Чацвер, 26 Ліпень 2018 15:14

2 ліпеня 2018 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Паўлавіча Клімца (1938–2007), гісторыка, Ганаровага краязнаўца Беларусі (1988)

Міхаіл Паўлавіч Клімец нарадзіўся 2 ліпеня 1938 г. у вёсцы Роўбіцк Пружанскага павета Палескага ваяводства (цяпер Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці). Бацька, Павел Антонавіч Клімец (1906–1953), па прафесіі сталяр, член КПЗБ з 1927 г., палітвязень польскай турмы; маці — Алена Адамаўна (Барысевіч). Пасля верасня 1939 г. бацька актыўна ўключыўся ў будаўніцтва новага жыцця.

 

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны Пружаншчына была акупіравана нямецкімі войскамі. У лютым 1943 г. гестапа арыштавала П. А. Клімца разам з жонкай, чатырохгадовым Міхаілам i немаўлём Анатолем. Да сакавіка яны ўтрымліваліся ў перасылачных пунктах у Сухапале, Белавежы, Бельску, Беластоку, затым перавезены ў канцлагер непадалёк ад чыгуначнай станцыі Чарнавесь у Польшчы. У ім знаходзілася больш за 1 000 вязняў, якія туліліся ў фанерных бараках і працавалі па 15 гадзін у суткі на лесараспрацоўках і ў мэблевых цэхах. Зняволеныя пакутавалі ад знясільваючай працы, халадоў, голаду і пабояў аховы, шмат хто хварэў на сухоты і нервовыя захворванні.

У такіх жа невыносных умовах знаходзіліся і малалетнія вязні — больш за 300 дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў. Яны ўтрымоўваліся ў дзіцяча-медыцынскім бараку за калючым дротам, у якім гітлераўцы праводзілі медэксперыменты па вывучэнні новых лекаў для нямецкіх салдат, доследы ставіліся нават над дзецьмі-інвалідамі. Дзеці выкарыстоўваліся выключна для ўзяцця донарскай крыві. Працавалі малалетнія вязні і падсобнікамі ў мэблевых цэхах, на гародах і г. д. Міхаіл Паўлавіч успамінаў, што восенню 1943 г. быў жорстка збіты нямецкім ахоўнікам за тое, што з’еў на градцы некалькі бульбін. У выніку атрымаў моцную траўму нагі, якая турбавала яго ўсё жыццё.

У чэрвені 1944 г. чыгуначную станцыю Чарнавесь і лагер, які знаходзіўся побач, моцна бамбілі. Некалькі вязняў загінулі, а Міхаіл быў цяжка паранены, што пасля стала прычынаю інваліднасці. У жніўні 1944 г. лагер быў вызвалены Чырвонай арміяй. Бацька адправіўся на фронт, ваяваў пад Кёнігсбергам.

Пасля вяртання на радзіму П. А. Клімец адбудоўваў спаленыя фашыстамі вёскі, у 1949 г. узначаліў калгас, першы ў Роўбіцкім сельсавеце. У 1953 г. падчас хлебанарыхтовак ён загінуў ад рук бандытаў. Пасля гэтага маці моцна захварэла, з ёю застаўся Міхаіл, а два малодшыя браты (Анатоль і Аляксандр) выхоўваліся ў дзіцячых дамах Шарашова і Кобрына.

Нягледзячы на пасляваенныя цяжкасці, Міхаіл Клімец скончыў Магілёўскае культасветвучылішча, а затым Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1967). Больш за 15 гадоў працаваў у Пружанскім райкаме ЛКСМБ, затым — у райкаме КПБ, а з 1964 г. — намеснікам начальніка ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама. У 1980–1993 гг. выкладаў гісторыю ў навучальных установах Брэста, працаваў начальнікам аддзела кадраў камбіната «Дываны Брэста». У 1993–2000 гг. узначальваў абласны Савет былых малалетніх вязняў фашызму — інвалідаў 1941–1945 гг., з 2001 г. быў кансультантам выдання «Кто есть Кто в Республике Беларусь».

Захапленнем усяго жыцця стала краязнаўства, яму Міхаіл Паўлавіч прысвяціў больш за 40 гадоў жыцця. Кола яго інтарэсаў было досыць шырокае, аднак цэнтральнымі тэмамі сталі нацыянальна-вызваленчы рух у Заходняй Беларусі, уз’яднанне з БССР і падзеі Вялікай Айчыннай вайны ў рэгіёне. Назапасіўшы матэрыял па савецкай тэматыцы, Міхаіл Паўлавіч заняўся вывучэннем помнікаў гісторыі ў Белавежскай пушчы і яе наваколлях. Яго краязнаўчыя матэрыялы друкаваліся ў розных перыядычных выданнях, увайшлі ў даведнікі «Брест» (1987), «Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область» (1990), кнігі «Памяць» Пружанскага (1992) і Камянецкага (1997) раёнаў, сталі асновай для стварэння ў г. п. Ружаны Пружанскага раёна Кургана Славы ў гонар савецкіх воінаў, якія загінулі ў 1941 г., помніка паўстанцам К. Каліноўскага ў Ружанскай пушчы, мемарыяльнай дошкі У. І. Леніну на Брэсцкім чыгуначным вакзале і інш.

