Панядзелак, 24 Верасень 2018 10:34

8 верасня 2018 г. — 65 гадоў з часу заснавання Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа (1953)

У пасляваенны час стаяла вострая патрэбнасць у кваліфікаваных кадрах для народнай гаспадаркі. Савет Міністраў БССР 18 ліпеня 1953 г. выдаў пастанову № 895, у якой змяшчаецца просьба да Савета Міністраў СССР «Аб арганізацыі ў Брэсцкай вобласці Пружанскага тэхнікума механізацыі сельскай гаспадаркі». 4 верасня 1953 г. Савет Міністраў СССР загадам № 641 гэтую просьбу задаволіў.

8 верасня 1953 г. да выканання сваіх службовых абавязкаў прыступіў першы дырэктар тэхнікума Міхаіл Сцяпанавіч Сянчук.

Заняткі ў новым тэхнікуме пачаліся з 5 кастрычніка 1953 г. у невялікім аднапавярховым будынку па вул. Чырвонаармейскай. Тэхнікум размяшчаўся ў чатырох аўдыторыях і чатырох невялікіх будынках інтэрнатаў. У гаспадарцы было 183 га зямлі, аўтамабіль «ЗІС-5» і колавы трактар «Універсал-2». Былi набраны чатыры групы па 30 чалавек. Заняткі з навучэнцамі праводзілі 10 выкладчыкаў. У верасні 1955 г. з тэхнікумам была аб'яднана Пружанская аднагадовая сельгасшкола, адкрытая ў 1948 г. для падрыхтоўкі паляводаў, жывёлаводаў і малодшых ветфельчараў.

Ля вытокаў існавання тэхнікума стаялі выкладчыкі: Г. Садоўскі, В. Макушынская, О. Мотлах, Ф. Лісавенка, Л. Бязрукі, В. Гаўрыловіч, Л. Кошалеў, Л. Вайтовіч, Л. Суворкін і інш. Першым загадчыкам вучэбнай часткі быў Іван Рыгоравіч Жалобенка, затым намеснікам дырэктара па вучэбнай працы стаў Вячаслаў Андрэевіч Гаўрыловіч, які працаваў да 1992 г.

Тэарэтычныя заняткі сумяшчаліся з працай у вучэбнай гаспадарцы, з ліпеня 1956 г. пачалася вытворчая практыка ў вобласці. Тэхнікум аказваў дапамогу гаспадаркам раёна ва ўборцы ўраджаю, навучэнцы ездзілі на дапамогу ў калгас «Перамога», эксперыментальную базу «Белавусаўшчына». У перыяд вытворчай практыкі навучэнцы выязджалі ў Казахстан на асваенне цалінных зямель. Кіраўніком першай такой групы быў Эрык Скорыкаў. Хлопцы добра праявілі сябе, а навучэнец Канстанцін Пухоўскі быў узнагароджаны медалём «За отличную работу».

Першы выпуск адбыўся ў 1957 г., кваліфікацыя «тэхнік-механік» была прысвоена 95 навучэнцам. Дыплом № 1 з адзнакай атрымаў Эрык Дзмітрыевіч Скорыкаў, які затым скончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, шмат гадоў выкладаў дысцыпліну «Трактары і аўтамабілі», узначальваў духавы аркестр саўгаса-тэхнікума. Ускладненне тэхнікі і тэхналогій патрабавала пастаяннага павышэння кваліфікацыі педагогаў, якое ажыццяўлялася ў Маскоўскай сельскагаспадарчай акадэміі імя К. А. Ціміразева, Беларускім політэхнічным інстытуце, Беларускім інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі.

У 1957 г. у тэхнікуме было адкрыта завочнае аддзяленне, якое дало магчымасць атрымаць кваліфікацыю з мінімальным адрывам ад вытворчасці. У 1960 г. адкрываецца аддзяленне аграноміі, у 1963 г. — аддзяленне электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, аддзяленне механізацыі і электрыфікацыі жывёлагадоўлі. 1 студзеня 1965 г. тэхнікум быў ператвораны ў саўгас-тэхнікум, што значна наблізіла вучэбна-выхаваўчы працэс да сельскагаспадарчай вытворчасці. У 1969 г. была распачата падрыхтоўка тэхнікаў-механікаў па спецыяльнасці «Кіруючыя кадры калгасаў і саўгасаў». З 1970 г. сталi рыхтаваць тэхнікаў па тэхнічным абслугоўванні і рамонце аўтамабіляў, з 1971 г. — аграномаў па спецыяльнасці «Кіруючыя кадры».

