Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 31 Ліпень 2018 09:29

12 ліпеня 2018 г. — 125 гадоў з дня нараджэння Паўла Мартынавіча Гулава (1893–1972), удзельніка Кастрычнiцкай рэвалюцыі і Вялікай Айчыннай вайны, Ганаровага грамадзяніна г. Брэста

Павел Мартынавіч Гулаў нарадзіўся 12 ліпеня 1893 г. у вёсцы Жураўлёва Рузскага павета Маскоўскай губерні (цяпер Рузскага раёна Маскоўскай вобласці) у сям’і беднага селяніна. З трынаццаці гадоў працаваў вучнем у кравецкай майстэрні ў Пецярбургу. З 1912 г. удзельнічаў у рэвалюцыйным руху.

 


У час Першай сусветнай вайны ў 1914 г. Павел Гулаў мабілізаваны ў Рускую армію. Удзельнічаў у баях на Заходнім фронце, быў паранены, лячыўся ў шпіталі, пасля трапіў у 263-і запасны пяхотны полк у г. Вязьме Смаленскай губерні.


П. М. Гулаў быў у ліку тых, хто актыўна ўсталёўваў Савецкую ўладу ў Расіі. Член партыі бальшавікоў з 1917 г. У сакавіку 1917 г. стаў намеснікам старшыні палкавога камітэта і членам Савета салдацкіх дэпутатаў Вяземскага гарнізона. Быў выбраны дэлегатам ІІ Усерасійскага з’езда Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які адбыўся ў Петраградзе 7–9 лістапада 1917 г.


Прымаў актыўны удзел у станаўленні Савецкай улады ў Смаленскай губерні. Быў абраны членам Вяземскага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, бальшавікі наладжвалі работу Савета рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. Цяжкасцей сустракалася нямала, таму ў студзені 1918 г. быў камандзіраваны ў Петраград за грашыма і інструкцыямі аб рабоце Саветаў. 14 студзеня 1918 г. у Петраградзе яго прыняў сам У. І. Ленін. 15-хвілінная гутарка надала Паўлу Гулаву моц і ўпэўненасць ва ўсіх давераных яму справах. Уся яго наступная праца ў Вяземскім Савеце грунтавалася на ўказах і парадах Уладзіміра Ільіча.


У лістападзе 1918 г. П. М. Гулаў зноў убачыў У. І. Леніна, калі быў дэлегатам VI Усерасійскага надзвычайнага з’езда Саветаў, слухаў яго прамову ў Вялікім тэатры аб першай гадавіне Кастрычніцкай рэвалюцыі.


Да 1920 г. П. М. Гулаў працаваў старшынёй павятовага выканкама Саветаў і першым старшынёй рэвалюцыйнага трыбунала г. Вязьмы. Ад арганізацыі правасуддзя ў першыя паслярэвалюцыйныя гады ў нямалай ступені залежаў лёс новай улады. Лідары бальшавіцкай партыі надавалі вялікае значэнне стварэнню рэвалюцыйнага правасуддзя ў выглядзе рэвалюцыйных трыбуналаў.


У чэрвенi 1920 г. П. М. Гулаў накіраваны на Паўднёвы фронт, служыў камісарам палка. Удзельнічаў у баях з войскам Врангеля, фарсіраваў Сіваш, вызваляў ад белагвардзейцаў Крым. У 1923 г. дэмабілізаваўся з Чырвонай арміі, працаваў на кіруючых партыйных і савецкіх пастах у Крыме, у Сімферопалі быў намеснікам пракурора Аўтаномнай Крымскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.


Вялікая Айчыннай вайна для жыхароў Крыма пачалася на досвітку 22 чэрвеня 1941 г., калі нямецкія самалёты бамбілі Севастопаль і іншыя гарады. Са жніўня 1941 г. Павел Мартынавіч у Чырвонай арміі, назначаны ваенным пракурорам стралковай дывізіі, прайшоў усю вайну.


