Аўторак, 06 Лістапад 2018 13:45

1 лiстапада 2018 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Мiколы (Мiкалая Мiкалаевiча) Пракаповiча (1948), паэта, журналiста

Мікалай Мiкалаевiч Пракаповіч нарадзіўся 1 лістапада 1948 г. у вёсцы Пугачова Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці. Бацькі паэта паходзілі з сялян, але працавалі ў горадзе, прыгарадная вёска ў 1979 г. стала часткай Брэста. Бацька, Мікалай Ільіч, меў некалькі рабочых прафесій: экскаватаршчык, трактарыст, слесар, амаль усё яго жыццё было звязана з працай у Брэсцкім рачным порце. Маці, Вольга Паўлаўна, працавала прыбіральшчыцай, гардэробшчыцай, любіла кнігі і прывучала чытаць сына.


У 1955 г. Мiкалай Пракаповіч стаў вучнем Пугачоўскай васьмігодкі, а сярэднюю адукацыю атрымаў у СШ № 4 г. Брэста. У школе захапляўся гісторыяй, фізікай, ахвотна пісаў сачыненні. Пачаў пісаць вершы пад уплывам суседа — самадзейнага паэта, ветэрана вайны Дзмiтрыя Васільева. Паказваў вершы Міхасю Рудкоўскаму, які іх адзначыў станоўча. У 1966 г. М. Пракаповіч паступае на філалагічны факультэт Брэсцкага педагагiчнага інстытута імя А. С. Пушкіна. Вучыўся разам з будучымi паэтамi Алесем Разанавым i Алесем Каско. Iх талент заўважыў выдатны педагог, літаратуразнавец Уладзімір Андрэевіч Калеснік.


У 1966 г. абласная газета «Заря» ўпершыню надрукавала верш Міколы Пракаповіча «Ранак». З’явіліся публікацыі ў рэспубліканскай газеце «Чырвоная змена». Пасля заканчэння інстытута год настаўнічаў у вёсцы Асабовічы Пінскага раёна.


Адслужыўшы ў Савецкай армii (1971–1972), Мікалай Мiкалаевiч пачаў працаваць на Брэсцкім абласным радыё, потым на студыі тэлебачання. З 1975 г. — старшы рэдактар, пазней загадчык аддзела мастацкіх праграм Брэсцкага тэлерадыёаб’яднання. Стваральнік, аўтар і вядучы перадач «Творчыя сустрэчы», «Перазовы», «Далягляды», «Гэта было з намі», мастацка-публіцыстычных праграм «Берасце», «Край» (у 2015 г. выйшаў яе 500-ы выпуск). Дыпламант міжнародных тэлефестываляў. У 2015 г. на ХІ Нацыянальным конкурсе «Тэлевяршыня» прызнаны лепшым вядучым рэгіянальных праграм.


Першая кніга паэта «Белая вежа» была надрукавана ў калектыўным зборніку «Нашчадкі» (1979). Свет сонечных берагоў, змораных паводак, старэнькіх лодак, колішніх песень і свят, знойдзеных і не знойдзеных дарог адкрывае перад намі паэт у сваіх наступных зборніках «Неад’емнае» (1982) і «На кругі свае» (1986).


У 1981 г. прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР, цяпер у Саюзе беларускіх пісьменнікаў. У 1984–1990 гг. з’яўляўся сакратаром абласной арганізацыі СП. У час Перабудовы быў адным з актыўных удзельнікаў культурна-асветнага таварыства — сябрыны «Край». На пасяджэннях абмяркоўваліся праблемы ўжывання беларускай мовы, гучалі даклады на тэмы гісторыі і культуры Беларусі, пра старажытныя сімвалы і славутасці, народныя святы.


