Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 07 Люты 2018 15:45

2018 г. — 145 гадоў з пачатку дзейнасці Заходняй экспедыцыі пад кіраўніцтвам генерала І. І. Жылінскага па асушэнні балот на Палессі (1873)

Асушэнне Палескіх балот на дзяржаўным узроўні сістэматычна стала весціся з 1873 года, калi для вывучэння прыродна-кліматычных умоў Палесся, правядзення пошукавых работ, праектавання асушальнай меліярацыі і арганізацыі гідрамеліярацыйнага будаўніцтва была створана Заходняя экспедыцыя па асушэнні балот.

 

Работамі кіраваў генерал ад інфантэрыі Іосіф Іпалітавіч Жылінскі (1834–1916), які з’яўляўся спецыялiстам высокай кваліфікацыі. Скончыў Пецярбургскі інстытут корпуса інжынераў і геадэзічнае аддзяленне Акадэміі Генштаба (1854). У 1860 годзе геадэзіст камандзіраваны ў Мінскую і Магілёўскую губерні на трыангуляцыённыя работы. У 1864–1865 гадах працаваў у Германіі, Бельгіі і Англіі. Член Мінскага таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. Аўтар прац «Краткое обозрение Полесья и его канализации» (1892), «Очерк работ Западной экспедиции по осушению болот (1873–1898)» (1899), «Очерк осушительных работ в Полесье до 1883 г.» (1909) і інш.

Засваенне Палескай нізіны пачалося толькі пасля дэталёвых тапаграфічных, гідралагічных, глебавых і іншых пошукаў. Атрымаўшы ў сваё распараджэнне грашовыя сродкі і сабраўшы адпаведны персанал, І. І. Жылінскі прыступіў да правядзення пошукавых работ на Палессі, у геаграфічнае паняцце якога ўключалася велізарная тэрыторыя (каля 8,7 млн га), якая мае ўмоўна выгляд трыкутніка з вяршынямі ў гарадах Брэсце, Магілёве, Кіеве. У межах сучаснага Пінскага раёна меліярацыйныя работы праводзіліся на Маладзельчыцкай казённай дачы, па рацэ Стубле (прыток Стыры), поруч сёл Парэчча і Жолкіна.

Экспедыцыяй былі закладзены асновы двухбаковага рэгулявання глебавай вільготнасці, арганізаваны пункты назірання за гідралагічным рэжымам Палесся, у тым ліку метэастанцыя ў Пінску (1876).

На падставе праведзеных у 1873 годзе пошукаў І. І. Жылінскім быў распрацаваны генеральны план асушэння Палесся. Гэты буйны праект па асушэнні зямель не меў аналагаў у свеце. Ён быў высока ацэнены ў Расіі і за мяжой, удастоены залатога медаля на Сусветнай выстаўцы ў Парыжы (1878).

Работы вяліся па тэхнічных праектах, распрацаваных згодна з генеральным планам. Сеткі магістральных і бакавых каналаў капаліся ўручную, рэчышчы рэк чысціліся чарпакамі з плытоў, масты і драўляныя шлюзы сякліся сякерамі. Грунт вывозіўся на конях. У месцах перасячэння каналаў з дарогамі будаваліся драўляныя бэлечныя масты, а са сцяжынкамі — перакладзіны з бярвёнаў і поручняў на іх. На каналах акрамя мастоў будаваліся драўляныя шлюзы, якія рэгулявалі ўзровень вады. Акрамя пастаянных рэгулятараў практыкаваліся часовыя перамычкі з калкоў і дзярніны. У вусцях некаторых асушальных каналаў рабілі млынавыя плаціны, якія выконвалі ролю водападводных збудаванняў.

За 1874–1897 гады экспедыцыяй пабудавана 4 367 вёрст асушальных каналаў, 549 мастоў і 30 шлюзаў, ачышчана 127 вёрст рэчышчаў рэк. Па даных І. І. Жылінскага, да 1897 года было каналізавана 450 тыс. дзесяцін балот.

Акрамя правядзення самых простых работ па паляпшэнні асушаных пад сенажаці балот, экспедыцыя на невялікіх участках праводзіла доследы па вырошчванні на гэтых землях азімых і яравых зерневых культур, кармавых траў і агародніны. Вялікую цікавасць уяўляюць доследы экспедыцыі па пескаванні асушанага балота. Асушальныя работы на Палессі станоўча адбіліся на росце лясных насаджэнняў і лугавых угоддзяў. Кошт зямлі ўзрос у 7–10 разоў. Аздаравіўся клімат Палесся, хваробы перасталі насіць эпідэмічны характар, а спецыфічная палеская хвароба «каўтун» паступова знікала зусім. Рост насельніцтва на Палессі пачаў перавышаць звычайны працэнт гадавога прыросту ў еўрапейскай частцы Расіі. Асушэнне балот стварала магчымасці для пракладкі новых дарог, што таксама садзейнічала паляпшэнню жыцця палешукоў, пашырала іх сувязі паміж раз’яднанымі населенымі пунктамі і прамысловымі цэнтрамі.

У пачатку 1900-х гадоў у сувязі са скарачэннем асігнаванняў работы па асушэнні балот Палесся значна скараціліся, экспедыцыя была ліквідавана. Яе функцыі перададзены мясцовым зямельным органам. На нарадзе па абмеркаванні вынікаў работы Заходняй экспедыцыі (1911, Мінск) была абгрунтавана неабходнасць далейшага асушэння балот Палесся. У 1913 годзе створана вышукальна-будаўнічая палеская партыя, якая фактычна стала пераемнікам Заходняй экспедыцыі. З пачаткам Першай сусветнай вайны дзейнасць партыі была спынена.

