Серада, 02 Студзень 2019 15:44

27 снежня 2018 г. — 60 гадоў з часу адкрыцця ў г. Брэсце гасцініцы «Буг» (1958)

Гасцініца «Буг» пабудавана ў 1958 г. у цэнтры г. Брэста, пры ўездзе ў горад з боку Прывакзальнай плошчы на вул. Леніна, 2. Назву гасцініца атрымала ад ракі Заходні Буг, якая працякае на заходняй ускраіне горада.


Праект выканаў архітэктар Г. М. Бенядзіктаў у стылі, характэрным для савецкай архітэктуры 1950-х гадоў. Архітэктурнае аблічча будынка стрыманае, выкарыстаны элементы класічнай ордэрнай архітэктуры. Уяўляе сабой чатырохпавярховы ў цэнтры Г-вобразны будынак з трохпавярховымі прыбудаваннямі. Тры верхнія паверхі цэнтральнай закругленай часткі ўпрыгожаны пілястрамі карынфскага ордэра. Закругленай вуглавой часткай выходзіць на транспартную артэрыю.


На першым паверсе парадны вестыбюль круглай формы з шасцю калонамі па крузе, у якім размешчаны гасцінічныя службы. З вестыбюля лесвіца вядзе на паверхі, дзе знаходзіліся нумары на 200 месцаў. Для гасцей гасцініца адкрыта 27 снежня 1958 г. У свой час у гасцініцы «Буг» спыняліся многія вядомыя асобы: дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, літаратары, зоркі эстрады, тэатра і кіно.


Архітэктар Георгій Міхайлавіч Бенядзіктаў (1916–1992), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, з 1946 г. жыў і працаваў у Мінску, у 1954–1979 гг. — у інстытуце «Белдзяржпраект». Асноўныя работы архітэктара: будынкі Цэнтральнага НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі (1957), Белдзяржфілармоніі (1963), Палаца культуры трактарнага завода (1965), Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (1964), гасцініц «Юбілейная» (1968) у Мінску, «Інтурыст» (1975) у Брэсце.


Пасля капітальнага рамонту, праведзенага ў 2015 г. па праекце архітэктара ААТ «Брэстпраект» Яўгенія Пятровіча Крапіўнога, гасцініца «Буг» змянілася, але пры гэтым захавала сваю самабытнасць. Антураж хола вытрыманы ў савецкім стылі 1970-х: бюст У. І. Леніна, чырвоны сцяг, старое піяніна і манументальныя калоны. Інтэр’еры нумароў выкананы ў сучасным стылі і прыцягваюць сваёй атмасферай спакою. У кожным нумары ёсць усё неабходнае для паўнавартаснага адпачынку.


З вокнаў гасцініцы адкрываецца від на парк і галоўную вуліцу Леніна. Да паслуг гасцей гатэль прапануе 80 нумароў розных катэгорый. Кожны нумар дэкараваны арыгінальным тэкстылем і карцінамі старога Брэста, абсталяваны тэлевізарам са спадарожнікавым тэлебачаннем, мае бесправадны доступ у Інтэрнэт. У гатэлі ёсць нумар для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.


У гасцініцы «Буг» на першым паверсе працуе рэстаран з аднайменнай назвай на 100 пасадачных месцаў і банкетная зала на 30 месцаў. Першапачаткова яго гандлёвая плошча складала 140 кв. м і была разлічана на 90 чалавек, але пасля рэканструкцыі значна павялічылася. Рэстаран прапануе гасцям стравы нацыянальнай беларускай і еўрапейскай кухняў.


Візітнай карткай гатэля з’яўляецца нумар 209, адкрыты ў лістападзе 2015 г., які ўяўляе сабой музей, прысвечаны акцёру і паэту Уладзіміру Сямёнавічу Высоцкаму (1938–1980). Менавіта тут двойчы, у 1972 і 1974 гадах, спынялася знакамітасць. Апартаменты выглядаюць такімі, якімі яны паўсталі перад вачыма Уладзіміра Сямёнавіча. Для стварэння духу 1970-х былі знойдзены будаўнічыя матэрыялы, якія былі ў той час, аднавілі той самы паркет. Была сабрана мэбля таго перыяду: два ложкі і тумбачка, столік з інкрустацыяй шахматнай дошкі, два крэслы, шафа, чорна-белы тэлевізар «Нёман» і радыёла «Рыгонда», насценныя і настольныя гадзіннікі, тэлефон, графін, паднос з шасцю шклянкамі і меднымі падшклянкамі, таршэр. Асаблівай адметнасцю стаў DVD плэер з праектарам, які дазваляе трансліраваць на вялікі экран дакументальныя фільмы пра У. С. Высоцкага, яго спектаклі на Таганцы, песні, інтэрв’ю.


