Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 09 Жнівень 2012 10:52

120 гадоў з часу заснавання запалкавай фабрыкі “Прагрэс-Вулкан” (1892)

Гісторыя Пінскай запалкавай фабрыкі пачынаецца з 1892 г.

{gcontent}Пра гэта сведчыць спіс фабрык і заводаў, выданы канторай аб’яў Расійскай імперыі ў 1903 г. пад рэдакцыяй Варзара. У 1892 г. капіталіст Луі А. Гершман прывёз з-за мяжы камплект абсталявання і пабудаваў невялікую запалкавую фабрыку, прысвоіўшы ёй назву “Вулкан”.

Першая партыя запалак была выпушчана ў 1892 г. Тады абсталяванне прыводзілася ў рух паравым рухавіком у 75 конскіх сіл. Большасць працэсаў па выпуску запалак ажыццяўлялася ўручную, асабліва такія, як вытворчасць каробак, набіўка запалак у каробкі, намазка запалкавай масы і ўпакоўка каробак у скрынкі. Паступова вытворчасць удасканальвалася. У 1897 г. многія працэсы былі механізаваны. У суткі на фабрыцы выпускалася 250 тысяч каробак запалак. У тым жа 1897 г. фабрыка згарэла. Аўстрыйскі фабрыкант І. А. Гальперын выкупляе разбураную фабрыку, аднаўляе і пашырае. Гальперын называе фабрыку “Прогресс-Вулкан”, падкрэсліваючы гэтым, што яна будзе больш дасканалай. Фабрыка захоўвае гэту назву да 1939 г. Ужо ў 1900 г. на фабрыцы працавалi 590 рабочых. Гадавая вытворчасць запалак у грашовым выяўленні складала 242 700 рублёў. А праз два гады тут ужо былі заняты 674 чалавекі. Працавалі ў асноўным дзеці, блага бацькоў, якіх нястача прымушала прыводзіць сюды рабят, было даволі многа.

У пачатку ХХ ст. у прамысловасці Палесся вядучую ролю сталі адыгрываць банкі. Запалкавую фабрыку “Прогресс-Вулкан” у Пінску фінансавала Мінскае аддзяленне Паўночнага банка. Яно ўстанаўлівала раёны збыту і кошт на запалкі. У 1904 г. з цэнтрам у Пінску было арганізавана акцыянернае таварыства запалкавых фабрык “Прогресс-Вулкан”, якое падпарадкоўвала сабе і кантралявала ўсю вытворчасць запалак. Капітал акцыянераў рос, а жыццёвы ўзровень рабочых быў вельмі нізкім. Працягласць рабочага дня дасягала 12–13 гадзін. Рабочыя працавалі у антысанітарных умовах: у памяшканнях запалкавай фабрыкі заўсёды былі бруд і пыл, вентыляцыя атсутнічала, рабочыя дыхалі ядавітымі парамі, якія выдзяляліся з серных раствораў.

Жорстская капіталістычная эксплуатацыя, цяжкія жыллёва-бытавыя ўмовы прымушалі рабочых падымацца на эканамічную барацьбу, якая з цягам часу станавілася ўсё больш арганізаванай. Рабочыя запалкавай фабрыкі прынялі непасрэдны і самы актыўны ўдзел у падзеях 1905 года. Ужо 11 лютага яны адны з першых у Пінску забаставалі, патрабуючы павышэння зарабатнай платы.

Разам з тым, на фабрыцы праводзілася некаторая механізацыя і аўтаматызацыя, якая прыводзіла ў выніку да скарачэння рабочых. Вядома, што у 1912 г. на вытворчасці было ўстаноўлена тры запалкавых аўтаматы. У гэты час на фабрыцы працавалі 424 чалавекі.

Першая сусветная вайна амаль поўнасцю разбурыла гаспадарку Расіі і рэзка пагоршыла палажэнне працоўных. Такая ж доля напаткала і Палессе. Запалкавая фабрыка спыніла сваё існаванне пасля таго, як нямецкае вайска 15 верасня 1915 г. заняло Пінск. Акупанты пачалі вывозіць абсталяванне фабрыкі ў Германію.