У 1963 г. дырэктарам стаў Іван Антонавіч Касцоў. У 1968–1970 гг. дырэктарам быў Васіль Іванавіч Борыс, на змену якому прыйшоў кандыдат тэхнічных навук Сяргей Фёдаравіч Ушакоў. На Усесаюзнай нарадзе кіраўнікоў саўгасаў-тэхнікумаў (Масква, 1971) Пружанская навучальная ўстанова была прызнана адной з лепшых у БССР. У 1982–2010 гг. дырэктарам быў Уладзімір Міхайлавіч Тур. Затым дырэктарам стаў Станіслаў Мечыслававіч Козел.

Выхаваўчая і патрыятычная праца з навучэнцамі мае багатыя традыцыі. У 1973 г. у саўгас-тэхнікум прыйшоў М. А. Шульман (1928–1998), які працаваў намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Да канца свайго жыцця Міхаіл Аркадзьевіч разам з навучэнцамі займаўся пошукам і ўвекавечваннем памяці герояў, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, пры вызваленні г. Пружаны. Пад яго кіраўніцтвам у чэрвені 1974 г. быў адкрыты для наведвальнікаў першы музей саўгаса-тэхнікума. У той час «Музей баявой славы» размяшчаўся ў інтэрнаце па вул. Кастрычніцкай. У 1975 г. музей прыняў удзел ва Усесаюзным конкурсе грамадскіх музеяў, дзе заняў першае месца сярод грамадскіх музеяў СССР. У 1979 г. музею Пружанскага саўгаса-тэхнікума першым у БССР было прысвоена званне «Народны». За гады працы музея яго наведалі больш за 100 тысяч чалавек. Свой уклад у развіццё музея ўнеслі многія супрацоўнікі тэхнікума — У. М. Тур, І. А. Ланінская, С. І. Грышкевіч і інш.

Многія выпускнікі дабіліся значных прафесійных поспехаў, займаюць адказныя пасады, а некаторыя сталі навукоўцамі: Л. П. Бязрукі, П. К. Вялевіч, Б. А. Новік, У. А. Драмук — кандыдаты тэхнічных навук, П. П. Борсук — кандыдат гістарычных навук, М. У. Бягеба — кандыдат тэхнічных навук, загадваў кафедрай у Кіеўскім політэхнічным інстытуце, М. Борсук — кандыдат медыцынскіх навук, Н. А. Казееў — генерал-палкоўнік расійскай арміі, У. М. Шышко — генеральны дырэктар канцэрна «Брэстэнерга».

З 1996 г. установа стала называцца сельскагаспадарчым тэхнікумам, з 2001 г. — аграрна-тэхнічным каледжам. 22 студзеня 2004 г. пераўтвораны ва ўстанову адукацыі «Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж». На цяперашні час выкладчыцкі склад каледжа налічвае 100 чалавек. Установа валодае сучаснымі вучэбна-вытворчымі памяшканнямі, функцыянуюць 35 лабараторый і 26 кабінетаў, аўтатрактарадром, ферма буйной рагатай жывёлы, калекцыйна-доследнае поле, сад, вучэбна-практычныя майстэрні, гаражы, пункт тэхнічнага абслугоўвання, вучэбны палігон. Маецца сталовая на 160 пасадачных месцаў, дзве спартыўныя залы, медпункт. У каледжы традыцыйна праводзяцца конкурсы «Лепшы па прафесіі». Каледж мае багатыя спартыўныя традыцыі і дасягненні. Каманды па валейболе, футболе, баскетболе і іншых відах спорту рэгулярна займаюць прызавыя месцы ў раёне, вобласці, рэспубліцы.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма.
Казлоўская Надзея Анатольеўна, бібліёграф ДБС

