Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 08 Жнівень 2012 10:10

Да 560-годдзя з часу першага пісьмовага ўпамінання (1452) г. Драгічына

Назву горада тлумачаць па рознаму.

{gcontent}Адны звязваюць яго паходжанне з дрыгавічамі, якія насялялі калісьці паўднёвую частку Беларусі, другія – з размяшчэннем на скрыжаванні важнейшых дарог, трэція – з асабістым імем Дарог, Дрог.

Бескурганны могільнік II–IV стст. да нашай эры, які размешчаны за 2 км на паўночны захад ад чыгуначнай станцыі, сведчыць аб дзейнасці чалавека ў гэтых мясцінах глыбокай старажытнасці. Паводле У. Ф. Ісаенкі, старажытнае паселішча эпохі Кіеўскай Русі ўзнікла ў ХII ст. У ХIV ст. – першай палове ХV ст. уваходзіла ў склад Здзітаўскай воласці Кобрынскага княства Вялікага Княства Літоўскага. Да сярэдзіны ХVII ст. упамінаецца пад назвай “Давячоравічы”. Летапісна сяло Давячоравічы ўпершыню ўзгадваецца ў 1452 г. у даравальнай грамаце Вялікага Князя Літоўскага Казіміра Ягайлавіча намесніку Юрыю Нарымунтавічу, у вотчыну якому была перададзена частка Здзітаўскай воласці, у тым ліку сяло Давячоравічы. А ў першай палове ХVI ст. у складзе Пінскага княства перайшло ва ўласнасць каралевы Боны Сфорцы.

Дзякуючы выдатнаму геаграфічнаму становішчу (паселішча стаяла на скрыжаванні краявых дарог) яно пачало дынамічна развівацца, і ў сярэдзіне ХVI ст. Давячоравічы сталі цэнтрам вайтоўства. Сяло развівалася, і з часам непадалеку ад Давячоравічаў была заснавана яўрэйская факторыя. У запісах, датаваных 1566 годам, з’яўляецца назва паселішча Драгічын. Напэўна, гэта і ёсць першае пісьмовае ўжыванне назвы цяперашняга горада, якое захавалася ў дакументах. Хутчэй за ўсё яўрэі – выхадцы са старажытнага польскага горада Драгічын на Буге – прынеслі гэту назву ў сваё новае паселішча.

Пасля смерці каралевы Боны ў 1557 г. яе палескія ўладанні перайшлі да прыватных асоб знатнага паходжання. Напрыканцы ХVI – пачатку ХVII ст. Давячоравічы і яго ваколіцы належалі роду шляхцічаў-магнатаў Цярлецкіх. У ХVII ст. частка Давячораўскіх зямель становіцца ўласнасцю знакамітай асобы – Ільва Сапегі, канцлера Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта ў гэты час Драгічын становіцца адным з буйнейшых населеных пунктаў на шляху з Бярэсця ў Пінск, ператвараючыся ў выдатны акруговы цэнтр.

У 1623 г. атрымаў статус мястэчка. У гэты час была пабудавана першая праваслаўная царква – Прачыстай Багародзіцы, якая праслужыла гораду 200 гадоў. У сярэдзіне ХVIII ст. была пабудавана новая, другая па ліку ў гісторыі горада, драўляная Свята-Мікалаеўская царква. Сучасная Свята-Срэценская царква пабудавана ў 1863 г. У 1769 г. Міхаілам Ажэшкам, пінскім маршалкам Соймавым быў пабудаваны Свята-Міхайлаўскі касцёл. З заходняга боку ад касцёла быў размешчаны будынак келляў Францысканскага манастыра. З самага пачатку свайго існавання гэты манастыр стаў адыгрываць значную ролю ў духоўным і асветніцкім жыцці мястэчка. У 1778 г. было створана Драгічынскае графства, тэрыторыя якога займала значную частку сучаснага Драгічынскага раёна. Яго адміністрацыйным цэнтрам стала былое мястэчка Драгічын, якое з 1778 г. набыло статус горада Рэчы Паспалітай. Драгічын стаў цэнтрам рымска-каталіцкай парафіі (у 1778 г. налічвала 510 парафіян), скасаванай у 1838 г.

3 апошняй чвэрці ХVIII ст. цэнтр Драгічынскага графства. У інвентары 1778 г. Драгічын названы горадам, меў ратушу, уласны герб. З 1795 г., пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Драгічын становіцца расійскім горадам, але ненадоўга. Пасля абследвання спецыяльнай расійскай інжынернай экспедыцыяй новых дзяржаўных правінцый Драгічын не пападаў у катэгорыю расійскіх гарадоў (не адпавядала колькасць насельніцтва, адсутнасць значных каменных збудаванняў, слабы стан вытворчасці, дрэнныя дарогі). Таму Драгічын атрымаў усяго толькі статус мястэчка Расійскай імперыі, цэнтра Драгічынскай воласці Кобрынскага павета, у Слонімскай, з 1797 г. – Літоўскай, з 1801 г. – Гродзенскай губерняў.