Падводзячы вынікі дзейнасці экспедыцыі на Палессі, якая цягнулася 30 гадоў, І. І. Жылінскі пісаў: «Зробленыя да гэтага часу каналізацыйныя работы на Палессі ... можна лічыць дастатковымі толькі пры цяперашніх эканамічных умовах краіны; па меры ж змянення гэтых умоў з часам, гэта значыць, па меры павелічэння насельніцтва і ўздыму культуры краіны, будзе з’яўляцца непазбежная неабходнасць у паступовым пашырэнні і дапаўненні існуючай сеткі каналаў».

Шмат цікавай і карыснай інфармацыі пра меліярацыю Палесся і ў тым ліку аб Заходняй экспедыцыі І. І. Жылінскага знаходзіцца ў Музеі гісторыі меліярацыі зямель Брэсцкай вобласці, заснаваным у Пінскім прадпрыемстве меліяратыўных сістэм (УП «Пінскае ПМС») у в. Галева.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Янішчыц. Паўлюкавец Наталля Уладзіміраўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

 

  1. Заходняя экспедыцыя па асушэнню балот // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 7. С. 25.

  2. Заходняя экспедыцыя па асушэнню балот Палесся, 1873–98 / Валерый Аношка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 426.

  3. Западная экспедиция по осушению болот / В. С. Аношко // Мелиорация : энцикл. справочник. Минск, 1984. С. 189–190.

  4. Жылінскі Іосіф Іпалітавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 464.

  5. Жилинский Иосиф Ипполитович // Республика Беларусь : энциклопедия : [у 7 т.]. Минск, 2006. Т. 3. С. 541.

  6. Жылінскі Іосіф Іпалітавіч / Наталля Бярозкiна // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 380.

  7. Жилинский, И. И. Очерк работ Западной экспедиции по осушению болот (1873–1898) / сост. Генерал-Лейтенантом И. И. Жилинским ; изд. Министерства Земледелия и Государственных Имуществ. Санкт-Петербург : Типография Санкт-Петербургского Акционерного Общества Печатного дела в России Е. Евдокимов, 1899. 1 л. фронт., 742, [2] с., 18 л. ил.

  8. Белов, С. И. Выдающиеся географы из Беларуси : [в т. ч. о И. И. Жилинском] // Брэсцкі геаграфічны веснік / Брэсцкі абласны аддзел ГА «Беларускае геаграфічнае таварыства». Брэст, 2004. Т. ІV, вып. 1. C. 15–17.

  9. Лукашик, П. И. Мелиоративные работы, выполненные экспедицией И. И. Жилинского // История мелиорации земель Брестчины / Пётр Иосифович Лукашик. Брест, 1998. С. 25–36.

  10. Лебедзь, У. Іосіф Іпалітавіч Жылінскі / У. Лебедзь, П. Лукашык // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 110–112.

  11. Мешечко, Е. Н. Путешествие по Беларуси: в краю Нёмана, Западного Буга и Припяти / Е. Н. Мешечко ; БрГУ им. А. С. Пушкина. – Брест : Брестская типография, 2012. – 296 с.

  12. Лукашик, П. И. В одном строю с хлеборобами : 30-летию УП «Пинское предприятие мелиоративных систем» посвящается : [в т. ч. история мелиорации Пинского региона, Х–ХХ вв.] / Петр Иосифович Лукашик. – Брест : Брестская типография, 2006. – 131 с. : ил.

  13. Лукашик, П. И. Вклад в обновление земли : 40-летию Малоритской ПМК-8 УП «Брестводстрой» посвящается : [в т. ч. история мелиорации Малоритского района в XIX–XX вв.] / Петр Иосифович Лукашик. – Брест : Брестская типография, 2006. – 55 с. : ил.

  14. Лукашик, П. И. Объекты в поймах рек : [ист. очерк о развитии мелиорации земель в Столинском районе] / Петр Иосифович Лукашик. – Брест : Брестская типография, 2005. – 91 с. : ил.

  15. Козловский, П.Г. Мелиорация Полесья в досоветский период / П. Г. Козловский // Проблемы Полесья. Минск, 1978. Вып. 5. С. 216–244.

  16. Страницы истории : сто сорок лет назад были начаты работы Западной экспедиции по осушению болот в Полесье // Живая вода. 2013. 6 июля.

  17. Яскевіч, С. Водна-паветраны рэжым — клопатамі меліяратараў : [Заходняя экспедыцыя пад кіраўніцтвам генерала I. I. Жылінскага] / Святлана Яскевіч, Алена Даўжанок, Надзея Бужан // Звязда. 2012. 29 лістапада.

  18. Куницкий, П. В гости к королеве Боне : экскурс в историю мелиорации приглашает совершить музей Пинского ПМС / Павел Куницкий // Живая вода. 2012. 17 ноября.

  19. Подлужный, П.Из истории осушения Полесья / Пётр Подлужный // Драгiчынскi веснiк. 2010. 4 чэрвеня.

  20. Абухоўскі, Ю. Палессе на картах мінулага : [аб дзейнасцi экспедыцыі І. І. Жылінскага] / Юрый Абухоўскі // Родная прырода. 2000. № 6. С. 24–25.

  21. Лебедь, В. Так возрождалось Полесье : [Западная экспедиция И. И. Жилинского] / Владимир Лебедь, Петр Лукашик // Заря. 1999. 21 сентября.

  22. Ильенков, В. Мелиорацию начинали во благо… : [экспедиция И. И. Жилинского] / Вячеслав Ильенков // Пінскі веснік. 1998. 4 снежня.

  23. Жилинский Иосиф Ипполитович : [краткая биография] // Пинская неделя. 1996. 6 декабря.

Чытаць 1746 разоў Апошняя змена Чацвер, 03 Снежань 2020 15:00