939 гг., выкладанне вялося па-польску.   

Пытанне адкрыцця ў Пружанах сярэдняй школы ўнесла на разгляд гарадскога савета група, натхнёная інжынерам-тэхнолагам Збігневам Нячай-Хрузевічам. 21 верасня 1922 г. кураторыум Палескай школьнай акругі дае дазвол магістру г. Пружаны на стварэнне шко­лы. Магістр прапанаваў на пасаду дырэктара гімназіі Збігнева Нячай-Хрузевіча. Былi куплены тры памяшканні па вуліцы Стражацкай (Пажарнай), 9, якія ў часы падзелу з’яўляліся рэзідэнцыяй ваеннага каменданта горада. Пабудаваны будынак быў у 1902 г. 2 кастрычніка 1922 г. дырэктар у хуткім парадку ўкамплектаваў тры класы вышэйшай гімназіі (4, 5, 6) і настаўніцкі калектыў.

Урачыстае адкрыццё гімназіі адбылося 3 кастрычніка 1922 г. Навучанне ў гімназіі ішло па вышэйшай праграме матэматычна-прыродазнаўчых гімназій дзяржаўнага тыпу. У 1923 г. гімназію наведала акруговая школьная камісія з мэтай вывучэння ўмоў навучання і зацвярджэння яе навуковага ўзроўню. 1 кастрычніка 1923 г. гімназія атрымала званне “дзяржаўнай”.

Першымі настаўнікамі ў гімназіі былі: З. Дамброўскі – нямецкая мова, святар К. Губараў – праваслаўная рэлігія, Карол – гімнастыка і спевы, М. Лех – польская мова, Лазоўскі – матэматыка, Міярэцкі – маляванне, матэматыка, Альшанскі – прыродазнаўства, М. Солава – гісторыя, А. Саламановіч – фізіка, ксёндз Б. Францішак – рымска-каталіцкая рэлігія, школьны ўрач К. Пацэвіч – гігіена, паручык Л. Гнатоўскі – інструктар ваеннай падрыхтоўкі і равін, які выкладаў іудзейскую рэлігію.                                                                 Заступнікам школы аднагалосна выбралі Адама Міцкевіча, якога ў павеце асабліва шанавалі з выпадку цеснай сувязі рэгіёна са старым цэнтрам культуры – Вільнай. Таму, зразумела, і на штандарце (вынасным сцягу) гімназіі была выява Маці Божай Вастрабрамскай і словы з верша А. Міцкевіча ”Песня”:

Прысягу сяброўскую помні,

Няхай кожны дзень і імгненне

Табе свецяць словы,

як промні:

Айчына, навука, сумленне!

У 1924 г. гімназія стала гуманітарнай. Колькасць вучняў вагалася ад 74 (у першы год існавання) да 260–280 у далейшым. Па нацыянальным складзе большасць былі палякі – 63% і яўрэі – 32%, беларусаў – 4%, рускіх і немцаў – 0,6% і 0,5%. Па месцы жыхарства: горад – 65%, павет – 23%, з іншых рэгіёнаў Польшчы – 12%. Па роду заняткаў бацькоў: служачыя – 31%, купцы – 18%, рамеснікі – 7%, землеўладальнікі і настаўнікі па 6%, астатнія – прамыславікі, ваенныя і вольнаработнікі.

Навучан­не ў гімназіі было платным – 22000 злотых у год, але для дзяцей дзяржаўных служачых і настаўнікаў было шмат ільгот, па якіх магчыма было поўнае вызваленне ад платы.

У гімназіі працавалі бібліятэкі – настаўніцкая (1214 кніг) і вучнёўская (2847 кніг), – дзе найбольшай папулярнасцю карысталіся кнігі Радзівічоўны, Канапніцкай, Сінкевіча, Жаромскага, Пруса – прыгоды і гістарычныя раманы. Была таксама і чытальная зала з мноствам энцыклапедый, выпісваліся перыядычныя выданні – 10 польскіх часопісаў і 2 газеты, 4 французскія часопісы і 5 газет, 2 нямецкія газеты.

Вельмі добра было пастаўлена ў гімназіі пазашкольнае навучанне і выхаванне. Дзейнічалі чатыры гімназічныя секцыі (факультатывы): гуманістычная (паланістыка і гісторыя), фізіка-матэматычная, фіз. выхаваўчая, краязнаўчая.

На харцэрскіх курсах вывучаліся медпадрыхтоўка для палявых умоў дзеяння, ваенная сувязь, картазнаўства, конная язда, зброя, выжыванне ў экстрэмальных абставінах. Яшчэ былі такія ваенізаваныя арганізацыі, як “Аб’яднанне моладзі П.С.К.”, “Аб’яднанне школьнае Л.О.Р.Р.”, арганізацыя Польскага Чырвонага Крыжа.

