Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 13 Ліпень 2018 16:39

11 ліпеня 2018 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Пятра Іванавіча Гарэцкага (1943), канструктара сродкаў аўтаматызацыі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР (1981)

Пётр Іванавіч Гарэцкі нарадзіўся 11 ліпеня 1943 г. у вёсцы Кустын Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці. Дзяцінства і юнацтва прайшлі ў Брэсце. Вучыўся ў сямігадовай школе № 2, закончыў сярэднюю школу № 1 на вул. Карла Маркса. Пасля школы вучыўся ў Львоўскім палітэхнічным інстытуце, які скончыў у 1968 г.

 

Пасля атрымання дыплома Пётр Гарэцкі ўладкаваўся на Брэсцкі завод электравымяральных прыбораў (з 1972 г. — электрамеханічны завод). Адсюль маладога спецыяліста прызвалі на тэрміновую службу ў Савецкую армію; адслужыўшы, ён вярнуўся на завод. Дырэктарам завода ў 1963–1982 гг. быў Уладзімір Аляксеевіч Сальнікаў (1924–1982), таленавіты інжынер і кіраўнік, чалавек рознабакова адораны. Галоўным інжынерам быў Міхаіл Емяльянавiч Екельчык (1928–1976), затым па 1983 г. — Роберт Саркісавіч Мечташвілі.

 

Завод выпускаў перыферыйныя ўстройствы для ЭВМ. Тады прадпрыемствам была засвоена вытворчасць мадэрнізаванага ўстройства «БЛАНК П», аўтамата для счытвання шматканальных асцылаграм АСМО, устройства перадачы інфармацыі па тэлефонных лініях сувязі «Мінск 1500», устройства ўводу перфакартачнага УВвК-600. Устройства «БЛАНК П» уяўляла сабой прыбор, які счытваў з паперы надпісы алоўкам і тым самым забяспечыў апрацоўку матэрыялаў Усесаюзнага перапісу насельніцтва 1970 г.

 

За 1976–1980 гг. БЭМЗ цалкам перайшоў на інтэнсіўныя метады развіцця вытворчасці. За выдатныя вынікі дзейнасці прадпрыемства ў 1978 г. узнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. У 1981 г. БЭМЗам у кааперацыі з заводам ЗІТ (Балгарыя) была засвоена вытворчасць мадыфікацыі вылічальнай электроннай лічбавай машыны ЕС-1035-07. У 1983 г. — ЭВМ ЕС-1035-08 з матрычным працэсам у яе складзе.

 

Аднак галоўнай задачай завода была работа на ваенна-прамысловы комплекс краіны. Многія спецыялісты БЭМЗа былі задзейнічаны ў розных праектах па стварэнні электронных машын, якія кіруюць ваеннай тэхнікай. Галоўным прадуктам цэха № 25 была ўпраўляючая лічбавая вылічальная машына (УЦВМ), яна ставілася на борт ракет падводнага запуску. Галоўным канструктарам УЦВМ быў Генадзь Ха-Рэн Нам.

 

За ўкараненне вылічальнай тэхнікі ў вытворчыя тэхналогіі Дзяржаўнай прэміі СССР у вобласці тэхнікі 1981 г. удастоены: Уладзімір Аляксандравіч Сальнікаў, Роберт Саркісавіч Мечташвілі, Валерый Уладзіміравіч Бугаеў, Генадзь Ха-Рэн Нам, Юрый Пятрович Падкоўка, Ігар Пятровіч Крук, Пётр Іванавіч Гарэцкі, Васілій Сцяпанавіч Касачук. Атрымліваць заслужаныя ўзнагароды яны ездзілі ў Маскву, сфатаграфаваліся ля Крамлёўскай сцяны.

 

Усяго за гісторыю БЭМЗа Дзяржаўнай прэміі СССР былі ўдастоены 12 чалавек — значная лічба для аднаго прадпрыемства. Першым яе лаўрэатам не толькі ў Брэсце, але ва ўсёй вобласці, у 1970 г. стаў М. Е. Екельчык за работу над стварэннем ЭВМ «Мінск». Ордэнамі і медалямі ўзнагароджаны былі больш за 500 работнікаў завода.

 

П. І. Гарэцкі ўзначальваў канструктарскія падраздзяленні, быў начальнікам машынабудаўнічай вытворчасці завода. У 1989–1993 гг. працаваў галоўным канструктарам Брэсцкага радыётэхнічнага завода, новага прадпрыемства, якое заснавана ў студзені 1988 г. З 1993 г. працаваў на Брэсцкім электратэхнічным заводзе, які выпускае электронныя прыборы. П. І. Гарэцкі распрацаваў сродкі і сістэмы механізацыі і аўтаматызацыі спецыяльнай тэхнікі, укараніў вытворчую тэхналогію ў сродкі вылічальнай тэхнікі і аўтаматычныя ўстаноўкі. Аўтар вынаходстваў прылад для кантролю электронных вырабаў.

 

 

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай цэнтральнай

 

раённай бiблiятэкай. Таццяна Іванаўна Васілюк, бібліёграф

 

 

 

  1. Горецкий Петр Иванович / Н. П. Савик // Республика Беларусь : энциклопедия : в [7] т. Минск, 2006. Т. 3. С. 131.

  2. Горецкий Петр Иванович : [в краткой информации ошибочные даты жизни] // Уроженцы Беларуси лауреаты Нобелевской, Демидовской, Ленинской и Государственных премий СССР : пособие / К. И. Баландин. Минск : БНТУ, 2017. С. 74.

  3. Брестский электромеханический завод. Полвека свершений / автор концепции и текста А. М. Суворов. – Брест : Полиграфика, 2013. – 152 с. : ил. – Из содерж.: П. И. Горецкий. С. 40, 73.

  4. Ковалёв, Ф. Т. Брестский ордена Трудового Красного Знамени электромеханический завод имени ХХV съезда КПСС в фактах и воспоминаниях / Филипп Тимофеевич Ковалёв ; [редактор Е. В. Жинкевич]. – Брест : [б. и., 2013]. – 224 с. : ил. – Из содерж.: П. И. Горецкий. С. 116, 176, 179, 211.

  5. Гурина, А. Без него и ракеты не летали бы : секреты главного предприятия советского Бреста : [из истории БЭМЗа, где сделали ЭВМ для запуска ракет с подводных лодок; упоминается П. Горецкий; фото] / Анастасия Гурина // Брестский курьер. 2011. 28 июля (№ 30). С. 8.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1391 разоў Апошняя змена Серада, 08 Красавік 2020 11:52