Трохзоркавая гасцініца «Буг» ідэальна размешчана для наведвання ўсіх галоўных славутасцей Брэста і рэгіёна, уключаючы Брэсцкую крэпасць і Белавежскую пушчу. У непасрэднай блізкасці ад гатэля знаходзяцца музей гісторыі Брэста, акадэмічны тэатр драмы, Свята-Нікольская брацкая царква, касцёл Узвышэння Святога Крыжа, парк культуры і адпачынку, адміністрацыя горада і вобласці, а таксама чыгуначны вакзал і аўтавакзал.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жана Валер’еўна, заг. інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела

 

1.    «Буг», гостиница. «Буг», ресторан // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 164.
2.    Гостиница «Буг» ; Поли-Сервис — строительная компания : [рекламный буклет]. – Брест, 2014. – 1 л. (слож. в 12 раз).
3.    Савіна, В. Люкс Высоцкага : музей легенды ў брэсцкім гатэлі : [«Буг»] / Вера Савіна // Культура. 2015. 12 снежня (№ 50). С. 1, 6–7.
4.    Ковальчук, А. Памятная комната Высоцкого : [об открытии музея В. Высоцкого «Белорусские страницы» в брестском отеле «Буг»] / Александр Ковальчук // Брестский вестник. 2015. 10 декабря (№ 50). С. 5.
5.    Вечорко, С. На постой к Высоцкому : [в брестской гостинице «Буг» открылся номер В. Высоцкого] / Светлана Вечорко // 7 Дней. 2015. 19 ноября (№ 47). С. 26.
6.    Курец, А. По дороге в Париж : в брестской гостинице «Буг» можно снять номер в стиле 1970-х, где останавливался Владимир Высоцкий / Александр Курец // Советская Белоруссия. 2015. 19 ноября. С. 5 (приложение: Союз. Беларусь – Россия).
7.    Шапран, Ю. Прикоснулись к Высоцкому : [в гостинице «Буг» открылся номер памяти В. Высоцкого] / Юрий Шапран ; фото Олега Голоса // Брестский вестник. 2015. 19 ноября (№ 47). С. 12.
8.    Ярмошук, Н. По следам классика : номера Владимира Высоцкого открыли в гостинице «Буг» / Николай Ярмошук // Заря. 2015. 17 ноября. С. 3.
9.    Бровач, О. В Бресте можно пожить в гостиничном номере, где останавливался Высоцкий : [в гостинице «Буг»] / Оксана Бровач // Комсомольская правда в Белоруссии. 2015. 14 ноября. С. 10 : фот.
10.    Курец, А. Высоцкий снова в Бресте : [в брестской гостинице «Буг» открылся номер В. Высоцкого] / Александр Курец // Советская Белоруссия. 2015. 13 ноября. С. 4.
11.    Петроченко, А. Место встречи изменить нельзя : скульптура Владимира Высоцкого вернётся к гостинице, где он останавливался / Анна Петроченко // Вечерний Брест. 2015. 19 июня. С. 3.
12.    Ковальчук, А. Второе рождение гостиницы «Буг» : [о капитальной перестройке брестской гостиницы] / Александр Ковальчук // Брестский вестник. 2015. 18 июня (№ 25). С. 11.
13.    Шапран, Ю. Какой быть скульптуре Высоцкого? : [мэр Бреста А. Рогачук посетил гостиницу «Буг»] / Юрий Шапран ; фото Александра Воробья // Брестский вестник. 2015. 18 июня (№ 25). С.11.
14.    Карпинчик, В. Звезды для гостиницы «Буг» : [о проекте реконструкции и история гостиницы] / Василий Карпинчик // Брестский вестник. 2013. 30 мая (№ 22). С. 14.
15.    Новая гостиница «Буг» на улице Ленина в гор. Бресте / фото И. Вирко // Заря. 1959. 5 января. С. 2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1229 разоў Апошняя змена Чацвер, 29 Красавік 2021 11:13