У 1882 г. праз Драгічын пракладзена чыгуначная лінія Пінск – Жабінка. У 1886 г. у Драгічыне налічвалася 1535 жыхароў, валасное ўпраўленне, царква, школа, гандлёвыя рады, кірмаш, аптэка, у прыгарадзе – вінзавод, ветраны і конны млыны. У 1897 г. – было 280 дамоў, 2258 жыхароў, царкоўна-прыхадская школа, 2 народных вучылішчы, сельская лячэбніца.

Напярэдадні I Сусветнай вайны ў Драгічыне ўжо было 2 маслабойні, завод па ачыстцы мелу, фабрыка саламяных капелюшоў, 7 мукамольняў, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, двухкласнае народнае вучылішча, якое мела ўласную бібліятэку ў 1807 экз. кніг. У 1915–1918 гг. Драгічын быў акупіраваны германскімі, а ў 1919 г. – польскімі вайскамі. 25 лiпеня 1920 г. Чырвоная армія вызваліла Драгічын, але, у хуткім часе, ім зноў авалодалі палякі.

З лістапада 1920 г. – цэнтр Драгічынскага павета і гміны ў Палескім ваяводстве Польшчы. У 1921 г. у мястэчку дзейнічалi павятовае праўленне, паштовае агентства, касцёл, гарадскі сад, чыгуначная станцыя на лініі Брэст – Мікашэвічы.

З 15 студзеня 1940 г. Драгічын – гарадскі пасёлак, цэнтр Драгічынскага раёна, 750 дамоў, 4202 жыхары, электрастанцыя, 4 млыны, маслазавод, 2 сталярныя, механічная, швейная, абутковая арцелі, МТС (заснаваная 15 студз. 1940 г.); сямігадовая школа, кінатэатр, бібліятэка, бальніца, радзільны дом, амбулаторыя, ветпункт, пошта, тэлеграф, 9 магазінаў і крам, выдавалася газета “Чырвоная зара”.

У Вялікую Айчынную вайну 25 червеня 1941 г. акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У красавіку 1942 г. адбываліся масавыя расстрэлы жыхароў горада. Вызвалены 17 лiпеня 1944 г. войскамі 212-й стралковай дывізіі 61-й арміі 1-га Беларускага фронту ў ходзе Люблін-Брэсцкай наступальнай аперацыі. Пасля вызвалення горада ў яго цэнтры і на ўскраінах былі выяўлены месцы пахаванняў больш за 4 тыс. мірных жыхароў, закатаваных фашыстамі і іх памагатымі ў гады акупацыі. Карныя акцыі праводзілі нямецкі гарнізон і паліцэйская ўправа ў Драгічыне. У баях за вызваленне горада загінулі 275 савецкіх воінаў і партызан, 62 жыхары загінулі на фронце.

У 1950 г. заснавана школа механізацыі сельскай гаспадаркі, з 1953 г. – СПТВ-29.

10 лiстапада 1967 г. Драгічын атрымаў статус горада.

У 1965 г. пачаў працаваць трактарарамонтны, у 1973 г. – камбікормавы заводы.

У 1970-я да Драгічына далучаны вёскі Зарэчка, Стараселле. Шашой Брэст – Мінск горад падзяляецца на паўночную і паўднёвую часткі.

Зараз горад налічвае 14,7 тыс. жыхароў.

У Драгічыне працуюць наступныя прадпрыемствы: трактарарамонтны, камбікормавы заводы, фармацэўтычныя прадпрыемствы: РУП “Экзон”, РУП “Экзон-глюкоза”, Лясгас, ДРСУ-177, ДСУ-32, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, ГУСП – ПМК-8. Дом культуры, кінатэатр, бібліятэка, ваенна-гістарычны музей імя Д. К. Удовікава, бальніца, паліклініка, тры аптэкі, тэрытарыяльны цэнтр абароны насельніцтва, гасцініца, камбінат бытавога абслугоўвання, пошта, тэлеграф. Аграрна-вытворчы прафесійны ліцэй, гімназія, дзве сярэднія школы, дзіцяча-юнацкі клуб фізічнай падрыхтоўкі, дзіцячая школа мастацтваў, 4 дзіцячыя садкі, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, сацыяльна-педагагічны цэнтр з дзіцячым сацыяльным прытулкам, цэнтр пазашкольнай работы. Вядзецца мясцовае радыёвяшчанне, тэлебачанне, выдаецца раённая газета “Драгічынскі веснік”.

