Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 08 Жнівень 2012 10:12

31 студзеня 2012 г. – 50 гадоў з дня нараджэння Алеся (Аляксандра Валянцінавіча) Дранца (1962), беларускага скульптара

Алесь Дранец – вядомы беларускі скульптар, удзельнік шматлікіх мастацкіх выстаў, паспяхова працуе ў галіне манументальнага мастацтва.

{gcontent}Дранец Аляксандр Валянцінавіч нарадзіўся 31 студзеня 1962 г. у в. Харомск Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1987). Працаваў у творчай майстэрні скульптуры Акадэміі мастацтваў СССР (1989–1993), з 1993 г. выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы, з 1996 г. – у Беларускай акадэміі мастацтваў. Член Беларускага саюза мастакоў з 1990 г. У 2004–2007 гг. дырэктар скульптурнага камбіната ў Мінску.

Творчасці А. Дранца ўласцівы багацце пластычнай мовы, цікавасць да славутых дзеячаў беларускай гісторыі.

У 1991 г. у Беларусі быў абвешчаны конкурс на стварэнне помніка выдатнаму беларускаму дзеячу Адраджэння Францыску Скарыне. У конкурсе прынялі ўдзел дваццаць мастакоў і аўтарскіх калектываў, а выйграў яго зусім малады на той час скульптар Алесь Дранец. Да 1997 г. ён працаваў над увасабленнем вобраза Скарыны. Помнік быў адліты ў бронзе. Тым не менш устаноўка яго задоўжылася да 2006 г. (завершаная манументальная выява першадрукара ўвесь гэты час захоўвалася на Мінскім скульптурным камбінаце).

Галоўнае ў кожным творы мастацтва, асабліва ў скульптурным, - бездакорнае валоданне яго пластычнай мовай. А. Дранец гэтым талентам не абдзелены. Ён вельмі дакладна і ўмела захоўвае ўласную ідэнтычнасць у культурнай прасторы. Лаканічнасць вобразнай сістэмы яго работ ідзе ад традыцыйнай манеры народных майстроў мінулых стагоддзяў.

Работа над вобразам Ф. Скарыны для А. Дранца не абмежавалася адным помнікам. У 2001 г. ён стварае памятную мемарыяльную дошку першадрукару для Нацыянальнай бібліятэкі ў Празе (Чэхiя).

Разам з групай архітэктараў, якую ўзначаліў Леанід Левін, у перыяд з 1992 па 2000 г. А. Дранец працуе над помнікам князю Давыду, заснавальніку Давыд-Гарадка. Энергічны рытм у пабудове сілуэта, агульную дынаміку помніка падкрэслівае дзіда, якую трымае ў руках князь Давыд. Мастак з асаблівай дакладнасцю прапрацаваў усе дэталі, вялікую ўвагу надаў рукам, рытму складак, узору аблямоўкі на адзенні. Эстэтычная і мастацкая каштоўнасць помніка князю Давыду была адзначана ў 2002 г. Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь.

Важнай старонкай творчай біяграфіі А. Дранца стала і стварэнне помнікаў супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных спраў і служачым унутраных войск, якія загінулі пры выкананні службовага і воінскага абавязку, у 2003 г. у Мінску (у сааўтарстве са скульптарам В. Антановічам) і ў 2004 г. у Магілёве.

Памятная дошка на капліцы ў гонар Божай Маці цалкам іншая па тэме і канцэпцыі ў параўнанні з астатнімі манументальнымі работамі А. Дранца, тут скульптар паспрабаваў асвоіць прастору, дзе валадараць любоў і мацярынства. Адкрыццё мемарыяльнай дошкі было прымеркавана да 20-годдзя Чарнобыльскай катастрофы. Гэтая работа была адзначана Граматай Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта.

А. Дранец працуе і ў станковай скульптуры. Можна згадаць і “Сон у мармуры”, і работы “Дунін-Марцінкевіч” (1985), “Францішак Багушэвіч”, праект помніка Цётцы (А. Пашкевіч) (1987), дзе вызначаецца нязменная цікавасць аўтара да партрэтных вобразаў вядомых беларускіх дзеячаў культуры, “Кірыла Тураўскі”, дзе скульптар спрабуе вырашыць вобраз экспрэсіўнай пластычнай мовай.

Сярод іншых работ: помнікі “Нерождённому ребёнку” ў г. Міёры Віцебскай вобласці (1997), загінуўшым воінам-інтэрнацыяналістам у г. Асіповічы Магілёўскай вобласці (2009).

А. Дранец – чалавек вельмі актыўны. Ён з’яўляецца адным з аўтараў генеральнага рашэння мастацкага афармлення Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, у сааўтарстве распрацоўваў для бібліятэкі эскізы манументальных пано, прысвечаных абласцям Беларусі, і двух рэльефаў на тарцовых “крылах” увахода з тэмаю славянскага і сусветнага пісьменства.

Сёння наша краіна мае патрэбу ў сапраўднай мастацкай культуры. Алесь Дранец – з тых, хто на гэтай нялёгкай ніве з’яўляецца адной з яркіх асоб.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г. Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Літвінчук Вольга Леанiдаўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі.

{/gcontent}

 

Рэпрадукцыі твораў А. Дранца

  1. Памятник князю Давиду : [изоматериал] / А. Дранец // Сучасная беларуская скульптура : альбом-каталог твораў рэспублiканскай выстаўкi “Беларуская скульптура 1984–2004 гадоў”. Мінск : РВУ “Культура и искусство”, 2007. С. 104.
  2. Памятник Франциску Скорине : [изоматериал] / А. Дранец // Сучасная беларуская скульптура. Мінск, 2007. С. 99.
  3. Э. Пашкевіч. 1987. Бронза. Дыпломная работа : [выяўленчы матэрыял] / Аляксандр Дранец // Вытокі творчасці : Беларуская акадэмія мастацтваў. Мінск, 1995. С. 63.

 

Аб жыцці і творчасці скульптара

  1. Дранец Александр Валентинович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Брестская область. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 337–338.
  2. Дранец Александр Валентинович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. Минск : БелЭн, 2006. Т. 3. С. 432–433.
  3. Дранец Аляксандр Валянцінавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т.          Мінск : БелЭн, 1998. Т. 6. С. 199.
  4. Дранец Аляксандр Валянцінавіч // Беларускi саюз мастакоў : энцыклапедычны даведнiк. Мiнск, 1998. С. 176.
  5. Васільева, В. Сустрэча з лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі РБ : [пра сустрэчу з архiтэктарамi В. П. Iўлiчавым, Л. М. Левiным i скульптарам А. В. Дранцом] / В. Васільева // Навіны Палесся (Столiн). 2003. 11 чэрв.
  6. Дранец, А. Бачу перспектыву для творчасці : [скульптар і ягоныя творы: помнік князю Давыду і мадэль помніку Францыску Скарыне] / А. Дранец // ЛіМ. 2002. 5 крас. С. 10.
  7. Дранец, А. Вяртанне князя Давыда. У бронзе… : [гутарка са скульптарам пра помнiк князю Давыду ў Давыд-Гарадку Столiн. р-на] / А. Дранец; гутарыў Б. Крэпак // Культура. 2000. 14–20 кастр. С. 2.
  8. Мятліцкая, І. Гісторыя ствараецца тут і цяпер : [Алесь Дранец – вядомы бел. скульптар] / І. Мятліцкая // Мастацтва. 2006. № 11. С. 44–46.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 3659 разоў Апошняя змена Панядзелак, 19 Красавік 2021 12:09