Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 06 Верасень 2018 11:10

10 верасня 2018 г. — 65 гадоў з дня нараджэння Івана Фёдаравіча Штэйнера (1953), літаратуразнаўца, крытыка, члена-карэспандэнта Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі, выдатніка адукацыі Беларусі

Іван Фёдаравіч Штэйнер нарадзіўся 10 верасня 1953 г. у вёсцы Беражное Столінскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1975 г. Працаваў дырэктарам Хатомельскай васьмігадовай школы Столінскага раёна, метадыстам Брэсцкага абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў.


З 1978 г. жыццё і працоўная дзейнасць Івана Штэйнера звязаны з Гомельскім дзяржаўным універсітэтам, дзе скончыў аспірантуру, абараніў кандыдацкую дысертацыю па гісторыі і тэорыі беларускай балады. З 1983 г. працуе загадчыкам кафедры беларускай літаратуры. У 1994 г. у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі І. Ф. Штэйнер абараніў доктарскую дысертацыю па беларуска-славянскіх паэтычных сувязях. У 1995 г. Іван Фёдаравіч атрымаў вучонае званне прафесара, абраны членам-карэспандэнтам Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі.


Іван Фёдаравіч Штэйнер — вядомы гісторык літаратуры і крытык, навуковы і агульнакультурны патэнцыял якога зайздросны. Мае звыш 300 навуковых прац, з якіх 20 манаграфій, 7 фальклорнаэтнаграфічных зборнікаў, 4 метадычныя дапаможнікі. Рэгулярна выступае на старонках рэспубліканскай перыёдыкі з агляднымі артыкуламі і рэцэнзіямі, надрукаваў шмат матэрыялаў у энцыклапедыях, даведніках. Звыш 15 гадоў з’яўляўся галоўным рэдактарам міжвузаўскага зборніка «Беларуская літаратура». Пастаянны ўдзельнік шматлікіх навуковых мерапрыемстваў, міжнародных канферэнцый, міжнародных з’ездаў славістаў у Любляне (Славенія), Охрыдзе (Македонія), канферэнцый у Варшаве, Познані, Беластоку, Кракаве, Ольдэнбургу, Бярдзянску і інш.


Навуковыя работы І. Ф. Штэйнера вылучае кампетэнтнасць, скрупулёзнасць аналіза. Яны ўтрымліваюць канцэптуальныя палажэнні, істотныя пры вывучэнні не толькі гісторыі беларускай літаратуры, але і спецыфікі развіцця славянскіх літаратур увогуле. Беларуская літаратура асэнсоўваецца даследчыкам у кантэксце славянскіх і агульнаеўрапейскіх традыцый. Ім даследаваны балады ўсіх славянскіх літаратур, а таксама англійскія, шатландскія, паўднёвыя (раманскія), скандынаўскія, нямецкія і інш. Прычым вучоны дэманструе выдатнае веданне і гісторыі славянскіх народаў, і выдатнае валоданне славянскімі мовамі. Вынікі даследаванняў І. Ф. Штэйнера атрымалі шырокую вядомасць і выкарыстоўваюцца ў навуковых распрацоўках беларускіх вучоных, а таксама ў працэсе выкладання літаратуры ў ВНУ і школе.


У 2007 г. цыкл работ І. Ф. Штэйнера «Беларуская літаратура ў славянскім і сусветным кантэксце» (2002–2007), які быў прадстаўлены ад ГДУ імя Ф. Скарыны на конкурс НАН Рэспублікі Беларусь, атрымаў высокую адзнаку і быў прызнаны лепшым даследаваннем у галіне гуманітарных навук, а яго аўтар адзначаны Прэміяй НАН Беларусі.


Важнае кола навуковай дзейнасці прафесара І. Ф. Штэйнера — падрыхтоўка навуковых кадраў. Пад яго кіраўніцтвам абаранілася шмат аспірантаў, сярод іх супрацоўнікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта С. І. Ханеня, С. Ф. Цыбакова, Т. А. Фіцнер, А. В. Брадзіхіна, А. Ф. Бярозка, В. А. Лідзянкова; выкладчыкі Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта П. Р. Кошман, А. В. Ваньковіч; выпускнікі ГДУ Ю. Я. Сальнікава, Т. Целяховіч, М. Воінава-Страха.


Прафесар І. Ф. Штэйнер кіруе навуковай школай «Рэгіянальны, агульнанацыянальны і агульначалавечы ўзроўні ў літаратуры: духоўная спадчына беларусаў у сусветным кантэксце». Ён распрацаваў новыя накірункі вывучэння гэтай складанай праблемы. Іван Фёдаравіч стаў галоўным каардынатарам міжвузаўскай фундаментальнай тэмы «Палессе – 2005». Пра аўтарытэт навуковай школы сведчыць узровень міжнародных канферэнцый, што праводзяцца кафедрай, удзельнікамі якіх з’яўляюцца вучоныя з Расіі, Украіны, Германіі, Англіі, Славеніі, Македоніі, Польшчы, Чарнагорыі. У жніўні 2018 г. прымаў удзел у ХVІ Кангрэсе славістаў свету ў Белградзе.