З 1946 г. П. М. Гулаў жыў у Брэсце, куды быў накiраваны на працу ў пракуратуру. У ліку асноўных задач пракуратуры пасляваеннага перыяду былі: ліквідацыя наступстваў фашысцкай акупацыі, умацаванне законнасці і растлумачванне грамадзянам бягучага заканадаўства. Была зроблена вялікая работа па раскрыцці і пакаранні ваенных злачынцаў і іх пасобнікаў. Значных намаганняў патрабавала рашэнне пытанняў, звязаных з аднаўленнем дзяржаўнай і калгаснай маёмасці, з абаронай маёмасных правоў грамадзян, якія пацярпелі ў перыяд акупацыі. Масавае вяртанне грамадзян і дэмабілізаваных воінаў зрабіла надзвычай вострым разгляд скаргаў па жыллёвых пытаннях. Асаблівая ўвага надавалася на выкананне ільгот дэмабілізаваным воінам, партызанам, падпольшчыкам і іх сем’ям. Да выхаду на пенсію ў 1960 г. П. М. Гулаў працаваў намеснікам пракурора вобласці, быў членам Брэсцкага гаркама КПБ, дэпутатам Брэсцкага гарадскога Савета працоўных.


У кнізе «Воспоминания участников борьбы за власть Советов в Смоленской губернии» (1957) былі змешчаны яго ўспаміны пра першыя рэвалюцыйныя гады. 6 лістапада 1958 г. быў сярод тых, хто ўрачыста адкрываў помнік У. І. Леніну ў Брэсце.


На заслужаным адпачынку яму не сядзелася дома. Школьнiкам i студэнтам даводзілася не раз чуць з вуснаў Павла Мартынавіча аповяд пра тыя гістарычныя падзеі, сведкам і ўдзельнікам якіх быў, гаварыў ён пра перажытае без пафасу. Выступіў з прамовай на ўрачыстым пасяджэнні, прысвечаным 100-годдзю з дня нараджэння У. І. Леніна, у Брэсцкім Доме палітасветы (1970). На грамадскіх пачатках дапамагаў журналістам абласной газеты «Заря» разбірацца са скаргамі, загадваў грамадскай прыёмнай газеты. Час ад часу па матэрыялах праверак пісаў артыкулы, i гэта ў яго няблага атрымлівалася: ён быў прыняты ў Саюз журналiстаў СССР. Жонка, Аляксандра Антонаўна Гулава, шмат гадоў працавала карэктарам у газеце «Заря».


За сваю шматгадовую дзейнасць на службе законнасці Павел Мартынавіч узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, шматлікімі медалямі. Быў персанальным пенсiянерам саюзнага значэння, Ганаровым камсамольцам СШ № 1 г. Брэста. 16 мая 1969 г. П. М. Гулаву было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Брэста».


П. М. Гулаў пасля цяжкай хваробы памёр 19 снежня 1972 г. Пахаваны на Гарнізонных могілках г. Брэста. На доме, дзе жыў (вул. Маякоўскага, 6), у 1974 г. устаноўлена мемарыяльная дошка. У народным музеі баявой славы гімназіі № 1 (былая СШ № 1) г. Брэста захоўваюцца дакументальныя матэрыялы аб дзейнасці П. М. Гулава.


Яшчэ пры жыцці старога камуніста аб ім, яго лёсе пісалі газеты, часопісы. У маскоўскім выдавецтве палітычнай літаратуры выйшла ў свет кніга «К вождю за советом» (1989). Аўтар — журналіст І. Б. Брайнін распавядае ў ёй пра людзей, якія сустракаліся ў свой час з У. І. Леніным. Адным з іх быў П. М. Гулаў, яму прысвечана асобная глава, якая напісана цалкам на дакументальнай аснове. Смаленскі архіў захаваў нямала дакументаў аб дзейнасці Вяземскага Савета, дзе працаваў П. М. Гулаў.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii



