Аўторак, 30 Кастрычнік 2018 16:18

1 лістапада 2018 г. — 85 гадоў з дня нараджэння Веры Якаўлеўны Ляшук (1933), літаратуразнаўца, даследчыка беларускай літаратуры і літаратурнага краязнаўства, члена-карэспандэнта Беларускай акадэміі адукацыі, заслужанага работніка вышэйшай школы БССР

Вера Якаўлеўна Ляшук нарадзiлася 1 лістапада 1933 г. у вёсцы Марозавічы Брэсцкага павета Палескага ваяводства (цяпер Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Бацька, Якаў Рыгоравіч, ведаў шмат казак, песень; маці, Аляксандра Васільеўна, ведала на памяць шмат вершаў рускіх і ўкраінскіх паэтаў. З-за Вялікай Айчыннай вайны Вера Ляшук пайшла ў школу пераросткам: пасля вызвалення ў 1944 г. — у другі клас. Сямігодку заканчвала ў Малых Зводах.


З дзяцінства марыла настаўнічаць. Закончыла Брэсцкае педагагічнае вучылішча (1954), Брэсцкі педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна (1959). Працавала настаўніцай у Дамачаўскай і Камароўскай сярэдніх школах Брэсцкага раёна. У жніўні 1961 г. Вера Якаўлеўна пераведзена загадчыкам па вучэбна-выхаваўчай рабоце Тамашоўскага дзіцячага дома. Маладая настаўніца верыла ў здольнасць кожнага вучня, умела далучыць да мастацкага слова, бо сама добра спявала, таленавіта чытала вершы. Выступала на настаўніцкіх нарадах з дакладамі па арганізацыі пазакласнай і самастойнай працы вучняў.


У лютым 1963 г. з-за цяжкай хваробы бацькі вярнулася ў г. Брэст. У кастрычніку 1963 г. па конкурсе абрана ў Брэсцкі педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна, пачала працаваць на кафедры беларускай літаратуры. З 1965 г. — старшы выкладчык, з 1978 г. — дацэнт, у 1980–1985 гг. — дэкан філалагічнага факультэта. У 1975 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю «Краязнаўства як сродак павышэння эфектыўнасці вучэбна-выхаваўчай работы на ўроках літаратуры ў школах Беларусі». З 1989 г. — загадчык кафедры беларускага літаратуразнаўства, з 1991 г. — прафесар. У 1991–2004 гг. узначальвала кафедру методыкі выкладання літаратуры і краязнаўства.


Больш за 20 гадоў Вера Якаўлеўна чытала курс методыкі выкладання беларускай і рускай літаратур. Творчая атмасфера на кафедры беларускай літаратуры заахвочвала да навуковай працы. Асноўныя тэмы яе даследаванняў — беларуская літаратура, літаратурнае краязнаўства, методыка выкладання беларускай і рускай літаратур і моў у школе, праблемы педагогікі вышэйшай школы. Падрыхтавала аднаго кандыдата навук.


Друкуецца з 1957 г., аўтар каля 500 навуковых публікацый. Усе працы В. Я. Ляшук вызначаюцца практычнай накіраванасцю, актуальнасцю і змястоўнасцю, даходлівасцю стылю. Не дазваляе сабе ведаць нешта прыблізна, павярхоўна. Калі гаворыць або піша, то заўсёды з абсалютнай кампетэнтнасцю. Яе працаздольнасці можна па-добраму пазайздросціць. Бескампрамісна і прынцыпова Вера Якаўлеўна змагаецца за высокі прафесіяналізм настаўнікаў, прэстыж выкладання прадмета, навуковыя падыходы да правядзення ўрокаў.