Але ўсё ж у 1918 г. фабрыка аднавіла сваю работу і прыступіла да выпуску запалак. Новым яе гаспадаром стаў сын Гальперына – Бернард. У 1919–1920 гг. Пінск некалькі разоў пераходзiць з рук у рукі. У кастрычніку 1920 г. да Польшчы адыходзіць тэрыторыя Заходняй Беларусі. Урад Польшчы ў інтарэсах манапалістычнага капітала імкнецца захаваць эканамічную адсталасць “усходніх акраін”. У сувязі з гэтым рэзка тармазілася аднаўленне і развіццё мясцовай прамысловасці. У 1921 г. рабочыя фабрыкі працавалі па 4–5 дзён у тыдзень, а часам вытворчасць наогул спынялася на працяглы час. Цяжкія ўмовы жыцця і працы падымалі працоўных на барацьбу за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Толькі ў 1922 г. працоўныя баставалі тры разы: у маі, ліпені–жніўні і лістападзе.

У 1923 г. на фабрыцы адбыўся вялікі пажар, і яна амаль поўнасцю згарэла, але была адноўлена зноў.

У 1925 г. запалкавая фабрыка ўліваецца у Шведска-Амерыканскі трэст запалкавых фабрык і знаходзіцца ў ім да яе нацыяналізацыі ў 1939 г. Уладальнік фабрыкі Гальперын увесь час пражываў у Лодзі, у Варшаве, вытворчасцю кіраваў аўстрыйскі адстаўны маёр Ізраіль Райх.

У 1926 г., пасля аб’яўлення забастоўкі, фабрыка наогул была зачынена. Наступны, 1927 год ізноў прайшоў у супярэчлівых адносінах працоўных з адміністрацыяй фабрыкі. У 1928 г. фабрыка працавала ў адну змену па пяць дзён у тыдзень. Эканамічныя забастоўкі працягваліся і ў 1929 г.

У студзені 1931 г. ўрадам Польшчы быў прыняты закон аб запалкавай манаполіі, згодна якому вытворчасць запалак у Польшчы абвяшчалася манаполіяй дзяржавы. Цяпер акцыянернае таварыства “Прогресс-Вулкан” стала арэндаваць запалкавую фабрыку ў дзяржавы.

Паводле прынятага Народным Сходам дэкрэта, у лістападзе 1939 г. запалкавая фабрыка была нацыяналізіравана. Яна стала называцца Дзяржаўнай запалкавай фабрыкай імя “17 верасня”. Яе ўзначаліў Мікалай Васільевіч Варанько. У снежні таго ж года фабрыка ўжо насіла назву “Пинская спичечная фабрика «17 сентября» Белорусского треста фанерно-спичечной промышленности народного комиссариата лесной промышленности БССР”. Тады на фабрыцы колькасць працоўных складала 235 чалавек.

З лютага 1940 г. дырэктарам запалкавай фабрыкі зацвярджаецца Ісак Якаўлевіч Лейфман. За многія гады свайго існавання запалкавая фабрыка пачала працаваць у нармальным рытме.

У час Вялiкай Айчыннай вайны фабрыка працягвала працаваць. На прадпрыемстве акупантамi былі ўстаноўлены былыя парадкі. Працягласць рабочага дня была павялічана, а заработная плата зменьшана. У канцы 1941 – пачатку 1942 г. на запалкавай фабрыцы ствараюцца падпольныя антыфашысцкія групы. У чэрвені 1944 г. перад самым вызваленнем Пінска ўсё абсталяванне запалкавай фабрыкі было вывезена немцамі ў Германію, а будынак спалены і разбураны. Вытворчыя карпусы ўцалелі толькі напалову, іншыя ж будынкі, збудаванні і складскія памяшканні былі знішчаны амаль поўнасцю.

Пасля вызвалення Пінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў працоўныя адразу ж прыступілі да аднаўлення фанернага завода і фабрыкі. У снежні 1944 г. загадам Галоўбелфанзаппрома БССР фанерны завод быў пераіменаваны ў Пінскі фанеразапалкавы камбінат, да якого была далучана і запалкавая фабрыка. Часова на камбінаце быў арганізаваны выпуск запалак рукамі ў папяровых пакетах і грабёнках. Тут жа быў уведзены ў строй і запалкавы цэх.