Шмат увагі І. Ф. Штэйнер надае развіццю інтэграцыі філалагічнай навукі і адукацыі, прымае актыўны ўдзел у рабоце камісіі па зацвярджэнні асноўных накірункаў Дзяржаўнай праграмы фундаментальных даследаванняў, у рабоце Саветаў па абароне дысертацый.


І. Ф. Штэйнер у 1999 г. быў узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. У 2003 г. атрымаў прэмію за асабісты ўнёсак у развіццё здольнасцей таленавітай моладзі, удастоены знака «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь».


Нягледзячы на тое, што прафесійнае жыццё Івана Фёдаравіча звязана з Гомелем, вядома яго глыбокая прывязанасць да роднай Століншчыны. Творы пісьменнікаў, ураджэнцаў Століншчыны Г. Марчука, А. Наварыча, Л. Дранько-Майсюка, часцей становяцца аб’ектам навуковай увагі літаратурнага крытыка. Цікавіцца і творчасцю Ю. Алешы, продкі якога некалі валодалі мясцовымі землямі. Марыць, што столінскі народны тэатр «Пагарынне» паставіць спектакль па ягоных вадэвілях.

 

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Складальнік В. Ю. Трапец, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

 

Працы i творы І. Ф. Штэйнера
1.    Смехъ зъ болестию смешанъ будеть : смехавыя традыцыі Рэнесансу ў сатырычнай літаратуры XX стагоддзя / І. Штэйнер. – Гомель : ГДУ, 2017. – 141 с.
2.    Валадар над усім: канцэпт голаду ў беларускай і сусветнай літаратуры / І. Штэйнер. – Гомель : ГДУ, 2016. – 125 с.
3.    Кот на лаўрах : п’еса / І. Ф. Штэйнер. – Мінск, 2013. – 64 с.
4.    Bis repetita placent / І. Ф. Штэйнер. – Гомель : ГДУ імя Ф. Скарыны, 2013. – 219 с.
5.    Уводзіны ў невымоўнае : філасофія паэзіі Алеся Разанава / І. Штэйнер. – Мінск : Звязда, 2013. – 352 с.
6.    Шлюб па прымусу : п’еса / І. Ф. Штэйнер. – Мінск, 2012. – 34 с.
7.    «Мудрости зачало и конецъ…», або Спакушэнне Скарыны : п’еса / І. Ф. Штэйнер ; [прадмова П. В. Васючэнкі]. – Гомель : Барк, 2012. – 74 с.
8.    Мудрости зачало и конецъ… : драма / І. Ф. Прылуцкі (Штэйнер). – Мінск : РИВШ, 2011. – 52 с.
9.    Alma mater universitatis / І. Ф. Штэйнер. – Гомель : ГДУ імя Ф. Скарыны, 2010. – 198 с.
10.    Криница, из которой пил святой : философская поэзия Алеся Рязанова / И. Ф. Штейнер. – Мінск : РИВШ, 2010. – 162 с.
11.    Дняпроўскія матывы : нарысы [пра пісьменнікаў Гомельшчыны, якія нарадзіліся на берагах Дняпра] / І. Штэйнер. – Гомель : Сож, 2009. – 368 с.
12.    Ex promtu – ex propositо : [зборнік] / І. Штэйнер. – Гомель : Сож, 2008. – 360 с.
13.    Deprofundis clamavi : смех і роспач у нацыянальнай мастацкай традыцыі : манаграфія / І. Штэйнер. – Гомель : ГДУ імя Ф. Скарыны, 2008. – 87 с.
14.    Super flumina Babylonis : біблейскія міфалагемы ў паэзіі Рыгора Барадуліна / І. Штэйнер. – Мінск : Кнiгазбор, 2008. – 76 с.
15.    Кому без Человека нужно слово : перспективы литературы в ІІІ тысячелетии / И. Штейнер. – Минск : Книгосбор, 2008. – 60 с.
16.    «Свае руны мне не вышыць…» : спадчына Анатоля Сыса / І. Штэйнер. Мінск : Кнігазбор, 2008. – 40 с.
17.    «Свет шчодры. Свет мяне паўторыць…» : паэзія У. Караткевіча і класічныя традыцыі / І. Штэйнер. – Мінск : Кнігазбор, 2008. – 120 с.
18.    Споведзь перад Богам і людзьмі : беларуская паэзія на стыку тысячагоддзяў / І. Штэйнер. – Гомель : Сож, 2007. – 174 с.
19.    Déjà vubis : зборнік эсэ / І. Штэйнер. – Мінск : Грант, 2006. – 181 с.
20.    Польскамоўная літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя : вучэбны дапаможнік / І. Штэйнер. – Гомель : ГДУ імя Ф. Скарыны, 2004. – 183 с.
21.    Сусвет, убачаны здалёк : творчасць Георгія Марчука / І. Штэйнер. – Гомель : ГДУ імя Ф. Скарыны, 2003. – 95 с.
22.    Вяселле на Гомельшчыне : фальклорна-этнаграфічны зборнік / аўт. уклад.: І. Ф. Штэйнер, В. С. Новак. – Мінск : Нёман, 2003. – 472 с.
23.    Вечнае : фальклорна-этнаграфічная спадчына Веткаўскага раёна / аўт. уклад.: І. Ф. Штэйнер, В. С. Новак. – Гомель : ГДУ імя Ф. Скарыны, 2003. –362 с.
24.    Балада: генезіс, эвалюцыя, перспектывы жанру : вучэб. дапам. для студ. філалагіч. спец. ВНУ / І. Ф. Штэйнер. – Мінск : Нёман, 2003. – 124 с.
25.    Déjà vu, або Успамін пра будучыню : літаратурна-крытычныя артыкулы / І. Ф. Штэйнер. – Мінск : Нёман, 2003. – 144 с.
26.    Шматмоўная літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя / І. Ф. Штэйнер. – Мінск : Беларуская навука, 2002. – 172 с.
27.    Фальклорна-этнаграфічная і літаратурная спадчына Рэчыцкага раёна / уклад.: І. Ф. Штэйнер, В. С. Новак. – Мінск : Нёман, 2002. – 383 с.
28.    Роднае : фальклорна-этнаграфічная і літаратурная спадчына Гомельскага раёна / уклад., аўтар артыкулаў, рэд. І. Ф. Штэйнер, В. С. Новак. – Мазыр : Белы вецер, 2000. – 275 с.
29.    Варожаць балады вякоў : беларуская балада і славянскія традыцыі / І. Ф. Штэйнер. – Мінск : Навука і тэхніка, 1993. – 240 с.
30.    Беларуская баллада: вытокі жанру і паэтычная структура / І. Ф. Штэйнер. – Мінск : Навука і тэхніка, 1989. – 142 с.

