Панядзелак, 17 Снежань 2018 09:29

1 лістапада 2018 г. — 115 гадоў з дня нараджэння Лукаша Апанасавіча Бэндэ (1908–1961), беларускага літаратуразнаўца, крытыка і публіцыста

Лукаш Апанасавіч Бэндэ нарадзіўся 1 лістапада 1903 г. у вёсцы Шчакоцк Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. У гады Грамадзянскай вайны служыў кавалерыстам у Чырвонай арміі на Урале і ў Сібіры. У Чалябінску быў прыняты ў рады партыі. У 1922 г. пераведзены на працу ў Беларусь, дзе летам 1923 г. прымаў удзел у «ліквідацыі бандытызму» на Барысаўшчыне, быў паранены.


Скончыў Камуністычны ўніверсітэт Беларусі імя Леніна (1926), аспірантуру АН БССР (1930). Л. А. Бэндэ працаваў у Віцебскім ветэрынарным інстытуце, Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР, адначасова ў часопісе «Напагатове», Дзяржаўным выдавецтве ў Ленінградзе і ў Ленінградскім тэатральным інстытуце. З 1934 г. жыў у Ленінградзе, працаваў на пасадах мастацкага кіраўніка і намесніка дырэктара кінафабрыкі Белдзяржкіно ў Ленінградзе, выкладчыка Ленінградскага тэатральнага  інстытута. З 1935 г. — у Інстытуце рускай літаратуры («Пушкінскі Дом»), загадваў кафедрай рускай літаратуры Ленінградскага абласнога настаўніцкага інстытута. У студзені 1937 г. выключаны з партыі, адноўлены толькі ў 1957 г.


Як літаратуразнавец і крытык Лукаш Бэндэ дэбютаваў у друку ў 1925 г. Літаратурныя псеўданімы: Л. Апанасовіч, Базыль Лукашэвіч, В. Нэдбэ, Э. Нэўба, В. Н. Л. Б. Аўтар кніг «Янка Купала: крытычны нарыс» (1932), «Андрэй Александровіч» (1932), шматлікіх артыкулаў і рэцэнзій у перыядычным друку. У 1930-я гг. склаў шэраг чытанак, хрэстаматый па беларускай літаратуры для школ. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 г.


У час Вялікай Айчыннай вайны Л. А. Бэндэ служыў у войсках НКУС у Ленінградзе. З 1946 г. — выкладчык у педагагічных і настаўніцкіх інстытутах Ленінграда, Выбарга, Жытоміра, рэдактар Ленінградскага аддзялення Дзяржаўнага літаратурнага выдавецтва.


Паводле свайго светапогляду Лукаш Бэндэ — тыповы прадстаўнік левага камунізму. Ідэалізаваў бядняцкія слаі сялянства, выступаў апалагетам люмпенпралетарскай дэкласаванай часткі насельніцтва, якой праціпастаўляў усе іншыя класы і сацыяльныя групы — памешчыкаў, буйную буржуазію, інтэлігенцыю, сялян-заможнікаў і сераднякоў. З вульгарызатарскіх і нігілістычных пазіцый разглядаў гісторыю беларускай літаратуры і нацыянальнай культуры. Лукаш Бэндэ ў сваіх крытычных нарысах імкнуўся палітычна дыскрэдытаваць многіх таленавітых пісьменнікаў. Максіма Багдановіча называў выразнікам беларускай буржуазіі. Шмат бруду выліў на творчасць Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі…


Лукаш Бэндэ раскрыўся як тыповы ідэолаг-прыстасаванец, які мяняў свае погляды ў адпаведнасці з чарговымі паваротамі афіцыйнай палітыкі. У артыкуле «Творчы шлях Янкі Купалы» (1935) пад прыкрыццём самакрытыкі, прызнання ідэалагічных памылак свайго нарыса «Шлях паэта» (1930) ён фактычна надрукаваў даносы на беларускую творчую інтэлігенцыю. У 1940–1950-я гг. спрабаваў «перабудавацца», падрыхтаваўшы шэраг нарысаў пра вусна-паэтычныя традыцыі ў беларускай  літаратуры, творчасць Я. Купалы, Я. Коласа, Цёткі, М. Чарота, П. Броўкі. Сабраў вялікі літаратурны архіў, які цяпер захоўваецца ў ЦДАМЛІМ у Мінску.


Л. А. Бэндэ памёр 21 снежня 1961 г., пахаваны на Шувалаўскіх могілках у Ленінградзе.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

1.    Бэндэ Лукаш Апанасавіч / І. Э. Багдановіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 3. С. 384.
2.    Бэндэ Лукаш Апанасавіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2011. Т. 2. С. 143.
3.    Бэндэ Лука Апанасавіч / У. М. Конан // Максім Багдановіч : энцыклапедыя. Мінск, 2011. С. 116.
4.    Бэнде Лукаш Афанасьевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 222.
5.    Бэнде Лукаш Афанасьевич // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 2. С. 577.
6.    Бэндэ Лукаш Апанасавіч / А. В. Белавусава // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т. 2. С. 152–153.
7.    Бэндэ Лукаш Апанасавіч / І. У. Саламевіч // Янка Купала : энцыкл. даведнік. Мінск, 1986. С. 100.
8.    Бэндэ Лукаш Апанасавіч / У. М. Конан // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 534.
9.    Лукаш Бэндэ // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / [склад. А. К. Гардзіцкі]. Мінск, 1994. С. 79.
10.    Бэндэ Лукаш / І. Э. Багдановіч // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1992. Т. 1. С. 446–448.
11.    Васюченко, П. 11.    Сервилизм в беларуской советской литературе / П. Васюченко // Деды. 2011. № 8. С. 45–66.
12.    Корань, В. А. Якуб Колас і Лукаш Бэндэ: з гісторыі перапіскі / В. А. Корань // Каласавіны. Асоба Якуба Коласа ў літаратурна-творчым і грамадска-культурным асяроддзі Беларусі : матэрыялы XXIII навук. канф., прысвечанай вывучэнню грамадска-інтэлектуальнага акружэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, 3 лістапада 2008 г., Мінск. Мінск, 2009 (вокладка 2008). С. 156–161.
13.    Корбут, В. 13.    Бенде. Исполнитель и жертва : [о белорусском литературном критике 1920–1930-х гг. Л. А. Бенде] / В. Корбут, В. Скалабан // Советская Белоруссия. 2004. 13 марта. С. 26.
14.    Каско, А. Постаць Бэндэ : зямляк без эпітэта «славуты» / Алесь Каско // Брестский курьер. 2003. 30 октября – 5 ноября (№ 44). С. 10.
15.    Літаратурныя мясціны раёна : [згадваецца Лукаш Бэндэ] // Чырвоная звязда. Іванава, 1998. 22 мая. С. 4.
16.    Сачанка, Б. Бэндэ (30-я ў абліччах і дакументах) // Сняцца сны аб Беларусі… : літаратурна-крытычныя артыкулы, інтэрв’ю / Барыс Сачанка. Мінск, 1990. С. 104–157.
17.    Колас, Я. З архіўных крыніц : [лісты Я. Коласа літаратуразнаўцу Л. Бэндэ; 1941–1946 гг.] / Якуб Колас ; [публікацыя Клары Некраш] // Маладосць. 1966. № 10. С 107–111.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1585 разоў Апошняя змена Чацвер, 10 Снежань 2020 12:03