Пятніца, 03 Жнівень 2018 10:27

19 лiстапада 2018 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Мiколы (Мiкалая Арцёмавiча) Засiма (1908–1957), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, паэта

Мікалай Арцёмавіч Засім нарадзіўся 19 лістапада 1908 г. у вёсцы Шані Пружанскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці) у вялікай i беднай сялянскай сям’і. Бацька працаваў на будаўніцтве чыгункі. У час Першай сусветнай вайны з бацькамі эвакуіраваўся ў Саратаўскую губерню, на радзіму Засімы вярнуліся ў 1921 г. Мікола Засім вучыўся спачатку ў рускай школе ў в. Папоўка каля Саратава, а пасля вяртання на родную Пружаншчыну скончыў сямікласную польскую школу.


Працаваў па найме, на тартаку (лесапільным заводзе), лесніком. У 1924 г. уступіў у падпольную камсамольскую арганізацыю, затым у Камуністычную партыю Заходняй Беларусі. Браў актыўны ўдзел у грамадска-палітычным і культурна-асветным руху, за што польскія ўлады яго не раз арыштоўвалі, забіралі ў паліцэйскія пастарункі, заключалі ў турму. У 1930-я быў бібліятэкарам вясковай бібліятэкі, створанай Таварыствам беларускай школы. У бібліятэцы налічвалася 248 кніг, як на той час — нямала. Удзельнічаў у мастацкай самадзейнасці, падабаліся яму ролі камедыйных персанажаў, у вясковым аркестры іграў на балалайцы.


Пасля ўз’яднання Беларусі (1939) М. А. Засім абраны старшынёй Шанеўскага сельскага Савета. У час Вялікай Айчыннай вайны — партызан, адзін з арганізатараў антыфашысцкага руху на Пружаншчыне. Бацьку і маці фашысты расстралялі «за сына-партызана», сястру пагналі ў Германію. З ліпеня 1943 г. — інструктар Брэсцкага абласнога антыфашысцкага камітэта, які дзейнічаў пад кіраўніцтвам падпольнага абкама КП(б)Б. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і трыма медалямі.


Пасля вызвалення Беларусі М. А. Засім працаваў загадчыкам аддзела Пружанскага райвыканкама (1944–1946). У 1948 г. скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КП(б)Б, накіраваны на працу ў рэдакцыю брэсцкай абласной газеты «Заря». Потым працаваў у брэсцкай раённай газеце «Заря над Бугом», у абласным краязнаўчым музеі.


Вершы Мікола Засім пачаў пісаць у юнацтве. Першая публікацыя была ў віленскім часопісе «Маланка» (1928, № 5) — сатырычны верш «Ні каровак, ні мандату…». Друкаваўся ў часопісах «Маланка», «Літаратурная старонка», «Асва», газетах «Наша воля», «Наша праца». У вершах выяўляў сацыяльныя канфлікты ў заходне-беларускай вёсцы, паказваў цяжкое жыццё сялянства, выкрываў палітыку польскіх улад. Шырока карыстаўся сатырычнымі прыёмамі адлюстравання (гратэск, пародыя). На творах 1939–1941 гг. відаць сляды стараннай вучобы ў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Петруся Броўкі і іншых савецкіх паэтаў, у мове паменшала дыялектызмаў.


У час Вялікай Айчыннай вайны друкаваў вершы ў падпольных газетах «Заря», «За Родину». Пісаў заклікі да барацьбы з ворагам, аб героіцы партызанскай барацьбы. Пасля вайны — пра веліч і цяжар народнай вайны, рост культуры і грамадскай свядомасці народных мас, аб мірным жыцці. У 1945 г. прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР. Яго вершы перакладалі на рускую мову Аляксандр Твардоўскі, Міхаіл Луконін.


