Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 17 Снежань 2018 10:27

2 мая 2018 г. — 75 гадоў з дня трагедыі в. Застарынне (Баранавіцкі р-н; 1943), знішчанай нямецка-фашысцкімі акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны

Да Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Застарынне Гарадзішчанскага раёна Баранавіцкай вобласці (цяпер Пачапаўскага сельсавета Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) жылі 412 чалавек, было 115 дамоў. Жыхары вёскі не хацелі жыць пры новых нямецкіх парадках, дапамагалі партызанам, пралі ім вопратку, пяклі хлеб, хавалі і лячылі раненых.


У ноч на 2 мая 1943 г. партызаны атрада «Стралкова» Гарадзішчанскага раёна правялі ўрачысты мітынг жыхароў вёскі Застарынне, прысвечаны святу 1 Мая, заначавалі ў дамах. Аб гэтым стала вядома нямецка-фашысцкім акупантам. Раніцай 2 мая 57-ы паліцэйскі батальён СС, які дыслацыраваўся ў Гарадзішчы, акружыў вёску. На ўзбраенні батальёна былі 2 танкеткі, 8 бронемашын, 5 гармат. Спачатку вёску абстрэльвалі з гармат і мінамётаў.


Рота партызан пад камандаваннем Івана Сямёнавіча Кірына заняла кругавую абарону на вышыні, што ў цэнтры вёскі, адбіла некалькі варожых атак. На дапамогу фашыстам падышло падмацаванне. У няроўным баі загінулі 28 партызан. Забраўшы параненых, партызаны адступілі з вёскі ў лес.


Атрад «Стралкова» — адзін з першых партызанскіх атрадаў у Баранавіцкай вобласці. Сабраў і ўзначаліў яго ў сакавiку 1942 г. лейтэнант Чырвонай арміі Сцяпан Канстанцінавіч Камышаў (1920–1943), які меў падпольную клічку «Міхаіл Стралкоў». Ураджэнец Заўялаўскага раёна Удмурціі (Расія), загінуў у баі 7 чэрвеня 1943 г., пахаваны ў в. Ятра Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці. З 22 мая 1943 г. атрад «Стралкова» перайменаваны ў атрад імя А. В. Суворава і ўключаны ў Першамайскую партызанскую брыгаду Баранавіцкага партызанскага злучэння.


Эсэсаўцы жорстка расправіліся з жыхарамі вёскі: зганялі людзей па 15–20 чалавек у дамы, загадвалі класціся на падлогу і растрэльвалі іх з аўтаматаў. Праверыўшы, каб не засталося жывых, дамы падпальвалі. Загінулі 382 жыхары вёскі, у т. л. старыя, жанчыны і дзеці (з іх 70 дзяцей да 10-гадовага ўзросту). Было спалена 104 дамы. Маёмасць разрабавана, коні, каровы, куры, гусі былі знішчаны альбо забраны.


Выпадкова выжылі некалькі чалавек, якія ў той час былі па-за вёскай, альбо схаваліся сярод уцалелых пабудоў. Сямігадовая Каця Рулько схавалася пад лаўкай, на яе вачах немцы застрэлілі бацьку і маці, сястру і брата. Дзяўчынка выбралася з хаты праз акно і схавалася ў яме. Шасцігадовага Колю Міхая прыкрыў сабою бацька, але кулі паранілі і яго ў рукі. Потым хлопчык выпаўз з-пад цела бацькі і схаваўся ў агародзе.


Трагедыя здарылася праз 40 дзён пасля знішчэння вёскі Хатынь пад Мінскам. 57-ы паліцэйскі батальён СС быў сфарміраваны на Украіне ў 1942 г., прымаў удзел у карнай аперацыі «Маланка» (1942), забойстве жыхароў вёсак Ятра Навагрудскага раёна (спалена 55 дамоў, забiта 11 чалавек) і Заполле Баранавіцкага раёна. Пасля вызвалення Беларусі пачалася работа па зборы звестак аб злачынствах акупантаў, 15 снежня 1944 г. быў складзены акт аб знішчэнні вёскі Застарынне. Пасля вайны вёска была адроджана, у 1959 г. тут было 392 жыхары.


Памяць аб Застарынні ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Хатынь» (Лагойскі раён Мінскай вобласці). У 1963 г. на магіле ахвяр пастаўлены абеліск. 9 мая 1983 г. у памяць аб ахвярах фашызму і партызанах у Застарынні ўрачыста адкрыты помнік — скульптура партызанкі са сцягам і вінтоўкай і стэла з імёнамі загінуўшых.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