Мікола Пракаповіч пра сваю кнiгу «Мяжа надзеi» (1993) гаварыў: «Вызначальнае для мяне ў гэтай кнізе — зварот да гісторыі, найперш да гісторыі Берасцейшчыны, да постацяў нашых продкаў». Душа паэта непакоіцца за лёс краіны, за лёс беларускай мовы і культуры. За зборнік вершаў «Мяжа надзеі» выдавецтва «Мастацкая літаратура» прысудзіла М. Пракаповічу прэмію імя М. Багдановіча (1993). Паэт і тэлежурналіст таксама лаўрэат звання «Берасцейская зорка» (1999), Літаратурнай прэміі імя У. А. Калесніка Брэсцкага аблвыканкама (2008), узнагароджаны Ганаровай граматай Брэсцкага аблвыканкама (2008).


Піша ў апошнія гады няшмат. На працягу дзесяці гадоў кіраваў паэтычнай студыяй «Спадчына» пры Брэсцкім цэнтры маладзёжнай творчасці. Вершы Міколы Пракаповіча перакладаліся на рускую і ўкраінскую мовы, многія сталі тэкстамі песень. Плённа супрацоўнічае паэт з мясцовымі кампазітарамі, сябруе з мастакамі, акцёрамі.


Старэйшы сын Мікалая Мікалаевіча, Віталь, пасля Брэсцкага музычнага каледжа скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў (1998), працаваў гукарэжысёрам на тэлебачанні, стаў вядомым музыкантам, эстрадным спеваком, тэлевядучым. Малодшы сын, Ілля, пасля філалагічнага факультэта Брэсцкага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна працаваў на тэлестудыі, потым на «Радыё Брэст FM», цяпер відэёграф, у прыватнай фірме займаецца здымкамі фільмаў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

Творы, артыкулы М. Пракаповiча

1.    Літары на літоўцы : [вершы] / М. Пракаповіч ; [уступ. артыкул Г. Праневіча] // Трохперсце : вершы / М. Рудкоўскі, М. Пракаповіч, А. Каско. Мінск : Литература и Искусство, 2008. С. 55–104.
2.    Мяжа надзеі : вершы і паэма / Мікола Пракаповіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. – 142 с.
3.    На кругi свае : вершы і паэма / Мікола Пракаповіч ; [уступ. арт. А. Кабаковіча]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1986. – 86 с.
4.    Неад’емнае : вершы і паэма / Мікола Пракаповіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1982. – 54 с.
5.    Белая вежа : [вершы] / Мікола Пракаповіч // Нашчадкі : зборнік паэзіі. Мінск : Мастацкая літаратура, 1979. С. 207–228.
6.    Галасы берасцейскага дзядзінца : [вершы] / Мікола Пракаповіч // …І нараджалася Слова : зборнік літаратурных твораў супрацоўнікаў тэлерадыёкампаніі «Брэст», 1961–2011 гг. / уклад. і аўтар прадмовы М. Пракаповіч. Брэст : Брэсцкая друкарня, 2012. С. 73–92.
