Аўторак, 04 Снежань 2018 09:53

2018 г. — 110 гадоў з часу заканчэння будаўніцтва моладаўскай капліцы-пахавальні роду Скірмунтаў (Іванаўскі р-н; 1908), помніка архітэктуры неакласіцызму

Капліца ў вёсцы Моладава Пінскага павета Мінскай губерні (цяпер Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці) пабудавана ў 1905–1908 гг. паводле праекта віленскага архітэктара Т. Раствароўскага. Родавая капліца-пахавальня знаходзілася пры галоўным уездзе ў сядзібна-паркавы комплекс Скірмунтаў, гаспадаром якога тады быў Генрых Скірмунт (1836–1916).


Расійскі і польскі архітэктар і мастак польскага паходжання Тадэвуш Марыя Раствароўскі (1860–1928) навучаўся ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, затым у Кракаве, Мюнхене, Парыжы. Пабудаваў шмат будынкаў у Вільні, на тэрыторыі Літвы і Беларусі. Удзельнічаў у праектаванні царскага паляўнічага палаца ў Белай Вежы (1891) і рэканструкцыі палаца Тышкевіча ў Ландварове (1899). Па яго праектах перабудоўваўся палац Бішэўскага ў Лынтупах, быў узведзены палац Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне і інш. Таксама займаўся жывапісам, пісаў партрэты, карціны на міфалагічныя і алегарычныя сюжэты.


Моладаўскі мураваны цэнтрычны храм-ратонда дыяметрам 8 м завершаны сферычным купалам. Ніжэйшая за астатні аб’ём прамавугольная, раскрапаваная пілястрамі апсіда і дарычныя порцікі з трох бакоў надаюць плану крыжападобную форму. Уваходны порцік чатырохкалонны, астатнія — дзвюхкалонныя. Апрацаваны гарызантальным рустам цыліндрычны аб’ём завершаны шырокім фрызам з поясам ляпных гірлянд і карнізам з сухарыкамі і мадульёнамі. Тымпаны франтонаў і ліштвы акон, якія мелі калісьці каляровыя вітражы, аздоблены ляпным раслінным арнаментам. У інтэр’еры сцены рытмічна раскрапаваны пілястрамі і завершаны па перыметры карнізам.


Інтэр’ер капліцы меў вельмі сціплае, але гарманічнае афармленне. Белыя сцены і вітражы акон стваралі, незалежна ад надвор’я, уражанне сонечнага асвячэння. На падлозе, выкладзенай мармуровай белай і чырвонай шасцікутнай пліткай стаялі белыя простыя лавы. У алтары знаходзілася вялікая распяцце Хрыста з белага мармуру, выкананае скульптарам Бродскім.


У час Вялікай Айчыннай вайны вёска Моладава знаходзілася пад акупацыяй з чэрвеня 1941 г. па ліпень 1944 г. У 1943 г. палац і іншыя сядзібныя пабудовы згарэлі і былі дашчэнту разабраны ў пасляваенны час. Ад усяго сядзібнага комплексу захавалася толькі капліца-ратонда і некалькі фамільных надмагілляў Скірмунтаў побач з ёю.


Моладаўская капліца — помнік архітэктуры неакласіцызму — у 2007 г. уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Гэта адзінае збудаванне, якое захавалася на тэрыторыі былой вялікай сядзібы роду Скірмунтаў. У апошнія гады ратонда стала мясцовай славутасцю і адным з сімвалаў Моладава. Аднак за мінулую эпоху будынак парадкам заняпаў. Праведзенае абследаванне выявіла, што дах знаходзіцца ў перадаварыйным стане.


Рашэннем Іванаўскага райвыканкама аб’ект «Капліца» ўключаны ў план дзейнасці па выкананні мэтавых паказчыкаў падпраграмы «Спадчына» Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2016–2020 гг. Былі прыняты аператыўныя меры па недапушчэнні разбурэння будынка. Аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Іванаўскага райвыканкама арганізавана работа па рэстаўрацыі даху. У цэлым праектам прадугледжана рэстаўрацыя даху з аднаўленнем у аўтэнтычным аб’ёме.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