У 1948–1951 гг. кіраваў абласным літаратурным аб’яднаннем, якое грунтавалася вакол «Зари». На пачатку 1951 г. у газеце «Заря» пачалі друкавацца літаратурныя старонкі, якія рыхтаваў М. Засім. З яго дапамогай змешчаны вершы Яраслава Пархуты, Мікалая Цялічкі, Уладзіміра Харужага, Мікалая Чарняева, Васіля Падбеды, Веры Сурскай, Уладзіміра Каліноўскага, Сцяпана Крэчко, Яўгена Жалнеровіча i iншых. У вачах юнакоў і дзяўчат Мікалай Арцёмавіч увасабляў прыклад сапраўднага прафесійнага паэта. Але сам Мікола Засім адчуваў, што яму, самавуку, не хапае культуры, ведаў, адукацыі, каб крочыць упоравень з паэтамі новага часу.


Пры жыцці Міколы Засіма выйшлі два зборнікі паэзіі — «Ад шчырага сэрца» (1947) i «Вершы» (1954). Пасля смерці былі выдадзены: «Выбранае» (1960), «Вершы» (1973), «А за намі Белавежа» (1984). Творчасць паэта ўважліва вывучаў літаратуразнавец Уладзімір Андрэевіч Калеснік.


М. А. Засім заўчасна памёр 19 верасня 1957 г., пахаваны на Трышынскіх могілках г. Брэста. Яго рукапісы, лісты, дакументы, фотаздымкі захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.


У Брэсце на доме, дзе была рэдакцыя газеты «Заря» (вул. Камсамольская, 40), у гонар М. Засіма ўстаноўлена мемарыльная дошка (1988), у мiкрараёне «Валынка» яго імем названа вуліца. У студзені 1989 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы i Шанеўскай сярэдняй школе прысвоена імя Міколы Засіма. 19 лістапада 2008 г. на будынку бібліятэкі адкрыта мемарыяльная дошка. У Шанеўскай СШ імя М. Засіма створаны літаратурна-краязнаўчы музей, традыцыйна ў лістападзе праводзяцца «Засімавіцкія дні».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

Творы М. Засіма

1.    А за намі Белавежа : вершы i паэма / Мікола Засім ; [склад., аўтар прадмовы У. А. Калеснік]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1984. – 126 с., 1 л. партр.
2.    Вершы / Мікола Засім ; [уклад., аўтар уступ. артыкула У. А. Калеснік]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1973. – 159 с. : іл. – (Бібліятэка беларускай паэзіі).
3.    Выбранае : [вершы] / Мікола Засім ; [склаў і аўтар уступ. артыкула У. А. Калеснік]. – Мінск : Дзяржвыд БССР, 1960. – 202 с., 1 л. партр.
4.    Вершы / Мікола Засім. – Мінск : Дзяржвыд, 1954. – 227 с.
5.    З жалеза : з двух сшыткаў вершаў Міколы Засіма часу вайны / Мікола Засім // Жырандоля : літаратурны альманах. Мінск, 2010. № 3. С. 41–46.
6.    Парагвай ; Сінія вочы : [вершы] / Мікола Засім ; [уступ. слова Уладзі Таццянчык] // Звязда. 2008. 19 лістапада.
7.    Розныя шляхі ; Пры панскай Польшчы ; Сон ; Дуброва ; Забраная вясна ; За Радзіму ; Светлай памяці бацькоў ; Сястра мая… ; Маладой настаўніцы : [вершы 1930–1948 гг.] / Мікола Засім ; падрыхтоўка тэкстаў Казіміра Камейшы // Полымя. 2007. № 5. С. 95–97.
8.    «Быў заўсёды я з народам...» : [вершы] / Мікола Засім // Роднае слова. 2003. № 10. С. 26–28.
9.    Парагвай ; «Мы нічым не багаты…» ; Выпраўляла маці сына ; Светлай памяці бацькоў ; Сінія вочы : [вершы] / Мікола Засім // Анталогія беларускай паэзіі : у 3 т. Мінск, 1993. Т. 2. С. 266–268.