7.    На Миколу ; «Остался только голос твой…» ; «Она спустилась вдруг незваной гостьей…» ; «По полю, по белому полю…» ; «Где-то здесь задворки февраля…» ; «Строгая графика древ…» ; «Лампу погашу. Присяду» : [стихи] / Микола Прокопович // Белой вежи свет : сборник поэзии Брестчины в переводах Валерия Гришковца. Минск : Лiтаратура i Мастацтва, 2010. С. 61–64.
8.    «У галаве, бы ў веснім небе — чыста…» ; «Пера- / ступаю парог…» ; На Міколу ; «Недзе за гэтым светам…» ; «Сярод шматлікіх надпісаў…» ; Час : [вершы] / Мікола Пракаповіч // Маладосць. 2008. № 11. С. 7–8.
9.    Што чакае за крутой гарой… : [успаміны пра У. А. Калесніка] / Мікола Пракаповіч // Пасланец Праметэя : кніга пра Уладзіміра Калесніка. Брэст : БрДУ імя А. С. Пушкіна, 2007. С. 226–229.
10.    Бліжэй да сонца : згадкі пра сябра-мастака : [пра Міколу Маеўскага] / Мікола Пракаповіч // Новы Час. 2018. 26 студзеня (№ 2). С. 16 (дадатак: Літаратурная Беларусь ; № 1).
11.    «Новая зямля» па-ўкраінску : [пра вечарыну ўкраінскай і беларускай паэзіі ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага] / Мікола Пракаповіч // Вечерний Брест. 2007. 30 ноября. С. 8.
12.    Сем палёсткаў памяцi : [аб прэзентацыi кнiгi «Пасланец Праметэя», прысвечанай памяцi У. А. Калеснiка] / Мiкола Пракаповiч // Вечерний Брест. 2007. 21 сентября. С. 7.
13.    «Па зямлі я хадзіў не госцем…» : [пра вечарыну памяцi мастака Генадзя Сурмы (1946–2002) у Мастацкім музеі г. Брэста] / Мікола Пракаповіч // Вечерний Брест. 2007. 19 сентября. С. 4.
14.    Яд акцёрства — у кожным з нас : [да 60-годдзя народнага тэатра Брэсцкага ДК чыгуначнiкаў] / Мікола Пракаповіч // Вечерний Брест. 2007. 2 февраля. С. 8.
15.    Што пажнеш, калі пасееш страх? : мастак Эдуард Куфко — у творах і згадках / Мікола Пракаповіч // Вечерний Брест. 2007. 19 января. С. 8.
16.    Вяртанне праз творчасць : [пра выставу твораў жывапісу Ф. I. Дарашэвiча i I. Хоміча ў Мастацкім музеі г. Брэста] / Мікола Пракаповіч // Вечерний Брест. 2006. 29 декабря. С. 3.
17.    Беларуская Атлантыда Янкі Рамановіча : [пра жывапісца з в. Моталь Іванаўскага раёна і яго выставу ў брэсцкай галерэі «БелАрт»] / Мікола Пракаповіч // Вечерний Брест. 2006. 29 ноября. С. 18.
18.    «Душа мая на Палессі…» : [пра мастака М. Кебеца да гадавіны з дня смерці] / Мікола Пракаповіч // Вечерний Брест. 2006. 20 октября. С. 8.