Драгічын – радзіма генерал-маёра В. М. Лучыца, беларускіх мастакоў У. У. Кожуха і П. С. Мысліўца, заслужанага работніка культуры Т. П. Здзітавецкай, музыканта і кампазітара Ю. У. Блінава.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г. Драгiчынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Кобак Ніна Паўлаўна, бібліёграф аддзела

абслугоўвання i iнфармацыi

{/gcontent}

  1. Драгічын // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мiнск : БелЭн, 1998. Т. 6. С. 191.
  2. Драгічын // Брэстчына : назвы населенных пунктаў паводле легендаў і паданняў / склад. А. М. Ненадаўца. Мiнск : Беларусь, 1995. С. 108–114. (Мой родны кут).
  3. Драгічын // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць. Мiнск : БелЭн, 2006. С. 247–252.
  4. Драгічын // Князева, В. Падарожжа па Беларусі : гарады і гарадскія пасёлкі / В. Князева. Мiнск : Беларусь, 2005. С. 16.
  5. Драгічын // Рэспубліка Беларусь. Вобласці і раёны : энцыкл. даведнік / аўт.-склад. Л. В. Календа. Мiнск : БелЭн, 2004. С. 31–32.
  6. Драгічын // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мiнск : БелЭн, 1996. Т. 3. С. 274.
  7. Драгічын : гісторыя і сучаснасць : (да 550-годдзя Драгічына). Драгічын, 2002. 23 с.
  8. Ратуша і іншыя пабудовы у Драгічыне // Памяць : гіст.- дакум. хроніка Драгічынскага раёна / рэдкал. : Я. Я. Аляксейчык і інш.; уклад. С. А. Супрун. Мiнск : БЕЛТА, 1997. С. 451–454.
  9. Валасюк, С. Адкуль родам Драгічын? : гісторыя горада Драгічына // Драгічынскі веснік. 1996. № 92–96.
  10. Валасюк, С. Узнёслы век : [да 550-годдзя г. Драгічына] / Валасюк // Драгічынскі веснік. 2002. № 54–55.
  11. Дрогичин // Дрогичинский край : фотоальбом / авт.-сост. В. Зенько, Э. Злобин. Пинск : ОДО “Паляшук”, 2007. С. 8–10.
  12. Дружынін, П. Драгічыну – 550 / П. Дружынін // Народная газета. 2002. 27 жн. С. 1.
  13. Зацверданы сімвал горада. Апісанне герба г. Драгічына // Драгічынскі веснік. 1998. № 76. С. 1.
  14. Кароткі фоталетапіс Драгічына // Драгічынскі раён : мінуўшчына і сучаснасць. Пінск : ТДА ІРА “Паляшук”, 2010. C. 8–11.
  15. Касяк, В. І. Любіце свой горад : гутарка з галоўным архітэктарам Драгічынскага раёна / В. І. Касяк // Драгічынскі веснік. 2001. 27 чэрв.
  16. Морголь, К. Юбилей горада отмечают Дрогичинцы: г. Дрогичину 550 лет / К. Морголь // Брестский курьер. 2002. 22–28 авг. C. 3.
  17. От древности до наших дней // Между Ясельдой и Днепробугом : Дрогичинский край / авт.-сост. Д. В. Новиков и др. Мiнск : ИД “Молпресс”. 2004. С. 11.
  18. Мыслівец, П. С. Мой горад – мой лёс / П. С. Мыслівец // Драгічынскі веснік. 2004. 21 студз. C. 2, 4.
  19. Нам за цябе, Драгічын, трэба жыць : [свята горада] //Драгічынскі веснік. 2006. 26 ліп. C. 1–3.
  20. Сітуха, У. Да драбніц на зямлі усё разлічана : [вершаваная паэма, прысвечаная Драгічыну] // Сітуха, У. Землякі / У. Сітуха. Брэст : Альтэрнатыва, 2008. C. 11–14.
  21. Панасюк, М. Кніга – у падарунак : да 550-годдзя г. Драгічына / М. Панасюк // Драгічынскі веснік. 2001. 29 снеж. C. 4.
  22. Рагалёў, А. Два Драгічына : [польскi і беларускi гарады] : некаторыя звесткі з гісторыі / А. Рагалёў // Культура. 2003. 27 верас. 9 кастр. C. 14.
  23. Рагалёў, А. Драгічын : [гісторыя паходжання двух гарадоў – польскага і беларускага Драгічына] /А. Рагалёў // Голас Радзімы. 2002. № 23. C. 4.
  24. Рупеха, А. Драгічын : фотанавела / А. Рупеха // Народная трыбуна. 2009. № 43. C. 12.
  25. Фёдараў, А. Наша раённая сталіца – Драгічын, родны гарадок : да дня горада / А. Фёдараў // Драгічынскі веснік. 2008. 19 ліп. C. 1.
  26. Шафран, Г. Горад нашых надзей / Г. Шафран // Драгічынскі веснік. 2002. № 66. C. 2. (Драгічын у лёсе тваім і маім).
  27. Яковчик, Е. Нынешний Дрогичин : мнение читателя / Е. Яковчик // Драгічынскі веснік. 2007. № 75–76. C. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 4842 разоў Апошняя змена Аўторак, 20 Красавік 2021 10:08