Быў у гімназіі таксама мужчынскі і жаночы хоры, аркестр. Існавала свая насценная газе­та “Наш шлях”, якой выйшла 13 нумароў, пра яе пісалі ў польскім часопісе “Кузня маладых”.

Трэба адзначыць, што на той час гімназія з’яўлялася своеасаблівым культурным цэнт­рам Пружан, яна прымала ўдзел ва ўсіх гарадскіх мерапрыемствах, сама неаднойчы з’яўлялася ініцыятарам розных імпрэзаў. У горадзе праводзіліся пад кіраўніцтвам настаўнікаў розныя адмысловыя святы (лесу, птушак), тэатральныя пастаноўкі, вандроўкі па павеце і за яго межамі, арганізацыя летнікаў. Дзякуючы гэтаму ўсяму, мацаваліся сяброўскія адносіны сярод вучняў, якія пратрымаліся ўжо больш паўвека. Кожны год навучэнцы былой гімназіі збіраюцца ў Польшчы на беразе Балтыйскага мора ў горадзе Дарлувэк.

Пружанская гімназія за свой кароткі час існавання выпусціла ў свет шмат вядомых людзей: Людвіка Прэс, прафесар археалогіі Варшаўскага ўніверсітэта; Федэрык Часка, прафе­сар горнай акадэміі Польшчы (скончыў падпольныя гімназічныя курсы); Раіса Жук-Грышкевіч, публіцыст, вядомы грамадскі дзеяч беларусаў свету; Валянціна Вашкевіч, навукоўца, складальнік першага падручніка “Беларуская мова” для англамоўных вучняў; Міхаіл Мартынюк, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар кафедры эксперыментальнай фізікі Расійскага ўніверсітэта дружбы народаў; Серафін Міхалеўскі, філолаг, член Акадэміі навук Польшчы; Стэфан Малаўскі, вядомы хірург, доктар медыцынскіх навук; Тадэвуш Цярпілоўскі, прафесар хіміі ў Вроцлаўскім універсітэце; Міраслаў Масакоўскі (скончыў падпольныя гімназічныя курсы), нейрахірург, прафесар, старшыня Польскай акадэміі навук; Васіль Гарустовіч, вядомы ў Пружанах хірург, які зрабіў каля 20000 аперацый; Уладзіслаў Ягела, гене­рал авіяцыі; Уладзіслаў Найбіч, афіцэр авіяцыі, узнагароджаны ордэнам “Віртуці Мілітары”.

З прыходам савецкай улады ў верасні 1939 г. гімназію пераўтварылі ў сярэднюю школу. Кіраўніком была прызначана ўладамі “завуч”, жанчына, прыехаўшая з Усходу.

У 1940 г. па абвінавачванні ў контррэвалюцыйнай дзейнасці частку калектыву школы разам з сем’ямі выслалі ў сяленне Калпашава Томскай вобласці і ў Ка­захстан. Многія адтуль не вярнуліся.

Адразу па сканчэнні Вялiкай Айчыннай вайны ў будынак гімназіі пераехала першая беларуская сярэдняя школа г. Пружаны, створаная ў 1941 г. Пазней у ім размяшчаўся Дом піянераў. Будынак былой гімназіі быў зруйнаваны ў пачатку 1990-х, падчас узвядзення новага Палаца культуры.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Казлоўская Надзея Анатольеўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання i iнфармацыi

{/gcontent}

  1. Зялевіч, Ю. Вышэй крыжоў і ордэнаў узнагарода – вучні вашы… / Юрась Зялевіч // Раённыя будні. 2002. 5 кастр. С. 3. Дзяржаўная вышэйшая гімназія імя Адама Міцкевіча.
  2. Через слёзы и смех : мемуары Лубы Бат / пер. с англ. и подгот. к печати И. С. Машкало // Голас Пружаны. 2002. 29 ліст. (№ 1). С. 2–3. Воспоминание очевидца о Пружанах 1935 года, в том числе учреждения образования.
  3. Корчак-Міхалеўскі, С. Дзе дух Міцкевіча лунаў… : успаміны / Серафін Корчак-Міхалеўскі // Раённыя будні. 1993. 30 кастр. С. 3. Успаміны пра дзейнасць Дзяржаўнай агульнаадукацыйнай гімназіі імя А. Міцкевіча.
  4. Папко, В. Адлюстраванне паўсюдзеннага жыцця павятовага горада Пружаны ў 1921–1939 гг. у дакументах Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці / Вольга Папко // http://www.pawet.net/library/history/bel_history/sorkina/101/Гістарыяграфія і крыніцы па гісторыі гарадоў і працэсаў урбанізацыі ў Беларусі.html
  5. http://be-x-old.wikipedia.org/…/Гімназія_імя_Адама_Міцкевіча_(Пружаны).
  6. http://pruzhany.net/1577-gimnaziya-imya-adama-m-ckevicha-pruzhanax.html
Чытаць 1045 разоў Апошняя змена Серада, 28 Жнівень 2013 12:32