 

Аб жыцці і творчасці М. Засіма

1.    Засім Мікола / У. А. Калеснік // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 544.
2.    Засим Микола // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 3. С. 621.
3.    Засім Мікола / Уладзімір Калеснік // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 409.
4.    Мікола Засім // Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 419–422.
5.    Засім Мікола / У. А. Калеснік // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 2. С. 506–509.
6.    Засім Мікола / У. А. Калеснік // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 493.
7.    Засім Мікола / У. А. Калеснік // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 4. С. 504–505.
8.    Засім Мікалай Арцёмавіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 652.
9.    Паэт-змагар Мікола Засім : літаратурна-краязнаўчае выданне. – Пружаны : ЦРБ імя М. Засіма, 2008. – 23 с. – (Знакамітыя землякі).
10.    Засім, М. Аўтабіяграфія / Мікола Засім // Пра час і пра сябе : аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў / склад. і падрых. тэкстаў Я. Казекі. Мінск, 1962. С. 173–174.
11.    Калеснік, У. Мікола Засім // Лёсам пазнанае : выбраныя літаратурныя партрэты і нарысы / Уладзімір Калеснік. Мінск, 1982. С. 205–238.
12.    Калеснік, У. Урокі Засіма // Зорны спеў / Уладзімір Калеснік. Мінск, 1975. С. 330–341.
13.    Калеснік, У. Урокі Засіма / У. Калеснік. З успамінаў А. Петрыка, земляка паэта М. Засіма // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Пружанскага раёна. Мінск, 1992. С. 411–416.
14.    Мікуліч, М. У. Праблемы творчасці Міколы Засіма / М. У. Мікуліч // Актуальныя праблемы літаратурнай адукацыі на сучасным этапе рэформы школы : зб. навук. арт. Мінск, 2003. С. 197–201.
15.    Туров, В. «З прывiтаннем — М. Засім…» : [аб жыццi i творчасцi М. Засіма] // След : художественно-документальные очерки / Владимир Туров. Брест, 2010. С. 53–63.
16.    Гарай, А. Ралля, узараная вершам : [аб паэзіі М. Засіма] / Анатоль Гарай // Жырандоля : літаратурны альманах Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Мінск, 2008. № 1. С. 5–12.
17.    Ляшук, В. Я. Мікола Засім / В. Я. Ляшук // Літаратурная Берасцейшчына : краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. Мінск, 2008. С. 207–209.
18.    Рудкоўскі, М. Мікола Засім чытае паэтычную пошту газеты «Зара» : [верш] // Залатазвон : [вершы] / Міхась Рудкоўскі. Мінск, 1986. С. 184–185.
19.    Могила Засима Николая Артёмовича : [на Тришинском кладбище г. Бреста] / В. Б. Короткевич // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 74–75.
20.    Мемориальная доска Засиму Николаю Артёмовичу : [г. Брест] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 73.
21.    Зарэцкая, В. Я. Рэгіянальнае, нацыянальнае, агульначалавечае ў вершах Міколы Засіма / В. Я. Зарэцкая // Гуманістычны пафас заходнебеларускай літаратуры : манаграфія / В. Я. Зарэцкая, М. І. Яніцкі. Брэст : БрДУ, 2007. С. 80–90.
22.    Філатаў, Л. «Напаказ расхрыстаны паэт-партызан» : [успаміны пра сустрэчы з М. Засімам] / Леанід Філатаў // Народная трыбуна. 2009. 6 лістапада (№ 45). С. 11.
23.    Кажадуб, С. Лісты паэта Міколы Засіма да Яраслава Пархуты, нашага славутага земляка / Святаслаў Кажадуб // Івацэвіцкі веснік. 2009. 14 жніўня. С. 2.