Аўтар вучэбных дапаможнікаў і манаграфій, у т. л. «Краязнаўчы матэрыял на ўроках літаратуры» (1980), «Іван Мележ у школе» (1981), «Вывучэнне эпічных твораў: 5–8 класы» (1987), «Літаратурнае краязнаўства ў школе» (1991), «Вывучэнне беларускай літаратуры ў школе» (1994), «Вывучэнне ў школе трылогіі Якуба Коласа „На ростанях“» (1996, 2001), «Вывучэнне творчасці Адама Міцкевіча ў школе» (2003), «Вывучэнне творчасцi Янкі Брыля ў школе» (2004), «Вывучэнне творчасцi Якуба Коласа ў школе» (2006), «Гуманістычны пафас заходнебеларускай літаратуры» (разам з М. І. Яніцкім, 2007), «Вывучэнне творчасці Максіма Багдановіча ў школе» (2008). Важнай для ўсіх краязнаўцаў Брэстчыны стала кніга «Літаратурная Берасцейшчына» (2008), якую В. Я. Ляшук напiсала разам з Галінай Мікалаеўнай Снітко, яны прысвяцілі сваю працу Уладзіміру Андрэевічу Калесніку, энтузіясту літаратурнага краязнаўства.


Выступае таксама як аўтар-складальнік, складальнік, рэдактар кніг. Разам з Аляксеем Антонавічам Майсейчыкам уклала зборнік «Паўлюк Багрым» (1994). Пад рэдакцыяй В. Я. Ляшук выйшлi падручнікі і дапаможнікі «Родная літаратура» (1996, 1999), «Беларуская літаратура» (1997, 2000), «Методыка выкладання беларускай літаратуры» (1999), «Беларуская літаратура ў 4 класе» (2002) i iнш. Ва ўсіх працах Вера Якаўлеўна з’яўляецца глыбокім аналітыкам, даследчыкам гістарычных літаратурных з’яў, чалавекам энцыклапедычных ведаў, метадыстам з арыгінальнай і практычна выверанай канцэпцыяй.


В. Я. Ляшук, Заслужаны работнік вышэйшай школы БССР (1987), член-карэспандэнт Беларускай акадэміі адукацыі (1995), узнагароджана Граматай Вярхоўнага Савета БССР, медалямі «Ветэран працы» і Францыска Скарыны (2004), знакамі «Отличник просвещения СССР», «Выдатнік народнай асветы БССР», Граматамі Міністэрства адукацыі БССР і Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры БССР.


4 лістапада 2003 г. у БрДУ адбыўся юбілейны вечар Веры Якаўлеўны. Павіншаваць з 70-годдзем прыйшлі калегі-філолагі, настаўнікі, студэнты, паставілі ўрывак з п’есы Янкі Купалы «Паўлінка», спявалі яе любімыя песні, дэкламавалі вершы. Кафедра методыкі выкладання беларускай літаратуры і краязнаўства выдала кнігу «З людзьмі і для людзей» (2003), прысвечаную юбілею прафесара В. Я. Ляшук. У лістападзе 2013 г. у зале беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі працавала выстава «Адданасць роднаму слову і літаратуры», прысвечаная 80-годдзю літаратуразнаўцы і педагога В. Я. Ляшук.


У 2007 г. калектыў універсітэта правёў Веру Якаўлеўну на адпачынак. Незалежная ў меркаваннях, непахісная, перакананая ў неабходнасці і высокай вартасці таго, што робіць, Вера Якаўлеўна і сёння ў творчых пошуках.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