Аб жыцці і дзейнасці І. Ф. Штэйнера
1.    Штэйнер Іван Фёдаравіч / А. І. Клімовіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 17. С. 479.
2.    Штейнер Иван Федорович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2013. Т. 3, кн. 2. С. 490–491.
3.    Штейнер Иван Федорович / И. М. Дорошко // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 472.
4.    Штейнер Иван Федорович / И. М. Маркова // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2008. Т. 7. С. 617.
5.    Іван Штэйнер // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч. Брэст : ААТ «Брэсцкая друкарня», 2008. С. 549–553.
6.    Штэйнер Іван / М. М. Воінаў // Беларускія пісьменнікі : біябiблiяграфічны даведнік : у 6 т. Мінск, 1995. Т. 6. С. 386–387.
7.    «На крылах светлага натхнення…» : (да 60-годдзя прафесара І. Ф. Штэйнера) : бібліяграфічны паказальнік / укл. В. Г. Скачкова. – Гомель : ГДУ імя Ф. Скарыны, 2013. – 52 с.
8.    Аўдоніна, Т. В. «Доля прарокаў…» : [пра п’есу І. Штэйнера «„Мудрости зачало и конецъ…“ або Спакушэнне Скарыны»] / Т. В. Аўдоніна // Штэйнер, І. Ф. «Мудрости зачало и конецъ…» або Спакушэнне Скарыны : п’еса / І. Ф. Штэйнер. Гомель : Барк. 2012. С. 58–65.
9.    Рыцар балады з Палесся : [І. Ф. Штэйнер] // Университет профессорский / сост. Д. Д. Павловец [и др.]. Гомель, 2005. С. 370–376.
10.    Бышко, Ф. Маё Палессе : [І. Ф. Штэйнер; фота] / Ф. Бышко // Навіны Палесся. Столін, 2018. 31 жніўня. С. 17.
11.    Капуста, Ж. Смех па-нашаму : [вытокі нацыянальнага гумару паводле Івана Штэйнера] / Ж. Капуста // ЛіМ. 2018. 1 чэрвеня (№ 21). С. 6.
12.    Березко, А. Ф. Возвращение к забытым традициям литературоведения : [рецензия на: Штэйнер, І. Ф. Смехъ зъ болѣстию смешанъ будеть: смехавыя традыцыі Рэнесансу ў сатырычнай літаратуры ХХ стагоддзя] / Александр Березко // Нёман. 2018. № 5. С. 183–186.
13.    Асташкевіч, І. Феліналогія ад доктара Штэйнера  / І. Асташкевіч // Звязда. 2016. 16 красавіка. С. 17.
14.    Сахарчук, Н. Пра ката на лаўрах і не толькі... : [прэм’ера спектакля па п’есе І. Штэйнера «Кот на лаўрах» адбылася на сцэне Столінскага аграрна-эканамічнага каледжа] / Н. Сахарчук // Навіны Палесся. Столін, 2015. 30 красавіка. С. 12.
15.    Жук, І. Баладная зорка Івана Штэйнера  / Ігар Жук // Роднае слова. 2013. № 9. С. 6–8.
16.    Мельнікава, А. Настаўнік і вучоны : [пра І. Ф. Штэйнера] / А. Мельнікава // Навіны Палесся. Столін, 2013. 10 верасня. С. 2.
