Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 04 Снежань 2018 10:07

18 лютага 2018 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Яўстафія Пятровіча Ляхава (1918–2002), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, гаспадарчага дзеяча

Яўстафій Пятровіч Ляхаў нарадзіўся 18 лютага 1918 г. у Адналукі Болхаўскага павета Арлоўскай губерні (Расія) у сялянскай сям’і, у якой было пяцёра дзяцей. У 1938 г. скончыў фінансава-эканамічны тэхнікум, быў прызваны ў Чырвоную армію. Удзельнік вызвалення Заходняй Беларусі (1939), Савецка-фінляндскай вайны (1939–1940).


Незадоўга да Вялікай Айчыннай вайны Яўстафій Ляхаў скончыў Маскоўскае ваенна-палітычнае вучылішча імя У. І. Леніна і быў накіраваны на пасаду намесніка камандзіра батарэі па палітычнай частцы 737-га зенітнага артылерыйскага палка, які дыслацыраваўся ў Віцебску.


У першыя дні вайны 737-ы артылерыйскі полк прымаў актыўны ўдзел у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, панёс вялікія страты і трапіў у акружэнне. У час прарыву Я. П. Ляхаў разам з іншымі байцамі трапілі ў палон, іх адправілі ў Германію ў чыгуначным вагоне. Па дарозе група палонных на чале з Я. П. Ляхавым і Канстанцінам Феаленцьевічам Шашкіным здзейсніла пабег, але большасць уцекачоў былі забіты аховай. Праз нейкі час Яўстафій Ляхаў апынуўся ў акупіраваным Мінску, уладкаваўся на працу на ТЭЦ-2, дзе неўзабаве ўзнікла падпольная група.


16 мая 1942 г. група падпольшчыкаў у колькасці 14 чалавек перайшла ў партызанскі атрад імя І. В. Сталіна ў Дзяржынскім раёне. На пачатку чэрвеня 1942 г. атрад разграміў нямецкі гарнізон у Налібоках, затым партызаны напалі на калону аўтамашын і разбілі яе.


5 кастрычніка 1943 г. па загаду ўпаўнаважанага ЦК КП(б)Б і Беларускага штаба партызанскага руху па Баранавіцкай вобласці Васіля Яўхімавіча Чарнышова з брыгады імя І. В. Сталіна быў выдзелены атрад імя Ф. Э. Дзяржынскага ў колькасці 318 байцоў і на яго базе створана новая партызанская брыгада імя Ф. Э. Дзяржынскага. Камандзірам брыгады быў назначаны К. Ф. Шашкін, камісарам — Я. П. Ляхаў, начальнікам штаба — Васілій Хасанавіч Бляшаў. Брыгада дзейнічала на тэрыторыі Любчанскага раёна Баранавіцкай вобласці, у Івянецка-Налібоцкай партызанскай зоне.


Да чэрвеня 1944 г. у брыгадзе налічвалася 5 атрадаў (імя Дзяржынскага, імя Катоўскага, імя Жданава, імя Свярдлова, імя Варашылава), 1 112 узброеных партызан. Брыгада правяла дзясяткі баявых аперацый, разграміла 15 паліцэйскіх гарнізонаў і штабоў, узарвала 95 варожых эшэлонаў, 38 чыгуначных мастоў, знішчыла 60 км тэлефонна-тэлеграфнай сувязі, 185 аўтамашын і матацыклаў.


Значнай была аперацыя па разгроме вялікага гарнізона ў райцэнтры Любча (цяпер Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці). 3 ліпеня 1944 г. партызаны брыгады імя Ф. Э. Дзяржынскага штурмам авалодалі г. п. Любча. 6 ліпеня гітлераўскія войскі пачалі наступленне. Партызаны (каля 800 чалавек) вялі няроўны бой з праціўнікам. З-за пагрозы акружэння брыгада была вымушана пакінуць Любчу і арганізавана адысці на новыя пазіцыі. 8 ліпеня партызаны зноў захапілі Любчу і ўтрымлівалі яе да падыходу Чырвонай арміі. 11 ліпеня партызаны брыгады злучыліся з Чырвонай арміяй.


З сакавіка 1944 па 11 ліпеня 1944 г. Я. П. Ляхаў з’яўляўся сакратаром Любчанскага раённага падпольнага камітэта КП(б)Б. За гераізм, праяўлены ў баях з нямецка-фашысцкімі акупантамі, Яўстафій Пятровіч узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга і Айчыннай вайны І ступені, шасцю медалямі.


Пасля вайны Яўстафій Пятровіч знаходзіўся на партыйнай і адміністрацыйнай рабоце ў Баранавічах. У 1951 г. скончыў Вышэйшую гандлёвую школу, працаваў у рэспубліканскіх гандлёвых арганізацыях. Больш за 20 гадоў быў дырэктарам Цэнтральнага ўнівермага г. Мінска, загадчыкам міжрэспубліканскай базы «Саюзінвентар», якая пастаўляла інвентар і абсталяванне для прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання.


За асаблівыя дасягненні ў развіцці гандлю адным з першых удастоены ганаровага звання «Заслужаны работнік гандлю і грамадскага харчавання Беларускай ССР» (1966). Яўстафій Пятровіч вёў грамадскую работу па патрыятычным выхаванні моладзі, на сустрэчах у навучальных установах і працоўных калектывах расказваў аб гераічным шляху партызан брыгады імя Ф. Э. Дзяржынскага.


Я. П. Ляхаў памёр у 2002 г., пахаваны ў Мінску.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

1.    Ляхаў Яўстафій Пятровіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 314.
2.    Ляхов Евстафий Петрович // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 388.
3.    Ляхаў Яўстафій Пятровіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 383.
4.    Ляхаў Яўстафій Пятровіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 6. С. 486.
5.    Партызанская брыгада імя Ф. Э. Дзяржынскага // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 430–431.
6.    Любча / У. М. Якубоўскі // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 310–311.
7.    Любчанскія баі 1944 / М. Ф. Шумейка // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 311.
8.    Заслужаны работнік гандлю і грамадскага харчавання Беларускай ССР : [узгадваецца Я. П. Ляхаў] // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 4. С. 518.
9.    Акалович, Н. М. Вперед! На запад! : [об освобождении Новогрудка, Любчи от немецко-фашистских захватчиков] // Освобождение Белоруссии: люди и подвиги / Н. М. Акалович. Минск, 1989. С. 320–368.
10.    Смирнов, Н. П. Время суровых испытаний : [о подпольщиках на Минской ТЭЦ-2 и партизанской борьбе; упоминается Е. П. Ляхов] / Николай Парфенович Смирнов // За край родной : воспоминания партизан и подпольщиков Барановичской области. Минск : Беларусь, 1978.
11.    Навагран, В. З бою не вярнуўся : [пра разгром нямецкага гарнізона ў Любчы партызанскай брыгадай імя Дзяржынскага] / В. Навагран // Новае жыццё. Навагрудак, 2017. 27 снежня.

Чытаць 1460 разоў Апошняя змена Чацвер, 10 Снежань 2020 16:40