24.    Жалкоўскi, А. Падарунак пружанцам : [мемарыяльная дошка М. Засіму] / Алесь Жалкоўскі // ЛiМ. 2008. 26 снежня (№ 52). С. 4.
25.    Жэдзік, Г. Дні, напоўненыя паэзіяй Засіма : [пра вечары, прысвечаныя 100-годдзю з дня нараджэння М. Засіма, праведзеныя ў ЦБС] / Галіна Жэдзік // Раённыя буднi. Пружаны, 2008. 29 лістапада. С. 4.
26.    Верин, И. Светлому человеку — светлая память : [к 100-летию со дня рождения М. Засима] / Илья Верин // Брестский вестник. 2008. 20 ноября (№ 47). С. 12.
27.    Гавака, І. Мікола Засім сустракае чытачоў ля цэнтральнай бібліятэкі : [пра святкаванне 100-годдзя з дня нараджэння М. Засіма; адкрыццё мемарыяльнай дошкі на будынку ЦРБ імя М. Засіма] / Ірына Гавака ; фота А. Сідарэнка // Раённыя буднi. Пружаны, 2008. 22 лістапада. С. 2.
28.    Прысвячэнне Міколу Засіму : [у Пружанах адкрыта мемарыяльная дошка] // Народная трыбуна. 2008. 22 лістапада. С. 3.
29.    Гармель, А. «Быў заўсёды я з народам…» : 19 лістапада беларускаму паэту Міколе Засіму споўнілася б 100 гадоў / Алена Гармель // Заря. 2008. 18 ноября. С. 4.
30.    Крэйдзіч, А. У гонар паэта-земляка : да 100-годдзя з дня нараджэння Міколы Засіма / Анатоль Крэйдзіч // ЛіМ. 2008. 25 ліпеня (№ 30). С. 15 ; Заря. 2008. 28 августа. С. 17.
31.    Камейша, К. Мікола Засім (1908–1957) : [аб жыцці і творчасці] / Казімір Камейша // Полымя. 2007. № 5. С. 91–94.
32.    Тураў, У. «З прывітаннем — М. Засім...» : [нарыс] / Уладзімір Тураў // Заря. 2007. 17 ноября.
33.    Гарай, А. Ралля, узараная вершам : [аб творчасці М. Засіма] / Анатоль Гарай // Беларуская думка. 2005. № 9. С. 184–187.
34.    Шабуня, Н. Свята-ушанаванне паэта-земляка : [пра лiтаратурнае свята да 95-годдзя з дня нараджэння М. Засiма ў Пружанскай ЦРБ iмя М. Засiма] / Н. Шабуня // Раённыя буднi. Пружаны, 2003. 29 лiстапада. С. 3.
35.    Каско, А. «З-пад Пружан, з вёскі Шэні... » : на «зямліцы» Міколы Засіма / Алесь Каско // Брестский курьер. 2003. 27 ноября (№ 48). С. 24.
36.    Крэйдзіч, А. Паэт вёскі і поля : [М. Засім] / Анатоль Крэйдзіч // Заря. 2003. 20 ноября.
37.    Кашкан, Т. Гонар зямлi Шаняўскай... : [пра лiтаратурна-краязнаўчы музей Шаняўскай СШ iмя М. Засiма] / Т. Кашкан // Раённыя буднi. Пружаны, 2003. 18 лiстапада.
38.    Каўка, А. Коля Засім : [да 95-годдзя з дня нараджэння М. Засіма] / А. Каўка // ЛiМ. 2003. 14 лістапада. С. 7.
39.    Мікуліч, М. «Паэт сапраўдны — гэта воін...» : творчасць Міколы Засіма давераснёўскага перыяду / Мікола Мікуліч // Роднае слова. 2003. № 10. С. 24–26.
40.    Каўко, А. Ад шчырага сэрца : да 90-годдзя М. Засіма / А. Каўко // Чырвоная звязда. Iванава, 2003. 12 верасня. С. 3.
41.    Тарасюк, У. Шэнi. Пружаны. Мiкола Засiм... / Уладзiмiр Тарасюк // ЛiМ. 1998. 25 снежня. С. 8.
42.    Шабуня, Н. Шанi. Пружаны. Мiкола Засiм : [пра святкаванне 90-годдзя з дня нараджэння М. Засiма на Пружаншчыне] / Н. Шабуня // Народная трыбуна. 1998. 5 снежня.
43.    Шабуня, Н. Даўгалецце на роднай зямлi : [пра свята да 90-годдзя з дня нараджэння М. Засiма ў в. Шанi i Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы] / Н. Шабуня, А. Хадаровiч // Раённыя буднi. Пружаны, 1998. 1 снежня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1970 разоў Апошняя змена Чацвер, 10 Снежань 2020 10:39