17.    Аўдоніна, Т. Барацьба за спадчыну як анекдот : [п’еса «Кот на лаўрах» І. Ф. Штэйнера і аднайменны спектакль у пастаноўцы рэжысёра Б. Арлоўскага] // ЛіМ. 2013. 2 жніўня (№ 30). С. 16.
18.    Гайдук, А. Не толькі пра Скарыну : [кніга І. Штэйнера «“Мудрости зачало и конецъ…”, або Спакушэнне Скарыны»] / А. Гайдук // ЛіМ. 2013. 14 чэрвеня (№ 23) С. 4.
19.    Сліва, М. «Не навуковы трактат, а мастацкі твор» : [пра кнігу І. Ф. Штэйнера «„Мудрости зачало и конецъ…“, або Спакушэнне Скарыны»] / М. Сліва // Краязнаўчая газета. 2013. № 10 (сак.). С. 5.
20.    Жук, І. Цывілізацыйны акт «Зорнага неба» : нататкі на палях адной кнігі пра літаратуру : [кніга І. Ф. Штэйнера «Ex promtu – ex proposito»] / Ігар Жук // Маладосць. 2012. № 4. С. 73–77.
21.    Штэйнер, І. Ф. Несакрэтныя матэрыялы прафесара Штэйнера, альбо Змаганне з «культурнымі комплексамі» праз чытанне / І. Ф. Штэйнер ; гутарыла Л. Цімошык // Звязда. 2012. 11 лютага. С. 6.
22.    Агіевіч, У. Еці і фаліянты : [пра кнігу І. Ф. Штэйнера «Мудрости зачало и конецъ…»] / Ул. Агіевіч // ЛіМ. 2012. 20 студзеня (№ 3). С. 7.
23.    Мельнікава, А. Напрамак характэрны, гомельскі : [пра дзейнасць кафедры беларускай літаратуры ГДУ пад кіраўніцтвам прафесара І. Ф. Штэйнера] / Анжэла Мельнікава // ЛіМ. 2010. 10 верасня (№ 36). С. 14.
24.    Штэйнер, І. Трылогія Івана Штэйнера / І. Штэйнер ; аўтограф брала Марына Весялуха // ЛіМ. 2010. 3 верасня (№ 35). Кніжны свет. С. 1.
25.    Асташкевіч, І. Тры ракі — тры кнігі : [пра кнігі І. Штэйнера «Дняпроўскія матывы», «Прыпяцкая рапсодыя» і «Сожскі карагод»] / І. Асташкевіч // Звязда. 2010. 7 ліпеня.
26.    Берлеж, М. Літаратурна-краязнаўчы човен : [пра кнігу І. Ф. Штэйнера «Дняпроўскія матывы»] / М. Берлеж // Полымя. 2010. № 3. С. 173–175.
27.    Мельнікава, А. Феномен гомельскай школы : [прэзентацыя манаграфіі І. Ф. Штэйнера «Дняпроўскія матывы»] / Анжэла Мельнікава // ЛіМ. 2010. 26 лютага (№ 8). С. 15.
28.    Шевлякова, И. Парадоксы вечной молодости : [о литературоведе И. Ф. Штейнере] / Ирина Шевлякова // Нёман. 2009. № 11. С. 158–162.
29.    Штэйнер, І. Ф. «Гаворыш па-беларуску, значыць, належыш да эліты» / І. Ф. Штэйнер ; гутарыла І. Асташкевіч // Звязда. 2009. 18 лютага.
30.    Шамякіна, М. Новыя кнігі Івана Штэйнера / М. Шамякіна // Роднае слова. 2008. № 12. С. 34.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1676 разоў Апошняя змена Чацвер, 10 Снежань 2020 10:03