М. П. Клімец з’яўляецца аўтарам больш за 500 артыкулаў, яго асабісты архіў (больш за 6 000 фотаздымкаў і дакументаў) цяпер захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці (фонд 233). Краязнавец прымаў актыўны ўдзел у распрацоўцы турыстычных маршрутаў па Брэсцкай і Гродзенскай абласцях. Матэрыялы, сабраныя ім, папоўнілі фонды Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, музея абароны Брэсцкай крэпасці, музея-сядзібы «Пружанскі палацык».

Цяжкім перыядам жыцця для Міхаіла Паўлавіча сталі гады перабудовы, калі рушыліся ідэалы, за якія змагаўся ўсё жыццё. Асаблівыя адносіны былі ў Міхаіла Паўлавіча да рэлігіі. Нягледзячы на тое, што называў сябе атэістам, ужо ў сталым узросце абвянчаўся з жонкай. Пасля вянчання царкву не наведваў, але яго душа цягнулася да храма, стаў ініцыятарам адраджэння храма ў родным Роўбіцку. Праваслаўную часоўню пабудавалі ў 1993 г. з дапамогай аднавяскоўцаў і пры фінансавай падтрымцы родных Міхаіла Клімца.

За сваю грамадскую дзейнасць Міхаіл Клімец узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Брэсцкага аблвыканкама, грамадскіх арганізацый, яму прысвоена званне Ганаровага краязнаўца Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (1988).

Браты Міхаіла Паўлавіча таксама праявілі сябе неардынарнымі асобамі. Аляксандр Паўлавіч Клімец (нарадзіўся 21 сакавіка 1950 г.) — аўтар навуковых даследаванняў па фізіцы і філасофіі, яго працы знаходзяцца ў НАН Беларусі, АН Расіі, Бібліятэцы Кангрэса ЗША. Анатоль Паўлавіч Клімец (10.01.1943–04.09.2001) — вядомы данецкі бізнесмен, у гонар якога ў Данецку пастаўлены помнік, аб ім Анатоль Крэйдзіч напісаў кнігу «Анатолий Климец. Жизнь и судьба: сага о настоящем человеке» (2005). Яго сын — Павел Анатольевіч Клімец (нарадзіўся 23 ліпеня 1967 г.) — украінскі палітык, стваральнік і прэзідэнт канцэрна «Алімп», адзін з самых вядомых бізнесменаў і мецэнатаў Украіны.

Міхаіл Паўлавіч Клімец пайшоў з жыцця 22 чэрвеня 2007 г. У 2008 г. выйшла дакументальна-мастацкая кнiга Анатоля Крэйдзіча «Михаил Климец. Колесо судьбы».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Казлоўская Надзея Анатольеўна, бібліёграф

 

Працы М. П. Клімца

1.Один из «западников» : [о деятеле национально-освободительного движения в Западной Беларуси, одном из организаторов партизанского движения во время Великой Отечественной войны, Почётном гражданине г. Пружаны Степане Филипповиче Потерухе] / Михал Климец // Заря. 2006. 16 сентября. С. 4.

2.«Беловежская пуща» : презентация книги В. Семакова «Беловежская пуща» / Михаил Климец // Заря. 2002. 13 июля. С. 5.

3.Младший брат Адама Мицкевича : [об историке, этнографе, юристе Александре Мицкевиче (1801–1871)] / Михаил Климец // Заря. 2002. 9 апреля.

4.Ад павета да раёна : з гісторыі Пружанскага раёна / Міхаіл Клімец // Раённыя будні. Пружаны, 2000. 3 мая. С. 2.

5.Задумано — сделано : [о Степане Филипповиче Потерухе — Почётном гражданине г. Пружаны, участнике национально-освободительного движения на Брестчине] / Михаил Климец // Рэспубліка. 1999. 7 кастрычніка. С. 10.

6.Роўбіцк / Міхаіл Клімец, Алесь Курэц // Берасцейскія карані ’98 : гісторыка-краязнаўчы і літаратурны зборнік. Брэст, 1998. С. 131–133.

7.Роўбіцк : гісторыя вёскі / Міхаіл Клімец // Народная трыбуна. 1997. 1 лістапада.

