Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 14 Чэрвень 2018 10:03

1 ліпеня 2018 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Пятра Сцяпанавіча Мысліўца (1938), мастака

Пётр Сцяпанавіч Мыслівец нарадзіўся 1 ліпеня 1938 г. у Драгічыне Палескага ваяводства (цяпер Брэсцкай вобласці) у сям’і рабочага-цесляра. У 1945 г. пайшоў у першы клас Драгічынскай СШ № 1. Ён вельмі любіў урокі малявання ў пачатковых класах, у старэйшых — капіраваў карціны Шышкіна, Левітана, Саўрасава.

 

Пасля 9-га класа Пётр Мыслівец пайшоў на курсы вадзіцеляў у Пінску, стаў шафёрам-прафесіяналам. У канцы 1957 г. закончыў Драгічынскае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі (СПТВ № 29), дзе набыў прафесіі трактарыста, камбайнёра, слесара. У пачатку 1958 г. з групай моладзі па камсамольскай пуцёўцы паехаў на асваенне цалінных зямель Казахстана. Працаваў на трактары, камбайне ў саўгасе «Перамога». У канцы 1959 г. быў прызваны ў Савецкую армію, служыць давялося на Далёкім Усходзе, дзе яго ўсхвалявалi таямнiчая тайга i велiчныя сопкi Сiхатэ-Алiня. Пасля дэмабiлiзацыi вярнуўся ў Драгічын, працаваў шафёрам. Купіў эцюднік, фарбы і паспрабаваў пісаць пейзаж. Так нарадзілася работа «Ля старога шлюза» (1971).

З таго часу эцюдаў з’яўлялася ўсё больш і больш, карцін таксама. Узнікла жаданне вучыцца, у 1971 г. паступіў у Маскоўскі народны ўніверсітэт мастацтваў імя Н. К. Крупскай на завочны факультэт жывапісу і графікі. Старанна выконваў усе заданні. Яго выкладчыкам быў выдатны жывапісец і графік Аляксей Сямёнавіч Айзэнман, які заўважыў талент беларускага студэнта і змог накіраваць яго ў адпаведнае русла. У 1977 г. Пётр Мыслівец закончыў завочны ўніверсітэт і стаў мастаком не толькі па прызванню, але і па адукацыі.

У 1972 г. у Пінску адбылася выстаўка творчасці самадзейных мастакоў Палесся, на якой аматары жывапісу і прафесійныя мастакі ўпершыню заўважылі і адзначылі пейзажныя работы Пятра Мысліўца. Драгічынскі мастак прадставіў карціны «Пара ружовых хмар» (1972), «Па-над Ясельдай» (1972), «Залатая восень» (1971). У пачатку 1973 г. гэтыя карціны П. Мысліўца экспануюцца на абласной выстаўцы ў Брэсце, затым дзве — «Пара ружовых хмар» і «Па-над Ясельдай» — у Палацы мастацтваў у Мінску. Такі заслужаны поспех акрыліў пачынаючага мастака, натхніў на новыя творчыя пошукі. Большасць карцін П. С. Мысліўца пабывала на розных абласных і рэспубліканскіх выстаўках і прынесла мастаку вядомасць. Ён прымаў удзел у выстаўцы народнай творчасці ўмельцаў Брэстчыны ў Польшчы (1976), ва Усесаюзнай выстаўцы «Слава працы» (Масква, 1987).

Галоўнай тэмай творчасці Пятра Мысліўца стала тэма зямлі. Так з’явіліся работы: «У пясчаным кар’еры», «Восеньская ралля», «Працоўныя будні», «Вясна прыспешвае хлебароба». Сюжэты абнаўлення роднага краю ўваходзяць у яго жывапісныя палотны: «На меліярацыйным аб’екце Старамлына», «Зямля Іванаўшчыны», «Балота адступіла» і інш. Знайшла адлюстраванне ў творчасці драгічынскага мастака і Вялікая Айчынная вайна: «Партызаны», «Вясна ў крэпасці», «Зямлянка» і іншыя творы. Належыць Пятру Сцяпанавічу і цэлы цыкл малюнкаў па тэме драўлянага дойлідства Драгічыншчыны, куды трапілі многія з праваслаўных храмаў раёна.

У 1995–1998 гг. Пётр Сцяпанавіч напісаў такія творы, як «Сакавік. Ціхі дзень», «Чэрвень сінявокі», «Люты. Іней», «Красавік. Прырода прабуджаецца», «Май у Пярковічах», «Жнівень. Туманы сцелюцца», «Верасень. Прыбранае поле», «Кастрычнік на Ясельдзе», «Снежань. Спораўскія балоты», «Восень у Янаве», «Вясна ў Драгічыне», «Вёсачка Залужская», «Жыта і вербы», «Старажытны Драгічын», «Хутар у лесе» і інш. Да 60-годдзя мастака 50 палотнаў размясціліся ў Драгічынскім Доме культуры.

У 2008 г. у Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла творчая вечарына «Фарбы зямлі маёй», прысвечаная 70-годдзю з дня нараджэння і 45-годдзю творчай дзейнасці мастака П. С. Мысліўца. Сціплы чалавек, таленавіты творца, ён на працягу ўсяго свайго свядомага жыцця найгалоўнейшай з узнагарод лічыць людскую ўдзячнасць, найвышэйшай адзнакай — людскую пахвалу. Пётр Сцяпанавіч стварыў больш за 4 тыс. эскізаў, замалёвак і карцін, сваё мастацкае прызванне бачыць у тым, каб увекавечыць для нашчадкаў выявы роднага Палесся. За гады творчых пошукаў узнагароджаны дыпломам Саюза мастакоў СССР (1987), ордэнам Прападобнага Серафіма Сароўскага (2005).