1.    Застарынне : [Баранавіцкі раён] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3, кн. 1. С. 46.
2.    Застарынне // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 703.
3.    Застарынне : [Пачапаўскі сельсавет] // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 4. С. 521.
4.    Памятник жертвам фашизма и партизанам : [д. Застаринье] / Н. А. Богушевич // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 96.
5.    Братская могила партизан : [д. Застаринье] / Н. А. Богушевич // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 95–96.
6.    Брацкая магіла партызан ; Магіла ахвяр фашызму / М. А. Багушэвіч // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 82.
7.    Магіла партызан : [в. Ятра] / У. У. Бянько // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. Мінск, 1986. С. 282.
8.    Атрад імя Суворава // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 305.
9.    Партызанская брыгада Першамайская // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945. Мінск, 1990. С. 446–447.
10.    Партызанская брыгада імя А. В. Суворава // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945. Мінск, 1990. С. 439.
11.    Трагедия белорусских деревень, 1941–1944 : документы и материалы / [сост.: Н. В. Кириллова и др.]. – Москва : Фонд «Историческая память», 2011. – 536 с. : ил.
12.    Нацистская политика геноцида и «выжженной земли» в Белоруссии, 1941–1944. – Минск : Беларусь, 1984. – 271 с. : ил.
13.    В боях за Белоруссию : о ратных подвигах воинов Удмуртии : сборник статей / Удмуртский институт истории, языка и литературы Уральского отделения Академии наук СССР. – Ижевск, 1988. – 227 с., [6] л. ил.
14.    Соснина, И. ...И взвилось в небо Застаринье / Ирина Соснина // Наш край. Барановичи, 2018. 28 марта. С. 20.
15.    Ганцэвіч, А. Камандзір Міхаіл Стралкоў : [пра партызанскага камандзіра Сцяпана Канстанцінавіча Камышава] / А. Ганцэвіч // Новае жыццё. Навагрудак, 2015. 8 красавіка. С. 4.
16.    Петрушкевич, А. Оба мы из огненной деревни : [Застаринье] / А. Петрушкевич // Наш край. Барановичи, 2008. 15 июля. С. 2.
17.    Дрозд, З. Ко дню Победы : [новый памятник партизанам будет открыт в д. Застаринье] / З. Дрозд // Intex-press. Барановичи, 2008. 8 мая. С. 3.
18.    Сестра Хатыни : [о трагедии д. Застаринье Барановичского района] // Заря. 2008. 25 марта. С. 2.
19.    Пустовитовский, А. Трагедия Застаринья / А. Пустовитовский // Наш край. Барановичи, 2013. 30 апреля. С. 2.
20.    Скипор, М. Застаринская трагедия : к 70-летию со дня расстрела фашистскими карателями жителей д. Застаринье / Михаил Скипор // Голос ветерана. Барановичи, 2013. Апрель (№ 49). С. 12.
21.    Шершень, О. «Я — из огненной деревни» / Ольга Шершень // Наш край. Барановичи, 2012. 20 октября. С. 2.
22.    Литвин, А. Кровь и пепел : украинские полицейские батальоны на территории Беларуси в 1941–1944 годах : [упомянуто уничтожение д. Застаринье 57-м батальоном] / Алексей Литвин // Беларуская думка. 2009. № 4. С. 95–101.
23.    Гізун, Л. Ушанавалі памяць ахвяр фашызму / Л. Гізун // Intex-press. Барановичи, 2008. 27 марта. С. 5.
24.    Михан, А. Застаринье — моя боль и печаль / А. Михан // Наш край. Барановичи, 2003. 8 июля.
25.    Сестра Хатыни : [Застаринье] // Знамя юности. 1996. 22 июня.
26.    Гуцько, М. Бабуліна песня : [прысвечана памяці жыхароў в. Застарынне] / М. Гуцько // Наш край. Барановичи, 1996. 11 июня.
27.    Шерман, Б. Зверства фашизма : [в краеведческом музее хранится справка о крупных преступлениях фашистов в г. Барановичи и Барановичском раёне в 1941–1944 гг.] / Б. Шерман // Наш край. Барановичи, 1994. 2 июля ; 5 июля ; 7 июля.
28.    Дёмин, Н. Застаринская трагедия / Н. Дёмин // Наш край. Барановичи, 1994. 5 июля.
29.    Малашевский, В. Огненная деревня : [Застаринье] / В. Малашевский // Сельская газета. 1985. 19 февраля.
30.    Малашевский, В. Огненная деревня : [Застаринье] / В. Малашевский // Заря. 1984. 20 июня.
31.    Лычковский, И. И помнит мир спасённый : [об открытии краеведческого музея в Застаринской восьмилетней школе и памятника жертвам фашизма в д. Застаринье] / И. Лычковский ; фото автора // Знамя коммунизма. Барановичяи, 1983. 12 мая.
32.    Шумская, Л. Ты помнишь, товарищ... : [о встрече партизан бригад «25 лет БССР» и им. Суворова в д. Застаринье Барановичского района, где вспоминали бой 2 мая 1943 г.] / Л. Шумская ; фото Э. Кобяка // Заря. 1973. 13 июня.
33.    Трагедия в Застаринье // Заря. 1967. 4 июня.
34.    Король, О. Сердцу помнить : [о трагедии д. Застаринье] / О. Король // Знамя коммунизма. Барановичи, 1967. 9 мая.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2843 разоў Апошняя змена Пятніца, 05 Люты 2021 15:16