8.Открыт Ровбицкий храм : [об освящении церкви-каплицы в д. Ровбицк] / М. Климец : фото А. Гриба // Заря. 1993. 18 мая.

9.З кагорты камуністаў : [К. Я. Плотнікаў — былы першы сакратар Пружанскага райкама партыі] / Міхаіл Клімец // Раённыя будні. Пружаны, 1991. 24 студзеня.

10.Братская могила советских воинов, Курган Славы / М. П. Климец // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 367.

11.Деревне — четыре века : [о д. Ровбицк Пружанского района] / Михаил Климец // Заря. 1987. 6 июня.

12.Супраць захопнікаў : [з гісторыі баёў арміі генерала А. П. Тармасава па лініі Гарадзечна – Паддубна – Тэўлі – Стрыгава – Кобрын] / Міхаіл Клімец // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1982. № 4. С. 16–17.

 

Аб жыцці і дзейнасці М. П. Клімца

1.Климец Михаил Павлович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 459.

2.Клімец Міхаіл Паўлавіч / Васіль Ласковіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 199.

3.Климец Михаил Павлович // Кто есть Кто в Республике Беларусь. Деловой мир СНГ. Минск, 2006. Вып. 3. С. 169.

4.Климец Михаил Павлович // Кто есть Кто в Республике Беларусь : справочное издание / под ред. И. В. Чекалова. Минск, 2004. С. 124.

5.Климец Михаил Павлович // Кто есть Кто. Деловой мир СНГ, 2002. Минск, 2002. Вып. 2. С. 169.

6.Климец Александр Павлович // Кто есть Кто в Республике Беларусь : справочное издание / под ред. И. В. Чекалова. Минск, 2004. С. 123.

7.Климец Анатолий Павлович // Кто есть Кто в Республике Беларусь : справочное издание / под ред. И. В. Чекалова. Минск, 2004. С. 123.

8.Климец Павел Анатольевич // Кто есть Кто в Республике Беларусь : справочное издание / под ред. И. В. Чекалова. Минск, 2004. С. 124.

9.Крейдич, А. Михаил Климец. Колесо судьбы / Анатолий Крейдич. – Брест : СПД «Барановский В. С.», 2008. – 205 с., [36] л. ил.

10.Крейдич, А. Анатолий Климец. Жизнь и судьба : сага о настоящем человеке / Анатолий Крейдич ; [ред. П. Сутько]. – Донецк : Новый мир, 2005. – 225 с., [45] л. цв. ил.

11.Дом, в котором жил Климец Павел Антонович. Мемориальная доска Климцу Павлу Антоновичу. Могила Климца Павла Антоновича : [д. Ровбицк] / А. И. Дулебо, В. В. Бенько // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 365–366.

12.Синкевич, И. Пустить корни, чтобы жить... : [о книге А. Крейдича «Михаил Климец. Колесо судьбы»] / Ирина Синкевич // Заря. 2009. 26 февраля. С. 17.

13.Дзямідаў, С. Міхаіл Клімец — гісторык і краязнаўца / Сяргей Дзямідаў // Краязнаўчая газета. 2007. № 2. С. 4.

14.Чамярыца, А. Кніга пра асобу і пакаленне : [у Брэсцкiм дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы сувязі адбылася прэзентацыя дакументальна-мастацкай кнігі А. Крэйдзіча «Анатоль Клімец. Жыццё і лёс»] / А. Чамярыца // Народная трыбуна. 2006. 1 красавiка. С. 6.

15.Кiт, А. Кніга пра асобу і пакаленне : [выйшла дакументальна-мастацкая кнiга Анатоля Крэйдзіча «Анатоль Клімец. Жыццё і лёс»] / А. Кіт // Раённыя буднi. Пружаны, 2006. 17 мая. С. 6.

16.Крейдич, А. Маленькие жертвы геноцида : Михаил Павлович Климец был узником фашистского лагеря Черновесь (Восточная Пруссия) / Анатолий Крейдич // Заря. 2005. 19 апреля.

17.Ласковiч, В. Краязнавец з Роўбiцка : [М. П. Клiмец] / Васiль Ласковiч // Народная трыбуна. 2003. 5 лiпеня.

18.Ласкович, В. Почетный краевед : [М. П. Климец] / Василий Ласкович // Заря. 2003. 28 июня. С. 2.

19.Ласковiч, В. Летапiсец белавежскага краю : [М. П. Клімец] / Васіль Ласковiч // Народная трыбуна. 1998. 2 лiпеня.

20.Ласковіч, В. След на зямлі : [краязнавец М. П. Клімец з в. Роўбіцк] / Васіль Ласковіч // Раённыя будні. Пружаны, 1998. 7 ліпеня. С. 2.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1056 разоў Апошняя змена Чацвер, 10 Снежань 2020 11:00