Пейзажы П. С. Мысліўца можна ўбачыць у экспазіцыях Драгічынскага ваенна-гістарычнага музея імя Д. Удовікава, музея народнай творчасці «Бездзежскі фартушок», Пінскага музея Беларускага Палесся, Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. Яны прысутнічаюць у прыватных калекцыях аматараў жывапісу Беларусі, Літвы, Украіны, Узбекістана, Бельгіі, Польшчы, ЗША. Пётр Сцяпанавіч творыць і сёння, нягледзячы на шаноўны ўзрост, праводзіць шмат часу ў сваёй майстэрні.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Елісеева Валянціна Уладзіміраўна, бібліёграф ІІ кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Фарбы Палесся : [пра мастака П. С. Мысліўца] // Памяць. Драгічынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 446–447.

  2. Мыслівец Пётр Сцяпанавіч : [біягр. даведка] // Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны / Лявон Валасюк. Брэст, 2014. С. 271.

  3. Валасюк, Л. Дыханне зямлі маёй : [пра П. С. Мысліўца; карціны «Адлёт буслоў», «Буслы прыляцелі»] // Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны / Лявон Валасюк. Брэст, 2014. С. 134–135.

  4. Сітуха, У. Землякі : [паэма : вершаваныя радкi пра «Мысліўца Пятруху»] / Уладзімір Сітуха. Брэст : Альтэрнатыва, 2008. С. 129–130.

  5. Рассафонов, А. Как прекрасен этот мир : [о творческом пути художника П. Мысливца] / Андрей Рассафонов // Драгічынскі веснік. 2017. 5 красавіка. С. 3.

  6. Братченя, Е. Спасибо художнику : [подарок П. Мысливца роспись на стенах остановочных павильонов «Попина»] / Елена Братченя // Драгічынскі веснік. 2008. 17 снежня. С. 2.

  7. Волкович, А. Юбилей на фоне аистов : [П. Мысливцу — 70 лет] / Александр Волкович // Брестский курьер. 2008. 28 августа. С. 10.

  8. Міхайлаў, А. Юбілей творчага таленту : [пра вечарыну ў Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы да 70-годдзя з дня нараджэння i 45-годдзя творчай дзейнасцi мастака П. С. Мыслiўца] / Алесь Міхайлаў // Драгічынскі веснік. 2008. 13 жніўня. С. 3.

  9. Палессе Пятра Мысліўца : [П. Мыслівец — мастак-пейзажыст з г. Драгічына Брэсцкай вобласці] // Гоман. 2006. Вып. 3. С. 363.

  10. Супрун, С. Фарбы роднага краю : [пра творчасць П. Мысліўца] / Сцяпан Супрун // Народная трыбуна. 2004. 28 лютага.

  11. Касмянчук, С. «Зямля-кармiлiца» : [пра выставу жывапiсу П. С. Мыслiўца ў Драгічынскім ГДК] / С. Касмянчук // Драгiчынскі веснік. 2003. 3 снежня.

  12. Ткачук, Н. Настальгія па Палессі : [пра мастака П. Мысліўца] / Ніна Ткачук // Драгічынскі веснік. 1998. 19 жніўня.

  13. Мыслівец, П. Сеяць у душах дзяцей добрае і прыгожае : [мастак пра выхаванне дзяцей] / Пётр Мыслівец // Драгічынскі веснік. 1997. 19 лістапада.

  14. Супрун, С. Фарбы Палесся : [пра жывапісца П. С. Мысліўца] / С. Супрун // Народная трыбуна. 1995. 30 снежня.

  15. Тураў, У. Пётр Мыслівец не Марк Шагал, але ж і яго карціны раскіданы па ўсім свеце / У. Тураў // Вечерний Брест. 1995. 21 июля.

  16. Гедзька, З. Натхненне чэрпаецца з родных краявідаў : [пра мастака П. С. Мысліўца] / З. Гедзька // Драгічынскі веснік. 1995. 15 красавіка.

  17. Каско, А. «Няхай я мастак і незапатрабаваны…» : штрыхі да вобраза «наіўнага» творцы [Пятра Мысліўца] / Алесь Каско // Звязда. 1994. 29 верасня. С. 4.

  18. Трафімчук, М. Палессе Пятра Мысліўца : [пра жыццёвы і творчы шлях мастака П. Мысліўца] / Мікола Трафімчук // ЛІМ. 1990. 26 кастрычніка. С. 14.

  19. Шалайский, В. Краски Полесья / В. Шалайский // Нёман. 1982. № 10.

  20. Зарецкий, П. Рассказали кисти : [в выставочном зале Брестского отделения Союза художников БССР 27 мастеров народного творчества представили свои работы, в т. ч. П. С. Мысливец] / П. Зарецкий // Запаветы Леніна. Драгiчын, 1981. 17 ліпеня. С. 2.

  21. Жушма, В. Будут новые полотна : [творчество художника П. С. Мысливца] / В. Жушма // Сельская газета.1978.12 февраля.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1452 разоў Апошняя змена Аўторак, 08 Снежань 2020 14:57