1.    Гулов Павел Мартынович // Почетные граждане белорусских городов : биограф. справочник / Б. Д. Долготович. Минск, 2008. С. 7–8.
2.    Гулаў Павел Мартынавіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 640.
3.    Гулов Павел Мартынович // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 191.
4.    Могила Гулова Павла Мартыновича // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 60.
5.    Мемориальная доска Гулову Павлу Мартыновичу // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 73.
6.    Магіла Гулава Паўла Мартынавіча // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобалсць. Мінск, 1984. С. 53.
7.    Мемарыяльная дошка Гулаву Паўлу Мартынавічу // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобалсць. Мінск, 1984. С. 61.
8.    Федоренко, П. П. Революционные трибуналы Смоленской губернии: декабрь 1917–1922 гг. : дис. ... канд. ист. наук : 07.00.02 / Павел Петрович Федоренко. – Смоленск, 2006. – 238 с.
9.    Брайнин, И. Б. «Буржуазия у вас есть, обложите её контрибуцией…» : [о встрече П. М. Гулова с В. И. Лениным] // К вождю за советом : собеседники Ленина / Исай Борисович Брайнин. 2-е изд., доп. Москва, 1989. С. 68–77.
10.    Воспоминания участников борьбы за власть Советов в Смоленской губернии : [сборник] / Партийный архив Смоленского обкома КПСС. – Смоленск, 1957. – 223 с. : ил. – Из содерж.: Это было 40 лет назад : (Борьба за власть Советов в Вязьме) / Павел Гулов. С. 129–140.
11.    Туров, В. Ода корректору : [о корректорах газеты «Заря» Оксане Яшкиной, Юлии Михайловне Клёнкиной, Александре Антоновне Гуловой, Лидии Фёдоровне Тиняковой и др.] // След : [очерки] / Владимир Туров. Брест, 2010. C. 229–243.
12.    Литвинович, Е. Он был рядом с Ильичом... : [о П. М. Гулове] / Евгений Литвинович ; фото Александра Шульгача // Заря. 2018. 25 июля. С. 8.
13.    Литвинович, Е. Быть в почете : [16 мая 1969 г. звание «Почётный гражданин Бреста» было присвоено П. Гулову, Н. Свинарчуку и В. Селивоник] / Евгений Литвинович // Заря. 2014. 20 мая. С. 3.
14.    Крэйдзіч, М. На крутых паваротах гісторыі : у кожнага пакалення — свае жыццёвыя выпрабаванні : [успамін пра Ганаровага грамадзяніна Брэста П. М. Гулава] / Марыя Крэйдзіч // Народная трыбуна. 2008. 8 лістапада. С. 2.
15.    Туров, В. Ода корректору : [о бывших работниках редакции газеты «Заря»; упоминаются П. М. Гулов и А. А. Гулова] / Владимир Туров // Заря. 2008. 2 октября. С. 7.
16.    Малашевский, В. 15 минут и вся жизнь : [о книге И. Б. Брайнина «К вождю за советом», одна из её глав посвящена П. М. Гулову] / В. Малашевский // Товарищ. 2001. 30 марта.
17.    Ильевский, З. Определяющее начало : [о встрече П. М. Гулова с В. И. Лениным в 1918 г.] / З. Ильевский // Советская Белоруссия. 1980. 19 апреля.
18.    Малашевский, В. Пятнадцать минут и вся жизнь : революции лично известен : [о встрече П. М. Гулова с В. И. Лениным в 1918 г.] / В. Малашевский // Заря. 1977. 8 ноября.
19.    Павел Мартынович Гулов : [некролог] // Заря. 1972. 21 декабря.
20.    По заветам Ильича : торжественное заседания в Бресте : [к 100-летию со дня рождения В. И. Ленина; выступил П. М. Гулов] // Заря. 1970. 17 апреля.
21.    Торжественное заседание, посвященное 950-летию Бреста : [в программе чествование Почётных граждан города П. М. Гулова, В. С. Саливоник, Н. Д. Свинарчука] // Заря. 1969. 27 мая.
22.    Гулов, П. Свободу народ в борьбе добывал : [воспоминая о революционных событиях 1917 г.] / П. Гулов // Заря. 1967. 18 апреля ; 19 апреля ; 22 апреля ; 5 мая.
23.    Вечно живой образ Ильича : открытие памятника В. И. Ленину в городе Бресте : [упомянут П. М. Гулов] / фото Е. Макарчука // Заря. 1958. 7 ноября.

Чытаць 1288 разоў Апошняя змена Чацвер, 10 Снежань 2020 10:52