У красавіку 1945 г. пачаліся работы па аднаўленню фабрыкi. У маі 1947 года пачаўся выпуск запалак механізаваным спосабам.

З 1 чэрвеня 1948 г. запалкавая фабрыка вылучаецца ў самастойную гаспадарчую адзінку і ёй перадаецца колькасны састаў у 349 чалавек. Фабрыка стала называцца «Пинская спичечная фабрика «17 сентября» Главного управления фанерно-спичечной промышленности Министерства лесной промышленности БССР».

У 1950 г. здзейснены структурныя змяненні і рэканструкцыя вытворчых цэхаў з мэтай выпрамлення тэхналагічнага працэса. У выніку выпуск валавай прадукцыі ў параўнанні з 1949 г. узрос на 53%, дасягнуты даваенны ўзровень выпуска запалак. У наступныя гады (1952–1958) працягвалася работа па ўдасканальванню тэхналагічнага працэса, будаўніцтве аб’ектаў вытворчага назначэння і сацкульбыта, стварэнню нармальных умоў для працы і адпачынку. За гэты час Пінская запалкавая фабрыка «17 сентября» шматразова перападпарадкоўвалася розным ведамствам саюзнага і рэспубліканскага значэння. А з 1 студзеня 1959 г. увайшла ў склад Пінскага фанзапкамбіната, яе самастойнасць была страчана.

У 1970 г. на фанзапкамбінаце адбыліся структурныя змены. Загадам Міністэрства лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці БССР ад 21 снежня 1970 г. камбінат стаў называцца Пінскім вытворчым дрэваапрацоўчым аб’яднаннем.

У 1984–1985 гг. на запалкавай вытворчасці здзейснена чарговае буйное тэхнічнае пераўзбраенне. З гэтага часу тут пачаўся выпуск запалак у кардоннай каробцы. Устаноўлены высокавытворчыя каробкаклеільныя аўтаматы шведскай фірмы “Аренко”. Зроблена рэканструкцыя склада для захоўвання кардона і арганізавана яго рэзка з устаноўкай дзвюх кардонарэзальных машын. Безумоўна, усё гэта сказалася на якасці прадукцыі. У 1990 г. карыстальнікамі запалак, якія выпускаліся ў Пінску, акрамя Беларусі сталі Украіна і Малдова.

У 1991 г. запалкавая вытворчасць ізноў вылучана ў самастойную вытворчую структуру і стала называцца Пінскай запалкавай фабрыкай – філіялам ЗАТ “Холдинговая компания “Пинскдрев”. Яго новым дырэктарам стаў Міхаіл Андрэевіч Галавешкін.

У апошнія гады надаецца больш увагі пытанням экалогіі, аховы працы. Зроблена рэканструкцыя сістэмы пылеўлаўліваючых цыклонаў, уведзены ў строй сучасныя вычышчальныя збудаванні для ачысткі сточных вод. Пабудаваны новы склад сыравіны і матэрыяльных каштоўнасцяў. Фабрыка пашырана і рэканструіравана, што дазволіла на трэць павялічыць выпуск запалак і іх якасць і з упэўненасцю глядзець у будучыню.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Пінскай гарадской цэнтральная бібліятэкай. Баговіч Таццяна Канстанцінаўна, гал. бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі

{/gcontent}

 

 

  1. 100 лет Пинской спичечной фабрике / коллективное объединение «Пинскдрев» ; сост. М. Л. Савченко ; худож. В. Трусов. Пинск, 1992.            23 с.
  2. Пінская запалкавая фабрыка // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мiнск, 2001. Т. 12. С. 368.
  3. Гришковец, В. Новое пламя пинской спички / В. Гришковец // Заря. 2007. 27 дек. С. 7.
  4. Векует в Пинске спичка-невеличка : юбилейные заметки к 100-летию Пинской спичечной фабрики // Пинская неделя. 1992. 30 окт. (№ 42). С. 1, 4–5.
  5. Сирота, С. Спичечная фабрика о Пинске / С. Сирота // Пiнскi веснiк. 2007. 28 снеж. С. 4.
  6. Шапиро, С. Исаак Лейфман – целая эпоха в истории Пинска / С. Шапиро // Карлин. 2004. 19 нояб. С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 3106 разоў Апошняя змена Пятніца, 20 Сакавік 2020 15:12