 

Аб жыццi i творчасцi М. Пракаповiча

1.    Пракаповіч Мікола // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 12. С. 544.
2.    Пракаповіч Мікола // Культура Беларусі : [у 6 т.]. Мінск, 2015. Т. 6. С. 213.
3.    Прокопович Микола // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 270.
4.    Мікола Пракаповіч // Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзіч. Брэст : Брэсцкая друкарня, 2008. С. 29–32.
5.    Пракаповіч Мікола / А. А. Майсейчык // Беларускія пісьменнікі : біябібліягр. Слоўнік : у 6 т. Мінск, 1995. Т. 5. С. 38–40.
6.    Мікола Пракаповіч // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік. Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. С. 438.
7.    Валасюк, Л. Літары на літоўцы Міколы Пракаповіча // Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны / Лявон Валасюк. Брэст : Брэсцкая друкарня, 2014. С. 196–197.
8.    Данелія, П. Партрэт паэта Міколы Пракаповіча. 1981. Папера, пастэль : [рэпрадукцыя] // Жывапіс. Графіка : альбом / Пётр Данелія ; [склад. П. Кульша]. Брэст : РИА «Вечерний Брест», 2011. С. 34.
9.    Борсук, Н. Пошукі сучаснага берасцейскага паэта М. Пракаповіча ў галіне праблемы «Чалавек і грамадства» / Н. Борсук // Матэрыялы навуковай канферэнцыі «Сучасныя праблемы беларусікі», прысвечанай У. А. Калесніку, 16–17 снежня 1999 г. Брэст : БрДУ, 2000. С. 44–50.
10.    Лебедзеў, У. Горад Міколы Пракаповіча : [горад у паэзіі М. Пракаповіча] / У. Лебедзеў // Праблемы адукацыі, навукі, культуры Беларускага Палесся : матэрыялы міжнар. навук. канф., 22–23 ліст. 1996 г., г. Мазыр. Брэст, 1997. Ч. III. С. 40–41.
11.    Бурдыка, В. Родны край Міколы Пракаповіча / Вячаслаў Бурдыка, Алесь Каско, Ала Мяснянкіна // Народная трыбуна. 2016. 18 лістапада (№ 47). С. 11.
12.    Пракаповіч, М. Мікола Пракаповіч: «Найперш ва ўсім шукаю беларускасць» : [уласная творчая гісторыя на тэлебачанні] / Мікола Пракаповіч ; [гутарыла] Алена Драпко // Звязда. 2015. 16 кастрычніка. С. 5.
13.    Пракаповіч, М. «Тэлевяршыня» Мікалая Пракаповіча : [гутарка з пераможцам ХІ Нацыянальнага конкурсу «Тэлевяршыня» ў намінацыі «Лепшы вядучы рэгіянальных праграм»] / Мікалай Пракаповіч ; гутарыла Таццяна Стасюк // Брестский вестник. 2015. 28 мая (№ 22). С. 12.
14.    Супрунюк, О. Наш земляк — лучший ведущий регионального ТВ : [по итогам XІ Национального конкурса «Телевершина» лучшим ведущим признан Николай Прокопович] / Олег Супрунюк // Брестский курьер. 2015. 28 мая (№ 22). С. 2.
15.    Шеламова, Т. Нестандартный ход к «вершине» : [лучшим ведущим регионального телевидения признан Николай Прокопович] / Татьяна Шеламова // Вечерний Брест. 2015. 27 мая. С. 16.
16.    Каско, А. Нашчадак народнага музыкі : да 65-годдзя паэта Міколы Пракаповіча / Алесь Каско // Брестский курьер. 2013. 31 октября (№ 44). С. 21.
17.    Гармель, А. Край... і рай з Міколай Пракаповічам : [пра стварэнне перадачы «Край з Міколай Пракаповічам»] / Алена Гармель // Настаўніцкая газета. 2013. 14 верасня. С. 11.
18.    Борсук, Н. М. Канцэпт асобы и грамадства : (паводле творчасці М. Пракаповіча) / Н. М. Борсук // Вестник БрГТУ. Гуманитарные науки. 2009. № 6. С. 93–96.
19.    Пракаповіч, М. «Здароў, дзядзька!» : [інтэрв’ю з паэтам з нагоды яго 60-годдзя] / Мікола Пракаповіч ; гутарый Ю. Рубашэўскі // Вечерний Брест. 2008. 7–8 ноября. С. 4.
20.    Мацяш, Н. Прызнанне ў любові : [пра зборнік паэзіі «Трохперсце», у т. л. пра М. Пракаповіча] / Ніна Мацяш // Заря. 2008. 28 августа. С. 8.
21.    Мацяш, Н. Суладная малітва любові : [пра зборнік паэзіі «Трохперсце», у т. л. пра М. Пракаповіча] / Ніна Мацяш // Маладосць. 2008. № 11. С. 123–124.
22.    Праневіч, Г. На кругі свае : [аб паэзіі М. Пракаповіча] / Генадзь Праневіч // Трохперсце : вершы / М. Рудкоўскі, М. Пракаповіч, А. Каско. Мінск : Литература и Искусство, 2008. С. 57–69.
23.    Праневiч, Г. Вечны падарожнiк : Мiколу Пракаповiчу — 60 / Генадзь Праневiч // Народная трыбуна. 2008. 1 лiстапада. С. 11.
24.    Фiлатаў, А. «З душы, сагрэтае табой» : Міколу Пракаповічу — 60 / Алесь Фiлатаў // Брестский курьер. 2008. 30 октября (№ 44). С. 10.
25.    Вашэка, В. «Ты пакліч мяне, мая сябрына…» : наш выдатны зямляк, вядомы паэт Мiкола Пракаповіч адзначыў 55-я народзіны / Вінцэсь Вашэка ; фота Юрыя Макарчука // Брестский курьер. 2003. 6 ноября (№ 45). С. 22.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 25 разоў Апошняя змена Пятніца, 16 Лістапад 2018 10:56