Працы В. Я. Ляшук


1.    Літаратурная Берасцейшчына : краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. – Мінск : Литература и Искусство, 2008. – 319 с.
2.    Зарунела літаратурная ніва… : «Літаратурныя старонкі» гісторыі Лунінеччыны : дадатак да альманаха «Лунінецкая муза» / В. Я. Зарэцкая. – Лунінец, 2008. – 28 с.
3.    Вывучэнне творчасці Максіма Багдановіча ў школе : дапам. для настаўнікаў / В. Я. Ляшук. – Мінск : Аверсэв, 2008. – 252 с. – (Бібліятэка настаўніка).
4.    Гуманістычны пафас заходнебеларускай літаратуры : манаграфія / В. Я. Зарэцкая, М. І. Яніцкі. – Брэст : БрДУ, 2007. – 187 с.
5.    Вывучэнне творчасці Кандрата Крапівы ў школе : дапам. для настаўнікаў / В. Я. Ляшук, М. І. Яніцкі. – Мінск : Аверсэв, 2007. – 192 с. – (Бібліятэка настаўніка).
6.    Вывучэнне творчасцi Якуба Коласа ў школе : дапам. для настаўнікаў / В. Я. Ляшук. – Мінск : Аверсэв, 2006. – 320 с.
7.    Вывучэнне творчасці пісьменніка : Іван Мележ у школе : дапам. для настаўнікаў / В. Я. Ляшук. – Выд. 2-е. – Мінск : Аверсэв, 2005. – 191 с.
8.    Вывучэнне творчасцi Янкі Брыля ў школе : дапам. для настаўнікаў / В. Я. Ляшук. – Мінск : Аверсэв, 2004. – 220 с.
9.    Вывучэнне творчасці Адама Міцкевіча ў школе : дапам. для настаўнікаў / В. Я. Ляшук. – Мінск : Аверсэв, 2003. – 110 с.
10.    Вывучэнне трылогіі Якуба Коласа «На ростанях» у школе : дапам. для настаўніка / В. Я. Ляшук. – Мінск : Полымя, 2001. – 127 с.
11.    Літаратура Берасцейшчыны / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. – Брэст : Лаўроў, 1999. – 373 с.
12.    Родная літаратура ў 7 класе : вучэбна-метад. дапам. для настаўнікаў / В. Я. Ляшук, А. А. Майсейчык. – Мінск : Асар, 1997. – 207 с.
13.    Міжпрадметныя сувязі ў выкладанні беларускай мовы і літаратуры / В. Я. Ляшук, Г. М. Малажай. – Мінск : Народная асвета, 1992. – 126 с.
14.    У творчых пошуках : да 50-годдзя [настаўніка] Міколы Жуковіча / Вера Ляшук // Роднае слова. 2014. № 3. С. 50–51.
15.    Вывучэнне творчасці Аляксея Дударава ў выпускным класе / Вера Ляшук // Роднае слова. 2011. № 5. С. 73–77 ; № 6. С. 67–71.
16.    Вывучэнне п’есы А. Дударава «Кім» у VIII класе / В. Я. Ляшук // Беларуская мова і літаратура. 2010. № 8. С. 25–39.
17.    Сваёй хадой : да юбілею Вячаслава Адамчыка / В. Я. Ляшук // Роднае слова. 2008. № 11. С. 24–26.
18.    «Вайна каля Цітавай копанкі» Івана Навуменкі : рэфлексійныя заданні па вывучэнні аповесці : [6 клас] / В. Я. Ляшук // Роднае слова. 2008. № 9. С. 33–37.
19.    Вывучэнне жыцця і творчасці Францішка Багушэвіча : (9 клас, базавы і павышаны ўзроўні) / В. Я. Ляшук // Беларуская мова і літаратура. 2008. № 1 ; № 3. С. 39–44.
20.    Вывучэнне твораў Алены Васілевіч : VII клас / Вера Ляшук // Роднае слова. 2007. № 12. С. 43–44.
21.    Вывучэнне жыцця і творчасці Пімена Панчанкі ў 10 класе / В. Я. Ляшук // Беларуская мова і літаратура. 2007. № 8. С. 51–61.
22.    Далучэнне вучняў да гуманістычнага пафасу беларускай паэзіі : [7 клас] / В. Я. Ляшук // Беларуская мова і літаратура. 2006. № 4. С. 26–29.
23.    Творчыя вёрсты Міхася Рудкоўскага : літаратурны партрэт / Вера Ляшук // Роднае слова. 2006. № 4. С. 5–6, 8.
24.    Каштоўнасныя арыентацыі маладога героя паэзіі Рыгора Барадуліна / В. Я. Ляшук // Веснік Брэсцкага ўніверсітэта. Серыя філалагічных навук. 2006. № 3. С. 56–61.
25.    Паэтызацыя нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасцяў у лірыцы Ніны Мацяш / В. Я. Ляшук // Веснік Брэсцкага ўніверсітэта. Серыя філалагічных навук. 2006. № 2. С. 9–14.
26.    Сямейныя традыцыі перад усім : верш «Бацьку» Ніны Мацяш : VI клас / В. Я. Ляшук // Роднае слова. 2005. № 7. С. 62–63.