1.    Моладаўская капліца / А. М. Кулагін // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 10. С. 514.
2.    Моладаўская капліца // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. Мінск, 2014. Т. 5. С. 615.
3.    Молодовская часовня // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 102.
4.    Молодовская часовня // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2007. Т. 5. С. 205–206.
5.    Моладаўская капліца / А. М. Кулагін // Архітэктура Беларусі : энцыкл. даведнік. Мінск, 1993. С. 349.
6.    Часовня : [д. Молодово] / А. Н. Кулагин // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Мінск, 1990. С. 195.
7.    Моладаўская капліца / А. М. Кулагін // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 664–665.
8.    Моладаўская капліца / А. М. Кулагін // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 4. С. 375.
9.    Моладава // Гарады і вёскі : энцыклапедыя. Минск, 2006. Т. 3, кн. 1. С. 403–406.
10.    Кулагін, А. М. Капліца : [в. Моладава] // Каталіцкія храмы Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2008. С. 238–239.
11.    Капліца // Рэлігія і царква на Беларусі : энцыкл. даведнік. Мінск, 2001. С. 148.
12.    Федорук, А. Т. Молодово // Старинные усадьбы Берестейщины : энцыклапедыя / А. Т. Федорук. Минск, 2004. С. 268–277.
13.    Локотко, А. И. Цвета и легенды родных просторов : [Молодово] / А. И. Локотко. – Минск : Беларуская навука, 2017. – 151 с.
14.    Молодово // Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район / [Е. Г. Калечиц и др.]. Брест, 2017. С. 789–795.
15.    Иваново и окрестности = Ivanovo district : [фотоальбом]. – Брест : РИА «Вечерний Брест», 2014. – 95 с.
16.    Смалянчук, А. Ф. Род Скірмунтаў у ХVI – ХХ стагоддзі / Аляксандр Смалянчук. – Гродна : Варшава : [б. в.], 2014. – 29 с.
17.    Молодово // От Беловежской пущи до полесских болот : путеводитель по Брестской области / Т. Хвагина, А. Варавва. Минск : Рифтур, 2013. С. 93–94.
18.    Мешечко, Е. Н. Молодово // Путешествие по Беларуси. В краю Нёмана, Западного Буга и Припяти : путеводитель / Е. Н. Мешечко. Брест, 2012. С. 93–94.
19.    Несцярчук, Л. М. Моладава // Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х–ХХ стагоддзяў : гісторыя, стан, перспектывы / Л. М. Несцярчук. Мінск : БЕЛТА, 2002. С. 141–143.
20.    Капліца ў в. Моладава // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. Мінск : БЕЛТА, 2009. С. 44.
21.    Rostworowski Tadeusz Maria // Polski słownik biograficzny. Wrocław ; Warszawa ; Kraków : Zakład Narodowy imienia Ossolińskich, Wydawnictwo Polskiej Akademii Nauk, 1990. T. XXXII/2, zeszyt 133. S. 240–241.
22.    Іваненка, А. З хараством духоўным заручоныя : [Моладава] / Арцём Іваненка // Полымя. 2018. № 8. С. 118–120.
23.    Цвірка, У. Моладава / Уладзімір Цвірка // ЛіМ. 2018. 19 кастрычніка (№ 41). С. 16.
24.    Міхальчук, В. Ратонда будзе з новым дахам : [рэстаўрацыя Моладаўскай капліцы (ратонды)] / Валерый Міхальчук // Янаўскі край. Іванава, 2018. 30 студзеня. С. 3.
25.    Гетман, І. Адраджэнне памяці / Ігар Гетман // Янаўскі край. Іванава, 2017. 8 снежня. С. 4.
26.    Цвирко, В. 150 золотых маршрутов моей Беларуси : [Молодово] / Владимир Цвирко // 7 дней. 2016. 1 декабря (№ 48). С. 2.
27.    Горупа, М. К святыням, земли молодовской / Мария Горупа // Чырвоная звязда. Іванава, 2012. 5 чэрвеня (№ 45). С. 3.
28.    Черкасов, С. Пять бриллиантов Полесского края : достопримечательности Ивановского раёна Брестчины. Мотоль –Молодово – Достоево – Иваново – Вороцевичи / С. Черкасов // BY. Вокруг света в Беларусь. 2009. № 10. С. 74–79.
29.    Майский, Г. Настоящие ценности Ивановщины / Глеб Майский // Заря. 2009. 29 января (№ 10). С. 6.
30.    Гарупа, М. Моладава святкуе, Моладава пяе! : [пра свята вёскі да 500-годдзя з часу першага ўспаміну] / Марыя Гарупа // Чырвоная звязда. Іванава, 2007. 4 верасня.
31.    Смалянчук, А. Ф. Род Скірмунтаў у беларускай гісторыі / Алесь Смалянчук // Bialoruskie Zeszyty Historyczne. 2004. № 21. S. 169–177.
32.    Хадыка, Ю. Твары маіх сяброў… : фрагмэнты ўспамінаў / Ю. Хадыка // Спадчына. 2003. № 4. С. 6–8.
33.    Корсак, Д. «Кому нужен памятник архитектуры?» : [об остатках поместья Скирмунтов в д. Молодово Ивановского района] / Д. Корсак, Г. Дученко // Знамя юности. 2000. 2 сентября. С. 19.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 17 разоў Апошняя змена Аўторак, 04 Снежань 2018 09:58