Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 06 Лістапад 2018 13:50

1 студзеня 2018 г. — 115 гадоў з дня нараджэння Георгія Кірылавіча Казлова (1903–1970), ваеннага дзеяча, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны

Георгій Кірылавіч Казлоў нарадзіўся 1 студзеня 1903 г. у вёсцы Селяхі Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер Тамашоўскага сельсавета Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. З трынаццаці гадоў у парабках. У сувязі з надыходзячым фронтам Першай сусветнай вайны сям’я падалася ў бежанцы ў Расію.


У снежні 1918 г. Георгій Казлоў прызваны ў Чырвоную армію. Удзельнік Грамадзянскай вайны на Заходнім фронце, ваяваў з пятлюраўцамі пад Пінскам. Удзельнік савецка-польскай вайны (1920): у складзе 17-й стралковай дывізіі ўдзельнічаў у баях з палякамі пад Мінскам, Слонімам, Ваўкавыскам і на варшаўскім накірунку.


У кастрычніку 1921 г. Георгій Казлоў скончыў 31-я камандныя пяхотныя курсы ў Смаленску, служыў камандзірам узвода, камандзірам роты. У 1924 г. скончыў Ваенна-пяхотную школу, у 1933 г. — Ваенную акадэмію імя М. Фрунзэ. У 1933–1938 гг. служыў у Беларускай ваеннай акрузе начальнікам аператыўнага аддзялення штаба дывізіі, камандзірам стралковага палка.


У чэрвені 1938 г. маёр Г. К. Казлоў быў арыштаваны органамі НКУС, аднак 30 лістапада 1939 г. вызвалены і адноўлены ў Чырвонай арміі, назначаны малодшым выкладчыкам кафедры тактыкі Ваенна-транспартнай акадэміі імя Л. Кагановіча (Ленінград). У лістападзе 1940 г. пераведзены на пасаду начальніка аддзела баявой падрыхтоўкі 7-й арміі Ленінградскай ваеннай акругі.


У час Вялікай Айчыннай вайны Г. К. Казлоў ваяваў на Карэльскім, 2-м Беларускім і 1-м Украінскім франтах. У пачатку ліпеня 1941 г. палкоўнік Г. К. Казлоў вызначыўся, калі камандаваў аператыўнай групай войск, якія прыкрывалі г. Суаярві ў Карэліі. У ліпені – верасні камандаваў аператыўнай групай, створанай з падраздзяленняў, якія выходзілі з акружэння. У снежні 1941 г. гэта аператыўная група была пераўтворана ў 27-ю стралковую дывізію, якой Г. К. Казлоў камандаваў да 8 жніўня 1942 г.


3 мая 1942 г. Г. К. Казлову было прысвоена званне генерал-маёра. 27-я дывізія ў складзе Кемскай аператыўнай групы, а затым 26-й арміі Карэльскага фронту, стрымлівала абарончы рубеж на ўхцінскім накірунку. Са жніўня 1942 г. — начальнік штаба 26-й арміі, войскі якой удзельнічалі ў абарончых баях на кегстэньскім, ухцінскім і рэбольскім накірунках, забяспечваючы абарону Ленінграда.


З мая 1943 г. па сакавік 1945 г. Г. К. Казлоў камандаваў 19-й арміяй. У лютым 1944 г. яму прысвоена званне генерал-лейтэнанта. Восенню 1944 г. яго 19-я армія была перакінута з Карэліі на заходні накірунак у раён Гродна і Беластока. У канцы студзеня 1945 г. перададзена 2-му Беларускаму фронту пад камандаваннем К. К. Ракасоўскага. 19-я армія прымала ўдзел ва Усходне-Памеранскай аперацыі, у ходзе якой 5 сакавіка выйшла на ўзбярэжжа Балтыйскага мора, удзельнічала ў разгроме моцнай групіроўкі праціўніка і авалоданні г. Данцыгам (Гданьскам) 28 сакавіка.


У ліпені 1945 г. генерал-лейтэнант Г. К. Казлоў быў накіраваны ў распараджэнне Забайкальскага фронту і назначаны намеснікам камандуючага 39-й арміі. У ходзе савецка-японскай вайны, заключнага этапу Другой сусветнай вайны, войскі 39-й арміі ўдзельнічалі ў правядзенні Хінгана-Мукдэнскай наступальнай аперацыі.


У 1948 г. генерал-лейтэнант Г. К. Казлоў з адзнакай скончыў Вышэйшыя акадэмічныя курсы пры Ваеннай акадэміі імя К. Варашылава. Займаў пасады намесніка камандуючага арміі, начальніка штаба Прыморскай, Беламорскай (1948–1951) і Паўночнай (1951–1952) ваенных акруг. У чэрвені 1952 г. пераведзены на выкладчыцкую працу ў Ваенна-транспартную акадэмію: начальнік кафедры тактыкі, з сакавіка 1953 г. — намеснік начальніка акадэміі па аператыўна-тактычнай і страявой падрыхтоўцы. Са жніўня 1960 г. — начальнік камандна-тылавога факультэта Ваеннай акадэміі тылу і транспарту, са студзеня 1962 г. — намеснік начальніка акадэміі на вучэбнай і навуковай рабоце. 11 мая 1965 г. звольнены ў запас.


Георгій Кірылавіч узнагароджаны ордэнам Леніна, чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Кутузава І (1944) і ІІ ступеней, медалямі. Аўтар ваенна-гістарычнага нарыса «В лесах Карелии» (1963) аб баявых дзеяннях войск 7-й арміі Паўночнага фронту.


Г. К. Казлоў памёр 20 снежня 1970 г., пахаваны на Багаслоўскіх могілках г. Санкт-Пецярбурга.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

1.    Казлоў Георгій Кірылавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 7. С. 430.
2.    Козлов Георгий Кириллович // Республика Беларусь : в 7 т. Минск, 2007. Т. 4. С. 124–123.
3.    Козлов Георгий Кириллович // Военачальники земли белорусской : энцикл. Справочник / Б. Долготович. Минск, 2005. С. 112–113.
4.    Казлоў Георгій Кірылавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 10.
5.    Козлов Георгий Кириллович // Военный энциклопедический словарь. 2-е изд. Москва : Воениздат, 1986. С. 338.
6.    Казлоў Георгій Кірылавіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. С. 269.
7.    Козлов Георгий Кириллович // Советская военная энциклопедия : в 8 т. Москва : Воениздат, 1977. Т. 4. С. 228.
8.    Казлоў Георгій Кірылавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 5. С. 231.
9.    Козлов, Г. К. В лесах Карелии : военно-исторический очерк / Георгий Кириллович Козлов. – Москва : Воениздат, 1963. – 128 с. : ил.
10.    Восточно-Померанская операция, 1945 // Военный энциклопедический словарь. 2-е изд. Москва : Воениздат, 1986. С. 163.
11.    Хингано-Мукденская операция, 1945 // Военный энциклопедический словарь. 2-е изд. Москва : Воениздат, 1986. С. 795.
12.    Девятнадцатая армия // Советская военная энциклопедия : в 8 т. Москва : Воениздат, 1977. Т. 3. С. 122–123.
13.    Иоффе, Э. Белорусы в Советско-японской войне : [упомянут Г. К. Козлов] / Э. Иоффе // Милиция Беларуси. 2015. № 4. С. 30–35.

Чытаць 1410 разоў Апошняя змена Чацвер, 10 Снежань 2020 11:40