 

Аб жыццi i дзейнасцi В. Я. Ляшук


1.    Ляшук Вера Якаўлеўна // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 9. С. 438.
2.    Ляшук (Зарецкая) Вера Яковлевна // Кто есть кто в Республике Беларусь. Минск : Энциклопедикс, 2004. С. 179.
3.    Зарэцкая (Ляшук) Вера Якаўлеўна // Прафесарска-выкладчыцкі калектыў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна : біябібліяграфічны даведнік, 1945–2005 / аўт.-склад.: У. В. Здановіч [і інш.]. Брэст : БрДУ, 2005. С. 73–74.
4.    Ляшук Вера Якаўлеўна // Памяць. Брэст : гiст.-дакум. хронiка Брэста : у 2 кн. Мiнск, 2001. Кн. 2. С. 653–654.
5.    Ляшук Вера / Г. М. Малажай // Беларускія пісьменнікі : біябібліягр. Слоўнік : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 4. С. 154–155.
6.    З людзьмі і для людзей : да 70-х угодкаў прафесара Веры Якаўлеўны Зарэцкай (Ляшук) / Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна ; [пад рэд. Г. С. Гарадко, Г. М. Снітко]. – Брэст : БрДУ, 2003. – 107, [1] с. : iл.
7.    Рудкоўская, І. Метадыст з Брэста : да юбілею Веры Ляшук / Ірына Рудкоўская // Роднае слова. 2013. № 10. С. 64–66.
8.    Ляшук, В. Я. Адчуванне паўнавартаснасці жыцця... : інтэрв’ю з Верай Ляшук / В. Я. Ляшук ; гутарыў Мікола Жуковіч // Роднае слова. 2013. № 10. С. 67–70.
9.    Рудкоўская, І. Захавальніца літаратурнай карты : [пра В. Я. Ляшук] / Ірына Рудкоўская // ЛіМ. 2010. 5 лістапада (№ 44). С. 12.
10.    Федзюкова, Т. Выкладчыку ў пояс пакланюся… : творчыя набыткі Веры Ляшук / Таццяна Федзюкова // Роднае слова. 2008. № 11. С. 22–23.
11.    Карлюкевiч, А. Час літаратурнай памяці : [рэцэнзія на кнігу В. Я. Ляшук і Г. М. Снітко «Літаратурная карта Берасцейшчыны»] / Алесь Карлюкевiч // Роднае слова. 2008. № 10. С. 111.
12.    Дымаў, В. Ніва лунінецкіх творцаў : [аб нарысе В. Я. Зарэцкай (Ляшук) «Зарунела літаратурная ніва…»] / Васіль Дымаў // Информ-прогулка. Лунинец, 2008. 17 апреля. С. 11.
13.    Ладуцька, К. Ад зямлі, якая нарадзіла ці натхняла... : [пра кнігу В. Я. Ляшук і Г. М. Снітко «Літаратурная Берасцейшчына»] / К. Ладуцька // ЛiМ. 2008. 28 сакавiка. С. 7.
14.    Сучасныя беларускія краязнаўцы: Ляшук Вера Якаўлеўна // Краязнаўчая газета. 2005. № 44. С. 2.
15.    Мельнiкава, З. З-пад крыла Калесніка : справу вядомага літаратара працягваюць яго вучні : [узгаданы А. Каско, А. Разанаў, В. Жуковіч, М. Пракаповіч, В. Зарэцкая, Г. Малажай і інш.] / Зоя Мельнікава // Заря. 2005. 3 сентября.
16.    Ганаровы медаль для Веры Зарэцкай : [медаль Францыска Скарыны] // Брестский курьер. 2004. 6 января (№ 1). С. 3.
17.    Ішчанка, І. З верай па жыцці : да юбілею В. Я. Ляшук / І. Ішчанка, Г. Снітко // Роднае слова. 2003. № 11. С. 36–37.
18.    Кастэнка, Р. Вера Ляшук: «Мне не сорамна глядзець настаўнікам у вочы» : [да 70-годдзя В. Я. Ляшук] / Раман Кастэнка // Брестский курьер. 2003. 6–12 ноября (№ 45). С. 23.
19.    Рачэўскі, С. З глыбінь народных жыватворных : [да 70-годдзя В. Я. Зарэцкай (Ляшук)] / Станiслаў Рачэўскi // Вечерний Брест. 2003. 5 ноября. С. 11.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2408 разоў Апошняя змена Аўторак, 15 Снежань 2020 10:25