  1. Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 13. С. 49.
  2. Пружанский государственный аграрно-технический колледж // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 279.
  3. Пружанский государственный аграрно-технический колледж // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. Минск, 2008. Т. 6. С. 311.
  4. Пружанский государственный аграрно-технический колледж : 60 лет большого пути / [авторы текста: А. В. Ходорович и др. ; гл. ред. В. С. Шпарло ; фото: Г. Н. Козловский, Н. Н. Чеберкус, А. Н. Рыбачук]. – Брест : РИА «Вечерний Брест», 2013. – 89, [6] с.
  5. Пружанский государственный аграрно-технический колледж : [история, 1953–2008 гг. / Г. А. Лавринович, А. П. Астраускас, С. Ю. Демидов]. – Брест : Брестская типография, 2008. – 21 с. : ил.
  6. Шульман, М. А. Жизнь, отданная солдатам / Михаил Шульман ; [сост. текстов Ю. Рубашевский ; гл. ред. В. Шпарло]. – Брест : РИА «Вечерний Брест», 2011. – 130 с. : ил.
  7. Пашкевіч, К. Хутчэй да перамогі! : [навучэнцы Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа ў фінальных абласных спаборніцтвах па зімовым шматбор’і «Здароўе» заваявалі першае месца] / Кацярына Пашкевіч // Раённыя будні. Пружаны. 2018. 14 сакавіка. С. 1, 3.
  8. Алейнік, С. І веды, і душу — студэнтам : [пра былую настаўніцу аграрна-тэхнічнага каледжа Соф’ю Данілаўну Ясінскую] / Святлана Алейнік // Раённыя будні. Пружаны. 2018. 20 студзеня. С. 13.
  9. Вадзяновіч, В. Пачатак сцяжынкі да поля : сёлета спаўняецца 55 гадоў з дня адкрыцця агранамічнага аддзялення ў Пружанскім аграрна-тэхнічным каледжы / Вольга Вадзяновіч // Раённыя будні. Пружаны. 2015. 5 снежня. С. 14.
  10. Гараева, С. Нарасхват : [пра адукацыю ў Пружанскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы і яго выпускнікоў] / Сабіна Гараева // Народная трыбуна. 2014. 18 красавіка (№ 16). С. 10.
  11. Козел, С. М. Каледж ідзе ў нагу з часам : [гутарка з дырэктарам Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа] / Станіслаў Мечыслававіч Козел ; гутарыла Марына Вакульская // Раённыя будні. Пружаны. 2013. 20 лістапада. С. 3.
  12. Каляда, Г. «Тэхнікумаўскі дырэктар» : [пра былога дырэктара Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа Уладзіміра Міхайлавіча Тура] / Галіна Каляда // Раённыя будні. Пружаны. 2014. 13 верасня. С. 3.
  13. Каляда, Г. Аграрна-тэхнічнаму каледжу — 55 : [гісторыя, калектыў выкладчыкаў, культурна-масавая работа ўстановы] / Галіна Каляда ; фота Аляксандра Мелеша // Раённыя будні. Пружаны. 2008. 20 снежня. С. 1, 4, 9.
  14. Тур, У. М. Шлях, якім можна ганарыцца : [гутарка з дырэктарам Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа да 55-годдзя ўстановы] / Уладзімір Міхайлавіч Тур ; [гутарыла] Галіна Каляда // Раённыя будні. Пружаны, 2008. 20 снежня. С. 4, 9.
  15. Каляда, Г. На старт з каледжа : [славутыя выпускнікі Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа: У. М. Шышко, А. М. Зінчанка, У. А. Драмук] / Галіна Каляда // Раённыя будні. Пружаны. 2008. 2 жніўня. С. 10.
  16. Хадаровіч, Г. І гэта з памяці не сцерці : [пра М. А. Шульмана, грамадскага дзеяча, краязнаўца] / Ганна Хадаровіч // Раённыя будні. Пружаны. 2007. 28 красавіка. С. 3.
  17. Дрозд, А. В. Я ў каледж пайшоў бы... Хай мяне навучаць! : [гутарка з намеснікам дырэктара аграрна-тэхнічнага каледжа] / А. В. Дрозд ; размову вяла М. Андрусевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2005. 13 ліпеня. С. 3.
  18. Гнилозуб, В. Легендарные экспонаты : [о музее Пружанского аграрно-технического колледжа] / В. Гнилозуб // Белорусская нива. 2004. 22 мая. С. 16.
  19. Антонаў, М. Паўвека — час сталасці і маладосці : [Пружанскаму аграрна-тэхнічнаму каледжу — 50] / М. Антонаў ; фота А. Мелеша // Раённыя будні. Пружаны, 2003. 20 снежня. С. 1, 3.
  20. Валасевіч, І. Тут бруіць маладое жыццё : больш за 45 гадоў жыве і працуе Пружанскі сельгастэхнікум / І. Валасевіч // Чырвоная змена. 1999. 16 студзеня.
  21. Шульман, М. Адкрыты памятны знак : [у галоўным корпусе саўгаса-тэхнікума адкрыты памятны знак, прысвечаны 50-годдзю Вялікай Перамогі] / Міхаіл Шульман // Раённыя будні. Пружаны. 1995. 6  мая.
  22. Казлоўскі, Д. 40 гадоў — і ўсё жыццё : [пра саўгас-тэхнікум] / Дзмітрый Казлоўскі // Раённыя будні. Пружаны. 1993. 28 снежня. С. 2.
  23. Шульман, М. Ад старажытнасці да нашых дзён : у саўгас-тэхнікуме адкрыўся музей гісторыі Беларусі / Міхаіл Шульман // Раённыя будні. Пружаны. 1992. 21 жніўня.
  24. Нікалаеў, М. «Ушануем жа памяць» : адкрыта мемарыяльная дошка І. А. Дудзінскаму : [у саўгасе-тэхнікуме] / М. Нікалаеў // Зара камунізму. Пружаны, 1988. 27 лютага.
  25. Шульман, М. Ствараецца новы музей : [да 30-годдзя саўгаса-тэхнікума прынята рашэнне аб стварэнні музея пра былых выпускнікоў] / М. Шульман // Зара камунізму. Пружаны, 1983. 25 студзеня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1365 разоў Апошняя змена Серада, 18 Лістапад 2020 15:20